• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Да аблюбаванага ёю пятачка прылягала невялікая лясная паляна, на якой маладыя зайчыкі маглі б пазней удосталь ласавацца свежай травою. Удосталь было тут і пяшчотнага маладога асінніку, які зайчанятам будзе даспадобы.
    Зайчыха, як і ў папярэднія гады і як усе іншыя яе суродзічы — самкі зайца-беляка, не ладзіла якога-небудзь спецыяльна гнязда, а радзіла зайчанят у звычайнай вытаптанай ямцы, схаванай сярод пнёў і хмызняку. Яна борздзенька з’ела свой паслед, падсунулася вільготным цёплым жыватом да дзіцянят.
    Маленькае зайчаня зноў расплюшчыла вочкі, убачыла побач з сабою яшчэ чатыры такія ж, як і яно само, маленькія, пакрытыя гусценькай поўсцю шэрыя камячкі. Яны хоць і ўсяго некалькі хвілін назад з’явіліся на свет, але ўжо спрабавалі варушыцца, а то і падскокваць вакол маці, здзіўлена і цікаўна разглядаючы ўсё навокал.
    Зайчыха ж зноў падсунулася да іх сваім жыватом, і вось ужо маленькія зайчаняты, будучы яшчэ мокрымі і тым не менш апетытна прычмокваючы, пачалі ссаць матку, у літаральным сэнсе гэтага слова, раздзімаючыся ад малака. Яно было настолькі салодкае і смачнае, што зайчаняткі, ужо да таго такія кругленькія і пузаценькія, працягвалі ласавацца, цешыцца першым сняданкам на гэтым зусім яшчэ новым для іх свеце.
    Маленькаму зайчаняці, ужо знаёмаму нам шэранькаму аблавухаму круглячку, як і чатыром яго братам і сёстрам, яшчэ нічога было не зразумелым, але прыродныя інстынкты беспамылкова падказвалі ім, што трэба рабіць у той альбо іншы момант. Малышня яшчэ не ведала, што зайчыха хутка пакіне іх на доўгі час і ім адным прыйдзецца працяглы перыяд ціхутка сядзець, каб нават нязначным рухам не выдаць сябе, не трапіць у лапы ці кіпцюры лясных драпежнікаў.
    Драпежнікаў тых яны таксама яшчэ ніколі не бачылі, але інстынкт самазахавання дзейнічаў своечасова і безадказна.
    Старая ж зайчыха-маці хацела як мага лепей
    накарміць сваіх дзяцей, бо ў дарослых зайцоў у гэты перыяд з усёй сілай працягваўся гон альбо, інакш кажучы, шлюбная гульня, і зайчых у гэты перыяд упарта праследуюць самцы. Толькі праз некалькі дзён самка можа адбіцца ад іх і наведацца да месца чакоту. Для гэтага і малако ў зайчыхі вунь якое пажыўнае — больш дваццаці, а то і да дваццаці пяці працэнтаў тлушчу, амаль у чатыры разы пераўзыходзіць малако каровы ці казы, што дазваляе малым зайчанятам па два-тры, a то і болей дзён абыходзіцца без ежы.
    Між тым, насмактаўшыся ўдосталь малака, зайчаняты збіліся шчыльнай кучкай і прыціхлі. Зайчыха неўзабаве пакінула іх, каб зноў цалкам аддацца магутнаму прыроднаму інстынкту прадаўжэння роду: летнія дзянькі прабягуць хутка. I трэба спяшацца, каб прывесці на свет яшчэ адзін-два, a то і болей разоў па тры—шэсць маленькіх зайчанят, з якіх далёка не кожны выжыве ў суровых умовах барацьбы з непагаддзю і ворагамі, якія ледзь не на кожным кроку падсцерагаюць бяскрыўдных зайчанят.
    А тым часам зайчаняты, трохі пасядзеўшы гуртам і злёгку прыдрамнуўшы пасля сытнага сняданку, добра абсохлі, пачулі ў сабе прыліў бадзёрасці і сілы і адзін за другім пачалі разбягацца ў розныя бакі. Больш яны, можа, ужо ніколі не пабачаць адзін другога, а калі выпадкова і сустрэнуцца, то ніхто з іх не пазнае ў сваім суродзічы брата ці сястру.
    Пакруціўшы навокал маленькай нявопытнай галоўкай, наша зайчаня заўважыла, што засталося адно, але не вельмі ад гэтага засмуцілася і таксама, як і ўся яго радня, пабегла хавацца ў найбольш бяспечнае, на яго погляд, месца.
    Прымайстравалася на адпачынак яно ў тым самым шчыльным хвойніку, які быў побач з самым месцам яго нараджэння. Яно разгрэбла трошкі сваімі слабенькімі лапкамі пажухлую леташнюю траву і прылегла. Сырасць асабліва не турбавала яго — гусценькая кучаравая поўсць надзейна абараняла цела ад холаду, ды яшчэ расцякалася па ўсіх жыл-
    ках цяпло ад тлустага матчынага малака. Побач ляжалі розныя галінкі, дзе-нідзе віднеліся няроўнасці глебы і невялічкія крупіны, аплеценыя сухою травою і прысыпаныя апалай ігліцай. Так што шэрая зайчаняткава спінка ніяк не выдзялялася на гэтым фоне, па сутнасці, злілася з усім навакольным асяроддзем.
    Зайчаня надоўга нерухома застыла, нават вушкі прыціснула да шыі і спіны, бо слухаць мажлівую небяспеку яму не было патрэбы — усё роўна ад хуткіх ног лісіцы ці ваўка ўцячы яно не змагло б, і тут поўнасцю прыходзілася спадзявацца на ўдала выкананую маскіроўку і выпрацаваныя для гэтага прыродай асабістыя'дадзеныя. Толькі вочы ў зайчаняці ўвесь час былі адкрытыя і ўглядаліся ў новы для яго свет з асаблівай цікавасцю і ўвагай.
    Вось прабегла побач шэранькая лясная мышка, на нейкі момант супынілася, бліснула малюсенькімі бусінкамі-вочкамі велічынёй з ягадку вераб’інага піва і спрытна шуснула ў сваю ўтульную норку. Збоку пастукваў па старой хваіне рознакаляровы дзяцел. Пастукае, пастукае сваёй моцнай дзюбай, на нейкі момант спыніцца, агледзіцца навокал і зноў стукае і стукае па хваіне.
    Дзівак нейкі!
    А вось падляцела цэлая чародка рухавых жоўценькіх сініц.
    — Пінь-пінь! Пінь-пінь! Пінь-пінь! — радасна і бадзёра пасвістваюць яны.
    Скачуць адна за другою з галінкі на галінку, вышукваюць жукоў ды мушак, што пахаваліся з восені пад карою.
    А дзесьці збоку раз-пораз даносяцца прыглушаныя, але непрыемныя жахлівыя гукі:
    — Крум-крум! Крум-крум!
    Страхоцце якое!
    Але сінічкі на гэта, здаецца, увагі зусім не звяртаюць. Прыклад варты, каб яго пераняць. Паступова ў зайчаняці страх праходзіць, і яно зноў уважліва разглядае акружаючае наваколле.
    А побач поўзаюць нязграбныя (на першы погляд)
    перавязістыя мурашкі. Снуюць і снуюць па зямлі з боку ў бок — сапраўдную сцяжынку для сябе вытапталі. А якія працавітыя і дружныя! Вунь адзін цягне да мурашніка кавалак абламанай галінкі — пэўна, разоў у дзесяць большы за самога мураша, a ён сабе хоць бы што — звычайная справа.
    Сонца прыгравала мацней, і хоць яго промні не вельмі прабіваліся праз шчыльныя шапкі маладых хваін, не адчуць яго было немагчыма. Стала прыкметна цяплей, ад адсырэлай зямлі і пажухлага лісця ўзнімалася ў паветры цёплая лапушыстая пара. На ўсе лады шчабятала пярнатае лясное насельніцтва, галасы якога зліваліся ў адзін суцэльны суладны хор, якому не былі патрэбны дырыжор, ні вакалісты, і тым не менш гучаў ён на здзіўленне зладжана і самааддана. Зайчаня зусім забылася пра асцярожнасць, яно радавалася шчодрасці прыроды і ўсё ўглядалася і ўглядалася маленькімі вочкамі ў навакольны свет, адкрываючы вакол сябе адразу столькі цікавага і таямнічага.
    Дзень прабег хутка, кудысьці далёка схавалася сонца, паветра стала шэрым і валакністым, заціхлі галасы лясных птушак, і нават працавітыя мурашкі пакінулі свае турботы: надзейна схаваліся ў глыбокія хады свайго падрамантаванага мурашніка.
    Толькі зайчаняці хавацца не было куды, і яно так зайздросціла маленькай шэранькай мышцы, з якой прыйшлося яму сустрэцца раніцай,— ляжыць дзесьці ў глыбіні норкі на мяккай поўсці ці сухенькіх лісціках — цёпла там, утульна, а галоўнае — бяспечна, хто да яе дабярэцца. Любата, ды і толькі. А тут вунь з-за кожнага дрэўца, з-за кожнага старога пянька і густога кусціка падсцерагаюць цябе невядомасць і небяспека.
    Паступова цямнела ўсё больш і больш, нават абрысы дрэў станавіліся невыразнымі, а хутка і наогул усё патанула ў цяжкай, густой, маўклівай цемры, якая як бы душыла з усіх бакоў. Стала зусім страшна. Дзесьці ўдалечыні забрахаў сабака. Брэх звінеў злосна ў цішы і ў зайчаняці ад страху ўздрыгвала вузенькая спінка. Яно спрабавала шчыльней і
    шчыльней ціснуцца да зямлі, нібыта рабіць гэта магчыма было бясконца. Раздаваліся і другія незнаёмыя і жудасныя гукі:
    — Уп-уп-уп! — чулася з боку балота.
    — Тр-р-р-р... Тр-р-р-р...— даносілася з вяршыні высокай елкі.
    A то нехта раптам як зарагоча дзікім голасам:
    — Ха-ха-ха-ха!
    Гэта вылецела на паляванне сава. Яна пільна выглядае ў цемры сваімі вялізнымі вачыма, што бачаць нават уначы будучую ахвяру. І як толькі пагрэбуе асцярогай які-небудзь невялікі звярок ці адзінокая птушка, выдасць сябе неасцярожным рухам,— быць ёй у моцных кіпцюрах начнога драпежніка.
    Так у поўных страху і небяспекі часінах маруднага чакання прайшла ноч. Зноў развіднела, з папярэдняй сілай ажывала наваколле, пачынаўся новы дзень. Зайчык тым не менш не рухаўся з месца, сядзеў смірненька і маўкліва, як і ўчора, напружана ўглядаючыся ва ўсё, што яго акружала.
    I тут патыхнула нечым непрыемным, палохаючым. Зайчаня як мага мацней прыціснулася да зямлі, востры прыкры пах стаў больш выразным. Ад яго несла нечым нядобрым. Інстынкт падказаў маленькаму, што яму пагражае небяспека. І яно застыла зусім нерухома, толькі вочкамі свідравала кусцікі.
    Праз невялічкія шчыліны ў хвойніку яно ўбачыла і гаспадара тых непрыемных пахаў. Гэта блукала каля самага краю зараснікаў лісіца. Худая і неахайная, з няроўнай, збітай у каўтуны поўсцю, яна вышуквала лясных мышэй, што выбягалі часам на поле. Лісіца не магла заўважыць нерухомае зайчаня, бо шкурка ў зайца зусім не мае паху, звер можа пачуць яго толькі па следзе: невялічкія залозы на нагах выдзяляюць пахучыя рэчывы. А вось на целе такіх залозаў няма. Таму зайчыка, які затаіўся і падцягнуў пад сябе лапкі, ворагі не знайшлі б. He знайшла б яго нават маці альбо якая іншая зайчыха. А небяспека тым не менш была
    побач... І страху апасля зайчаняці хапіла на ўвесь дзень.
    Дзень прайшоў. Зноў апусцілася на зямлю халодная веснавая ноч. Зноў страхі і небяспека, зноў доўгія хвіліны маўклівага напружанага чакання і неспакою.
    Калі ж настаў трэці дзень, зайчыку ўжо прыкметна захацелася есці. I як не было боязна, прыйшлося пакінуць аблюбаванае месца і зрабіць спачатку адну, а за ёй другую і трэцюю перабежку. Толькі па пакінутым следзе змагла б знайсці малышаня зайчыха і пакарміць яго. Так яно і здарылася — неўзабаве данесліся нейкія блізкія і знаёмыя пахі, і з-за куста, адкуль ні вазьміся, з’явілася зайчыха.
    Гэта была яўна не маці, а болып маладая самка, і зайчаня спачатку разгубілася. Але ад зайчыхі ўсё ж пахла чымсьці родным, і зайчаня нарэшце адважылася прасунуць маленькую пысачку пад мяккую вільготную поўсць, адшукала цыцачку і прагна пачало ссаць зайчыху, каб зноў наесціся на цэлыя два-тры, а мо і болей дзён, бо хто ведае, калі яшчэ зноў надарыцца карміцелька. Зайчыха таксама нічуць не збянтэжылася “нахабнасцю” чужога зайчаняці, бо так ужо прынята ў іх заячым “заканадаўстве”, што корміць малых зайчанят не толькі маці, але і любая іншая зайчыха, якой натрапіцца малышня на яе шляху.