• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Як там ні было, але да дзеда трэба ехаць у любым выпадку — пагадзіліся ўсе. Гэта давала людзям хоць нейкую надзею, а надзеяй часам толькі і жывуць людзі. А ў гэткія цяжкія моманты, тым болей. Ды і прыдумаць нешта другое было проста немагчыма, а тут хоць нейкія “пробліскі на даляглядзе” цепліліся.
    Назаўтра і паехалі: паехалі да яго двое паляўнічых з вёскі і мой тата, які лепш за іншых ведаў былога сябра свайго бацькі. Жанчыны перадалі нават Кузьмічу гасцінец — вялікі кавалак сала. Няведама хто здзівіўся такой шчодрасці, бо супольна ж гэта не зробіш — не сабярэш з кожнага па кавалачку ды ў адзін не злепіш. Хоць і не шкада было апошняе аддаць, але зрабіць такое мог далёка не кожны,— дзе возьмеш, калі няма?
    Дзед быў ужо здаровы, ветліва сустрэў гасцей на ганку. Але бадзёрым ён толькі выглядаў. Гады давалі аб сабе знаць, і цяпер асаблівай моцы ў целе ўжо не адчувалася.
    Старасць — не радасць. To ламаў косці пры перамене надвор’я радыкуліт, то ваенныя раны разпораз давалі аб сабе знаць. Жыццё рухалася да зыходу. Тут ужо нічога не зробіш, гэтак збудаваны свет. Усяму жывому ёсць канец і пачатак.
    — Колькі ж можна жыць? Трэба і маладым уступіць дарогу. Пара ўжо і мне пад “крывую”,— хоць і без радасці, але і без асаблівага жалю, гаварыў ён, як заўсёды рэальна гледзячы на рэчы.
    “Крывую”, гэта ён меў на ўвазе старую, як і ён, пагорбленую хваіну, што ў выглядзе маўклівага вартаўніка прыкметна вызначалася на самым узвышшы вясковых могілкаў. Памяталі яе і дзяды, і
    прадзеды, і невядома колькі гадоў ёй было, бо само існаванне могілак ва ўсіх тутэйшых людзей злілося ў свядомасці з існаваннем гэтай крывой хваіны. І калі адчуваў нехта, што надыходзіць яго канец, то ніяк іначай не гаварыў, як толькі: “Пара ўжо і мне пад “крывую”...
    Але каму хочацца пакідаць гэты свет? І хоць стары ляснік прасцей за іншых глядзеў на гэтыя падрыхтаваныя яму лёсам у зусім недалёкім будучым падзеі, смутак усё ж адольваў сам сабою. Будучы ўсё жыццё чалавекам шчырым і працавітым, добрым да людзей, ён і на той свет імкнуўся адысці з пачуццём да канца выкананага абавязку. Каб людзі на яго не крыўдзіліся, бо тады, здаецца, і памерці неяк нават лягчэй, і ў труне ляжаць спакайней.
    Так што ад лесніка ў такім узросце вясёласці чакаць не прыходзілася.
    А тут яшчэ з гэтым салам сунуліся. Штурхнуў жа д’ябал баб уперці яго мужчынам. Убачыўшы сала, Кузьміч уз’юшыўся на мужчын, ледзь не “ўз’ехаў па пыску” аднаму з іх, што стаяў да яго бліжэй за іншых, быццам падачку ці’іілату прывезлі. Сам каго хочаш у гады голаду з бяды выручаў, а цяпер, калі кожны на сябе сам зарабіць мог, лічыў гэта нечым агідным і зневажальным.
    Але хутка адышоў, падабрэў, палічыўшы, што пагарачыўся, ведаў, што пакрыўдзіць яго не хацелі, што давалі ад шчырага сэрца.
    Трохі пажартаваў, быццам просячы тым самым у прысутных прабачэння, і сам у той жа час прадэманстраваў шчодрую гасціннасць.
    Запрасіў у хату, паставіў вялікі медны самавар, частаваў гасцей сваім лясным чаем з траў і кветак дрэў. У ягонай заварцы, падрыхтаванай па ўласным рэцэпце, прысутнічалі сцябліны суніц, трава зверабою, што былі сабраны ў час цвіцення, лісце і тоненькія галінкі маліны, яшчэ мноства толькі яму аднаму вядомых парасткаў і кветак і, вядома ж, суквецці ліпы, што надаюць асаблівы водар, быццам напаўняючы цеснае памяшканне духмяным летнім аксамітам.
    У гэтым наборы быццам былі сабраны ў адно ўсе пахі і сілы лесу, што адначасова прыносілі чалавеку і задавальненне ад агульнага смаку, і лекі ад усіх хвароб адразу. Маліна і ліпавы цвет лечаць ад прастуды, суніцы надаюць непаўторны смак, зверабой садзейнічае загойванню ранаў, а ўсе разам утвараюць дзівосны лясны букет і вяртаюць на момант чалавека ў далёкае лета. Можа, у тых травах і сакрэт доўгага жыцця лесніка заключаўся.
    Чай пілі з чорнымі сухарамі і цёмным верасовым мёдам. Добра сядзець за такім сталом. Прыемна настрой узнімаецца, і гаворка сама сабою цячэ. А пагаварыць было аб чым. Непрыкметна і да справы дабраліся. Дзед хітравата ўсміхнуўся і зацікавіўся:
    — Ну, якія цяжкасці?
    Тут бацька без падрыхтоўкі (мо толькі і чакаў гэтага), коратка і рашуча, як кажуць, прама ў лоб і выклаў усё, што хвалявала вяскоўцаў і хутаран.
    Кузьміч, ужо як толькі прыехалі, зразумеў, што здарылася нешта надзвычайнае,— і па неабходнасці самога прыезду, і па тварах спадарожнікаў. Але даў людзям перадыхнуць з дарогі, падсілкавацца, каб пасля ўжо спакойна і разважліва разабрацца ва ўсім.
    Кароткія звесткі бацькі ён сам умела пашырыў, задаючы шэраг пытанняў, патрабуючы на іх дакладных і поўных адказаў. Пра многія акалічнасці перапытваў па многу разоў. А нешта ўдакладняў адразу, перапыняючы імпэт гарачых расказчыкаў. Звяртаў увагу на самыя, здавалася б, нязначныя дробязі, падрабязнасці, штрыхі. І ўсе задуменна ківалі галовамі.
    Тое, што вырабляў Клыпаногі, Кузьмічу здалося дзіўным. Яно выглядала найбольш складаным з усяго, з чым даводзілася сутыкацца. Неверагодна моцны арэшак патрэбна было раскусіць. Бязмежная нахабнасць драпежніка была незразумелай. A яшчэ здзіўляла найбольш тое, як паводзіў воўк сябе са сваімі ахвярамі. На людзей нападаў, а ікламі ніко-
    га не пашкодзіў. І скаціну душыў, а не рэзаў. І на птушку нападаў, у той час, як звычайна ваўкі заўсёды імкнуцца да больш буйнай здабычы. А разбойнічаў з непараўнальнай прагай і неймаверным аскалам.
    Усё выслухаўшы, дзед доўга сядзеў задуменны. 3 якога боку падступіцца, у чым знайсці выйсце?
    Думаў, гадаў, але ні да чаго слушнага ў розуме сваім не даходзіў. Стала яму нават няёмка. Людзі сядзелі, чакалі ад яго парады, канкрэтных дзеянняў, а ён і сам аказваўся бездапаможным у такім становішчы. Што было рабіць? Толькі рукамі заставалася развесці. Выбачайце, маўляў, не па сіле мне ўжо з тым ваўком змагацца. Хай маладзейшыя думаюць. Падумаў, што ў вёсцы і на хутарах людзі з надзеяй чакаюць яго дапамогі, і стала яшчэ больш няёмка. 3 чым з’явяцца хадакі дадому? Далёка не кожны зразумее як след. Ды і каму патрэбна адмоўная вестка. Хутчэй палічаць, што не захацеў лішніх турбот, паленаваўся дзядуля. Што, маўляў, яму гора астатніх? Калі жывы і не хворы зусім, a дапамагчы адмовіўся.
    He хацелася яму людскіх папрокаў перад смерцю. Сваім жыццём, напэўна, лепш ахвяраваў бы, чым трымаць гэтакі камень на сэрцы. Надзей на поспех ніякіх не было. Але сядзець склаўшы рукі — не выйсце са становішча. Хоць спробу нейкую скарыстаць, а раптам пашанцуе. Павінна ж некалі і выпадковасць дапамагчы, хоць і смешнавата гэта.
    Адну задуму дзед усё-такі ў рэшце рэшт займеў. І вырашыў Кузьміч паспрабаваць сыграць на празмернай воўчай нахабнасці. Хоць на поспех і не асабліва разлічваў.
    А калі ўжо думка ў яго выспела, то тады ён не марудзіў. Мужчын Кузьміч адправіў назад і наказаў назаўтра раніцаю зноў прыехаць да яго. I выехаць, галоўнае, як мага раней.
    Мужчыны нічога не зразумелі, думаючы, навошта перціся ў гэткую далячынь, каб, і паспаць не
    паспеўшы, зноў варочацца назад. Ці ж нельга адразу ў вёску паехаць, калі збіраецца ён туды наогул. А калі не, дык навошта галаву дурыць.
    Але дзед настойваў на сваім. І спрэчку разводзіць не збіраўся. Забраў у аднаго з паляўнічых ружжо і сказаў, што пакуль што яно застанецца тут. Той ужо і наогул вылупіў вочы ад здзіўлення. Ды пярэчыць пабаяўся.
    А дзед працягваў ва ўласцівым яму загадным тоне. Яшчэ раз напомніў, каб выехалі як мага paHeft і лепей за ўсё прыехалі заўтра ўдвух, болей нікога не бралі. І без стрэльбаў былі. А размаўляць па дарозе ды смяяцца як можна мацней загадаў. І зусім было незразумела, для чаго ўсё гэта яму было патрэбна. А слухацца абавязвала справа.
    Мужчыны паехалі. І як было загадана, назаўтра баяліся спазніцца: яшчэ насварыцца стары. А дзед Кузьміч быццам нікуды не збіраўся. У яго настроі такое не праглядвалася. Спакойна і разважліва хадзіў па двары. Ездакі ж і распранацца не збіраліся. Ведалі, справа не церпіць, таму і насцярожыліся.
    — Ці не забыўся часам ён аб усім? — разгубіліся мужчыны.
    Убачыўшы на іх тварах збянтэжанасць, нічога не растлумачыўшы, Кузьміч сказаў:
    — Куды спяшаецеся? Распранайцеся, адпачывайце. Зараз бульбу адварым. А тады як заправім яе салам з цыбуляй!.. Чаго глядзіце? Хоць дзянёк ад працы адпачніце. Вось чаю з мёдам пап’ём. A можа, салёных груздоў паспрабуеце?
    Станавілася не да смеху.
    Мужчыны здзівіліся, нават бацька, які разумеў Кузьмічовы жарты, разгублена лыпаў вачыма. Далей ён цярпець не мог, запытаў, калі дзед збіраецца ісці на ваўка ці наогул не думае гэта рабіць.
    — Э, гэта толькі вечарам! — адмахнуўся Кузьміч.— А пакуль хадзем у хату, ды не бярыце да галавы. Хай конь думае, у яго галава вялікая.
    Мужчыны не разумелі, чаму Кузьміч выклікаў
    іх так рана. Калі справу рабіць вечарам, то і прыехаць трэба было пад вечар, ну, можа, пасля абеду, навошта час дарэмна марнаваць. Але пярэчыць не сталі. Можа, і сапраўды так патрэбна. Хоць верылася цяжка.
    Кузьміч пачаў збірацца, як пачало шарэць. Зборы часу многа не занялі б, не гэтулькі многа было работы. Але збіраўся стары вельмі марудна і паважна, быццам спецыальна адцягваў час. Кузьміч старанна анТсавым маслам намазаў абедзве стрэльбы, сваю і бацькавага таварыша Сцяпана, каб перабіць у іх пах жалеза. Сам перамацаў і ўладкаваў сані на фурманцы, на якой прыехалі па яго, падаслаў крыху сена, прынесенага з хлява.
    Па-ранейшаму паводзіў ён сябе незразумела. Прынёс чамусьці палатняны мяшок, напхаў у яго пук перавязанага шпагатам сена. Паклаў на сані. Потым выцягнуў з-пад паветкі моцную вяроўку і чамусьці прывязаў ёю мяшок да саней. Згубіць яго баяўся, ці што? Але ж навошта тады навязваць яго на такую даўжыню — вяроўка была метраў дваццаць пяць — трыццаць. Хіба за возам яе цягнуць сабраўся? Хто яго ведае. Але пакуль што склаў усё на санях.
    Калі вечар пачаў пераходзіць ужо ў ноч, задуменна сказаў:
    — Самая пара. Збірайся, Сцяпан. Ты малады і дужэйшы, з табой і паедзем. Апранайся ды сядай за фурмана. А я — зараз.
    I зноў чагосьці пабег у хлеў.
    Адтуль вярнуўся з яшчэ адным мяшком. У ім нешта варушылася і рохкала. Парасё.
    Бацька і Сцяпан, якія паспелі прывыкнуць за дзень да незразумелых паводзін Кузьміча, ужо не здзіўляліся, ні аб чым не пыталі яго. Гэты мяшок дзед надзейна замацаваў у перадку воза, прывязаўшы да білцы. Падапхаў пад мяшок яшчэ трошкі сена, каб парасяці было мякчэй. Тым самым, здаецца, паставіў на зборы канчатковую кропку. Сказаў: