У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Падрастае першы прыплод зайчанят. Зайчыха пасля нараджэння пакідае малых, добра накарміўшы цёпленькім малачком. А малако ў яе тлустае, высокакаларыйнае. У некалькі разоў перавышае яно па пажыўнасці малако каровы. Насмокчацца яго зайчаня — трое сутак і больш без ежы можа абыходзіцца. А прагаладаецца — пачынае рабіць кароткія перабежкі і пакідае след, па якім знаходзяць яго зайчыхі. Корміць зайчаня зайчыха, якая выпадкова знойдзе яго. Зноў нассецца зайчаня, зноў дні тры сытае, а там, глядзі, і само траўку скубці пачне. Заканчваецца лінька ў пушных звяроў. У больш лёгкія летнія ўборы апранаюцца вавёркі, гарнастаі, куніцы. Ноччу блукае ў пошуках жукоў і іх лічынак, добра выспаўшыся за зіму, барсук. З’яўляецца на свет патомства ў ваўкоў, лісіц, янотападобных сабак, розных дробных грызуноў.
Лес стаіць у зеляніне, ап’яняе маладая клейкая
лістота бяроз і таполяў, наліліся свежай смалою і пайшлі ў рост іголкі елак і соснаў, а ўнізе — незлічонае мноства шматтраўя, кветак, маладняку дрэў. Расцвіла чаромха, і яе месцазнаходжанне адразу выяўляецца не толькі па буйной квецені, але і па ўласцівым ёй моцным дурманячым паху.
Hi на хвіліну не змаўкаюць птушыныя спевы. Гэта клапатлівыя самцы забаўляюць так сваіх сябровак, што сядзяць цяпер на гнёздах. Бесперапынна трашчаць дразды, пералівіста заліваецца шпак, адрывіста пасвістваюць івалгі. А ноччу пачынаюць аднатонна драць горла на лугах славутыя пешыя хадакі — драчы, ды выводзіць непаўторныя пошчакі цуд нашага лесу — аліўкавы салавей, надаючы асаблівую прыгажосць цёплай майскай ночы.
ЧЭРВЕНЬ — ПАРА, КАЛІ ЦАЛУЮЦЦА ЗОРЫ
Травы пахнуць кветкамі, Кветкі пахнуць зорамі, Зоры над палеткамі — Лесам і азёрамі.
Пятро Глебка
Закончыўся май, усё наўкола ўкрыта багатай сакавітай зелянінаю. Доўгімі становяцца дні і зусім кароткімі такія ж цёплыя духмяныя ночы. Прырода бы спецыяльна затрымлівае надыход цемры, даючы чалавеку магчымасць атрымаць асалоду ад цудоўнай прыгажосці чэрвеньскіх дзён. І не паспее дагарэць як след развітальная вячэрняя зара, а на гарызонце праглядаюцца пасвятлелыя абрысы пяшчотна-ружовай паласы ўзыходзячага досвітку. Ранішняя зара спяшаецца змяніць вячэрнюю. У народзе гавораць: гэта пара, калі цалуюцца зоры.
Асабліва прыгожая ў гэты перыяд прырода. Суцэльныя кілімы з густога шматтраўя і мноства кветак на ўвесь далягляд усцілаюць жыватворную зямлю. Пачынаюць налівацца сокам на садовых дрэ-
вах плады, з кожным днём цяжэюць, згінаюць пад сваёй важкасцю тонкае голле. Дружна разрастаюцца пасевы сінявокага лёну і пшаніцы, што ўстае суцэльнай сцяною, пагойдваючыся пад ветрам. A канюшынавае поле — у ярка-малінавых галоўкахкветках, напоўненых нектарам. Над “чароўным дыванком” віецца мноства пчол, чмялёў, матылькоў, якія збіраюць каштоўны дар прыроды і напаўняюць паветра мяккім звонам і ўстойлівым водарам мёду.
На лугах на ўсе лады стракоча шматлікае племя конікаў. Мабыць, не кожны ведае, што на самай справе конікі зусім нямыя. Доўгімі заднімі ножкамі, якія ўкрыты мноствам маленькіх зазубінак, часта-часта труць яны па сваіх жорсткіх надкрылах, утвараючы своеасаблівую траскатню.
А вось птушак чуваць значна менш. У большасці з іх у гнёздах з’явіліся птушаняты. Ім цяпер не да песень — толькі паспявай пракарміць ненажэрнае патомства. Усяго за два-тры тыдні птушаняты дасягаюць памераў дарослых асобін. За суткі птушаняты з’ядаюць корму больш, чым важаць самі. Некалькі сотняў разоў падлятаюць бацькі з кормам да гнязда.
Да паўтары сотні дрэў абследуе даўгахвостая сініца толькі за адну гадзіну. Больш за пяцьсот порцый корму дастаўляе ў гняздо мухалоўка, і ў кожнай не адно, а дзесяткі насякомых. Для стрыжа праляцець тысячу кіламетраў за светлавы дзень — проста дробязь, звычайная справа. І ў рацыёне — выключна шкоднікі садоў, лясоў і палёў.
У гэты час нават зязюля не кукуе. Карціць спытаць: чым жа яна заклапочана? Яйкі ж махлярка ў чужыя гнёзды падкідвае. Тым не менш зязюля — вельмі карысная птушка. Сотнямі здзёўбвае і з’ядае яна шкодных вусеняў, асабліва валасатых, якімі ўсе іншыя птушкі проста грэбуюць. Перыяд гэты супадае з выхадам у колас ячменю. І кажуць, быццам зязюля “папярхнулася” асцюком. Але асцюкі тут зусім ні пры чым, зязюля занятая працай — не ведаючы стомы, збірае вусеняў.
У густых зарасніках водзіць свой статак шэранькая, злёгку вохрыстая глушыца. І глушаняты ў яе такія ж. Асвойваюць мудрагелістасці самастойнага здабывання ежы. А ледзь адчуюць небяспеку — тут жа на сігнал маці знерухомеюць і гэтак затояцца, што і разгледзець немагчыма, так зліваецца іхняя афарбоўка з прыземным тонам мясцовасці. Спосаб не надта ўжо хітры, але іншага ў глушанят няма. A рабчыкі, тыя ўвогуле ў непралазнай гушчэчы сядзяць. Лінька ў іх, лятаць не могуць.
Паспяваюць на лясных палянах ягады. Спачатку ярка-чырвоныя суніцы, за імі — чарніцы і буякі. Так і прывабліваюць да сябе апетытныя маленькія шарыкі. Іх ахвотна дзяўбуць лясныя птушкі. Нават драпежныя звяры, што ў іншы час харчуюцца выключна жывёльнай ежай, спажываюць цяпер незвычайныя для сябе ласункі. Як гэта ні дзіўна, ягады ядуць куніцы, гарнастаі, лісіцы, барсукі. ІПто тут гаварыць, нават мядзведзі ў гэты час з задавальненнем ласуюцца ягадамі, з асаблівай асалодай яны “пасвяцца” ў малінніках.
У чэрвені з’яўляюцца першыя сапраўдныя грыбы — каласавікі. Што ж гэта за грыбы такія? У навуковай літаратуры пра такія нібыта і не гаворыцца. Сапраўды, каласавікі — назва агульная, зборная, і называюцца яны так таму, што вырастаюць якраз у перыяд каласавання жыта. Гэта баравікі, падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі. Але іх усё роўна называюць аднолькава — каласавікі.
Але нядоўгі перыяд росту каласавікоў. Так што, як толькі выйшла жыта ў колас, не марнуй часу, грыбнік. Толькі адзін-два тыдні парадуюць грыбы аматараў ціхага падявання, і з’явяцца яны пасля толькі месяцы праз два — у жніўні і па кастрычнік. Праўда, будзе іх тады мноства. Але гэтае пары яшчэ дачакацца трэба.
ЛІПЕНЬ — МАКАЎКА ЛЕТА
Хіба ж на вечар той можна забыцца? ...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца, Штосьці спявае пяшчотнае бор, Пахне чабор, Пахне чабор...
Пятрусь Броўка
Ліпень — самы цёплы і дажджлівы месяц. Тэмпература паветра вагаецца ў межах 18 градусаў. Амаль палова дзён мае сярэднесутачную тэмпературу больш за 20 градусаў. Нават ноччу гаспадарыць цеплыня. Слупок градусніка рэдка апускаецца ніжэй 14, і вельмі рэдка — да 5 градусаў.
Дажджы ідуць даволі часта. Яны, як правіла, цёплыя і непрацяглыя. Багацце цяпла і вільгаці жыватворна ўздзейнічае на рост раслінаў. Незвычайна прыгожы суцэльны рознакаляровы кілім, які ўсцілае палі, лугі і лясныя паляны. Радуе вока блакітнымі ды фіялетавымі гронкамі мышыны гарошак. Расцвітаюць ліловая герань, крываўнік, залацісты святаяннік. Непаўторным водарам настоена паветра на сухіх палянках, дзе толькі што зацвіў чабор. А ў жыце, нібы па камандзе, расчынілі пяшчотныя блакітныя галоўкі шматлікія валошкі, дурманіць сваім пахам палявая мята.
Але найбольш характэрнае для месяца ўсё ж такі цвіценне ліпы. Ліпа — выдатны меданос. І калі надвор’е спрыяе гэтаму, пчолы збіраюць нектар толькі з гэтых кветак, выпрацоўваючы асабліва каштоўны ліпавы мёд.
На ўзлесках і ўскрайках палян красуецца прыгажун нашых лясоў паўтараметровы іван-чай. Яго буйныя ружовыя суквецці пакалыхвае летні вятрыска. Тут жа побач сваім водарам чаруе мацярдушка. А на ўзбярэжжы балотнага ручайка ўтварыліся густыя зараснікі, зацвілі жоўтыя і белыя гарлачыкі. Іх салодкімі, багатымі на крухмал карэнішчамі ласуюцца бабры, андатры, хахулі.
Вадасховішчы са стаячай вадой укрыліся цінай
і раскай. У іх развіваецца мноства драбнюсенькіх водарасцей. Водарасці — добры корм для вадзяных клопікаў, лічынак камароў і іншых водных насельнікаў. Імі ў сваю чаргу харчуюцца лічынкі рыб, апалонікі ды жабяняты, якімі літаральна кішаць прыбярэжныя ўчасткі вадасховішчаў.
У лясных насельнікаў свае клопаты. Па-ранейшаму не часта пачуеш бесклапотнае птушынае шчабятанне. Маўчаць салаўі, не кукуе зязюля. Толькі зрэдку гучыць пошчак жаваранка, прасвішча сініца ды пачуеш флейтавы покліч івалгі. У некаторых птушак цяпер адбываецца другое нясенне яек. Гэта — гарыхвосткі, перапёлкі, дразды.
А шпакі і гракі збіраюцца ў вялікія чароды і спрабуюць свае сілы для будучых далёкіх пералётаў. Цяпер варта ахоўваць ад іх вішнёвыя сады, бо спелымі ягадамі яны не супраць паласавацца. Вадаплаўныя ж птушкі, наадварот, забіліся ў самыя густыя зараснікі чароту і стаіліся, бо ў іх выпадаюць махавыя пер’і, і яны часова не лятаюць.
Падраслі і набылі звыклую рыжую афарбоўку маладыя лісяняты. Яны разам з бацькамі выходзяць на паляванне і даволі паспяхова здабываюць маладых зайчанят, палёвак і дзікіх птушак. Маладыя ж зайчаняты, якія нарадзіліся ў другім прыплодзе, падрастаюць і вучацца затойвацца і выратоўвацца ад драпежнікаў.
А ў жвавай яшчаркі на свет з’віўся толькі першы вывадак. Малюсенькія рухавыя яшчаркі вылу-. піліся з дробных скураных яек і асвойваюць цяпер азы самастойнага жыцця. У вельмі гарачыя дні можна ўбачыць гадзюку, якая грэецца на пні. A вужы болып цягнуцца да балоцістых месцаў, бліжэй да вадасховішчаў.
У ліпені пачынаецца грыбны сезон. Частыя дажджы, што нясуць багацце вільгаці, і незвычайна цёплыя дні спрыяюць іх росту. Цэлымі чародкамі высыпаюць сярод густога моху жоўценькія мініяцюрныя “талерачкі” лісічак. У незвычайных месцах можна сустрэць шэрыя і цёмна-рыжыя падбя-
розавікі, часам нават на ўскрайку поля. З’яўляюцца і надзвычай прыгожыя чырвонагаловыя падасінавікі. А белых грыбоў (баравікоў) пакуль мала. Праз тыдзень ці два і яны прыемна парадуюць грыбнікоў, але гэта ўжо ў жніўні.
ШЧОДРЫ ЖНІВЕНЬ
Вось і лета сышло, Адспявалі калоссі, Цяжка нам заўважаць, Як з’яўляецца восень.
Непрыкметна зусім Прыплыве павуцінкай, Гляне жоўтым лістком - 3-пад зялёнай хусцінкі.
Пятрусь Бродка
3 першымі жнівеньскімі днямі адчуваецца набліжэнне восені. Здаецца, і лета яшчэ як лета. У лесе трава зялёная. I кветак шмат на палянах. Сонца таксама грэе па-ранейшаму шчодра і горача.
Але ўсяму свой час. Пазвоньвае залацістай жаўтлявасцю лістота кучаравых бяроз, губляюць звычайную зялёную афарбоўку кусты арэшніку, лёгкая барва блукае ў дрыготкіх прычосках асін. I з кожным днём яркіх фарбаў прыбывае. Яны не толькі ў своеасаблівай мазаіцы лісця, траў, але і ў мностве асенніх ягад, іншых лясных пладоў. На змену багаццю чэрвеньскіх чарніц прыходзяць ярка-чырвоныя гронкі брусніц і талакнянкі, напоўненыя вішнёвым бляскам буйныя пацеркі журавін, ядавітыя вочкі воўчага лыка, важкія ажыны. Набываюць спецыфічны карычневы колер арэхі і жалуды, яны таксама выразна бачныя сярод лісця.