У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Наедку зайчаняці ўдосталь хапіла на цэлыя тры дні, бо тут яно ўжо мела вопыт і ссала нястрымна і старанна, прадчуваючы, што яго чакаюць дні працяглага галадання. Затым кармленні паўтараліся яшчэ некалькі разоў недзе з тым жа інтэрвалам і прыкладна ў той жа паслядоўнасці, а дзесьці на дзесяты дзень яго самастойнага жыцця ў зайчаняці прарэзаліся востранькія зубкі і яно само пачало прагна грызці невялічкія маладыя травінкі, салод: кія карэньчыкі і мяккую кару маладых дрэўцаў. І патрэба ў малацэ адпала сама сабою.
У першы час прыходзілася, праўда, цяжкавата. Маладая трава яшчэ толькі-толькі прабівалася
з-пад зямлі, яе невялічкія сцяблінкі толькі злёгку адскочылі ад глебы, і трэба было затраціць не адну гадзіну, каб перабіць голад і смагу. Часта прыходзілася задавальняцца саладкаватымі карэньчыкамі, якія магчыма было адгрэбці лапкамі ў месцах, дзе зямля была больш рыхлай і мяккай.
Але хутка на нізенькіх хмызняках і маладых парастках дрэў з’явіліся першыя лісточкі. Рацыён стаў значна болып разнастайным, і можна было значна пашырыць колькасць ежы.
Паступова зайчаня прывыкла і да начной цемры, нават аддавала ёй перавагу ў час пошукаў ежы. Калі толькі апускалася на зямлю ноч, яно прабіралася на зялёную лясную паляну і ўдосталь ад’ядалася свежай сакавітай травой. Даспадобы прыйшліся зайчаняці таксама церпкаватыя галінкі чарніцы, а буйны падлесак, што разрастаўся з усё большай сілаю, забяспечваў хоць і крыху гаркаватым, але таксама патрэбным у рацыёне свежым сакавітым лісцем. .
Час ад часу яно наведалася на бліжэйшае верхавое балота і, пераскокваючы з купіны на купіну, дабіралася да свайго самага вялікага далікатэсу,— надзвычай салодкай і апетытнай асакі: і смачна, і пажыўна, і, не выходзячы амаль з месца, удосталь можна наесціся.
Днямі ж зайчаня адлежвалася ў глыбіні лесу, час ад часу мяняючы месцы сваго адпачынку. To прыладзіцца каля старога шэрага пня ў самым лясным гушчары, то пераднюе ў месцах сваіх першых адпачынкаў — густым хвойніку, то заляжа пад прыземістым кустом арэшніку ў заросшым хмызняком раўку. І так дзень за днём, ноч за ноччу, тыдзень за тыднем.
Паступова зайчаня навучылася заблытваць свае сляды, каб не трапіць у лапы ворагаў. Яму прыходзілася асцерагацца ваўка і рысі, лісіцы і янотападобнага сабакі, тхара, ястраба-цецяроўніка, буйных соў, а пакуль што ў дадатак і нават больш дробных драпежнікаў. Калі надыходзіў час залегчы на днёўку, зайчаня пачынала хітраваць, рабіць “здвойкі”
(паўторна праходзячы па сваім следзе) і, нарэшце, скокнуўшы ўбок, залягала без далейшых перабежак і лішніх рухаў. На такіх ранішніх пераходах яно старалася ніколі не пакідаць нават свайго калу — “арэшкаў”, якімі багата пасыпала глебу ўначы і з вечара ў месцах сваіх жыровак.
Зайчаня хутка, за які месяц ці паўтара, значна падрасло, стала бадзёрым і зграбным зайчыкам. Усё астатняе ішло па тым састаўленым, выдрукаваным прыродай сцэнарыі — зайчык жыраваў ноччу і адпачываў днём, хаваўся ад драпежнікаў, рос і як мага лепш прыстасоўваўся да абставін жыцця, толькі граніцы сваіх жыровак значна пашыраў — заходзіў ужо і на другія суседнія паляны, выходзіў на ўзлесак да палеткаў калгаснага поля, нават час ад часу дабягаў да вялізнай лясной паляны, дзе раслі асабліва мяккі мятлік і пяшчотныя прыкарнявыя парасткі асіны.
Гэта была старая лясная сеча. Людзі калісьці тут поўнасцю высеклі лес, а старое карэнне магутных пнёў, што засталіся нявыкарчаванымі, у незлічонай колькасці дало маладых парасткаў, асабліва асіна, лістота на іх удалася на здзіўленне вялікая і больш сакавітая, можа, у тры ці чатыры разы большая, чым на звычайных асінах. Гэта, відаць, з-за таго, што моцныя вялікія карэнні, што засталіся ў зямлі, даносілі да іх мноства вільгаці, і маладыя парасткі ўзнімаліся нібы на дражджах.
Пасля смачнага начнога “балю” зайчык любіў проста паскакаць, а пасля яшчэ з асалодай пакачацца па казытлівых сцяблінках і мяцёлачках мятліку — яны прыдавалі нязвыклую прыемную лёгкасць і задаволенасць. Часам на палянку падыходзілі і іншыя зайчыкі — такія ж свавольнікі, як і ён сам. І зайчык тады з задавальненнем гуляў з імі, часам яны бегалі навыперадкі, дэманструючы заячую прыткасць, а пад раніцу зноў разбягаліся ў розныя бакі, кожны да свайго ўлюбёнага месца дзённай лёжкі.
Праўда, аднойчы паляна магла стаць месцам яго пагібелі: ён ледзь было не трапіў у кіпцюры вялі-
кай начной савы — ляснога пугача. Гэта ён так страшна і моцна гукае часам у начным лесе. Тады вечарам зайчык прачнуўся пасля працяглага дзённага сну, з палёгкай пацягнуўся, выбраўся на прагаліну, крыху падсілкаваўся лясным разнатраўем і вырашыў падацца на далёкую паляну, на якую не наведваўся ўжо некалькі начэй.
Злёгку апісаўшы ў лясным абшары несклад’аную дугу, ён хутка і паспяхова пераадолеў даволі значную адлегласць і аказаўся на тым месцы, дзе ўжо карміліся два такога ж, як ён, узросту маладыя зайчыкі. He адчуваючы ніякай стомы, зайчык падаўся ў глыбіню паляны, бліжэй да іх, але не гуляць пакуль што, а проста неяк весялей было скубці траву, калі побач з табою такія ж, як і ты, кампаньёны.
Яны сілкаваліся палоскамі салодкай сакавітай травы, зрывалі апетытныя лісцікі з маладога асінніку, скрэблі зубкамі кару з маладых кусцікаў лазы. Пасля, адчуўшы сябе пад’еўшымі і памацнеўшымі, пачалі свае гульні. Яны гуртам бегалі невялікімі кругамі адзін за адным, то падскоквалі адзін да другога, то нейкімі бакавымі скачкамі разбягаліся па паляне, то давалі працяглай лататы ўпоперак паляны, то спыняліся і загадкава разглядалі адзін другога.
І вось калі зайчыкі, захапіўшыся цікавымі гульнямі, забыўшыся пра асцярожнасць, аказаліся амаль пасярэдзіне гэтай вялізнай паляны, адкуль ні вазьміся — вялізная лясная сава. Яе шырокі начны цень залунаў над лясным прасторам, і зайчаняты з апантаным страхам, стрымгалоў кінуліся ва ўсе бакі, імкнучыся як мага хутчэй дабрацца да выратавальнага лесу.
Зайчык бег з усёй моцы, хутка, як ніколі ў жыцці яшчэ не бегаў — праз менш заросшыя, нібыта сцяжынкі, палоскі выглядаючай між травы замшэлай глебы, пераскокваў з купіны на купіну, нават невялічкія кусцікі пераадольваў у адзін размашысты зацяжны скачок.
Ды начны цень лёгка слізгануў дзесьці зусім побач, над самай галавой пачуліся жудасныя ўзмахі
вялізных крылаў, і драпежнік выпусціў наперад узброеныя вострыя кіпцюры. Яшчэ хвіліна — і ён схопіць бездапаможнага зайчыка і панясе ў разгаліны векавых дрэў, дзе раздзярэ яго ненажэрны маладняк начнога драпежніка. Але ў апошні момант, нібыта сціснуўшыся ва ўзведзеную пружыну, зайчык рэзка і нечакана зрабіў вялізны скачок убок. У выніку пугач праімчаўся міма, не саўладаўшы з хуткасцю і змогшы своечасова павярнуцца. Гэта надало зайчыку сілы, і ён з усёй моцы зноў кінуўся наўцёк, як мага хутчэй стараючыся дабегчы да выратавальных густых лясных зараснікаў. Але радавацца было яшчэ рана.
Пугач імгненна набраў вышыню і пайшоў у новую атаку. Цяпер ён ляцеў зусім нізка, так, што і падскочыць высока было небяспечна — сам кінешся ў кіпцюры або пад удар моцнай дзюбы. Небяспека зноў была над самай галавою. Зноў чуліся побач жудасныя ўздыхі крылаў, здавалася, кіпцюры вось-вось увап’юцца ў шэранькую спінку. Куды дзецца?
І калі пугач ужо занёс над сваёй ахвярай сагнутую нагу з выпушчанымі на ўсю велічыню моцнымі загнутымі кіпцюрамі і заставалася толькі з сілай выпраміць яе ў трапным завяршальным удары, зайчык шуснуў пад кучу дробнага дубовага галля, скіданага нейкім лесарубам. Удар моцнай лапы прыйшоўся адразу і па тым галлі, і па зайчыку.
Адчуўшы рэзкі востры боль у галаве і шыі, зайчык з усёй сілы рвануўся ўперад, выбраўся з-пад галля і, не зважаючы на боль, кінуўся да амаль зусім блізкага лесу. І пакуль пугачу, што заблытаўся ў кучы галін,.удалося ўзняцца ў паветра і пайсці ў новую атаку, было ўжо позна.
Зашыўшыся ў самы густы хмызняк і схаваўшыся як мага лепей пад яго шчыльнай заслонай, зайчык змог урэшце крышачку перавесці дух і неяк асэнсаваць прыгоду. Бо ўсё адбылося неяк само па сабе, ён кіраваўся ў той момант зусім не свядомымі для яго самога паводзінамі, а хутчэй прыроджанымі і выпрацаванымі інстынктамі і імгненна ўзнікшымі
нечаканымі пачуццямі і невядома кім падказанымі дзеяннямі.
Цела бесперапынна дрыжала, дрыжыкі аддавалі нават у лапкі, і хоць цяпер ён добра зразумеў, што небяспека ўжо даўно мінула, тым не менш супакоіцца не мог. Адчувальна, да знямогі аддаваў боль у шыі, які раней ён проста з гарачкі не заўважыў.
Калі нервознасць трохі прайшла і звыклыя пачуцці вярнуліся да яго, боль адчулася з асаблівай сілай. Слёзы, як ні спрабаваў ён стрымаць іх, міжволі пасыпаліся з вачэй. Уся пысачка стала вільготная ад горкіх саланаватых кропляў.
У прыдачу да ўсяго раз-пораз штосьці моцна тузала вострым калючым болем у правым вуху, a калі востры боль-на нейкі момант праходзіў, то моцна пякло там, быццам упаў на вуха раскалёны гарачы вугельчык ці хтосьці спецыяльна насыпаў на рану солі. 3 левага боку па шыі і з правага па галаве сцякала бардовая, напалову запёкшаяся кроў, што нядобра дапаўняла непрыемны малюнак і наводзіла нейкі незразумелы страх. Пераадольваючы боль, які ўзмацняўся пры кожным неасцярожным руху, зайчык спрабаваў дацягнуцца да ранаў, каб хоць як-небудзь залізаць іх. І калі зрабіць гэта на пашкоджанай шыі яму неяк крыху яшчэ ўдавалася, то дацягнуцца да вуха ён, вядома ж, не мог аніяк.
Вялікая рана на шыі была глыбокай, а правае вуха ад самай асновы па ўсёй даўжыні — распаласавана на дзве часткі да самага яго краю. Шчасце, праўда, што рана на шыі не прыйшлася на найбольш насычаныя крывяноснымі сасудамі яе ўчасткі. Дзякуючы гэтаму крывацёкі хутка спыніліся, кроў трывала запяклася на ранах і не давала выцякаць вонкі.
Зайчыку прыйшлося адседжвацца ў лясным гушчары, паменей рухацца, бо было гэта і нязручна і небяспечна — ад пастаяннага болю ў шыі хутка бегаць ён, вядома ж, не мог і без цяжкасці зноў мог апынуцца ў лапах якога-небудзь драпежніка. А тут хоць бы ад прайшоўшага аправіцца ды яшчэ,
дзякуй Богу, што і так усё абышлося — жывы ж усё-такі застаўся і косці цэлыя, а мяса ды скура маладыя, калі яшчэ якое ліха не зваліцца, то зажывуць.
За харчам таксама далёка не трэба было хадзіць. Канешне, у іншых месцах можна было і нечым лепшым паласавацца, ды і тут, няма чаго грашыць, пракарміцца было чым. Зайчык, не спяшаючыся, без пераборлівасці грыз маладое лісце з буйнога хмызняку, “пастрыгаў” на невялічкіх купінах паміж кустоўя салодкі мятлік ды закусваў на гусценькіх высыпках трайчастай кісліцай, што багата ўрадзіла нават у шчыльна зацененых, суцэльна засыпаных іголкамі прыстваловых уз’ёмах глебы, што ўтвараліся магутнымі карэннямі векавых дрэў. А надаралася, што і кусцік канюшыны падвернецца, ну тады і наогул сапраўдны пір для зайчыка пачынаўся, і то былі для гэтага часу ў яго самыя лепшыя хвіліны, бо за такою трапезай нават і боль быццам бы прытупляўся, і жыццё не такім ужо цяжкім здавалася. Есць у ім усё-такі і асалода, і радасць. A то за здарыўшымся дык і наогул нейкім нікчэмным і жудасным пачалося для зайчаняці яго жыццё.