• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    яго. Зноў адно за другім тырчком усталі замест аднаго двое вушэй. Праўда, былі яны быццам нейкія вузейшы, але па даўжыні такія ж, і гэта былі менавіта яго вушы — чыім жа яшчэ было ўзяцца на яго галаве.
    Тады зайчыка асяніла новая думка, і ён таропка паспрабаваў узняць адразу і левае і правае — замест двух узнялося тры. Што гэта: цуд ці напасць якая?
    Яму было не ўцяміць, што гэта тады, калі ён, будучы яшчэ маленькім, трапіў у бяду і гэта пугач распалавініў яму кіпцюром правае вуха. Паступова яно зажыло, але зрасціся, вядома, не змагло, бо знаходзіліся палавінкі ў пастаянным руху. Паловы тыя зарубцаваліся, нават разрасліся трохі ўшыр. Вось і стаў заяц трохвухі.
    І хоць былі палавінкі ўсё-такі вузейшыя за звычайнае вуха, але паглядзіш, і адразу няўцям табе — заяц трохвухі, вось табе на! I яго даўнія сябрукі-зайчыкі, калі сустрэлі яго неяк раней на лясной палянцы, менавіта таму і здзіўлены былі так, калі ўбачылі свайго нядаўняга знаёмага ў новым, зусім непрывычным абліччы. Тут і чалавек здзівіўся б, не толькі што заяц.
    Адкуль ні вазьміся, як закрычыць хтосьці побач:
    — Глядзіце... заяц! Глядзіце! 3-а-а-а-яц!!!
    А потым як пасыплюцца крыкі з усіх бакоў:
    — Заяц! Заяц!
    — Касабокі!!!
    — Зайчык малады!
    — Лапавухі!!!
    Гэта басаногая вясковая дзетвара, якая ішла на рэчку купацца, застала нашага зайчыка знянацку. А ён ускочыў упуджаны і нават бегчы куды не ведае. Скокнуў у адзін бок, скокнуў у другі, а потым як задасць лататы прама ўздоўж рэчкі, куды толькі вочы глядзяць. А ззаду крыкі ўжо не ўзрушанасці і азарту, а поўныя недаверу, здзіўлення:
    — Ды ён жа трохвухі?!
    — Як?
    — Ну паглядзіце, паглядзіце!
    — Сапраўды!
    — Сапраўды з трыма вушамі!
    А зайчыку тут не да вушэй, перш бы ногі якнебудзь унесці, чаго гэта яны так крычалі на яго? Можа, злавіць хацелі?! І ён пабег прама праз кусты, не зварочваючы, далей і далей ад іх. Ды на табе! Як выскачыць прама на вясковага пастуха, што адпачываў тут жа пад кустом.
    А пастух як “стрэліць” у паветры сваім бізуном.
    У зайчыка аж дух заняло. Куды тут дзецца, хоць у рэчку кідайся. Але ўсё ж неяк вытрымаў, даскакаў да выратавальнага лесу.
    І пастух болей бізуном не “страляў”. Так і стаяў, лыпаючы вачыма, як укопаны, таксама ніколі ў жыцці зайца з трыма вушамі не бачыў.
    А яшчэ праз колькі дзён уся ваколіца ведала: у лесе на Слоўчы жыве заяц з трыма вушамі. Чутка тая мігам абляцела наваколле. Дзетвара горача расказвала ўсім аб убачаным відовішчы, перайначваючы і трактуючы гэта кожны па-свойму, так што і наогул атрымлівалася, што заяц быў нават не з трыма, а з чатырма вушамі.
    Але калі блытаныя расказы малечы не асабліва ўсур’ёз успрымаліся, то словы старога пастуха, паспеўшага дастаткова пабачыць на гэтым свеце, прымаліся на веру і служылі надзейным козырам для расказчыкаў-дзяцей.
    Зайчык жа пасля ўсяго гэтага пачаў адчуваць сябе неяк няёмка. Пакуль не бачыў, дык не бачыў, а цяпер ён саромеўся сваіх суродзічаў, хоць тыя і не асабліва насміхаліся з яго, але ўсё-такі, нібы нейкі непаўнацэнны.
    У звярыным крузе, не менш хутка, чым сярод людзей, разнеслася вестка аб тых асаблівых абставінах. I распаўсюджвацца па лесе яна пачала нават раней, з таго самага моманту, калі, трохі “падлячыўшыся”, зайчык пасля значнага перапынку наведаўся да сваіх знаёмых на паляну. І хоць разглядвалі зайцы тады яго адразу з прыкметным здзіўленнем, але з часам успомніўшы былыя пры-
    годы, у якіх і самі лёгка маглі аказацца ахвярамі, дацямілі, у чым тут справа, і пасля ўжо не то што з насмешкай, а нават са спачуваннем пачалі адносіцца да яго. Ад зайца да зайца, ад адных звяроў да другіх, распаўсюджвалася гэта вестка, і ў хуткім часе ўсё лясное насельніцтва бліжэйшай акругі ведала аб існаванні трохвухага зайца, і называлі яго між сабою ніяк іначай, як зайчык Парванае Вуха, праўда, на сваім, толькі ім вядомым звярыным языку, але і на нашым, чалавечым, гэта гучала б менавіта так.
    За апошнія тыдні Парванае Вуха прыкметна падрос, стаў дужым і сталым зайцам і пачаў нават пад канец лета прыкметна набіраць вагу і злёгку тлустець. Паступова ён адвык ад няёмкасці і не лічыў ужо болей сябе непаўнацэнным, а дадатковай упэўненасці яму надавала тое, што ён абганяў у росце і агульным развіцці сябрукоў. Тыя ж пачалі адносіцца да яго са свайго боку з большай павагай і лічыліся з ім. I нават калі б усё разварочвалася гэтак і далей, то і без іншых дадатковых акалічнасцей у будучым ён мог бы прэтэндаваць на ролю завадатара заячай паляны, а можа, нават і ўсяго лесу. Але аб гэтым ён пакуль што не думаў, бо паўсядзённых клопатаў і без таго хапала, паспявай толькі ўпраўляцца.
    Лета тым часам пайшло ўжо на зыход. Прыкметна пахаладзела паветра. Неба ўсё часцей укрывалася густымі шэрымі хмарамі, з якіх пачыналіся сыпаць на зямлю доўгія зацяжныя дажджы. На некаторых дрэвах лісце пажоўкла, а на іншых стала ружовым і нават ярка-чырвоным. Яно, страціўшы зялёны колер, доўга трымалася на галлі, зрывалася ветрам і разносілася куды-небудзь або падала на зямлю недалёка, тут жа побач. Пачынаўся лістапад.
    Шапацеўшае лісце пужала зайца. Яму было вельмі цяжка вызначыць гукі небяспекі. I калі да гэтага Парванае Вуха вёў пераважна аселы спосаб жыцця, то цяпер яму прыходзілася рабіць перасяленне з аднаго месца ў другое. Урэшце ён перабраў-
    ся ў шчыльныя хвойныя зараснікі, выбраўшы ў гэты раз штучныя яго пасадкі, дзе хаваўся сярод густых дрэўцаў і пад шырокімі лапкамі.
    Прыкметна паменшала ў лесе птушак. Большасць з іх, асабліва дробных, прапала неяк адразу нібы па камандзе, і нават угледзець, куды яны падзяваліся, ніхто не паспеў. А вось вялікія птушкі, накшталт буслоў, гусей, жураўлёў, адляталі марудна, дзённа і ночна цягнуліся ў восеньскім небе адзін за другім іх доўгія, выцягнутыя клінам чароды далёка ў вырай, у цёплыя нязведаныя краі. Нейкім болем і смуткам павявала ад іх, быццам бы неахвотна рухаліся яны, сагнаныя халадамі з родных мясцін.
    А халадала між іншым дзень пры дні. Спачатку адчувальна пахаладзела паветра, стала сырым, вадзяністым, непрыемным. Потым холаду дабавілі моцныя пранізваючыя вятры. Дажджы ж напаўнялі холад яшчэ і макратою, ад якой ён даймаў яшчэ больш сурова і бязлітасна.
    Шэравата-рыжая шэрстка ўжо не сагравала як след Парванае Вуха. Горш станавілася і з кормам. Лясныя травы павялі і высахлі. Асыпалася з дрэў апошняе лісце, але яно было горкім і нясмачным.
    Прыходзіцца мяняць месцы харчавання. Спачатку Парванае Вуха пачаў наведвацца ў далёкі малады асіннік, дзе на абкошаных палянах “выпырсквала” яшчэ месцамі зялёная трава. На днёўку адыходзіў глыбей у лес і залягаў часцей усяго ў збурэлай траве альбо ў шчыльным хвойніку ці сярод буралому.
    Але позняй травы было не вельмі багата. Ды і адрастала яна з кожным днём усё неахвотней, прыдушаная цяжкімі надыходзячымі халадамі.
    Парванае Вуха ўсё часцей пачаў пакідаць суцэльныя зараснікі і наведвацца на прылягаючыя палеткі: воддаль ад лесу распасціралася шырокае зялёнае поле, з суцэльнай рунню азімай пшаніцы. Гэта было для зайца сапраўднае выйсце. Праз некалькі дзён ён поўнасцю пераключыўся на харчаванне той азімкай. I калі толькі кідала на зямлю чарговая ноч
    густую пялёнку цемені, Парванае Вуха звыклым шляхам накіраваўся да месца сваёй чарговай вячэры. Пытанне харчу цяпер, здаецца, было вырашана.
    Толькі вось моцны вецер гуляў часта па полі і наскрозь пранізваў яго вытрапаную поўсць. Ды ў хуткім часе становішча выправілася.
    На месцы старой, звалянай у камякі поўсці паступова пачалі адрастаць болып доўгія і прыкметна больш варсістыя валаскі белага колеру, а ў дадатак слой зусім шчыльнай і мяккай поўсці — падшэрстка.
    Дні ішлі. Хутка і першыя маразы пачалі адчувальна прыхопліваць мокрую глебу. А пад раніцу ўсё апаўшае лісце і пажухлая трава, дробныя хмызнякі і азіміна пакрываліся белым налётам інею. Мацнелі вятры. Усё радзей выглядвала з насупленых хмараў сонца, страціўшае сваю ранейшую яскравасць. Прырода чакала зімы.
    Але Парванае Вуха гэта болей не непакоіла, бо суцэльны белы кажушок цяпер надзейна саграваў яго. Цяпло, што выдзялялася адкладзеным пад скурай тлушчам, дарэмна не трацілася і ўтрымлівалася густой поўсцю. Сілы ў беляка прыкметна прыбавілася, доўгія ногі насілі яго лёгка і хутка. А калі было патрэбна, то і выпрацаваныя за лета хітрыкі дазвалялі пазбегнуць сустрэчы з ворагамі.
    Бяляк Парванае Вуха смела скакаў наперад новым невядомасцям. А невядомасцей яшчэ хапала. Колькі неспазнанага чакала наперадзе, колькі незразумелага і нялёгкага рыхтаваў для яго лёс, жорсткая прыродная рэчаіснасць!
    Перш за ўсё Парванае Вуха ні з таго ні з сяго ледзь было не трапіў у зубы хітрай лясной куме — лісіцы. Ох, ужо гэта ліса! 3 першых дзён. жыцця “шанцавала” зайчыку на сустрэчы з ёю. Ён добра памятаў, як яна яшчэ яму, зусім маленькаму, нагнала вялікага страху, калі амаль бездапаможным хаваўся ён ад драпежніцы, што блукала зусім побач, спадзеючыся перш-наперш на сваю нерухомасць. Але ж цяпер ён быў ужо дужым і
    спрытным звярком — спазнаў вунь якія прыгоды! Голымі рукамі яго не возьмеш. Але і ліса не лыкам шытая!	„
    А падвёў яго белы прыкметны кажушок. Ён хоць надзейна грэў і ратаваў ад холаду, але ж затое і выдаваў яго на фоне шэрых і рыжых фарбаў восені. Да таго ж лес стаяў ужо зусім голы, і белае футра зайца праз рэдкія галіны лёгка кідалася злому воку.
    Ліса падпільнавала яго воддаль рэчкі, калі ён у чарговы раз спускаўся да вады, каб напіцца, бо хоць спякоты і не было, а наадварот, стаяў сыры і непрыемны восеньскі холад, ды піць чамусьці хацелася. Драпежніца, відаць, дасканала вывучыла маршрут яго пераходаў і беспамылкова залегла паблізу ад сцежкі, на яго найбольш вырагодны лаз, схаваўшыся за маленькаю купчастаю ялінкай. Ліса скруцілася шчыльным клубочкам, прыціснула да жывата хвост і схавала пад заднюю лапатку хітрую мордачку. У выніку яна займала зусім мала месца і з поспехам сумела застацца нябачнай нават за маленькім дрэўцам. А ў дадатак у яе быў яшчэ і козыр — хто падумае, што такі дастаткова буйны звер можа выбраць сабе такую ненадзейную схованку.
    Толькі насцярожаныя востранькія чорныя вушкі яе, здаецца, ні на хвіліну не расслабляліся і напружана “стрыглі” чуйнае паветра, беспамылкова падказваючы, што адбываецца навокал.