• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    — Ну, Юзя, заставайся за гаспадара. А мы паедзем, паспрабуем шчасця. Чакай пад раніцу.
    Сцяпан крануў лейцы. Паехалі. Бацька застаўся.
    Нецярплівая кабылка, якой даўно ўжо надакучыла таптацца на месцы, без падгону адразу перайшла на шпаркі бег і ахвотна паімчала боз пракладзенай з раніцы дарогай у зваротным кірунку.
    Дадому кожны рухаецца з большым настроем. І для кабылы гэта не было выключэннем. Цемень адразу праглынула іх, толькі па снезе ў водблісках месяца невыразна слізгаў прадаўгаваты цень фурманкі, што аддалялася і аддалялася. А потым і ён знік з поля зроку, і бацьку заставалася толькі чакаць.
    Спаць у доме Кузьміча ён не збіраўся. Тое, што яму прыйшлося застацца тут, было для яго нечаканым. Ды і не мог заснуць ён у гэтую ноч. Толькі апрануты прылёг на рассцелены ложак і праляжаў да раніцы, нават не заплюшчыўшы вочы.
    Але раніцаю фурманка не вярнулася. He вярнулася і апоўдні.і.
    * * * .
    А ноччу, аказваецца, адбылося вось што. Паляўнічыя без прыгод праехалі лес і ўз’ехалі на палі, якія падступалі да лесу, у тыя мясціны, дзе апошнімі днямі больш за ўсё разбойнічаў Клыпаногі. Разлікі дзеда збыліся.
    Калі яшчэ раніцаю бацька са Сцяпанам ехалі да Кузьміча, воўк заўважыў іх і доўга суправаджаў уздоўж дарогі, хоць яны яго не бачылі за шчыльнай сцяною дрэў. У чуйнай, не напоўненай яшчэ староннімі гукамі ранішняй цішыні да мацёрага выразна даносіліся галасы двух чалавек. Ад іх пахла потам і тытунём, раздражняльнай казытлівасцю дублёных авечых кажухоў і цыбуляй. Паху зброі ці жалеза выразна пачуць не мог. Толькі невыразны зусім адбітак скураной зброі і падцёртых цугляў з цяжкасцю ўлоўліваў у паветры яго нюх. Але яго было лёгка адрозніць ад больш небяспечных пахаў.
    Воўк зразумеў, калі людзі бяззбройныя і здарыцца, што вяртацца дадому будуць позна, то можна было паспрабаваць і напасці на іх. Таму асабліва далёка на днёўку не адыходзіў. Калі ўжо зусім сцямнела, было незразумела, ці людзі лішне запазніліся, ці дзесьці вырашылі заначаваць. Клыпаногі выбраўся з лесу і полем накіраваўся ў бок самых далёкіх хутароў, на якія ўжо з тыдзень не наведваўся. Ноч стаяла ціхая і марозная. Высока ў небе срэбным ражком зіхацеў адзінокі месяц, і ў наваколлі было не вельмі цёмна, нават абрысы пахіленых хацін ды саламяныя стрэхі невялікіх хлеўчукоў праглядваліся ўдалечыні.
    * * *
    Фурманка выехала з лесу амаль нячутна. Там, дзе лес канчаўся і распачыналася шырокае неабсяжнае поле, дзед на момант стрымаў каня. Сцяпана перасадзіў бліжэй уперад, а сам прымайстраваўся пасярод воза. Каб адразу парушыць начную цішыню і прыцягнуць увагу драпежніка, які, магчыма, знаходзіцца недзе далёка, Кузьміч тройчы пракрычаў, як заяц, які трапіў у пастку.
    А рабіў гэта стары так. Прыклаўшы да сціснутых вуснаў паўзногаць вялікага пальца, адным парывам удыхаў у сябе паветра. Атрымліваўся гук настолькі падобны да таго, якім крычыць у небяспецы заяц, што ніякага фальшу і ўлавіць нельга было. Звычайна ваўкі кідаюцца на гэткі покліч. Хвілін дзесяць яшчэ пастаялі і крануліся шпарчэй, разганяючы падводу на маркотным зімовым полі.
    * * *
    Цішыня навокал. Наколькі акінуць позіркам — палі і пералескі. Выразна чуецца ў напружаным марозным паветры стрыманы рух фурманкі. He пачуць ці не заўважыць яе нельга.
    Але вось удалечыні паказаўся выразны цень. Ён не набліжаўся болей і не адрываўся на больш знач-
    ную адлегласць, а стрымана і настойліва рухаўся ў адным напрамку з падводай.
    Дзед пацягнуўся ўперад да мяшка, знайшоў навобмацак парася і пачаў яго непакоіць. Ад гэткіх рухаў парася толькі задаволена і ціха рохкала, і болей нічога. Тады Кузьміч балюча тузануў яго за вуха, і свінчо спалохана запішчэла.
    Цень не прамарудзіў зрэагаваць на гэта. Адлегласць паміж ім і фурманкаю хутка пачала змяншацца. Дзед яшчэ раз панепакоіў парася і скінуў у дадатак з саней другі мяшок, той, што з вязанкай сена. Мяшок цягнуўся за возам метрах у дваццаці пяці. А парасё лямантавала і лямантавала.
    Вось ужо і бачны выразна абрысы мацёрага ваўка. Ён перастаў быць ценем, паўстаў з начной цемры ва ўсёй страшэннай магутнасці і сіле. Кабылка некалькі разоў здыбілася, імгненна з бегу перайшла на імклівы галоп. Жах авалодаў ёю, і яна рвалася з апошніх сіл, нягледзячы, што побач былі людзі. Гэтулькі жудасці і небяспекі нёс з сабою асцервянелы драпежнік.
    — Трымай, трымай каня, Сцёпа! — узрушана шаптаў Кузьміч.— Усю справу сапсаваць можам.
    А воўк усё бліжэй і бліжэй. Нават відаць, як ён пакульгвае злёгку правай пярэдняй лапай. Але бег ад гэтага не становіцца для яго цяжкім і менш шпаркім. Воўк ужо нават спрабуе ўхапіць зубамі за мяшок. Ён, вядома, лічыць, што парася менавіта там.
    Але страляць пакуль нельга. Трэба падманіць Клыпаногага як мага бліжэй, каб трапней можна было прыцэліцца, бо далёка не проста зрабіць гэта з саней, што віхляюць з боку ў бок. Кузьміч бярэ за вяроўку і асцярожна падцягвае мяшок бліжэй да саней. Захоплены пагоняй, воўк не заўважае гэтага і толькі паскарае і без таго шпаркі бег. Яшчэ і яшчэ пакарочвае дзед вяроўку. Вось ужо толькі крокаў пяць да саней засталося.
    I тут, кінуўшы вяроўку, дзед спрытна выхоплівае стрэльбу і, прыцэліўшыся і не марудзячы, націскае на спуск.
    Быццам ад магутнага раскату грому, здрыганулася маўклівае асяроддзе. Перапалоханая кабыла на момант стала на дыбкі, потым ірванула так, што лейцы выслізнулі ў Сцяпана з рук. Кабыла панеслася з неверагоднай хуткасцю напрамкі, не выбіраючы шляху і збіўшыся з дарогі. Сані падскочылі на вялікай калдобіне, выпісалі віраж убок, ад чаго ў дзеда выбіла з рук стрэльбу, і сам ён ад моцнага штуршка вылецеў з саней.
    * * *
    Пакуль Сцяпан зарыентаваўся ў абставінах, сані апынуліся ад таго месца вярстах у дзвюх. У роспачы ён не ведаў, куды кінуцца. Бегчы па дапамогу пешшу не мела сэнсу. Управіцца з перапалоханай кабылай было таксама немагчыма. Нават трымаючы яе рукою за аброць, нельга было накіраваць у той бок. Яна толькі перапалохана туліла вушы і рвалася ў напрамку вёскі.
    Раз’юшаны воўк, крыху паранены, раз’ярыўся зусім. Ён, не беручы пад увагу адлегласць, з месца ў велізарным скачку наляцеў на Кузьміча. Але першы раз той паспеў ухіліцца і адскочыць убок. Левай рукой ён падхапіў сваю стрэльбу, што валялася тут жа на снезе, перакінуў у правую руку і выставіў яе наперад. Адзін патрон заставаўся нявыстраленым, і ўся надзея цяпер была на яго. А воўк шырока ашчэранай пашчай хапіў за канцы дулаў... Дзед, не разбіраючы, паспешліва націснуў на абодва куркі адразу.
    Замест стрэлу прагучаў гучны выбух са звонам і лескаценнем металу. Ад таго, што ствалы забіліся снегам, ружжо разарвалася ў руках і пасекла асколкамі і паляўнічага, і ваўка. Быццам ашалелы, ён узвіўся на заднія лапы, пераўзышоўшы лесніка ў вышыні і масе. Той выглядаў цяпер перад ім малым і бездапаможным, і заставалася толькі некалькі хвілін, каб расправіцца з дзедам.
    У наступны момант воўк крыху адскочыў, быццам было яму нязручна, і падрыхтаваўся да новага
    кідка, нацэліўшыся чалавеку ў горла. Старому лесніку нічога не заставалася рабіць, як ахвяраваць сваю левую руку. Сагнуўшы ў локці, ён выставіў яе перад сабою на ўзроўні галавы. Воўк быў ужо ў скачку, але шлях да шыі быў перакрыты рукою. Звер з ярасцю і сілай самкнуў на ёй свае сківіцы і ўзгрудзіўся ўсёй сваёй масай, валячы чалавека з ног.
    У апошні момант дзед паспеў усё-такі правай свабоднай рукою выхапіць свой адточаны паляўнічы нож, яго рукаятка зграбна легла ў дрыготкую знемагаючую далонь, і вострае лязо не ўвайшло, a быццам лёгка патанула пад левай лапаткай драпежніка. Кузьміч толькі паспеў прашаптаць:
    — Вось і канец табе, зладзюга, ёха-маха!
    І сам у знямозе апусціўся ў снег і заціх, прыціснуты ваўком...
    * * *
    Апрытомнеў стары праз паўгадзіны, калі з цяжкасцю яго раскатурхаў Сцяпан. Таму ўсё ж прыйшлося кінуць у полі непаслухмяную кабылу і бегчы сюды па снезе. Ды хіба яго можна было вінаваціць? Зрабіць жа хацеў як лепей.
    * * *
    Кузьміч крануў сваю левую руку і не паверыў. Прыйшла яго чарга здзіўляцца. Рука была цэлая. Гэта зусім ужо было неверагодна. Пабыць у воўчай пашчы і застацца цэлай, нават непашкоджанай?!
    Дзед з цяжкасцю выцягнуў з абмярцвелага цела свой паляўнічы нож і расціснуў ім застылую воўчую пашчу. І здзівіцца прыйшлося яшчэ раз. Воўк быў без зубоў. Выразна выдзяляліся ў мройлівым ранішнім змроку амаль голыя чырвоныя дзёсны, толькі дзе-нідзе заставаліся сцёртыя плоскія рэшткі некалі магутных іклаў.
    Толькі цяпер стала зразумела, чаму воўк душыў, а не рэзаў свае ахвяры. Старасць адолела і яго. Але
    да апошняга моманту ён змагаўся за жыццё, спрабаваў харчавацца дробнай птушкай ці адабранымі ў іншых звяррў рэшткамі ежы, праглытваючы ўсё гэта цалкам. І так да апошняга моманту не змяніў свайму разбойніцкаму нораву. 3 патрэбай і без патрэбы душыў скаціну і нападаў на людзей, пакуль не спасцігла яго кара.
    Зайчыкавы^ страхі
    ...Зайчаня ўпершыню зірнула на свет, такі нечаканы і незразумелы, дзе яму наканавана было пачаць сваё нялёгкае, поўнае радасцей, турбот і небяспекі жыццё. Ці то ад уражання, ці то інстынктыўна яно зажмурылася, шчыльна прыціснулася да зямлі і моцна затаілася.
    Ішла другая палова красавіка. Прырода ўсімі сваімі рысамі, кожным дрэўцам і кусцікам, кожнай травінкай і лапікам імхоў, кожным подыхам пацяплелага ветру і прыветлівымі промнямі шчодрага сонца, уступала ў познюю вясну і як бы імкнулася нагнаць страчанае, як мага хутчэй уціснуцца ў звыклыя рамкі сезоннага рытму развіцця ўсяго жывога, паскорыць запаволеныя крокі новай вясны.
    Перш чым прывесці на свет першых у гэтым годзе сваіх маленькіх дзіцянят, старая зайчыха доўга блукала па лесе і хмызняках, вышукваючы найбольш зручнае для гэтага месца. Нязграбна цягаючы амаль па зямлі свой цяжарны жывот, уважліва абследавала вялікі закраінак суцэльнага абшару, з зайздроснай настойлівасцю выглядала ўсе яго ўчасткі. Абгледзела балота, пакрытае асакою, маладымі дрэўцамі і высокім сакавітым травастоем. Затым цяжкімі скачкамі вярнулася бліжэй да густога змешанага лесу і ў рэшце рэшт абрала ціхі ўчастак з невялічкімі, але моцнымі маладымі хваінкамі, якія ў некаторых месцах утварылі суцэльную жывую загароджу. Значныя перавагі падштурхнулі яе на гэта. Ніякі небяспечны драпежнік ні зверху (сава ці ястраб), ні збоку (лісіца ці нахабны янот) не змаглі б нячутна прабрацца сюды.