• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Халоднае восеньскае надвор’е і выпрацаваныя стагоддзямі жыццёвыя інстынкты давалі аб сабе знаць, і ў строгіх суадносінах з біялагічнымі рытмамі, што ўласцівы ўсяму жывому, нейкая ўнутруная сіла кіравала імі, своечасова змяняючы адны акалічнасці другімі, у даным выпадку прыстасоўваючы жывы арганізм да ўмоў зімовага суіснавання.
    Акрамя таго, вылінялая белая поўсць з кожным днём станавілася ўсё гусцейшаю, пры самай скуры ўтварыўся цёплы шчыльны падшэрстак, які паві-
    нен быў забяспечыць надзейную ахову звярка ад суровых зімніх маразоў і пранізваючага ветру. На целе прыкметна адчуваўся і неблагі запас падскурнага тлушчу, які з поспехам мог скарыстацца пазней на розныя жыццёвыя працэсы. He такі, як у былыя гады, але ўсё ж.
    Нягледзячы на агульную самоту і шчымлівы ўнутраны боль, ласічка нават і запасы невялікія зрабіла, нацягаўшы пад сухія карчы і ў знойдзеныя нічыйныя норачкі некалькі дзесяткаў злоўленых мышэй-палёвак.
    Ёй, праўда, цяжка было цяпер хавацца, бо прыкметнае белае яе футра выдзялялася на фоне шэрых і рыжых колераў, уласцівых гэтай парою ўсяму акружаючаму — і дрэвам, і адмёршай траве, і загніваючай лісцёвай падсцілцы, але спрыт і хуткасць надзейна ратавалі яе ад ворагаў і тым больш не дапускалі пагрозы застацца без харчу.
    Неяк ласічка бачыла ў лесе маладога зайца. Ён таксама ўжо прыкметна выліняў, бакі яго былі поўнасцю белымі, а ногі, галава і спіна заставаліся па-ранейшаму рыжымі. Вось яму куды горай было: і воўк без цяжкасці заўважыць, і хітрая лісіца прыкмеціць. Толькі і аглядайся — небяспека, адным словам, з усіх бакоў.
    Нават паспачувала яму ласічка. У норку ж ці пад корч яму не схавацца, толькі і застаецца разлічваць на свае доўгія хуткія ногі. Аднак калі задасць ва ўсю моц заяц лататы, закружыць у густым ельніку, то і не асабліва ўгонішся за ім. У кожнага, як кажуць, свае цяжкасці і свае перавагі.
    Вавёрка, тая, у вялікім, з усіх бакоў, нават зверху, закладзеным шчыльна галінкамі гняздзе раскашуе, толькі вузкая адтуліна з боку, і тую яна, калі сядзіць усярэдзіне, пучком сухой травы затыкае. Прыадчыніць вавёрка акенца, выгляне вонкі: ці не надышла яшчэ зіма, і зноў схаваецца, толькі за спажывай уніз спускаецца.
    Так праходзілі ў панурай манатоннасці апошнія дні зацяжной восені, а зіма ўсё марудзіла з надыходам, затрымлівалася. Праўда, дажджы паступова
    сціхлі, быццам вычарпалі і вылілі на набрынялую без меры зямлю ўсе свае запасы. Па начах давалі знаць аб сабе даволі моцныя замаразкі. За ноч уся трава ды лісце, хмызнякі пакрываліся белым марозным налётам. Пад раніцу нават здавалася, што гэта першы снег злёгку прытрусіў падмёрзлую глебу, але, калі поцемкі праходзілі і дастаткова развіднялася, падман адразу ж раскрываўся, а праз некалькі гадзін ад лёгкай белізны не заставалася следу, і ў прыродзе зноў на працягу ўсяго дня гаспадарыла восень. Яна як бы з усіх сіл супраціўлялася, не хацела здавацца, хоць дні яе былі ўжо злічаны і супраціўленне тое было дарэмным. Пад вечар зноў браўся і трымаўся да раніцы мароз, днём зноў адчувалася прыкметнае пацяпленне.
    Так працягвалася яшчэ амаль што цэлы тыдзень. I толькі потым, неяк раптоўна, быццам сабраўшыся адразу з усёй магутнай сілаю, зіма ўдарыла па наваколлі моцным патрэскваючым марозам, прыйшла хоць і чакана, але знянацку. Пры гэтым непрывычна, прама сярод дня, адразу зацягнула ўсе лужыны і невялікія рачулкі суцэльным матавым лёдам і ўмомант скавала гнілыя купіны і гразь, так і прымусіўшы іх стаяць нерухома застылымі камякамі ў тым стане, які набылі яны на гэтае імгненне.
    Пад ноч мароз памацнеў яшчэ болей, і ўсё звяр’ё пахавалася куды толькі можна было і прасядзела так да самай раніцы. А калі ранішняе сонца зноў злёгку выглянула з-за небасхілу, наваколле было не пазнаць.
    Ад краю і да краю, наколькі толькі бачыць вока, усё было пакрыта бялюткай бясконцай коўдрай. Снег выпаў ноччу, у адзін момант, толькі раніцою ўсе ўбачылі дзівосную перамену. Яго шчыльны і дастаткова тоўсты слой адразу схаваў пад сабою лісце і траву, апрануў у зімовае ўбранне кучаравыя бярозкі, надзеў мудрагелістыя белыя шапкі на раскідзістыя галіны елак і хваін. Снег зацерушыў кусты ядлоўцу і каліны і толькі ярка-бурштына-
    выя гронкі нібы пабаяўся крануць — яны літаральна палымнелі на фоне неабсяжных белых прастораў.
    Адразу стала лягчэй дыхаць, паветра хоць і было халодным, але прыемным, а суцэльная белізна надавала наваколлю ўрачыстасць і выключную чысціню, спакой і дадатковую свежасць. Лес стаяў як зачараваны, нібы баяўся калыхнуць хоць адной сваёй галінкай, каб не скінуць ненарокам сваё прыгожае бялюткае ўбранства.
    Паднялося вышэй сонца. Снегавая аблога быццам загарэлася, заблішчэла мноствам маленькіх рознакаляровых агеньчыкаў, засвяціўся ў промнях сонца снег, надзяляючы ўсіх, хто наглядаў гэта, вясёласцю і святочнасцю. Нават ласічцы стала лягчэй, яна на момант забылася пра сваё гора і з лёгкім захапленнем, як і ўсё жывое ў лесе, вітала белую каралеву-зіму.
    У наступныя дні снегу падсыпала яшчэ болей, утварылася ўстойлівае снежнае покрыва, маразы прыкметна памацнелі, і зіма гаспадарыла ўжо ў лесе ва ўсю моц. Здавалася, той гразкай прыкрай восені і наогул не было. І хоць чакалі зіму да гэтага ўсе з нецярпеннем, і ўсе радаваліся яе прыходу, але ўсё ж і пабойваліся адначасова, бо ведалі і яе сілу і тое, што жартаваць яна не любіць.
    А марозы ўсё мацнелі і мацнелі, снегу прыбывала ўсё болей. Па начах вецер віхурыў паміж дрэў, і сугучна завеі ў лясной глыбінцы тужліва і дзіка вылі, рэжучы слых, паўгалодныя ваўкі. Зіма пачынала паказваць свой суровы нораў, пагражаючы лясному насельніцтву холадам і бяскорміцай, ды яшчэ палохала нечаканымі моцнымі стрэламі, калі мароз незадаволена біў чымсьці па ствалах дрэў, што нават кара ў іх адлятала.
    Што і казаць, зіма — пара асабліва цяжкая для лясных насельнікаў. І не толькі холад палохае. A снег дык тым болей. Для невялікага звяр’я і птушак снег — гэта сховішча, якое надзейна бароніць ад завей і іншай непагадзі.
    Соладка заснулі пад надзейнай снегавой коўд-
    рай, зарыўшыся ў норы, уцепленыя сухой травой ды лісцем, краты, прыдрамнулі мышы-землярыйкі. Бестурботна пахрапваў у сваёй утульнай норцы барсук. Апетытна грызла нарыхтаваныя з лета арэшкі і грыбы вавёрка.
    І горш за ўсё станавілася тут драпежнікам, якія і запасаў зімовых не нарыхтавалі і ў спячку на самую халадзіну не залеглі. Голад — вось што страшней за ўсё. Добрая ежа, яна з сярэдзіны грэе, а калі ў жываце пуста, холад становіцца страшнейшым удвая. А здабыча здаралася не часта.
    Але ласічцы гэта не пагражала. Яна лёгка ціснулася ў снег і перамяшчалася пад снегавым пластом літаральна маланкава. Часцей за ўсё яна выходзіла за здабычай на вялікую лясную паляну, паросшую адзінокімі, аддаленымі адна ад другой, векавымі, разлапістымі хваінамі. Трапней было б сказаць, што была гэта не паляна, а рэдкі хваёвы лясок, які прыйшоўся асабліва даспадобы вавёркам. Лясок той, густа населены зграбнымі спрытнымі рыжухамі, падкупляў сваёй прыгажосцю.
    Рознакаляровымі іскрынкамі паколвалі вочы снегавыя надувы, пры малейшым руху звонка нахруствала нават пад мяккай лёгкай лапкай крышачку зацвярдзелая снегавая скарынка, на дрэвах нешта шаргацела і раз-пораз падалі на зямлю збітыя з галінак лапікі снегу. Часам ласічка заўважала і саміх жыхарак. Тут жа і мноства “кватэр” іх было.
    Вавёркі звычайна днём карміліся насеннем яловых і хваёвых шышак, адшуквалі запасы ў сваіх невялікіх кладоўках, якія з восені заклалі ў розных участках лесу пад карэннем, у расколінах дрэў, дуплах. Гэта былі высушаныя шапачкі грыбоў, сухія ягады, арэхі. У пошуках іх вавёркі рухаліся альбо “верхам” — пераскокваючы з аднаго дрэва на другое, альбо спускаліся па ствалах уніз і рабілі па снезе кароткія перабежкі ад дрэва да дрэва.
    Яны з зайздросным майстэрствам раскусвалі арэхі: вавёрка па-мастацку ўтыкала два ніжнія разцы ў месца, дзе мацаваўся калісьці арэх да галінкі,
    і рэзка разводзіла рухомыя палавінкі ніжніх сківіц. 3 ахвотай ласаваліся вавёркі жалудамі, хваёвымі пабегамі, лішайнікамі.
    А на снезе пад галінкамі, на якіх яны лускалі арэхі ды грызлі шышкі, заставаліся рэшткі былой раскошы: шкарлупкі, вылушчаныя шышкі, недаедзеныя рэшткі корму, што вельмі вабіла да сябе мышэй, якія вылазілі час ад часу са сваіх норачак з-пад снегу. А ласічка тут як тут. І здабывала яна тут іх без асаблівых цяжкасцей.
    Але больш яе турбавалі іншыя абставіны. І калі зіма распачала панаваць у акружаючай прыродзе ва ўсю, яна ўспомніла пра свае ранейшыя намеры і, не трацячы дарэмна часу і не ўносячы ў раней складзены план ніякіх паправак, падалася да таго двара — месца свайго колішняга жытла.
    Нягледзячы на асабістую вынослівасць і выключныя здольнасці, ласічцы тым не менш прыйшлося затраціць на гэты шлях шмат больш часу, чым восенню. Рухацца прыходзілася больш пад снегам, бо яго паверхня яшчэ не пакрылася ўстойлівай коркай і зверху снег лёгка правальваўся, што прыкметна перашкаджала хуткаму руху. І толькі калі пачалося гарыстае поле, дзе снег у многіх месцах быў змецены ветрам і віднелася голая мёрзлая глеба, ласічка рабіла на такіх участках хуткія перабежкі, спрабуючы тым самым хоць крыху скараціць час для далёкага пераходу.
    Дабралася да месца паспяхова, выйшла да тых мясцін якраз пад вечар, калі сонца ўжо схавалася за небасхілам, але суцэльная агульная белізна яшчэ прыдавала паветру дадатковае святло і ўсё было бачна як днём. Толькі праз якія гадзіны дзве святло растала, і ноч апусцілася разам, праглынуўшы знянацку і сяло, што віднелася недалёка, і знаёмы хутар з усімі яго да дробязей знаёмымі пабудовамі і агароджамі.
    Ласічка адразу актыўнасці не праявіла, прасядзела ўвесь цёмны час сутак у знаёмым свірне, адпачыла з дарогі і толькі раніцою пабегла па сваіх, толькі ёй адной вядомых справах. І тое, чаго шука-
    ла, трапіла ёй на вочы адразу: як толькі яна на некалькі сотняў метраў адбегла ад гаспадарчага двара па знаёмым купінніку, парослым хмызняком, заўважыла крумкача.
    Далей справы разварочваліся маланкава. Ласічка шуснула пад снег, прынікла да самай зямлі, выцягнуўшы як мага больш у даўжыню сваё пруткае цела і, выгінаючыся, нібы змяя, рушыла ўперад, быццам нейкая геніяльным майстрам збудаваная машына. Рухі яе былі выверанымі, разлічанымі і віртуознымі, бясшумна і хутка рухалася яна пад таўшчэзным пластом снегу, невядома якім чынам выбіраючы напрамак і разлічваючы адлегласць. Затым на хвілінку спынілася, па нейкіх невядомых арыенцірах зрабіла дадатковыя разлікі і, выбраўшы месца, дзе снегавы пласт быў танчэйшы, падрыхтавалася выбрацца наверх.