• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Сухое ламачча разгаралася адразу ярка і выразна, высокае гіганцкае вогнішча разгаралася ўшыр. Уверх узнімаліся доўгія вострыя языкі полымя, на цэлыя кіламетры асвятлялі наваколле. Уся моладзь з акругі збіралася тады на Купалле, і ва ўсю моц
    разварочвалася на шырокай пляцоўцы па-за вогнішчам гулянне. Водблескі агню асвятлялі ружовыя твары юнакоў і дзяўчат — загарэлыя і бадзёрыя, і да глыбокай ночы гучалі наўкола народныя песні, і танцам не было канца.
    Толькі бабулькі, якія сабраліся ў баку асобнай купкай, наглядаючы хто з кім гуляе, абгаворвалі якую-небудзь дзяўчыну. Рознае пра яе пляткарылі, “перамываючы” костачкі.
    Калі ўжо надыходзіла глыбокая ноч, шмат хто пускаўся на пошукі чароўнай папараць-кветкі ды маленькіх начных светлячкоў, якія нібыта менавіта ў гэтую ноч павінны былі асабліва свяціцца.
    А пад самую раніцу, калі вогнішча амаль ужо дагарала і заставаліся толькі цвёрдыя агаркі смалістых карчоў, хлапчукі, узброіўшыся доўгімі сырымі жэрдачкамі, спіхвалі іх уніз з абрыву. Яны ляцелі ў ранішнім поўзмроку, перамешваліся з упаўшым з нябёс туманам, уражліва падскокваючы на няроўнасцях і выступах, высякаючы і рассыпаючы на сваім шляху мільёны струменяў, пырскаў і іскраў, якія, разлятаючыся, рабіліся яшчэ больш яркімі дзякуючы свежым патокам багатага кіслародам паветра.
    І тыя, што разышліся па хмызняках у пошуках чароўных начных кветак, міжволі спыняліся і з задавальненнем любаваліся прыгажосцю відовішча, сігналізаваўшага аб набліжаючымся завяршэнні цудоўнай купальскай ночы апошнімі водбліскамі феерверку. А з яго заканчэннем кідаліся апошні раз на пошукі ўсё той жа кветкі шчасця.
    Праўда, кветак папараці ніхто не знаходзіў ні пад раніцу, ні ў самы разгар ночы, ды асабліва не адчайваліся, тым больш што панаглядаць за дзівоснымі начнымі светлячкамі было не менш цікава, і моладзь гадзінамі блукала па лесе.
    Па ўсім лесе ды зарасніках блішчалі жоўтым, злёгку зеленавата-блакітным колерам прама ў траве пад нагамі маленькія кропачкі-агеньчыкі. Нават ступаць неяк боязна, таго і глядзі — апячэшся. Але возьмеш, разграбеш асцярожна свежую траву і
    скінеш на далоні, інстынктыўна, нібы гарачы вугалёк перакідваючы яго з адной далоні на другую, і тут толькі адчуеш, што ён і не пячэцца зусім, тады трымаеш яго на адной выцягнутай руцэ і пачынаеш уважліва разглядаць.
    Светлячок выглядае маленькім лахмаценькім чарвячком, хоць на самай справе з’яўляецца жуком, толькі з сямейства мяккацелых. Свецяцца ў яго дзве прадаўгаватыя пласцінкі, што знаходзяцца на задняй частцы жывоціка. А выпраменьваюць святло шматлікія бактэрыі, што жывуць у цеснай садружнасці, ці, як кажуць вучоныя, у сімбіёзе са светлячкамі.
    Калі перавярнуць светлячка на спіну — жывы ліхтарык раптам пагасне, нібы схаваецца, не відаць яго знізу, з-пад цела.
    Наогул жа гэта зусім і не светлячок. Больш правільна — “светлячыха”. Толькі няма ў літаратуры такога слова... Гэта не ён, светлячок, а яна, самка. Самцы ж — яны і знешне ёсць жукі. Хоць і невялікія, крыху больш за сантыметр у даўжыню, аднак маюць крылцы і лятаюць. У самкі крылцаў няма. Яны не могуць лятаць. Вось і заклікаюць да сябе “кавалераў” уласнымі ліхтарыкамі. А самцы лёгка заўважаюць іх сваімі фасетчатымі вачыма яшчэ здалёку.
    Успомніўшы пра светлячкоў, адразу ізноў захацелася назбіраць іх, ды пара не выйшла. І я проста ўглыбляюся ў лес, каб разам з ім і ўсім яго мнагалікім насельніцтвам адчуць новую вясну.
    У лесе, зацішаным ад ветру векавымі дрэвамі, адразу становіцца цяплей, сонца свеціць ужо дзесьці зверху, здаецца, нават прыпякае, так што, прайшоўіпы якіх з паўкіламетра, з задавальненнем саджуся адпачыць, нагледзеўшы вялікі знаёмы камень побач са старым векавым дубам, і прыхінаюся спінаю да шурпатага дубовага ствала, і заціхаю ў лёгкай стоме.
    Вакол зелянеюць вожыкі-курцінкі свежых парасткаў травы, гудуць пчолы і аддаюць нейкім асаблівым пахам, што надае аскому, жоўценькія круг-
    ленькія галоўкі кветак падбелу. Пакуль што толькі іх галоўкі на тоўсценькіх з кароткімі зялёнымі язычкамі стаўбунках стаяць, а хутка адрастуць і іх шырокія мясістыя лісты.
    Яшчэ называюць іх маці-й-мачыха.
    Сарвеш такі лісточак, паглядзіш: знізу ён амаль белы, з мноствам кароценькіх атожылкаў-валасінак. Пакладзеш лісцік гэтым бокам да незнарок параненага, пабітага месца на целе — адчуеш прыемную цеплыню — “маці”. Калі ж той жа лісточак прыкладзеш верхнім, гладкім бокам, то адразу ж і адкінеш — непрыемны халадок ідзе ад яго — “мачыха”.
    Высока ў небе кружыцца каршун. Ужо з выраю вярнуўся. У хуткім часе змайструе ў глыбокім лясным гушчары, нібы ў непрыступнай крэпасці, у якой-небудзь развілцы высокага дрэва сваё важкае гняздо і засядзе на яйкі — на якіх сорак пяць дзён. Толькі ў пачатку чэрвеня з’явіцца ў яго патомства. Без літасці будзе біць тады птушанят кнігавак, драздоў, перапёлак, паляваць на мышэй, паўзуноў і земнаводных. А пакуль што будзе задавальняцца, збіраючы ежу на берагах вадаёмаў, падчысціць пабярэжжы ад рыбы, якая загінула пасля разводдзя. І не стане траціць час на далёкія паляванні. Але пазней, калі рыбных рэшткаў не будзе хапаць, то пачне актыўна рыбалоўствам займацца. Прыгледзіць рыбіну, якая заплыве на водмель, маланкай спікіруе ўніз, выхапіць яе вострымі ўчэпістымі кіпцюрамі прама з вады.
    Моцны драпежнік каршун, і гняздо сваё хутчэй са звычкі, чым з асцярогі ў лясной глушы хавае. Няма ў яго ворагаў у прыродзе, няма, праўда, у яго і сяброў.
    Для чалавека каршун, бадай, больш карысны, чым шкодны,— няшчадна б’е дробных мышападобных грызуноў, што шкодзяць пасевам, і ўратоўвае тым самым добрую частку ўраджаю. Праўда, схопіць часам у двары няспрытнае кураня ці паесць на седале яйкі, але з лішкам жа кампенсуе пасля прычыненую чалавеку шкоду.
    Дзесьці ўбаку трашчаць дразды, весела пераклікаюцца жаўтабрушкі-сініцы. І калі ціхенька прасядзець вось так доўга-доўга, то з многімі ляснымі насельнікамі шмат бліжэй пазнаёміцца можна. А лес, што вакол акружае, зусім не заўважае цябе.
    Толькі сядзі ціха-ціха і ніводным рухам сябе не выдавай. Быццам няма цябе тут. А звыклае жыццё лесу працягваецца, напаўняецца сваім загадкавым зместам.
    To мышка каля самай нагі, не разгледзеўшы цябе, прабяжыць, то птушыная дробязь прама над самай галавой пераклік вясновы ўчыніць, то вавёрачка па ствале праскача, а то і прыблукае, прынюхваючыся да незнаёмых пахаў, і больш вялікая звярушка — клыпаногі барсук ці заспаны янот. Нерухомая постаць не пужае дзікіх жывёлін, а толькі крышачку зварушыся — пырх, і няма нікога.
    Вось б’юцца невядома з якой патрэбы расфуфыраныя вераб’і. Турботна вышуквае ў шчылінках пад карой розную жыўнасць юркі попаўзень, манатонна стукае па дрэве дзяцел у яркай чырвонай шапачцы. Штосьці западозрыў, спыніўся. Аглянуўся.
    — Піг-піг!
    І паляцеў кудысьці, каб перастрахавацца ад бяды, а мо старое месца надакучыла і трэба шукаць лепшае.
    Свежым водарам церпкіх эфірных маслаў пахне ядловец, нібы стэрылізуючы лясное паветра ад нежаданых мікробаў.
    Ажывае лес, радуецца доўгачаканаму цяплу, шырока і ўпэўнена пачынае свой імклівы разбег вясна па ўсіх яго курцінках і ярусах. Прачнуліся дрэвы, і пабег сок па ўсіх іх драўляных жылках. Прачнуліся восы, мухі, а за імі — і іншыя лясныя жыхары, што кормяцца імі ды свежай травой і лісцем.
    Вось і вусень сасновага шаўкапрада прачнуўся. Усю зіму правёў ён у самай глыбіні лясной падсцілкі — сярод лісця, моху ды апалай ігліцы. Сціснуў
    восенню як мага цясней сваю тоўстую рубцаватую скуру, яшчэ болей тым самым яе ўшчыльніў і заснуў, прычапіўшыся да асінавага ліста, быццам пад вялізную надзейную страху забраўся.
    Асінавае лісце рана ападае, і без таго непрыкметны гэты лісточак глыбокай восенню зусім нябачны. Засыпалі яго па чарзе апалае лісце ляшчыны, прыляцелыя з ветрам парашуцікі насення ясеня, сасна іголкамі зверху прысыпала, ды яшчэ некалькі абламаных сухіх галінак у дадатак упала — паспрабуй, здагадайся, што недзе там пад лісцікамі нехта схаваўся. А пазней яшчэ і снегам усё пакрылася — у сажань таўшчынёю ахоўны слой утварыўся.
    Гэтак і прасядзеў усю зіму ў маўклівым здранцвенні вусень, а як толькі снег растаў ды сонейка як след прыгрэла — ажыў ненасытны абжора, марудна, але настойліва прабіраецца па ствале высачэзнай хваіны наверх, у самую глыбіню дрэвавай кроны — усё лета будзе цяпер няспынна жаваць хвою сасны, накопліваючы сабе патрэбныя рэчывы, каб далей развівацца. А ўжо тады, назапасіўшы ўсяго, што трэба, возьме і ператворыцца ў нерухомую кукалку, каб выпырхнуць праз нейкі час ізноў ужо ў выглядзе зграбнага стракатага матылька.
    А пакуль паўзе і паўзе вусень сасновага шаўкапрада па ствале. Ствол высокі, гладкі, а ножкі ў вусеня кароценькія, хутчэй прысоскі, а не ножкі. Але іх шмат, і адрываючы ад дрэва па чарзе адну за другой, ён ледзь прыкметна перамяшчаецца ўперад, чапляючыся кожны раз крышачку вышэй, падцягваючы адначасова за імі астатнія членікі свайго цела. Марудна рухаецца, цяжка яму, пасля доўгай зімы ледзьве хапае сіл, але ўпарты вусень паўзе і паўзе. Вось дабярэцца да водарных сасновых іголачак, тады і адпачыць варта, а пакуль — наперад, хоць марудна, хоць за кошт неймаверных намаганняў, але наперад да жаданага, да мэты.
    Трохі вышэй, у кроне той жа сасны, з галінкі на галінку пералятае шэранькі непрыкметны матылёк. Матылёк як матылёк, нічым асаблівым сярод іншых
    не адрозніваецца, іх вунь колькі хутка будзе — чырвоных, жоўтых, блакітных і зялёных, на ўсе колеры вясёлкі, а гэты вельмі ж ужо звычайны, быццам прыгажосці не любіць альбо саромеецца. Можа, за гэта і даў яму вядомы сістэматык Карл Ліней лацінскую назву “пудзібунда”, што значыць сарамлівы альбо сціплы.
    Пакуль іх яшчэ мала. Але праз тыдзень-другі пачнецца масавы вылет. Сапраўдныя веснавыя гульбы пачнуцца. На кожнай галінцы самка след пахучы пакідае — па ім і знаходзіць яе самец. Цельца самога матылька тоўсценькае, а ножкі апушаны кароценькімі варсістымі валаскамі, таму называюць яго яшчэ шэрсцелапкай.
    Але не дзеля пацехі наладжваюць начныя гульбішчы сарамлівыя шэрсцелапкі. Суцэльнымі шчыльнымі кольцамі аблепліваюць самкі галінкі дрэў шэранькімі шарыкамі яец. He пройдзе і месяца, і вылупяцца з іх вусені. Лёгкія прадаўгаватыя палачкі, яны ад нараджэння пакрыты дастаткова доўгімі густымі валаскамі. Забярэцца такі вусеньна самую высокую галінку, распушыць як мага больш лахматыя валаскі, а тут быццам спецыяльна ветрык дзьмухне — і пайшоў ён вандраваць у паветры, куды толькі не занясе яго вецер.