• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Першым дасталася хутаранам з далёкай Слоўчы. Іх пяць хутароў мясціліся на невялікіх надзелах раскарчаванай зямлі сярод самага лесу. За адну толькі ноч Клыпаногі пабываў у двух хлявах. У адзін забраўся ўсё гэтак жа, як рабіў раней, праз страху, а ў другім змог адціснуць недастаткова шчыльна зачыненыя дзверы. Пад раніцу ад хлява цягнуліся да лесу выразныя адбіткі яго слядоў, з тым характэрным адбіткам кульцяпістай лапы. Зрабіўшы сваю справу, злодзей-воўк падаўся да месца свайго адпачынку.
    Але нейкія зусім незразумелыя акалічнасці былі характэрны для яго апошняга разбрю. У першым хлеве задушыў гладкага падсвінка. I тое, што ён не прыйшоўся яму да смаку, адпадала само сабою. Тым не менш падсвінак быў цэлы, не разарваны на часткі, калі не лічыць, што Клыпаногі адгрыз напалову вушы ды ад’еў хвост. А ўся туша заставалася некранутай. Воўк чамусьці не зарэзаў, а проста пакамячыў свінню.
    У другім хляве было нешта падобнае. Клыпаногі перадушыў амаль палову курэй, але ўсе тушкі засталіся цэлыя і некранутыя. Толькі адна найбольш. маладая курачка прапала.
    Яна заставалася да восені адзінай з апошняга пакладу пад квахтуху, што была нейкай неахайнай і застудзіла ўсе яйкі ў купале. Толькі адзінае куранё і вывелася на свет. Але дзеці выхадзілі небараку, і з яго падрастала ўжо маладая ладная курачка. Вось толькі яе чамусьці і прыхапіў з сабою Клыпаногі.
    Раніцою гаспадары спрабавалі разгледзець сляды. Прайшоўшы з кіламетр ад дому, убачылі месца, дзе воўк расправіўся з ахвярай. Было відаць, што на гэта яму спатрэбілася многа часу. Пятачок снегавога насту быў спрэс здратаваны. Воўк чамусьці доўга цягаў курыцу па снезе, моцна ўпіраўся лапамі, ад чаго ў некаторых месцах праціснуў моцны ўстойлівы цалік. Быццам спрабаваў не разгрызці яе, а разарваць лапамі. І нічога ад курыцы не пакінуў, з’еў разам з пер’ем і лапамі. Толькі некалькі вялікіх пярын пакінуў на снезе, відаць, напярэдадні выскуб іх пры падрыхтоўцы “паўфабрыкатаў”. І чаго было адносіць гэтую невялікую памерам ахвяру так далёка ад хутара, калі адразу з’есці было можна?
    * * *
    Калі жыхары пачалі больш пільна ахоўваць скаціну, больш надзейна мацаваць засоўкі ды спускаць з ланцужкоў сабак, увага ваўка перакінулася на апошніх, сабакі самі станавіліся яго ахвярамі. Па чарзе задушыў аднаго, другога, трэцяга.
    Двух маладых і нявопытных дварнякоў ён прыкончыў прама на дварах, якія яны ахоўвалі. На гэта часу яму асабліва многа не спатрэбілася. I пакуль той ці іншы гаспадар апранаўся ды, “узброіўшыся” якім-небудзь секачом, выбягаў у двор, сабака быў мёртвы, бездапаможна скрывіўшыся ў перадсмяротных канвульсіях. А воўк, калі з’яўляўся чалавек, толькі адыходзіў убок і яшчэ нахабна паглядаў, не асабліва спяшаючыся ўцякаць, быццам разумеў, што гэткай “зброяй” змагацца з ім проста смешна.
    Калі ж які сабака аказваўся не гэткі дурны і больш дужы, як было гэта ў выпадку з трэцім сабакам, мацёры, які добра валодаў хітрыкамі і падманам, і тут выходзіў пераможцам. Толькі часу яму на гэта некалькі больш патрабавалася. Падыходзячы да двара і пачуты сабакам, ён пачынаў прыкідвацца параненым, абвісла цягнучы па снезе азадак. Сабака тады пачынаў нападаць на яго, разлічваючы на блізкі поспех, а таму толькі гэта і патрэбна было. Воўк, агрызаючыся, павольна адступаў назад, адводзіў сабаку тым самым далей ад дому. Пасля ж імгненна пераходзіў у атаку і без цяжкасці распраўляўся з сабакам, да якога ўжо не магла паспець дапамога.
    Расправіўшыся з сабакамі, ён працягваў наведвацца ў тыя ж двары, ведаючы, што там бяспечна, нахабна з’яўляўся сярод дня і літаральна з-пад носа гаспадынь, што адны засталіся дома, краў хатнюю птушку. Бо нельга ж было яе дзённа і ночна трымаць у затухлым поцемку, дзе і месца хапала ўсяго на тое, каб пераседзець ноч, прыціснуўшыся адна да другой.
    Нахабнасць ваўка станавілася невыноснай. У лапах звар’яцелага драпежніка амаль штодзённа аказвалася чыясьці курыца альбо качка. І кожны раз не змяняў свайму новаму нораву. Няведама па якой прычыне выбіраў менавіта найбольш маладых і дробных птушак. Ці толькі імі мог задаволіць свой апетыт, ці па іншай, зусім незразумелай прычыне, ён аддаваў перавагу такой здабычы.
    Пры гэткай інтэнсіўнасці набегаў бедным хутаранам няведама куды было дзецца. Хоць ад дому не адыходзь ні на крок, ды і то ці ўратуешся. A ноччу?..
    I з кожным днём станавілася ўсё горш.
    Паляўнічыя ў гэтай сітуацыі выглядалі бездапаможнымі. Воўк хаваўся недзе ў лясным гушчары, a калі выходзілі на яго, то выслізгваў амаль з-пад носу. А варта было мінуцца небяспецы, як ён зноў прымаўся за сваю разбойніцкую справу. І заўсёды з зайздросным разлікам.
    У час аднаго палявання воўк сам перайшоў у атаку, чаго наогул ніколі не наглядалася з іншымі звярамі.
    Здараецца, калі драпежнік паранены, ён, страціўшы надзею выратавацца, уступае ў паядынак і б’ецца да апошняга. Але ж гэта толькі смяротна паранены. Калі ж звер не крануты куляй, ён перш за ўсё спрабуе ўцячы і схавацца, бо гэта прасцей. A пачні агрызацца з сабакамі, таго і глядзі — паляўнічыя падаспеюць. А гэта куды горш. Чалавека і правесці можна, а вось з яго смертаноснымі жалезнымі бухаламі жартаваць нельга.
    А тут выпадак быў іншы. У перыяд гону мацёры раптам напаў на сабак, якія яго праследавалі, ды задаў ім добрага чосу, і тыя настрымгалоў кінуліся наўцёкі. Праўда, момант для гэтага Клыпаногі выбраў таксама ўдалы. Сабакі далёка адарваліся ад гаспадароў, і нейкі час не маглі ім дапамагчы.
    Ды і якія гэта паляўнічыя сабакі? Што там, у вёсцы, пароду хто вёў, ці што? Трымалі помесь ганчакоў з дварнягамі, і то добра. А пра чыстакроўных сабак гаворкі і быць не магло.
    Пабыўшы ў гэткім пераплёце, тыя гора-сабакі толькі скавытліва туліліся ў нагах сваіх гаспадароў, і цяпер хіба толькі на ланцугу можна было зацягнуць іх у лес. А мацёры тым часам дзесьці адседжваўся ў лясной глыбінцы ды чакаў надыходу начной гадзіны, калі людзі разыдуцца і можна непрыкметна наведацца да іх паселішчаў.
    Ноччу, палюючы, Клыпаногі заўсёды абмінаў гаспадаркі, якія належалі паляўнічым. Быццам у яго на гэта была нейкая спецыяльная картатэка ці цэлая служба інфармацыі. А варта было каму з іх часова адлучыцца з дому, як воўк імгненна адчуваў гэта і рабіў набег на яго гаспадарку. І бушаваў ужо тады на ёй бязлітасна, быццам зводзячы з імі рахункі.
    Таму і паляўнічыя прыкметна прыціхлі, свая кашуля ўсё ж бліжэй да цела. А калі гаспадар у хаце, ды і ружжо пад рукою, тут ужо і сям’і спакайней. Ды і жонка яшчэ сварыцца, не пускае
    нікуды. Покуль будзеш блытацца там, скажа, дык і самі без скаціны застанемся. І пярэчыць не станеш.
    Тым больш што ад мясцовых паляўнічых ніякай карысці не было, іх патугі заставаліся дарэмнымі. He маглі яны ўзяць Клыпаногага ні па следзе, ні капканамі, ні іншым шляхам.
    Спрабавалі выкарыстаць і прынаду. Ля самага лесу паклалі здохлую свінню. Успаміналі парады, якія некалі даваў Кузьміч. І спрабавалі не наслядзіць, і пасткі прама з саней устанаўлівалі, і мякінай з бакоў, каб выбіць птушак, абсыпалі. І рабілі, трэба адзначыць, усё як патрабавалася на самай справе.
    Каб уся гэта катавасія ды на менш асцярожных драпежнікаў, поспех, вядома, быў бы. А як будзе тут? Прыйшлося чакаць, што пакажа час.
    Прайшлі суткі. Паляўнічыя аб’ехалі ўскраіну лесу, здалёку агледзелі ўчастак, які іх цікавіў. Слядоў, якія сведчылі б, што мацёры цікавіўся прынадай, не было. Туша, як і раней, адзінока вылучалася ў зімовай белі.
    I назаўтра звер таксама не наведаўся да тушы. Яе заўважылі сарокі і іншыя птушкі. Яны зляталіся туды чародкамі і дзяўблі змёрзлае свежае сала.
    На трэцюю ноч Клыпаногі падышоў да гэтага месца. Некалькі разоў абыходзіў прынаду, спыняўся, разглядваў, але блізка не падыходзіў.
    Нельга сказаць, што ніякай цікавасці свініна яму не ўяўляла. Хутчэй спрацавалі інтарэсы бяспекі, і будучы навучаны ранейшым горкім вопытам, ён не давяраў болей гэткім “падарункам”, а лічыў за лепшае перабіцца на іншым корме.
    Яшчэ праз некалькі дзён усчаліся снягі. Калматыя густыя сняжынкі сыпаліся і сыпаліся з неба, хаваючы пад сабой усе ранейшыя сляды. I хоць тойсёй з паляўнічых кожную раніцу наведваўся да прынады, але безвынікова. А потым яна зусім знікла пад снегам, шчодра прысыпаная яго пульхным слоем, і ўяўляла сабой звычайную намеценую гурбу,
    якая нічым не выдзялялася сярод мноства іншых, вялікіх і малых, з рознымі мудрагелістымі краямі і грэбнямі.
    I гэтак жа, як сама туша, знікалі і надзеі, што мацёры “клюне на прыманку”.
    А Клыпаногі па-ранейшаму тварыў сваю агідную справу — краў курэй, качак, душыў сабак, спрабаваў забірацца ў хлявы. Хутаране і вяскоўцы цяпер, праўда, больш уважліва ахоўвалі сваю жывёлу.
    Іх пільнасць шкодзіла яму і, адчуваючы гэта, мацёры ўсё часцей і часцей пачаў праяўляць агрэсіўнасць да людзей.
    Ен пачаў сустракаць вечарам людзей, якія позна вярталіся дадому, наганяў на іх страх.
    Аднойчы да смерці спужаў дзяцей, якія коўзаліся на санках з горкі ля вёскі. Аднаго хлопчыка ён ухапіў за хлясцік і цягнуў у бок лесу па снезе крокаў дваццаць. Толькі калі пачалі крычаць дзеці і жанчыны, якія выскачылі следам, пакінуў перапалоханае дзіця. Хлопчык калаціўея, як у ліхаманцы, і быў белы нібы палатно, перапужаліся ўсе.
    А вечарам воўк напаў на жанчыну, якая, запазніўшыся, ішла дадому. У моцным скачку збіў яе з ног і доўга калашмаціў у снезе. Тая, з цяжкасцю саўладаўшы сабою, змагла ўсё-такі ўзняцца і пабегла ў вёску, а драпежнік усю дарогу праследаваў яе і час ад часу збіваў у снег. Амаль у непрытомнасці жанчына дабегла да ганка ўласнага дома і “грымнула” ў непрытомнасці, дзе і падабраў яе муж.
    Тут ужо і зусім стала не да жартаў. Трэба было шукаць нейкае выйсце. Хто мог дапамагчы селяніну? Радзілі тое і гэта, прыкідвалі, разважалі. Кірункаў для вырашэння справы выкарыстоўвалася многа, бяда толькі ў тым, што канец заўсёды быў адзін і той жа, сумны.
    Тады зноў з надзеяй успаміналі пра Кузьміча, успаміналі яго добразычлівы хітраваты позірк, узрушаную паходку і яго любімую прыказку ў складаных сітуацыях: “Ёха-маха”.
    He ведалі, паправіўся ён або хварэе яшчэ. Хто ведаў, можа, яго ўжо і ў жывых не было. Але ў гэта верыць не хацелася, быццам здарыцца такое зусім не магло. Бо быў ён для ўсіх ледзь не чараўніком. А хіба ж чараўнікі паміраюць? А калі жывы, то, вядома ж, адклікнецца на людское гора, мо дапаможа як-небудзь уратавацца ад бяды.