У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Ды не! Вось і кароткі ланцужок слядоў пацягнуўся, быццам хто шнурочак па снезе працягнуў. Цягнуўся, цягнуўся і знік — звярок шмыгануў прама ў снегавую тоўіпчу. А праз некалькі метраў шнурочак аднаўляецца — ласіца зноў паказалася на паверхні. Летам яе было б лягчэй заўважыць: афарбоўка футра цёмна-карычневая, часам з палевым адценнем, па ніжняй частцы шыі і брушку цягнецца доўгая белая палоска. У зімовым жа ўбранні — ласіца ўся белая. Прыходзіцца “чытаць” па слядах...
Харч тут вышукваў для сябе звярок, ці што? Бо не падумайце, крый Божа, што ласіца толькі тое і робіць, што душыць рабчыкаў і цецерукоў. He, звычайна яна здавальняецца больш дробнай здабычай. Харчуецца пераважна грызунамі, мышамі ды палёўкамі.
Да таго ж, нягледзячы на выдатныя паляўнічыя
здольнасці, ласіца часта робіць у норах і своеасаблівыя запасы, як кажуць, на “чорны дзень”. Нацягвае туды дзесяткі палёвак і іншых дробных грызуноў і жыве сабе без турбот. Але ўжо трымайцеся, мышы, калі выходзіць на паляванне такая “нарыхтоўшчыца”.
Многа дзіўнага і патаемнага ў жыцці ласіцы. Напрыклад, яна пужае па начах кароў ды коней. Забяжыць ноччу ў хлеў і залазіць жывёліне на спіну. Пад раніцу тая ўся ў мыльным поце... Для чаго ласіца робіць гэта? Адны лічаць, што звярок за нешта помсціць гаспадару. Другія кажуць, што ёй даспадобы саленаваты пот жывёліны, які яна злізвае з поўсці кароў ды коней...
...Мая лыжня скіроўваецца далей. Тут ланцужок слядоў запятляў, закружыўся на месцы, і я бачу некалькі ўмяцінак на снезе ды кавалачкі рыжаватай поўсці — ласіца расправілася з рыжым палявым мышанём. А потым звярок спрытна шмыгнуў у норку, відаць, падаўся на адпачынак. Аб гэтым паведамляе роўны кароткі след. Цікавая “белая зімовая кніга”. Вось і я сёння перагарнуў яе чарговую старонку...
НА МЯДЗВЕДЖАЙ ГАРЫ
Мядзведжую гару відаць здалёку. Хоць і лесам паабапал акружана, лесам высокім, векавым. Толькі з аднаго боку больш пакаты яе край мяжуе з прасторным, неабсяжным полем.
Але з якога боку ні глянь, хоць нават з самай лясной глыбінкі, вяршыню яе абавязкова ўбачыш.
І стала мядзведжая гара паступова нейкім неад’емным атрыбутам наваколля. Здаецца, не было б яе тут, дык не хапала б у асяроддзі чагосьці галоўнага, перад чым усе іншыя акалічнасці губляюцца і трацяць сэнс.
Мядзведжая гара заўсёды першай нагадвала аб
набліжэнні навальніцы ці завеі. І калі глухі зацішны лес, што акаляў яе, нічога яшчэ не адчуваў сваёю магутнай сцяною і панура маўчаў, вяршыня гары ўжо ўзрушана пагойдвала тонкімі стволікамі асін, што згіналіся пад настойлівымі подыхамі непагадзі, прадасцярожліва шапацела сухой травою. І глядзець на яе тады было не зусім прыемна, нават крыўдна. Неяк само сабою асэнсоўвалася гэта з набліжэннем стыхіі, быццам сама гара была вінавата ў гэтым, быццам яна наклікала сюды бяду. Хоць хутчэй за ўсё было наадварот, і вінаваціць гару было ніяк нельга: яна ўсяго толькі папярэджвала наваколле аб небяспецы.
Але бывалі і іншыя часіны. Калі раптам прагляне пасля доўгіх зацяжных дажджоў сярод хмарак жаданае сонейка, то яно ў першую чаргу таксаіма весела зайграе ў кронах невялікіх дрэў на самай яе вяршыні. І тады на гару глядзелася зусім з іншым пачуццём — добразычліва, з удзячнасцю за набліжэнне добрага надвор’я.
Ну і, канешне, з асаблівай нецярплівасцю і надзеяй даводзілася паглядаць на яе ў канцы зімы. Бо надараецца той час, калі зімовыя халады парадкам надакучылі, а вясна ўсё чамусьці затрымліваецца. А людзі, звяры і птушкі — усё жывое — чакаюць і чакаюць яе. А яна ўсё не прыходзіць.
Ды вось у нейкі момант сонца засвеціць сярод зусім яшчэ голых галін ярчэй звычайнага, прыгрэе, і па адхоне гары весела заскачуць па снезе сонечныя зайчыкі. А на самай яе вершаліне снег раптоўна прападзе, утварыўшы суцэльную рыжую “шапку”. 3 кожным днём абрысы гэтай “шапкі” змяняюцца, яе няроўныя краі апускаюцца ніжэй, а пад снегам ужо бягуць, пазвоньваючы, з гары першыя веснавыя ручайкі. І тады ўсяму жывому здаецца, што гэта гара прывабіла да сябе вясну і цяпер шчодра рассылае ўніз сваіх вестуноў. У такія моманты да гары найбольшая ўвага, прыцягальны інтарэс і ўдзячнасць.
Услед за гарою абуджаецца ад зімовага снегу,
напаўняецца жыццём навакольны лес. Весялей шчабечуць у зусім яшчэ голым лесе вераб’і і сініцы. Па-веснавому гучна трашчаць у чашчобе сарокі. А пад вечар яшчэ і лясныя совы ўчыняць свой меланхалічны пераклік. 3 надыхоДам ночы, праўда, усё сціхае — насельнікі гары надзейна затойваюцца, а то і хаваюцца ў розных часовых прыстанішчах. .
Але раніцою наваколле абуджаецца. I першыя крокі гэтага абуджэння зноў жа пачынаюцца на той Мядзведжай гары. На ёй раней рассейваецца змрок. Першымі кранаюрда гары промні ранішняга сонца. Першымі хаваюцца начныя звяркі, а на змену ім з’яўляюцца дзённыя, і першыя птушыныя спевы чуюцца адгэтуль.
Хоць мясцовыя жыхары, можа, і не ведаюць, чаму завецца гара Мядзведжаю, бо мядзведзяў тут даўно ніхто не бачыў. Але ж любяць і з павагай ставяцца да яе ўсе ў акрузе: і вяскоўцы, і хутаране. Мядзведжая гара стала для іх роднаю і цяпер застаецца для іх нечым асаблівым. Быццам барометр нейкі ці сімвал добрай надзеі.
“ЖЫВЫЯ БАРОМЕТРЫ”
Хто не жадае даведацца пра надвор’е наперад?! І часта не проста з цікаўнасці. Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў многім залежыць ад “капрызаў” надвор’я. Аб важнасці прадказання яго добра сказаў вялікі рускі вучоны М. Ламаносаў: “Чалавеку нічога не заставалася б патрабаваць ад Бога, калі б ён навучыўся прадказваць надвор’е”.
На жаль, “багі надвор’я” — метэаролагі — не заўсёды бываюць дакладнымі, а іншы раз справа не абыходзіцца і без кур’ёзаў.
У той жа час неацэнную дапамогу ў гэтым могуць аказаць многія жывёлы, якіх мы добра ведаем, а вось аб іх дзівосных здольнасцях часам і не здагадваемся. Жывёлы востра адчуваюць набліжэн-
не змянення надвор’я і рэагуюць на яго сваімі паводзінамі.
Возьмем, напрыклад, звычайнага ўюна — невялікую рыбку з нашых вадаёмаў. Пасадзіце яе ў акварыум, і... гатовы самы лепшы “барометр”. Пры набліжэнні моцнай навальніцы рыбка будзе мітусіцца і ўсплываць на паверхню па дзесяць—пятнаццаць разоў на працягу адной мінуты, а перад ясным надвор’ем заляжа на дно і нават не паварушыцца.
3 уюном можа пасапернічаць жаба. Гучнае кваканне сярод дня — верная прыкмета чакаемай непагадзі, доўгае вячэрняе кваканне, наадварот, абяцае добрае надвор’е. Калі жабы маўчаць — чакаецца пахаладанне. Паспрабуйце зрабіць маленькую драўляную лесвічку, апусціць яе ў шкляны слоік і туды ж пусціць азёрную жабу. Такі “жывы барометр” раней шырока выкарыстоўвалі на Русі. Напярэдадні пераменнага надвор’я жаба будзе сядзець на дне, калі яна падымецца па лесвіцы ўверх — чакайце дрэннага надвор’я, а пастаянна знаходзіцца на паверхні — будзе сонечна, цёпла і суха. Гарантыя дакладнасці пры гэтым даволі высокая — 90—95 працэнтаў.
Уюнам і жабам не ўступаюць балотныя п’яўкі. У добрае надвор’е, калі не чакаецца яго рэзкіх перамен, п’яўкі спакойна поўзаюць па дне вадаёма, каменнях, прыдонных частках воднай расліннасці. Але калі яны пачалі вылазіць па сцяблах і кустах да самай паверхні вады — у бліжэйшы час чакайце навальніцы. П’яўка можа ўказаць і на чакаемыя змяненні тэмпературы: калі ў руху і ў спакоі п’яўка выцягнутая — пахаладання не будзе, а калі сціскаецца камячком — тэмпература хутка панізіцца.
За паўдня, а то і за суткі адчувае набліжэнне дажджу невялікая птушка нашых лясоў — берасцянка, і няспынна апавяшчае тады аб гэтым усю акругу сваёй звонкай песенькай: “Фіць... ф’ю-ф’юф’ю! Фіць... ф’ю-ф’ю-ф’ю!..”
Частым і доўгім кукаваннем указвае на ўстанаўленне цёплых дзён і спыненне ранішніх замаразкаў зязюля.
Ніколі не падманваюць у прадказанні стрыжы. Здараецца назіраць: птушкі, якія толькі што весяліліся ў паветры, раптам увогуле знікаюць. Значыць, у гэтым месцы чакаецца моцная непагадзь. Стрыжы, выдатныя летуны, паспяваюць да гэтага часу апынуцца за сотні кіламетраў і перачакаць непагадзь у раёнах з цёплым надвор’ем.
У хатніх умовах у прадказанні надвор’я можа памагчы самая звычайная кошка. Калі яна ляжыць, скурчыўшыся клубочкам,— чакаюцца моцныя маразы; ходзіць, пацягваючыся і трымаючы цела дугой,— будзе пацяпленне; старанна ліжа поўсць — да непагадзі; скрабе кіпцюрамі — будзе шквальны вецер.
ПТУШЫНЫЯ РАЗМОВЫ
Кажуць, птушкі размаўляюць паміж сабой у час спеваў. Заспяваў у гушчары вербалозу салавей, і яго сапляменнікам адразу зразумела, што спыняцца тут няма чаго — гнездавы ўчастак заняты. Застракаталі гучна сарокі — і ўсяму жывому ў лесе вядома, што нейкая небяспека набліжаецца — хутчэй за ўсё паляўнічы крадзецца. Весялей зашчабяталі на падворку вераб’і — весяліся, птушынае племя, вясна на падыходзе. ,
А часам у спевах птушак выразна чуюцца чалавечыя словы. Схавалася валасянка спякотным днём у цень кустоўя і радуецца: “Цень, цень, цень, цень, цень...” А вялікія сініцы нібы ў лічылку гуляюць. “Два на два, два на два, два на два!” — шчабеча адна з іх. А другая ёй у адказ: “Чатыры, чатыры, чатыры!” Чарацянка над зарослай сажалкай уецца ды быццам дражніцца з рыбай: “Карась, карась, карась, лінь, лінь, лінь!”
“Чыж-ж, чыж-ж!” — прадстаўляецца чыж. “Юла, юла, юла, юла...” — на розныя лады паўта-
рае сваё імя лясны жаваранак-юла, што кружыцца высока ў небе. “Уд-дод... уд-дод... уд-дод”, — бубніць сам пра сябе ў лясной глухамані ўдод.
Вечарам да слыху пачынаюць далятаць іншыя гукі. Яны, як і сама цемра, ужо не прыемныя і пяшчотныя, а грубыя, часам нават палохаючыя. “Ха-ха-ха!” — як зарагоча гучна ў гушчары сава, то ад нечаканасці мурашы па спіне забегаюць. A невялікая балотная птушка, што нечым нагадвае чаплю, удыхне як мага болей паветра, апусціць у ваду сваю доўгую дзюбу ды як зараве буйвалам. Яе і завуць бугаём.
“Бе-е-е-е...” — разносіцца на пашы бляянне баранчыка. “Бе-е-е-е...” — вітае ён ранішнюю зару.
А гэта і не баранчык зусім, а гарэзлівыя выбрыкі куліка-бекаса. І “пяе” ён зусім не голасам, а... хвастом. Незвычайнае пёрка ёсць у яго хвасце. Хвастом гэта птушка і пяе. Падаючы з вышыні, яна шырока растапырвае хвост. Крайнія цвёрдыя пярынкі ў яе хвасце па-асабліваму брынькаюць у паветры. Быццам разносіцца па небе бляянне маладога баранчыка. За гэта яму і нептушыную назву далі — “нябесны баранчык”.