У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Я крочу ў акружэнні звону і святла не спяшаючыся, быццам баюся парушыць дзіўны ансамбль, які сам па сабе склаўся з сола жаваранкавай песні і мноства гукаў і фарбаў маладой вясны. На сэрцы лёгка, прыемна, і здаецца, нават душа маладзее.
Вось і знаёмы абрыў паказаўся. Высачэзны, круты. Паводкавыя воды падмылі знізу суглінак, і цэлы край вялікай пясчанай гары абваліўся, утварыўшы вялізную строму. 3 бакоў учэпістыя дрэвы моцна заціснулі перапляценнямі сваіх карэнняў бездапаможна лёгкую глебу і не даюць далей пашырацца абвалам, а вось зверху, на самай гары, не тое што дрэў, нават кусцікаў маленькіх няма. Вось і пакутуе балюча штогод у перыяд паводкі гара, з усёй моцы трымае свой размыты край, ды дзе тут справішся! I як толькі хлыне з палёў вада, то зноў цэлая сцяна адрываецца ад гары і з гучным шаргаценнем марудна апаўзае ўніз, паступова набіраючы хуткасць ды змятаючы ўсё на сваім шляху. І ўрэшце як вухне ў апошні момант кучай пяску ды дробных каменняў.
Нядоўга наканавана праляжаць ім тут. Імклівыя ручайкі настойліва свідруюць груды сваімі струменьчыкамі, зносячы разам з сабою захоплены пясок і каменні. І ўжо праз некалькі дзён і следу ад таго насыпу не застаецца, быццам і не было яго на гэтым месцы.
Толькі дзве моцныя вялікія скалы замацаваліся на самай сярэдзіне абрыву метрах мо ў дзесяці над яго падэшвай, дзесьці ў самую глыбіню яго ўваходзяць масай, вось і трымаюцца таму, высунуўшыся далёка ўперад, быццам вялізныя дапатопныя звяры застылі навек у акамянелым маўчанні.
Але хто ведае, ці надзейна яны трымаюцца? Можа, іх ужо там толькі маленькі кончык застаўся, у тоўшчы стромы замацаваўся некалі і трымціць... А раптам дыхне моцна вецер, ці свавольны раўчук лізне жвір ля скалы, і тады абрынецца яна ўніз, падмінаючы пад сябе ўсё, што трапіцца. Таму лепш на стаяць пад ёй, бо калі пачнецца, то і адскочыць не паспееш, як накрые цябе зверху глыбіна — так і застанешся пад ёй навечна.
Адыходжу ўбок і праз хмызняк краем абрыву пачынаю прабірацца ўверх. Ісці цяжка, бо гара настолькі крутая, што даводзіцца, дакладней было б сказаць, не ісці, а паўзці на яе вяршыню. Боты часам паслізгваюць, постаць неверагодна выгінаецца. Прыходзіцца хапацца рукамі за найболып тоўстыя галіны хмызняку ды ствалы невялічкіх дрэўцаў.
А вясна адчуваецца і тут. На момант спыняюся, пераводжу дыханне і аглядаюся навокал. Яшчэ бягуць з горкі ад рэшткаў нерасталага снегу гаманлівыя ручайкі. А там, дзе зямля адкрытая, ужо павыпырсквалі праз голыя яшчэ галінкі кустоўя першыя веснавыя кветкі на цыбатых ножках і ганарліва пагойдваюць галоўкамі. Пралесак, дык тых — бясконцае мноства. Яны то цэлымі кусцікамі растуць, то раскідаліся беспарадкава, быццам жменю насення нехта наўзгад рассеяў, то доўгімі, віхляючымі з боку ў бок ланцужкамі нястрымна паўзуць наверх, бліжэй да сонца. Яны, нібы распушаныя завушнічкі, лагодна пагойдваюцца пад лёгкімі подыхамі ветру.
Нездарма называюць у народзе гэты месяц красавіком альбо квеценем. За першымі кветкамі пачынаюць распускацца пупышкі на дрэвах. Hi туманы, ні ранішнія прымаразкі іх не палохаюць. Вунь
невысокі клёнік ужо ўвесь жоўта-зялёны стаіць, праўда, гэта яшчэ не лісцікі, а своеасаблівыя кветкі. Як з’явіцца лісце — яны завянуць, а пасля вырастуць на іх месцы невялікія гузачкі з доўгімі крыльцамі — там будзе спець насенне.
Быццам мноства маленькіх жоўтых агеньчыкаў ззяюць на сонцы “коцікі” на шырокім кусце вярбы. А вось барбарыс ужо зялёненькі ад маленькіх лісцікаў. Выдзяляюцца ранняй зеленню і раскіданыя сям-там кусты дзікіх парэчак. Яны таксама распусціліся аднымі з першых. Нібы раўняючыся на вярбу, агалілі свае “коцікі” вольха і арэшнік.
Вакол іх уюцца працавітыя пчолы. Меданосаў пакуль што яшчэ мала расцвіло, вось і зляцеліся яны дружна на пажыву. Непаладу ў іх не назіраецца, кожная занята сваёй справай. Колькі кветачак трэба абляцець ім, каб назбіраць лічаныя грамы нектару — не злічыш, але ж нічога, упраўляюцца.
Шчыльна-шчыльна зямлю ўслалі тонкія вусысцябліны дзеразы. Лічаныя дні, як зямля ачысцілася ад снегу, а яе вусы ўжо вунь ва ўсе бакі больш чым на паўметра распаўзліся, доўгія, з маленькімі лісцікамі-адросткамі па ўсёй сваёй паверхні, яны яскрава выдзяляюцца зялёнай, злёгку жаўтаватай афарбоўкай сярод пажухлай травы.
Цікавая гэта расліна, адна з самых старажытных у нашым краі. Нават рассейваецца не насеннем, а спорамі. Адны толькі папаратнікі з усёй мнагалікай флоры тутэйшых мясцін з’яўляюцца іх родзічамі і таксама дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў. А як хутка расце!
Паступова рухаюся далей. І ўспамінаю, як ў дзяцінстве, мы, падшыванцы, бегалі сюды за першымі пралескамі. А напярэдадні Вялікадня і дзеразу збіралі, дадому прыносілі. Як поўнілася сэрца прадчуваннем радасці, калі маці ўпрыгожвала ёй сціплую сялянскую хату: чапляла над вокнамі і дзвярамі, старанна абвівала зялёнымі, нібы аксамітавымі, ланцужкамі цьмяную ікону на покуце. Здавалася, а можа, так і было, адразу ў хаце праясняў-
ся паўзмрок, святлела — адразу рабілася ўтульна і па-вясноваму свежа, усё напаўнялася святочнай прыгажосцю.
А яшчэ дзеразой велікодныя яйкі фарбавалі. Спачатку рыхтавалі моцны адвар з лускі цыбулі, перад тым як пакласці варыцца ў гэтае змесціва яйкі, туды дабаўлялі яшчэ і скручаныя сцябліны дзеразы. Звараныя яйкі былі ярка чырванавата-арэхавага колеру. У тых месцах, дзе да іх датыкаліся сцяблінкі, заставаліся светлыя жоўтыя плямкі. Возьмеш такое яйка ў рукі, паглядзіш на яго — сапраўдны святочны сувенір.
Набярэ дзятва гэтых яек і пайшла высвятляць — у каго яны мацнейшыя. Б’юць яйкам аб яйка — дзюбачкай у дзюбачку: пабілася тваё — аддай яго таму, хто разбіў. Для гэтага нават выбіралі так званыя яйкі-“мацакі”. А каб вызначыць, якое яйка найбольш моцнае, бралі яго ў руку, круцілі на стале — вёртка — “мацакі”, або асцярожна пастуквалі па сваіх зубах — па гуку зразумела было: цок-цок — яно! “Аж сакоча!” — гаварылі пра такое. ,
Некаторыя дык махлявалі. Прабівалі ў пятцы сырога яйка маленькую дзірачку, высмоктвалі змесціва, потым туды праз саломінку нальюць смалы, адтуліну замажуць і зафарбуюць — паспрабуй разбярыся. “Смаляк” любое яйка паб’е. Але ж бяды махляр не абярэцца, калі выкрыюць яго сябрукі. Тут літасці не чакай: натаўкуць па чым папала і бітымі, і цэлымі, і зваранымі ўкрутую, і ўсмятку. Але ўсім было весела, бо якое ж свята без падвохаў?..
Успаміны, нібы хвалі, наплываюць адны на адны. Тут, у родным краі, яны цешаць замілаванасцю capita, радасцю, часам хай і журботліваю, зліваюцца ў адно — цудоўна было некалі і бестурботна.
Тут вось такія, ці іншыя ўспаміны можа выклікаць кожная травінка, на якую звернеш увагу, кожны кусцік, калі дакранешся далоняй да яго шурпатых галінак, кожны валун і падгнілы пянёк, ля якога праходзіш.
Тут кожная кветка, кожнае дрэўца і кожны камень аб нечым нагадвае, будзіць успаміны, выклікае былыя пачуцці і на момант вяртае ў непаўторны бестурботны час цяжкага, але ўсё роўна шчаслівага дзяцінства — самай вясёлай пары ў жыцці.
І сённяшнія твае клопаты, жыццёвыя няўладкі здаюцца надуманымі, дробязнымі і не вартымі ўвагі, хоць на самай справе яны не такія. Табе здаецца, што свет зусім не такі, якім ты яго зведаў у сталыя гады, верыш — ён добры, лагодны, і несправядлівасць, хлусня, хціўства — у ім выпадковыя. А галоўнае, забываюцца ўсе турботы і складанасці напружанага жыцця.
Узрушаны і асветлены ўспамінамі і развагамі, кірую на гару, прадзіраючыся густым шчыльным хмызняком.
Неяк раней, здаецца, быў ён прыкметна радзейшым. Ці то зарос ад таго, што тут не бывае ніхто ў апошнія гады? Ці то я залішне растаўсцеў? Хутчэй за ўсё ў гэтым і першае, і другое. Але рухаюся ўсё ж даволі паспяхова, нездарма шмат разоў прамерыў у дзяцінстве тут усё ўздоўж і ўпоперак.
Вось ужо кусты парадзелі, і даўно патухлае вуголле былых вогнішчаў на шляху трапляецца, і болей чысціні і святла навокал, здаецца, становіцца. Яшчэ некалькі крокаў — і я на самай вяршыні, стаю над гэтым абрывам, як і многа гадоў назад, і ўглядаюся ў наваколле. І зараз тут усё перада мною, як на далоні, аж да самага далягляду.
Якая шыр, прастора і вольніца! Наперадзе, у вялікай, з усіх бакоў акружанай пакатымі пагоркамі даліне прытаілася знаёмая з дзяцінства ўтульная вёсачка Несутычы.
Гляджу на яе старыя саламяныя стрэхі, якія сшарэлымі лапікамі ляжаць між новых, што пабліскваюць яркай жаўцізной, а ў думках зноў вяртаюся ў мінулае.
Любуюся ўсім, што бачу і міжволі пасылаю даніну павагі продкам. Як разумна і памяркоўна ўмелі выбіраць яны месцы для сваіх паселішчаў.
Узяць хаця б гэту вёсачку, Несутычы. І ад вятроў з усіх бакоў вёсачка схавана, і ўрадлівая глеба пад паселішча не занята, і прыгожа наўкола. Быццам сама сабою ўсё так удала атрымалася, што паблізу шляхі зносін, нават да дарогі ў вялікі свет рукой падаць, і ўсё іншае, што заўсёды патрэбна чалавеку, тут, побач.
Вунь блішчыць і стужачка рачулкі і сінеюцца люстэркі дзвюх азярын. Зелянее, пераліваецца срэбранай расою выган, дзе пасвіцца хатняя жывёла і топчацца птушка. Далей — віднеюцца сакаўныя заліўныя лугі, разложыстыя, шырокія.
Усім неабходным чалавеку надзяліла прырода гэтыя мясціны. І бяда нашага часу іх абмінула — не шкоднічалі тут розныя там вышукальнікі і праектанты, меліяратары. Яны б знішчылі прыгажосць, зруйнавалі б яе, як зрабілі ў многіх іншых мясцінах майго роднага краю. А колькі грошай дарэмна змарнавалі б на праекты ды пошукі свае, што нікому і не патрэбны ў канчатковым выніку. A ў дзядоў нашых і без іх дапамогі не тое што горш, a нават куды лепей атрымлівалася, нібы па заказу.
Недалёка ад вёскі — лес. Лес-бацюхна, звалі яго мае продкі, бо ён у галодны год карміў іх ягадамі і грыбамц дзічынай, паіў крыштальнымі крынічнымі водамі. Ен і цяпер дапамагае вяскоўцам — тымі ж сваімі дарамі, бёрнамі на новыя хаты, дровамі...
А на гэтым месцы, дзе стаю я цяпер, заўсёды палілі агні ў купальскую ноч. Купалле заўсёды чакалі з таямнічай нецярплівасцю і рыхтаваліся да яго загадзя. Юнакі арганізавана хадзілі ў лес, нарыхтоўвалі смалістыя карчы, секлі засохшыя кусты ядлоўцу, збіралі яловы і хваёвы сушняк, складвалі яго на вяршыні гары над самым абрывам і, калі ўжо вакол была сапраўдная цемра, падпальвалі.