У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Ласічка больш дваццаці хвілін пільнавала яго каля выхада з гэтага своеасаблівага склада і хоць не змагла адразу расправіцца, калі той зусім нечакана выскачыў з другога аднорка побач, але задала ўсё ж яму такога чосу, што той стрымгалоў кінуўся да лесу, змяняючы свой курс то па паверхні, то ныраючы ў знаёмыя норкі і зноў паказваючыся з-пад зямлі ўжо далёка ад гэтага месца. Ласічка не пагналася за ім далей, бо было зразумела, што страху таму і так хопіць адразу на некалькі дзён і ён не хутка зноўку адважыцца з’явіцца ў полі, а працы тут ёй і без таго хапала.
Праз колькі часу ласічка спыніла паляванне і шпарка падалася да месца свайго былога жылля. За якія паўгадзіны яна пераадолела дастаткова вялікую адлегласць і апынулася на некалі знаёмым
беразе ракі, што быў поўнасцю зрыты тонкімі шматхадавымі норкамі, у якіх жыло мноства яе суродзічаў.
Аднесліся тут да старой знаёмай спачатку стрымана і халаднавата, але затым з разуменнем і спакоем акружылі ўсеагульнай увагай і нават пусцілі ў свае падземныя лабірынты. Яшчэ якія паўгадзіны прайшло, і ўся густанаселеная берагавая калонія ласічак ведала аб месцы масавага нашэсця мышэй.
У сярэдзіне ночы група ласічак рознага ўзросту выбралася з норак, гуртам падалася на жытнёвыя палі і без развагі прынялася настойліва ачышчаць палеткі ад грызуноў-шкоднікаў. Гэта нагадвала нейкую ўкамлектаваную дэсантную групу. Дзейнічалі беспамылкова і напорыста, дзе паасобку, а дзе аб’ядноўваліся па дзве-тры разам і заганяючы мышэй адна насустрач другой.
Усю ноч і амаль увесь наступны дзень кіпела ў палетках “санітарная” апрацоўка. І вялася яна так удала і зладжана, што толькі пазайздоросціць можна. Hi чалавек, ні ядахімікаты, ні тэхніка такога эфекту не далі б.
Мышам, палёўкам і пацукам не было паратунку ні на паверхні зямлі, ні ў норах. Яны сотнямі гінулі або давалі лататы бог ведае куды, як можна далей ад нечаканых дасціпных вартаўнікоў. Пад самы канец дня, калі ўжо злёгку пачало змяркацца, поле было амаль поўнасцю ачышчана ад шкоднікаў. І зерне было ўратавана.
Адна за другой ласічкіны памочнікі пачалі пакідаць палетак і вяртацца да родных нораў. І яна таксама падалася ў свой бок.
Прабегла знаёмыя пасевы, шырокі крывабокі яр, курцінку заросшага хмызняком купінніку, вось і апошні пагорак паказаўся. Заставалася толькі перабегчы яго, спусціцца па лагчынцы, каб апынуцца ля запаветнага свірна. Бегла яна лёгка і шпарка, нягледзячы на стому, што не магла не адбіцца на яе стане пасля такой стамляючай працы, імклівым ценем слалася па зямлі. Вось ужо паго-
рак застаўся ззаду, яна прабегла большую палову знаёмай да драбніц лагчынкі, а тут і знаёмы свіран відаць.
Нечакана востра і балюча кальнула яе ў сэрца. Штосьці нядобрае раптоўна адчула яна ўсім сваім нутром і стрымгалоў кінулася за свіран да кучы смецця, пад якой было яе гняздо і дзе павінны былі быць яе дзеці. Звярнуўшы за старую пахіленую пабудову, гэтак жа імгненна супынілася, застыла на адным месцы, як укапаная: тое, што было тут раней, само па сабе ўжо проста не існавала, куча была раскапана, па-варварску разбурана і раскідана ў розныя бакі.
Моцна-моцна, з непамернай хуткасцю білася, стараючыся вырвацца з грудзей, яе маленькае трапяткое сэрца. Кроў лінула да галавы, балюча сціснулася скура, і з маленькіх вочак горкімі кропелькамі, нібы зярняткі маку, пасыпаліся на зялёныя травінкі ледзь прыкметныя слёзкі.
Яны жалобным бісерам блішчэлі ў цямнеючым надвячорку, надаючы яшчэ больш пакуты. Усё цела яе дрыжала, нібы ў ліхаманцы, ногі абмяклі і не слухаліся, і ў застылай цішыні было чуваць, нават, як часта-часта пастукваюць зубамі аб зубы сківіцы. Яна неяк адразу асунулася і панура панікла, нібы падкошаная рунь, ніяк не могучы справіцца з хваляваннем і выйсці з утрапення.
Толькі праз якія паўгадзіны, крыху саўладаўшы з сабою і пераадольваючы цяжкія свае пачуцці, яна пачала прынюхвацца і абследаваць месца злачынства, каб высветліць, хто ж гэта так дзіка і бязлітасна разбурыў яе паселішча і невядома куды дзеў яе маленькіх дзетак.
Ад рэшткаў былога яе гнязда і раскіданых кавалкаў цэглы ды старой драўніны веяў выразны чалавечы пах. Ласічка адразу ўнюхала яго, праўда, ён адчувальна розніўся ад прывычнага для яе паху гаспадара. Для яе не было сумненняў, што менавіта чалавек так жорстка абышоўся з яе жытлом, тым самым “аддзякаваўшы” за тое, што яна захавала яму столькі ўраджаю на палетках, фактычна вы-
ратаваўшы яго ад знішчэння. Як гэта ён рашыўся на такую брыдкую і агідную справу?
І менавіта ў той час, калі яна, запазніўшыся і не лічачыся са стомай і часам, даводзіла да канца сваю высакародную справу, той самы чалавек, для якога і рабілася гэта, узброіўшыся вострай рыдлёўкай, не міргнуўшы вокам і не здрыгануўшыся ні адным сваім нервам, наадварот, нішчыў паселішча сваёй надзейнай памочніцы.
Але хто ён? І гэтым чалавекам, мусіць, быў нехта іншы, а не гаспадар таго дома і свірна, ля якога яна жыла. Хоць пах злачынцы нечым быў крышку знаёмы ёй. Недзе ўсё ж з чалавекам гэтым ёй даводзілася сутыкацца, але вось дзе і калі — было не зразумела, да свядомасці ніяк не даходзіла.
Тым жа самым патыхала ад сцежкі да вялікага яру, куды вялі смуродныя сляды гумовых ботаў. Ласічцы здалося, што паветра аддае яшчэ і пахам яе дзяцей, і яна маланкава кінулася па следзе, разпораз супыняючыся і прынюхваючыся да шарэючага туманнага паветра, яно слалася на зямлю цьмяным надвячоркам. Сумнення ў яе цяпер ужо не было: менавіта той чалавечы пах ад разбуранага яе паселішча вёў сюды, да абрыва глыбокага яру, і менавіта ён суправаджаўся адначасова роднымі пахамі яе дзетак — хтосьці нёс іх гэтай сцежкай туды, да абрыву, на расправу.
Яна бегла на гэты знаёмы і блізкі пах. Што ёю рухала ў гэты час, нават меркаваць цяжка — ці то жаданне да канца ўпэўніцца ў непапраўнай страце, ці то апошняя часцінка надзеі застаць іх жывымі, што захавалася ў самым далёкім куточку душы.
Але і апошнія яе надзеі расталі, нібы леташні снег, як толькі яна дабегла да самага яру і спынілася на яго абрывістым краі. Упоцемку пад самым абрывам вялізнага рова вялікі чорны крумкач даводзіў да канца пір на выкінутых ліхім чалавекам бездапаможных ахвярах, з такой цярплівасцю і турботай выгадаваных і выпешчаных ласічкай-маці і загінуўшых ад нядобрай чалавечай рукі.
Ласічка інстынктыўна кінулася ўніз, разлічваючы дагнаць агіднага крумкача і расправіцца з ім, але той без асаблівай цяжкасці ўзмыў у паветра, трымаючы ў дзюбе кавалак недаедзенага звярка. Толькі два акрываўленыя чарапкі, што засталіся ад маленькіх галовак, пацвярджалі трагедыю. Яе маленькая істота поўнілася цяжкім болем, расчараваннем, людской няўдзячнасцю і нястрымным жаданнем помсты.
Помсціць не было каму. Да таго ж ад трэцяга звераняткі ніякіх слядоў не засталося, і хоць з найменшай верагоднасцю, але ўсё ж можна было разлічваць, што яно нейкім чынам выратавалася і зможа ўсё-такі выжыць, а калі пашанцуе, то і сустрэцца з маці.
Але пад канец ночы прапалі надзеі і на гэта, бо ласічка знайшла пасля і трэцяе сваё дзіцянё, якое няведама чаго апынулася ў хляве, і яго затаптала гаспадарская карова.
Самой каровы ў хляве на гэты момант не было. Відаць, яшчэ з вечара пастухі перагналі яе да летніх стойбішчаў, бо кожны год, у самы разгар лета, людскія каровы з бліжэйшай ваколіцы збіраліся, звычайна, у адзін вялікі статак і ўдзень і ноччу трымаліся тады ў полі, а наглядалі за імі нанятыя пастухі. Нават на даенне кароў не прыганялі дадому, a гаспадыні самі хадзілі ў поле і выдойвалі іх прама на пашы. Усё гэта максімальна скарачала невытворчыя перагоны, павялічвала час знаходжання скаціны на падножным корме, багатым сакавітымі травамі, і абяцала хуткія павелічэнні штодзённых надояў малака.
Ласічка не пабегла ў поле шукаць тую карову,яна канчаткова панікла і проста не ведала, што ёй рабіць. Што датычыць хлява, то і тут выразна адчувала яна той непрыемны чалавечы пах, што вёў яе ўчора да месца расправы з яе двума дзеткамі, і не засталося сумненняў, што ў тым і другім выпадку арудаваў адзін і той жа чалавек.
Гора раздзірала маленькую істоту, і яна, апан-
таная страчанай надзеяй, гарэла цяпер толькі жаданнем помсты — нястрымна дзікай звярынай помсты.
Але часам пачуцці яе неяк рэзка змяніліся — не, яна не мякчэла і не пранікалася даравальнасцю да забойцаў. Проста хацелася сысці кудысьці далей адсюль, каб не бачыць тых пабудоў і сцежак, што звязвалі яе з непамерна цяжкімі ўспамінамі, хацелася хоць на момант адарвацца ад усяго гэтага, замоўкнуць, забыцца, падацца туды, дзе б нічога не напамінала ёй аб горы, што так знянацку звалілася на яе галаву.
Але спачатку яна пяшчотна ўзяла маленькім роцікам растаптанае цельца, аднесла да высокага абрыву і, выкапаўшы лапкамі глыбокую ямку, засыпала яго разам з падабранымі на месцы расправы астанкамі яе двух другіх дзетак. Толькі маленькі земляны капец ледзь прыкметна ўзвышаўся на высокім гліністым касагоры над абрывам, каб не заліваў дождж яе маленькіх нябожчыкаў.
Затым яна яшчэ доўга прасядзела нерухома на адным месцы, быццам застыўшая, не зводзячы позірку са свежазакапанай магілкі і пасля ўжо, у адзін момант падняўшыся, падалася прэч, не выбіраючы рэльефу і напрамку, а проста туды, куды глядзелі яе поўныя гора і пакуты маленькія вочы.
Ласіца рухалася дзень, другі і трэці, нічога не кранала ротам і не тое каб есці, але і нічога іншага ёй зусім не хацелася, хіба што каб самой хутчэй памерці і не мучыцца болей, бо ўсё на свеце, здавалася, страціла для яе ўсялякі сэнс і патрэбу.
А жыццё навокал працягвалася... І трэба было таксама неяк жыць, бо жывой жа ў зямлю не палезеш, калі лічыць у прамым сэнсе, а не ў пераносным — у норку ці падземны ход, ды не да жартаў тут ёй было.
За гэтыя дні яна прыкметна схуднела, здавалася, ад усяго цела толькі што і засталося, дык гэта маленькая выплаканая галоўка ды адны костачкі, абцягнутыя тонкай скурай, на якой нават поўсць збілася ў каўтуны. Hi на сапраўднае паляванне, ні
на праследаванне і расправу з крыўдзіцелем у яе проста не хапала сілы. Можа, таму, у дабавак да яшчэ ўсяго іншага, і пакінула яна тыя былыя свае прытулкі і забралася так далёка ў незнаёмы край. Трэба было неяк абмацнець і пасля ўжо думаць, як жыць далей у гэтым несправядлівым свеце.