• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    справа, калі падацца ў стары сасновы бор, змешаны лес з невялікімі пагоркамі ды ўчасткамі адкрытых ці паўзацененых палян або чысты бярозавы гай. He прагадаеш, калі накіруешся ў падросшы малады хвойнік альбо на лясныя палянкі і сечы, дзе шмат рознага ламачча ды старых патрухлеўшых пянькоў.
    Грыбы — дзеці навальніц і шчодрых праліўных дажджоў, пасля якіх усталёўваецца на некалькі дзён цёплае сухое надвор’е. А здараецца, што пасля моцнай кароткачасовай навальніцы лёгкі летні ветрык, адагнаўшы ў бок кучавыя воблакі, раптам засцеле неба тонкім слоем шэрых абложных хмар, і часам цэлы дзень, а то і болей пастаянна імжыць зусім дробны, ледзь прыкметны дожджык. To гэта і яшчэ лепей. Такое здараецца і пасля доўгай працяглай спякоты, калі зямлю пачынае парыць, і паветра ў лесе перапаўняецца вільгаццю. А тут яшчэ раптам пройдзе спорны дождж і напоіць удосталь лясную глебу, прынясе грыбніцы пажыўныя сокі.
    І тады ўжо грыбы літаральна так і лезуць з-пад зямлі, разварочваюць зляжалую лясную глебу, паднімаючы на сваіх пругкіх капялюшыках мінулагодняе лісце і апалыя сухія іголкі, і нават дробнае зваленае шыгалле. Цэлымі сем’ямі разбягаюцца па палянках рознакаляровыя сыраежкі, стойкім водарам каралеўскіх баравікоў напаўняюцца стромкія бары-беламошнікі. А на ўскрайку лесу, у рэдкім асінніку — яркая чырвань галовак маладзенькіх асавікоў.
    Бяры тады ў рукі які надарыцца посуд — і як мага хутчэй да лесу. Хай сабе скупыя на парады грыбнікі замоўчваюць, імкнуцца як мага ўтаіць ад другіх свае запаветныя мясціны. А ты на злосць ім ці на зайздрасць, нават не ведаючы тых мясцін, з поспехам нарэжаш цэлы кош разналікай грыбной мешаніны ды прыкрыеш у дадатак зверху дзесяткам на шчасце знойдзеных баравікоў.
    Найменш пераборлівыя да свайго месцажыхарства і таму лёгка даступныя кожнаму грыбніку падбярозавікі, інакш іх яшчэ называюць падабабкамі
    ды часам чашчэвікамі. Сярод падбярозавікаў у сваю чаргу існуе адметная разнастайнасць, можна сярод іх выдзеліць некалькі адчувальна розных між сабою сартоў.
    У злёгку сыраватых бярозавых гаях расце падбярозавік ружаваты. Галоўка яго цёмна-шэрая, ножка белая, крышку патоўшчаная знізу, з невялікімі чорна-бурымі лускавінкамі. А надломіш выключна белую мякаць яго капялюшыка, і ён злёгку паружавее. Гэты грыб адзін з самых ранніх. У больш познія тэрміны ў тых жа мясцінах яго змяняе аксамітны падбярозавік. Ён такі ж, толькі капялюшык у яго аліўкавы. А дакранешся да яго, і ён імгненна пачарнее.
    У самых сырых балоцістых беразняках можна сустрэць падбярозавік балотны з зеленаватым парасонікам на вельмі высокай ножцы. Але найбольш уражваюць падбярозавікі, што растуць звычайна на лясных палянах паводдаль ад дрэў. Гэта тугія тоўстыя грыбы, якія нагадваюць баравікоў і называюцца чарнякамі.
    За лета зямля прагрэлася ўсюды. Грыбніца разраслася ўздоўж і ўпоперак, асабліва ў падбярозавікаў. Так што часам не здзіўляйцеся, калі напаткаеце грыбы прама на лясной дарозе, калі пашчасціла ім уратавацца ад колаў аўтамашыны ці воза, a то і на ўскрайку луга ці на полі паводдаль ад лесу.
    Асаблівае задавальненне выклікае збор асавікоў, ці па-літаратурнаму падасінавікаў. Часам суцэльным дыванком размалююць яны вільготную траву асінніку сваімі “чырвонымі шапачкамі”. Здаецца, рэжаш, рэжаш, а ім і канца не відаць, быццам замест кожнай зрэзанай адразу вырастае з зямлі некалькі новых галовак. Сустракаюцца асавікі і ў ялова-бярозавых лясах, толькі растуць там адзіночна і невялічкімі групкамі, па 3-4, не болей. Капялюшыкі ў іх болей светлыя, нейкія жоўта-арэхавага колеру, але вырастаюць часам такія вялізныя, што паўкошыка накрыць адным капелюшом можна.
    Лёгкай здабычай грыбніка могуць стаць ваўнянкі. Растуць яны звычайна вялікімі высыпкамі.
    Высокія, з моцна падагнутымі знізу махрыстымі краямі, ваўнянкі ружовыя часцей сустракаюцца ў рэдкіх лясах. А найбольш шматлікія белыя ваўнянкі трапляюцца амаль на кожным кроку — і ў дробным хмызняку, і на шырокіх палянах і ўзлеску, нават на пакосах.
    He варта грэбаваць гэтымі грыбамі. Праўда, свежыя яны дастаткова горкія. Але калі аблупіць іх ружовыя капялюшыкі, што змаляваны канцэнтрычнымі выразнымі кольцамі, вымачыць пасля гэтага ў халоднай вадзе ды засаліць альбо проста старанна адварыць і заправіць маладзенькімі галоўкамі цыбулькі і кісленькай вясковай смятанай, далікатэс атрымаецца такі, што язык праглынуць можна.
    А ў чыстых хваёвых лясах, калі пашанцуе, натрапіце на грузды і рыжыкі — лепшыя з пласціністых грыбоў.
    Рыжыкі — грыбы асаблівыя, жаданая радасць для кожнага грыбніка. Іх смажаць свежымі, адварваюць, выкарыстоўваюць для запраўкі супоў і розных іншых страў. Рыжыкі таксама марынуюць. Але найлепшы смак у рыжыкаў засоленых. Падайце іх узімку да стала з адваранай сопкай бульбай — якая яшчэ страва параўнаецца з імі! Між іншым рыжыкі нават сырымі паспрабаваць можна. Пасыплеш па яго надлому соллю, і адразу ў рот. Але і іх у сырым выглядзе многа есці нельга, іншая справа пакаштаваць некалькі маладзенькіх грыбкоў.
    У ялоўніках часцей сустракаюцца рыжыкі яловыя. Ножкі ў іх высокія, а капялюшыкі зверху злёгку з зеленаватым адценнем і такімі ж выразнымі кругамі. Мякаць у іх моцная, тугая, на зломах адразу чырванее і выдзяляе сок ярка-ружовага колеру. Хваёвыя рыжыкі назву сваю таксама апраўдваюць, бо схільны расці ў хвойніку. Яны маюць больш нізкія ножкі, а капялюшыкі ў іх больш шырокія. Ружовая афарбоўка зверху менш выразная, болей светлая. І ўласцівы рыжыкам своеасаблівы пах у хваёвіка шмат слабейшы, чым у рыжыка яловага.
    Ну, а грузды ідуць выключна на засолку. А якая асалода ад іх збору. Хто не ўсхвалюецца, калі pan-
    там набрыдзе на высыпку гэтых асабліва жаданых грыбоў. Іх шырокія белыя “талеркі”, пяшчотна аддаючы лёгкім нябесным блакітам, не хаваюцца, як іншыя, а ветліва вітаюць усхваляванага грыбніка. І калі надарыцца выразаць хоць адну іх сямейку, што напаткаецца яму на шляху, то ўжо на добрую палову кошык будзе напоўнены. А шчаслівы знаходца міжволі тут жа ўявіць, як прыгожа і апетытна будуць выглядаць яны ў прыгатаваным выглядзе на зімовым стале.
    Яшчэ часцей можна сустрэць у лесе чорнага грузда. Па форме і памерах ён такі ж, як і яго белы сабрат. Толькі колерам рэзка адрозніваецца: капялюшык з верхняга боку і ўся ножка зусім цёмнага, амаль чорнага колеру, а ніжнія пласцінкі шэрыя, толькі ў старых грыбоў чарнеюць. Лічыцца гэты грыб менш каштоўным. Пладовае цела яго больш грубае ў адрозненне ад асабліва пяшчотнага белага. Але і гэты грыб з поспехам можна выкарыстоўваць. Праўда, клопатаў патрабуе ён болей: перад засолкай яго адварваюць або працяглы час вымочваюць, перыядычна змяняючы ваду. Але калі ўсё гэта цярпліва выканаць, то і чорны грузд будзе выдатнай стравай на стале недзе за зімовай вячэрай.
    Ну, а баравікі і лісічкі ведае кожны. Баравік — усім грыбам грыб, самая дарагая і самая жаданая знаходка кожнага грыбніка. І памерамі ён прыкметна выдзяляецца з усяго грыбнога царства, і асаблівымі спажыўнымі якасцямі. Сапраўдны грыбны волат! Важкая цёмна-карычневая яго шапачка саманадзейна, ганарова красуецца на таўшчэзнай белай ножцы, напаўняючы навакольны лес стойкім грыбным водарам. Гэткі ж водар надае засушаны баравік запраўленай ім страве і ўсяму памяшканню, у якім яна гатуецца ці падаецца да стала. A наогул, баравікі і лісічкі — грыбы універсальныя і выкарыстоўваюцца на кухні ў любым выглядзе.
    Чым бліжэй да восені, тым часцей можна напаткаць у лесе суцэльныя высыпкі даўганогіх апенек. Яны ўжо і наогул не ўяўляюць сабе, як гэта можна расці ў адзіноце. Апенькі з’яўляюцца адразу ў не-
    злічонай колькасці і растуць вельмі шчыльна, часам моцна прыціснуўшыся адна да адной, суцэльнай коўдрай усцілаючы лясную глебу і з ўсіх бакоў аблепліваючы старыя гнілыя пянькі. Здаецца, быццам яны сабраліся сюды разам з усяго лесу і водзяць свой вясёлы карагод, то збіваючыся ў кучку, то ланцужкамі разбягаючыся ад яго сярэдзіны.
    Але толькі адыдзеш убок, а там ужо другі, не менш шматлікі, карагод такіх жа шэра-рыжаватых капялюшыкаў на доўгіх ножках па ўскрайку паляны танцуе. Іх колькасць уражвае настолькі, што і разгубіцца можна, не ведаючы, у які бок кінуцца. Адзін, два, а то і пяць кошыкаў напоўніць можна, амаль не зыходзячы з аднаго месца і асабліва не навярэджваючы сябе празмернай бегатнёй.
    А колькі яшчэ каштоўных грыбоў можна сустрэць у нашым лесе! Тут і падобны да баравіка статны польскі грыб, і незлічонае мноства расфарбаваных ва ўсе колеры вясёлкі сыраежак, і салодкія беленькія шампіньёны, і жоўценькія мясістыя махавікі, і зусім малюсенькія рыжанькія падрашэтнікі. І кожны з іх да сябе па-свойму вабіць.
    He лянуйся. Будзь спрытным, але і не спяшайся асабліва. A то незнарок сам сабе нашкодзіш.
    Вопытны грыбнік складае грыбы асцярожна і акуратна. Карэньчыкамі да верху ляжаць грыбы ў плеценым яго кошыку, не змешваючыся ў агульную невыразную купу. У кошыку грыбы добра праветрываюцца і не псуюцца, захоўваюцца свежанькімі, як толькі з “градкі”, бо добра прадзімаюцца праз шчыліны лазяной пляцёнкі свежым паветрам. Прадбачлівы чалавек ніколі не стане скідваць грыбы ў вядро і тым больш ва ўдушлівы цэлафанавыпакет, бо грыбы ў ім хутка “згараць”, сапсуюцца. I ўся ваша праца будзе марнай. А калі не зусім, то якасць усё ж пагоршыцца.
    А дома варта адразу ж брацца за сартыроўку. Што адразу на патэльню, што на апрацоўку ў запас. Нешта будзе адабрана і пакінута на заўтра. Вялікія баравікі пойдуць на сушку, а меншыя будуць замарынаваны. Большасць жа пласціністых
    грыбоў чакае засолка ў духмянай дубовай бочачцы. Але і тут у многім справа залежыць ад густу грыбаапрацоўшчыка, каму што даспадобы — аднаму марынаваны грыб, а другому засмажаны.
    He толькі чалавек займаецца зборам і нарыхтоўкай грыбоў. He меншую цікавасць да іх праяўляюць і многія дзікія жывёлы. Толькі чалавечаму воку не асабліва пашчасціць згледзець гэтыя дзівосы. Тут асаблівы навык і вытрымку мець патрэбна.
    Вось сваім звыклым вандравальным кругам выйшаў на “ціхае паляванне” крываногі барсук. А толькі трапіцца на шляху грыб, адразу саб’е яго лапай і паложыць на прыкметным месцы — на камені якімнебудзь альбо на пяньку. І пайшоў далей. А праз некалькі дзён зноў клыпае тым жа маршрутам і пераварочвае тыя збітыя шапачкі на другі бок. A калі грыбы як след правяляцца, зносіць іх да сябе ў нару. Будзе ласавацца пасля ўзімку, час ад часу прачынаючыся ад маркотнага сну. I разбіраецца ў іх ён не горш за чалавека. Толькі баравікі, маладыя асавічкі ды падабабкі нарыхтоўвае, а іншымі грэбуе. Ды што яму? Цэлымі днямі ў лесе. Тут і адных баравічкоў насушыць удосталь можна.