• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    А закіне лёс у раскошную крону якога небудзь пладовага дрэва, і пачне ён там гаспадарнічаць — то краі ў маладога лісця абгрызе, то дзірачкамі ў сапраўдны друшляк іх пасячэ, а не, то таго і чакай, адны чаранкі толькі ад лісця пакіне. Вось табе і сціплы, вось табе і сарамлівы!
    А над распусціўшыміся “коцікамі” нізенькага кусціка вярбы ўюцца пчолападобныя мухі. Нявопытнаму чалавеку і ў галаву не дайшло б падумаць, што гэта не пчолы. I па велічыні такія ж, і знешне быццам нічым не адрозніваюцца — такога ж колеру і формы, і нават гудуць па-пчалінаму.
    Толькі ж ва ўсіх пчолаў па дзве пары крылаў, а ў гэтых адна. А калі так, атрымліваецца, што гэта мухі. Але ж! Менавіта такія і па памерах, і па афарбоўцы. А парадокс з формай і афарбоўкай зусім невыпадко-
    вы. Гэта для таго, каб ворагі прымалі іх за пчол. У тых жа вострае джала з моцным ядам. He кожная птушка асмеліцца праглынуць пчалу. Вось і падмайстроўваюцца пад іх пчолападобныя мухі.
    На суседнім з вярбою кусце ляшчыны невядома адкуль з’явілася маленькае даўганосае цуда. Нібы павук, а нібы і не, цела маленькае, прадаўгаватае, як тое мініяцюрнае яйка райскай птушачкі, а ногі даўжэзныя, многаступенчатыя. У павукоў такіх, здаецца, не бывае. Цікава, што гэта за істота?
    Асцярожна бяру яга за тонкую ножку, а яна раз — і адламалася, ну прама сама па сабе, а цудапавука і след прастыў, схаваўся ад бяды далей.
    Нага? Што яму нага,— іх у яго мноства. Хопіць і тых, якія засталіся. Зручна, ці не праўда?
    А адламаная ножка на далоні засталася. Але што гэта? Яна рухаецца — то згінаецца, то разгінаецца. Ну, цяпер зразумела. Я раней чуць чуў, а ўбачыць сваімі вачыма не прыходзілася. Гэта ж сенакосец — блізкі сваяк павукоў, доўгі час можа рухацца канвульсійна яго абламаная нага, нагадваючы рухі касы, за што і атрымала насякомае сваю незвычайную назву. Нага для яе — невялікая страта і шкадаваць аб гэтым не варта. А вось саміх сенакосцаў знішчаць не варта — цэлымі начамі яны палююць на дробных кляшчоў ды шкодных клопікаў.
    А вось і божыя кароўкі з’явіліся. Адна, другая. Гэтыя ўжо не тут зімавалі, з далёкіх краёў на родную зямлю вярнуліся. Як толькі пераадольваюць яны ўнушальныя адлегласці? Крахатулечкі ж, а вось ляцяць насустрач навальніцам і халадам, наперакор ветру, нястрымна цягнуцца да роднага краю.
    Працягваю да галінкі руку, і даверлівы бяскрыўдны жучок ахвотна садзіцца на яе. Застыў на адным месцы, не спяшаючыся ўцягнуў, умела склаўшы дастаткова доўгія мяккія празрыстыя крыльцы і прыкрыў іх зверху надзейнымі хіцінавымі панцырыкамі. Тут ужо і разгледзець яго можна ўважліва.
    Ярка-чырвоны, з чорненькай мініяцюрнай галоўкай і маленькімі кропачкавымі крапінкамі па ўсёй чырвані фону, прысеў і прыціх, быццам аддыхнуць крышачку вырашыў, і задумаўся, абагрэты дабратой і цяплом чалавечай рукі. У нашых краях у яго і назва асаблівая ёсць — ядзерка. Ці не праўда, такое ж лагоднае і кволае, як і сам жучок.
    Помніцца, пасадзіш яго ў дзяцінстве вось гэтак жа на малюсенькую сваю далонь і прыгаворваеш:
    — Ядзерка, ядзерка, пакажы надвор’е. Калі дождж, то сядзі, а пагода — дык ляці.
    І глядзіць, змоўкнуўшы разам, дзетвара, што сабралася ў кружок. А жучок пасядзіць, пасядзіць, ды раптам расхіне свае чырвоныя панцырыкі, выпусціць пяшчотныя крыльцы, ды як паляціць...
    А дзетвара як загалгоча, як закрычыць на ўсе галасы:	-
    — Ура! Ура! Пагода!
    — Дзякуй табе, ядзерка.
    — Прылятай яшчэ! Дадзім табе хлеба — паляціш на неба... Хай там твае дзеткі паядуць катлеткі.
    Ды толькі зусім не катлеткамі харчуюцца божыя кароўкі. Вялізную карысць прыносяць яны чалавеку, знішчаючы лічынак шкоднікаў садоў і пасеваў. Аб гэтым мажліва і не кожны ведае. Прычым знішчаюць бязлітасна, у непамернай колькасці, захоўваючы расліны некранутымі для выкарыстоўвання іх чалавекам. Асабліва не даюць спуску тлі, якую іншыя насякомыя абмінаюць. Адна божая кароўка паядае іх за суткі па сотні штук і болей.
    ...Задумаўся я, у думках кудысьці вельмі ж ужо далёка адышоў. А тут з самага верху гучна:
    — Кра-кра-кра!
    Качка ў лесе? Непрывычна неяк, ды і не відаць штосьці нікога. He так проста схавацца ёй сярод голых яшчэ галін, ды і не месца гэта для яе, азёры ды залівы — вось іх стыхія.
    А з таго ж месца ізноў:
    — Кра-кра! Кра-кра-кра!
    Насланнё нейкае, ды і толькі.
    “Ну, што яшчэ за ліха?” — міжволі ўскокваю з прыгрэтага месца.
    А зверху і яшчэ раз:
    — Кра-кра-кра!
    Ах, вось яно што! Гэта самачка качкі-гогаля — адзіная з усіх качак, якая селіцца ў лесе. І месца для гнязда выбрала ўжо ж крайне нязвыклае для качынага племені — прама ў старым вялізным дупле. Высуне адтуль галаву на доўгай шыі, паводзіць ёю па баках ды ізноў падасць голас:
    — Кра-кра-кра!
    Сядзела б сабе спакойна, не прыцягвала б увагу. Але ж не, усё кракае чагосці. Здаецца, і чалавека зусім не баіцца, ці проста, відаць, не лічыць яго сваім ворагам. Каб жа так было заўсёды.
    А як жа яна ўжываецца з драпежнікамі? Іх жа ў лесе шмат. Ястраб-цецяроўнік, вялікія начныя совы, ды і дасціпны янот-паласкун без цяжкасці можа дабрацца да дупла — лазіць жа ён вунь як па-майстэрску.
    Ды, мабыць, не асабліва і баіцца іх самка гогаля. У дупле яна надзейна закрыта з усіх бакоў і нават зверху і знізу, а сунецца хто ў адтуліну — тут жа атрымае ўдар важкай шырокай дзюбай.
    Дык гэта ж, відаць, мая старая знаёмая?
    Аднойчы ля рэчкі мне пашанцавала наглядаць за шлюбным рытуалам парачкі прыляцеўшых гогаляў. Ярка, страката размаляваны самец маляўніча выгінаўся, закідваючы далёка назад шырачэзную галаву і часта-часта біў крыламі, уздымаючы цэлы фантан густых пырскаў, пераліваўся ў яркіх промнях веснавога сонца ўсімі колерамі вясёлкі.
    Гэткую парачку можна было заўважыць і раней, яшчэ да таго, як ускрывалася рака — птушкі вяртаюцца ў родныя краі рана, дзесьці ў канцы сакавіка. Пакуль на рацэ пачнецца ледаход, доўга трымаюцца ачышчаных ад ільду маленькіх участкаў ракі. Відаць, і гэтыя доўгі час трымаліся амаль незамярзаючай акраіны ля старога млына.
    І вось пасля ўжо, з надыходам цёплых сонечных дзён учынілі яны свае шлюбныя гульні.
    Трэба бачыць самца гогаля ў вясновым шлюбным убранні! Пярынкі галавы пераліваюцца ў вачах водблескамі зеленавата-стальнога колеру, a верхняя частка галавы прыкметна цямнее, яна адлівае цёмна-фіялетавым акрасам, гэтак жа прывабная фіялетавая шыя, хіба што крышачку больш светлая, і чым бліжэй да тулава, тым святлей. Пер’е на галаве доўгае, што надае ёй бачнасць шырыні і моцы, агульны выгляд яе непаўторна дапаўняецца цёмнай, выразнай плямай на лбе, ганарыстым, хоць і зусім маленькім чубком ды яшчэ і яркай беленькай крапінкай каля самай дзюбы. Манера трымацца — таксама ганарыстая. Нездарма і пра чалавека гавораць — гогалем ходзіць.
    Патрасе кавалер-прыгажун высока галавою, развернецца на адным месцы, мільгане на сонцы чорным бляскам спіны і надхвосця, яшчэ раз разварот зробіць. Потым паступова, як у стрыманым вальсе, распусціць крылы, адстаўляючы ў бакі чорныя крыючыя пер’і, ды раптоўна як замахае імі высокавысока, міжволі агаліўшы асляпляльна белыя бакі і грудку, як залапоча ізноў часта-часта па вадзе. Кругом пырскі, пена, як быццам маленькія іскаркі з вады па паветры рассыпаліся.
    І зноў нерухома застыне на вадзе прыгажун. A здолееш у гэты момант падабрацца да яго бліжэй, то і чорную з блакітнай перавяззю дзюбу разгледзіш, і вочы, выразныя, быццам бы нават нейкія большыя, чым у іншых качак, з ярка-жоўтай радужынай.
    Разгуляецца да канца, усю сваю прыгажосць і зухаватасць сяброўцы дэманструе, як мага больш спадабацца хоча: то галаву высока закіне, то шыю ва ўсю даўжыню выцягне, то быццам кружыцца на вадзе, то раптам у каторы раз нерухома замрэ на месцы.
    А самачка, наадварот, сціпленька сябе трымае, нават апярэнне адпавядае яе стрыманым паводзінам — бурае, толькі дзе-нідзе з белаватымі краямі пер’яў крыл і ніжняй часткі жывоціка ды малавыразным брудна-белым ашыйнікам на пярэдняй частцы шыі.
    Але сціплай, стрыманай яна яўна прыкінулася, сама ж уважліва наглядае за дасціпным прыгажуном-выбраннікам.
    Ды, відаць, нядоўга забаўлялася парачка сваімі шлюбнымі заляцанкамі — дзень-другі, і ўжо засела ў дупло клапатлівая самачка: пара адкласці і наседжваць яйкі. Праўда, і пакінуць іх на нейкі час яна не асабліва баіцца — дупло птушка высцілае вышчыпаным у сябе ж белым пухам — да пяцідзесяці і болей грамаў пушынак можна знайсці ў адным гняздзе гогаліхі, а ён жа такі цёплы і мяккі, на цэлы дзень можна пакінуць у ім яйкі без сугрэву, і яны не астынуць.
    Адлятаць з дупла ненадоўга даводзіцца даволі часта — самец пасля шлюбу пакінуў сваю сяброўку, на ёй адной цяпер ляжаць усе клопаты аб будучых нашадках. Як не пазайздросціш тут іншым птушкам-маці, якім самцы і ежу прыносяць, і падмяняюць часам на гняздзе. Пад канец выседжвання гогаліха нават і пра корм забывае, у апошнюю нядзелю сядзіць, ні на хвіліну не злятаючы з гнязда, як быццам, сабраўшыся з усіх сіл, вырашыла, нарэшце, давесці да канца надакучлівую справу ды выбрацца на свабоду з душнага дупла.
    А дупло ж тое, як ні кажы, высока, як яшчэ спусціцца адтуль маленькім гагаляляткам?
    Аказваецца, у іх і гэта прадугледжана. Але спачатку для іх ёсць другая перашкода — дабрацца да самой адтуліны дупла: як-ніяк яйкі ляжаць часам дастаткова глыбока. І зрабіць гэта зусім не проста.
    Спачатку птушаняты сядзяць сярод пуху і абсыхаюць, затым пачынаюць старанна змазваць свае малюсенькія пярынкі шчодрымі выдзяленнямі тлушчу. На ўсё гэта ў іх траціцца прыблізна суткі. А на другія — айда ў дарогу!
    Учэпістымі, з доўгімі загнутымі кіпцюрыкамі лапкамі чапляюцца за ўнутраную сценку дупла. Спрытней самых вопытных скалалазаў. Учэпіцца гагаляня як мага вышэй, лоўка слізгане ўверх на мяккім тлустым жывоціку, абапрэцца на тугі хвост,
    яшчэ вышэй падцягнецца, зноў на хвост абапрэцца, яшчэ раз падцягнецца — вось ужо і запаветная адтуліна.
    Устала на яе край птушаня, агледзелася навокал і без ценю сумненняў альбо страху скокнула насустрач невядомасці. За ім другое, трэцяе... Лёгенькія, пушыстыя, як шарыкі, планіруюць яны на зямлю. А дупло часам у дзесяці, а то і болей метрах ад зямлі. Ну хіба не сапраўдныя смельчакі?
    Збярэ іх маці шчыльнай купкай і адразу да рэчкі — сваёй сапраўднай стыхіі павядзе. Пухавічкі ўпэўнена, як запраўскія знатакі, да вады крочаць. А там ім ужо і зусім раздолле. Яны не толькі плаваць, нырца даваць адразу ўмеюць, ды так, што па паўтары-дзве хвіліны могут знаходзіцца пад вадою.