У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
кропельку вады і знікла. Нейкую небяспеку ў маёй постаці адчула.
Я ж як нельга лепей зразумеў гэта і хуценька перабраўся ў прыбярэжны гушчар, уладкаваўся на вялізным, яшчэ моцным пні між вярбовых парасткаў, што густа абступілі гэтае месца з абодвух бакоў.
Хованка атрымалася што трэба. Пад галінамі павявала халадком, сядзець было зручна і нават прыемна. А галоўнае, мяне амаль ніхто не мог заўважыць. Цяпер можна было паназіраць. Хто ж усётакі прыходзіць сюды і чым займаецца?
Чакаць доўга не давялося. Многія лясныя насельнікі ў духмень цягнуліся да вады. А месцаў, дзе можна наталіць смагу, у навакольным лесе, відаць, было нямнога.
Першым падляцеў да берага лясны голуб з белай “перавязкай” на шыі. Ён прысеў на вымытыя каменьчыкі блізка ля вады, неяк дзіўна павярнуў галаву і паглядзеў у адзін бок. Потым гэтак жа зірнуў у другі бок, выпрастаўся, асцярожна апусціў дзюбу ў ваду, рэзка закінуў угору галаву і, задаволена пашчоўкваючы, праглынуў халодную вільгаць. Але гэтага яму было, відаць, недастаткова. І ён зноў стукнуў дзюбай па вадзе: дрыготкія крокі хораша, плаўна, неяк урачыста разбегліся па спаважнай роўнядзі. І зноў высока ўскінуў галаву і з прыкметным задавальненнем праглынуў кроплі. Ён не спяшаўся. Яму ніхто не перашкаджаў. Якая асалода! Вадапой сумяшчаўся з адпачынкам.
Але побач нешта зашамацела ў траве. Дзікі голуб знік у гушчары.
Гэта ішоў да вадапою вожык. Ён, быццам мініяцюрны цацачны танк, напорыста сунуўся наперад, упэўнена расхінаючы густую высокую лясную траву. Вось і да берага дабраўся. Рэзка паскорыўшы крокі, шпарка пабег, гучна пастукваючы каменьчыкамі, уздоўж вады і спыніўся на самым гладкім адхоне. Наблізіўся да вады і неяк нязграбна дакрануўся да яе паверхні кароценькай лапкай. Потым ніжэй, ніжэй апускае свой чорненькі носік, да вады дацягнуўся. Ды чамусьці як фыркне!
He спадабалася, ці што?
Справа ягоная. Хай ідзе, шукае смачнейшую. Бач, пераборлівы які! Вада ж такая чыстая. Лепшай і не трэба.
He, не пайшоў нікуды. Зноў нахіліў мысачку і пачаў хуценька хлябтаць, заляпаў язычком па вадзе, захопліваючы кроплі маленькім роцікам.
— Цо-цо-цо-цо!..— нібы хвалькі, мілагучна пабеглі прыглушаныя званочкі над паверхняй.
На момант спыніўся. Агледзеўся. І зноў зацокаў язычком па вадзе. А мысачка ўся стала вільготная і заблішчала на сонцы, нібы маленькае люстэрачка.
Ну хіба не засмяешся тут?
Вожык, вядома ж, пачуў мой смех і — шусь у траву.
Замаўкаю зноў і ўважліва прыслухоўваюся. Ціха. Быццам нікога навокал. Потым, зусім нечакана, з-за спіны чуецца гучны трэск і тупат. Нехта шэры, вялізны плаўна прадзіраецца праз зараснікі. І, быццам загадкавы прывід, ва ўсёй сваёй велічы з’явіўся лось.
Звер магутны, прыгожы і элегантны. Далёка наперад выцягнуў шыю з прадаўгаватай гарбаносай галавою, з двума цяжкімі рагамі, на кожным з якіх па некалькі адросткаў. Колькі адросткаў — столькі і гадоў ласю. Спрабую палічыць. Здаецца, дванаццаць. Сапраўды, ветэран! Дацягнуўся мысаю да вады і пачаў прагна піць.
Напіўся і гэтак жа паважна, ганарыста рушыў далей. He стаў траціць час дарэмна. Накіраваўся, відаць, абскубаць маладыя парасткі асінніку ды хвоек. Вунь які ён вялікі, колькі яму патрэбна корму. Калі тут асабліва адпачываць?
А ля вадаёма тым часам збіраецца цэлая птушыная талака. 3-пад самага неба, з-пад аблокаў, скончыўшы песні, апусціліся напіцца лясныя жаваранкі, выбралася ненадоўга з гушчару векавых кронаў івалга. Прысела на пахілены куст вербалозу валасянка. На берагавую гальку ўселіся дзве балбатлівыя сойкі — выключныя прыгажуні: з жоў-
тымі і блакітнымі пёркамі ў крылах і ганарлівымі чубамі на галаве. .
Ды тут раптам нехта як скокне з-за куста. I адразу да вады. Ледзь паспела ўратавацца адна з соек. Ледзь не трапіла ў лапы спрытнай драпежніцы лісе... На гэты раз рыжай куме не пашанцавала. Незадаволена азіраючыся па баках і аблізваючыся, яна накіравалася далей, уздоўж ручая. Толькі кампанію дарэмна разагнала. Басячка гэткая!
Дзень хіліцца на другую палову. Пасля спробы лісіцы ўчыніць разбой, вадапой на нейкія хвіліны заціхае. Надыходзяць часіны спакою. Hi птушкі чамусьці не прылятаюць, ні звяры не ідуць. Мабыць, і для іх настала “ціхая гадзіна”. Дрымота адольвае і мяне. Непрыкметна засынаю.
Лагодная млявасць агортвае мяне карункамі чароўнага павуціння, асалода свежых пачуццяў расцякаецца па кожнай жылцы.
У сне ўзнікаюць перад вачыма, чамусьці, казачныя вобразы, але таксама менавіта ў лясных умовах. Царэўна-жабка, седзячы на беразе таго ж, ужо знаёмага мне вадаёма, трымае ў шырокім роце выпушчаную з лука стралу і ператвараецца раптам у дзівосную красуню-дзяўчыну. Яна ўражвае мяне прыгажосцю свайго зграбнага цела, і неверагодныя пачуцці надаюць мне рашучасці, якой, прызнаюся, ніколі не меў.
Я бессаромна, што, відаць, не мог бы зрабіць наяве, шчыра працягваю ёй руку. І яна ідзе да мяне. Ідзе па верхняму ўрэзу вады, не збочваючы і не правальваючыся, адкрыта паглядаючы ў твар сваімі незвычайна блакітнымі вачыма. Ды толькі спрабую дакрануцца да працягнутай мне рукі, як хвалі раптам расступаюцца, і ў рэзкім усплёску яна знікае пад вадою, а я... прачынаюся.
Але зноў выразна чую ўсплёск. Імгненне зусім нічога не разумею: дзе я, што са мною? Праціраю вочы, і перада мною паўстае вобраз прыгожай дзяўчыны.
Зачараваны, я заміраю, не магу паварухнуцца, нават паварушыць губамі.
Адкуль узялося такое цяпер ужо сапраўднае, жывое дзіва?
А гэта маладзенькая дзяўчына, відаць студэнтка, што прыехала на канікулы, ці школьніца старэйшых класаў, прыйшла пакупацца ў ціхай лясной затоцы. Здаецца, яна ўжо не адзін раз наведвалася сюды. Месца сапраўды ціхае і патаемнае. A калі так, дык і купальнік не патрэбен. Хай адпачне цела ад гумак і тканіны.
Яна з захапленнем аддавалася асалодзе воднага мацыёну, плюхаючыся па паясніцу ў вадзе і жменямі раскідваючы ў гарачым паветры буйныя пырскі крынічнай вады, якія ззялі ў промнях дзённага сонца рознымі колерамі вясёлкі.
Я замёр, баяўся варухнуцца, каб не напалохаць “лясную” прыгажуню. Ды не ўвесці б яе ў нечаканы дзявочы сорам. Так і сядзеў моўчкі, бо не ведаў, нават не здагадваўся, што мне далей рабіць.
I адначасова такі ж сорам адольвае мяне. Стала неяк зусім няёмка, што я са схованкі разглядаю маладзенькую голую дзяўчыну. А калі яна яшчэ заўважыць мяне, дык і наогул, крый божа, падумае, што высачыў ды падглядваў за ёй спецыяльна. Хоць вочы тады ў вёску, дзе прыйшлося мне спыніцца, не паказвай. Вось і думай, як тут сябе павесці.
Але і іншыя казытлівыя пачуцці не пакідаюць мяне. I забыўшыся на прыстойнасць, я зноў, не маргнуўшы вокам, уважліва паглядаю ў той бок.
Дзень пачынае ўжо схіляцца да вечара. Сонечныя промні прыкметна набылі больш ружовы колер, і дрыготкая пунсовая рабізна сцелецца па паверхні лясной сажалкі. У яе ўглядаюцца лахматымі распушчанымі галінамі пахіленыя над вадою бярозкі, быццам убачылі сваё ўласнае адлюстраванне і ніяк не могуць зразумець: скуль узяліся іхнія сяброўкі там, у воднай глыбіні, дзе толькі водарасці ды рыбы звычайна жыць павінны. Разам з маладзенькай дзяўчынай яны ўтвараюць нейкі агульны каларыт, і яна таксама раптам здаецца мне маладою стройнай бярозкай. І ўвесь сорам пры гэтым адразу праходзіць.
Ды і сапраўды, што тут асаблівага? Ці не залішне саромеемся мы часам зусім не таго, чаго патрэбна? Малявалі ж аголеныя жаночыя вобразы і буйнейшыя мастакі далёкіх часоў і болей блізкага перыяду. Прыгажосць, яна заўсёды застаецца прыгажосцю, і нічога дрэннага ў гэтым, мабыць, і шукаць не варта. А прыгажосць маладога дзявочага цела настолькі ўражвае, што міжволі задумаешся, ці для таго наогул увасоблена яна ў гэты вобраз Богам, каб хаваць яе ўвесь час ад вачэй чалавечых.
Купальшчыца стаіць да мяне спінаю. Яе пяшчотна-бялюткія плечы, якія яшчэ не паспеў крануць апякаючай чырванню першы загар летняга сонца, узвышаюцца над вадою, і міжволі здаецца — ці не русалка гэта? А мо гэта спрасонку мне мроіцца...
Яе абрысы агарнуліся ў мяккія лагодныя карункі сонечнага бляску. Гэткая дзівосная танюсенькая стружачка надыходзячай вячэрняй зары павісла на іх.
І цела стройненькае, нібы па-майстэрску вытачанае, акуратна звужаецца ў тонкую талію і зноў пашыраецца, аддаючы васкавітым бляскам гэткіх жа стройных бёдраў. Толькі агульную прыгажосць спіны ў большай частцы схавалі ад цікаўнага вока доўгія густыя валасы такога ж каштанавага, як надыходзячая вячэрняя зара, колеру. І толькі калі дзяўчына злёгку адкіне ўбок галавою, яны таксама адхінаюцца і, саслізгваючы, адкрываюць пад сабою белую прыцягальную пяшчоту з роўненькай лагоднай праёмкай пасярэдзіне, нібы вымытай лёгкім ручайком. І адначасова, быццам іскры той вячэрняй зары, пачынаюць гуляць у каштанавых густых пасмах, пераскокваючы на тонкую паясніцу і збягаючы па аксамітнай скуры да самых ног гэтага выпадкова сустрэтага дзіва.
Нечакана заўважаю, што лясная прыгажуня зусім не адна. Трошкі воддаль ад яе за вялізным кустом вербалозу схінулася над вадою на самым краі затокі яшчэ адна такога ж узросту дзяўчына. Нават незразумела, як маглі яны правесці гэтулькі
хвілін, за ўвесь час не перакінуўшыся між сабою ніводным словам. Мабыць, куды цікавей было аддацца целам і душою адзіноцтву з прыродай і атрымліваць задавальненне блізкасцю з ёй моўчкі, не перашкаджаючы адна адной. А нагаварыцца часу і ў вёсцы апасля будзе больш чым дастаткова.
Другая дзяўчына ў лёгкім купальніку, была, відаць, з кагорты болей сарамлівых. Праўда, значная частка яе постаці патанала ў густой прыбярэжнай расліннасці. Тым не менш я заўважыў, што яна не проста без падстаў гэтак патаемна прыціхла ля берага. І бачу, як пухлаватымі пальчыкамі абедзвюх рук напружана трымае яна кароткае вудзільна і спрабуе штосьці лавіць у ціхім куточку гэтага маленькага азярца — сапраўднага пятачка воднай плыні.
Я ледзьве ўтрымліваюся ад смеху. Хіба ж можна разлічваць хоць на нейкі поспех, калі яшчэ і сяброўка плюхаецца побач. Нават у кар’ерчыку ці вялікай лужыне, мажліва, клюнуў бы бязглузды карась ці прыблудны пячкур. А тут?
У лясных рэчках гэта выглядае зусім іначай. Тут хутчэй было б напаткаць стронгу, але ж стронга — рыба асабліва асцярожная, чалавека чуе яшчэ здалёку і пры небяспецы імкліва знікае пад якім-небудзь карчом ці выступам падмытага берага.