У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Тым часам сонца схілялася да небакраю. Яго парыжэлыя распасмачаныя промні, нібы залацістыя косы, пачыналі завісаць на вяршалінах высокіх дрэў. Потым, заблытваючыся ў магутных спляценнях іх густых галін, ужо не прамяніліся зверху, a зацікаўлена і нерашуча выглядвалі праз рэдкія шчыліны трапяткіх зялёных кронаў, усё выразней і выразней афарбоўваючыся ў больш ружовыя колеры. _
Дрэвы быццам бы крыху пацямнелі, змяняючы сваю свежа-салатавую афарбоўку на цёмна-зялёную.
Лісце, здавалася, стала больш важкім, і ўжо не проста шапацела, а як бы пазвоньвала бліскучымі пацяжэлымі плашкамі.
Паветра заставалася чыстым і празрыстым. Час
ад часу стрыманы ветрык надаваў лёгкага халадку, ад чаго яно прыемна траціла сваю дзённую парнасць і станавілася дастаткова цёплым і асвяжальным. Яно паступова напаўнялася новымі, выразнымі дадатковымі гукамі, прыкметна гусцела і не траціла сваёй чысціні. Яго прыціхлы агульны каларыт паступова дапаўняўся гулам абуджаных ад дзённай млявасці камароў-званцоў, мяккім шаўкавістым трапятаннем вячэрніх матылькоў і перадвячэрнім спектаклем травяных жабак.
А дзяўчаты, не перакінуўшыся ніводным словам, працягвалі ўсё той жа занятак: адна купалася, другая вудзіла. Быццам забыліся пра час і звыклыя клопаты. Мне ўжо і сядзець надакучыла, бо колькі ж можна пратрымацца ў застылай позе, калі і ногі, і спіна зацякаюць, а ты сядзі, як той злодзей ці які палоннік.
Але вось купальшчыца, быццам перахапіўшы маю думку, узнімае высока рукі і, павольна рухаючыся, нібы лябёдка, распускаючы кругі лёгкіх хваль, лагодным ценем выходзіць на беражок... У той жа момант яна крышку паварочваецца ў мой бок. Танюсенькія струменьчыкі вады, то спыняючыся, то зноў паскараючы свой казытлівы бег і выразна выдзяляючыся ў водблісках вячэрняга сонца, збягаюць уніз па ўсім целе. Буйныя кроплі, нібы шкельцы, адбіваючы дрогкае святло, густым бісерам усыпалі падцягнуты, злёгку пухленькі жывоцік і невялікія, але досыць выразныя, налітыя спеласцю прыцягальна пяшчотныя дзявочыя грудзі. Яны іграюць вясёлкай васковага бляску, дзіўнай свежасцю і ўпруга ўздрыгваюць пры кожным яе руху.
Раптам лясную цішыню парушае гучны, на высокай ноце воклік, перамешаны з радасцю і смехам. Мая ўвага і захапленне абрываюцца.
Купальшчыца, што амаль выйшла ўжо з вады, кідаецца да сваёй сяброўкі. І я, чаго ўжо ніяк не мог чакаць, бачу на лёсцы даволі вялікую ручаёвую стронгу. Яна трапечацца ў паветры, вось-вось сарвецца з кручка.
I цяпер дзяўчаты здаюцца мне ўжо не бярозкамі,
а рухавымі вясёлымі рыбкамі, што ў жартоўнай гульні вылавілі сваю таямнічую сяброўку. Іх вясёлыя піскатлівыя ўскрыкі як нельга лепей дапаўняюць і маю фантазію, і іх гарэзлівыя рухі.
Стронга ўсё-ткі выслізгвае з іх дзявочых рук і плюхаецца ў азерца, але, не здолеўшы сарвацца з кручка, пачынае тым не менш выпісваць каля іх ног неверагодныя віражы. А яны, яшчэ гучней і піскатлівей шчабечучы і плюхаючыся ў вадзе, спрабуюць не ўпусціць жаданую здабычу.
Я ж, выкарыстаўшы момант, пакуль дзяўчаты, занятыя шумнай валтузнёй, не змогуць мяне пачуць, і рухаючыся тым не менш як мага асцярожней, хуценька пакідаю сваё месца і як мага шпарчэй адыходжу ў лес, каб яны і не ведалі, што я іх бачыў. Ззаду даносяцца іх прыглушаныя, бадзёрыя пераклікі, што дазваляе ўпэўніцца: гэта менавіта так. І адразу неяк нібы ад сэрца адлягло.
У прыродзе склалася так, што жнівень сустракаецца з восенню. Меншымі становяцца дні, а ночы прыбаўляюць у часе. Няма ўжо таго цёплага летняга надвор’я. Нізіны і вадаёмы раніцай хавае туман. Але жніве^ь па-свойму багаты. 3 поля да складоў патокам ідзе збожжа. У садах сокам наліваюцца яблыкі і грушы. Агарод таксама шчодры на ўраджай. Цёплыя кароткія дажджы спрыяюць росту грыбоў, ад чаго і прыдумалі людзі такую паэтычную назву — грыбныя дажджы.
Hi адзін месяц не багаты грыбамі так, як жнівень. Быццам у дружным карагодзе “рассыпаліся” сярод зялёнага ці сівога моху жоўтыя лісічкі, на ўскрайку ж лесу чакае грыбніка чародка светленькіх маладзенькіх казлякоў. Шмат з імі работы, але затое страва атрымаецца ой якая смачная. Пройдзеш у змешаны лес і сустрэнешся з сыраежкамі. Адны ўжо набылі форму талерачак, а іншыя толькі вось-вось з’явіліся на свет, цягнуцца да сонца рознакаляровымі шапачкамі. Грыбы сыраежкі маюць таксама свой асаблівы смак і пэўную каштоўнасць.
Грыбніка-аматара вабяць як малады сасоннік, так і сівы бор. Тут дружна, па-суседску растуць махавікі. Яны розныя па велічыні. Заўважыш вялікага, то прыглядайся, абавязкова знойдуцца і маладзенькія, яшчэ зусім як гузічкі. Збіраць махавікі адна асалода. He згледзіш, як кошык да верху напоўніцца.
Асабліва вабіць лес, калі кранаецца ў рост Rape ль “грыбнога царства” — белы грыб — баравік.
Тады ўжо грыбнікі расказваюць пра сваю шчаслівую знаходку з захапленнем і гонарам, чуткі перадаюцца ад аднаго да другога, на хаду абрастаюць фантазёрствам і перабольшваннем. А дадому кожны грыбнік ідзе так, каб зверху кошыка былі толькі баравікі.
Сустрэча з баравіком, які надзеў набакір цёмнарудую шапачку, прыдае нейкую непаўторную душэўную радасць, падымае настрой. І калі пашчасціла знайсці “караля” грыбоў, не спяшайся пакідаць гэта месца:, бо па адным яны не растуць. Трэба пахадзіць, уважліва агледзець квітнеючы чабор, суседнія кусты, і, напэўна, знойдзецца яшчэ некалькі баравічкоў.
Важна ведаць і правілы збору грыбоў. Грыбы трэба зразаць вострым нажом, а не вырываць, каб не пашкодзіць грыбніцу. Гэта дасць магчымасць збіраць іх добры ўраджай і ў будучым.
У час збору трэба ўмела адрозніваць звычайныя грыбы ад ядавітых. Найбольш небяспечная сярод іх — бледная паганка. Гэта пласціністы грыб, мае высокую ножку з абадком, шапачка блакітнага колеру. Ядавітымі з’яўляюцца мухаморы, апенькіпаганкі, якія адрозніваюцца ад звычайных яркажоўтым колерам пласціначак, што з ніжняга боку шапачкі. He бярыце грыбоў, карэнні якіх хутка сінеюць,— можаце натрапіць на ядавіты сатанінскі грыб.
Неабходна памятаць, што і звычайныя грыбы могуць выклікаць атручванне, калі недастаткова правараны або прасмажаны. Але калі іх старанна апрацаваць тэрмічным спосабам, то на стале будзе адметная страва, што пальчыкі абліжаш.
Грыбная пара працягваецца да глыбокай восені. На змену баравікам і падасінавікам прыходзяць зялёнкі і ваўнянкі, потым парадуюць вока шчодрыя высыпкі апенек.
Ды кожны грыбнік пра свой любімы грыб марыць. Таму і пару для грыбазбору таксама ў суадносінах з гэтым выбірае. І мясціны адпаведныя ў лесе вышуквае. .
За рыжыкамі вопытны знаўца накіруецца ў стары вільготны хвойнік, за апенькамі — у мясціны, дзе мноства старых карчоў і буралому. Тугія таўстаногія баравікі хутчэй за ўсё можна напаткаць у лесе, дзе да бярэзніку ці ельніку прымешваецца малады дубняк. А той, хто хоча нарэзаць паболей казлякоў, хай кіруе ў малады хвойнік. Штучныя яго пасадкі таксама мінаць не варта. Толькі лазіць па шчыльных палосах маладых хваінак цяжкавата, але ж казлякоў там паўнютка.
3 даўніх часоў захапляліся людзі зборам грыбоў. Праўда, рабілі гэта не заўсёды ад лёгкага жыцця. Мяса ды сала ў продкаў нашых не асабліва калі хапала. Вось і прыходзілася запраўляць страву ляснымі дарамі. А грыбы прыдатны ўсяму — смачныя, высокапажыўныя, сапраўднае расліннае мяса.
І ўсё-ткі ці расліннае? Паспрабуй тут разабрацца. На першы погляд грыбы — вядома ж, расліны. Яны ж не рухаюцца, не паядаюць раслінную ці жывёльную ежу, не нясуць яйкі і тым болей не родзяць дзяцей. Якія ж яны прадстаўнікі жывёльнага свету? Вядома, не.
Але ж расліны ўсе зялёныя, утрымліваюць у сабе хларафіл і пад уздзеяннем сонечнага святла паглынаюць з паветра патрэбныя кампаненты ды выпрацоўваюць з іх прадукты сваёй жыццядзейнасці.
А грыбы хларафілу не маюць зусім. І акумуліруюць на запас не крухмал, як усе расліны, а глікаген, зусім як жывёлы. Тканкі грыбоў пранізаны хіцінам, як у насякомых. Суцэльная нейкая блытаніна атрымліваецца. Невыпадкова вядомы французскі батанік Вайян абазваў грыбы “праклятым племем”, быццам спецыяльна створаным прыродай, каб даводзіць вучоных да адчаю.
Ды грыбніка гэта не асабліва турбуе. І розных падобных мудрагелістасцей ён зусім не ведае і ведаць не асабліва жадае. У рэшце рэшт яму болей важныя смакавыя ды пажыўныя якасці грыбоў, тое, дзе і як іх шукаць ды рыхтаваць да ўласнага стала. Веды гэткія прыходзяць чалавеку паступова. 3 кніжак, з практыкі. Практыка, бадай што будзе
важней. Але набываецца яна дастаткова хутка. Бо такі ўжо своеасаблівы занятак гэты — збор грыбоў: калі ён захапіў цябе, то гэта назаўсёды.
У грыбную пару, як кажуць, ні стары, ні малы дома не ўседзяць. Нават самыя старыя вясковыя дзяды, што ўжо і рухаюцца ледзьве, калі распачынаецца “трэцяе паляванне”, усё ж не могуць заставацца дома, іх як магнітам цягне ў лес, і быццам набываюць яны для гэтага дадатковыя нейкія сілы. Грыбазбор з сівой даўніны застаецца найбольш масавым і любімым заняткам з шэрагу ўсіх, што датычыць папаўнення харчовых запасаў за кошт прыроды, гатовых і даступных дароў са шчодрых яе скарбонак. 3 ім не пароўніцца ні паляванне, ні збор ягад, ні нават такая папулярная сярод мужчын рыбалка. У занятку гэтым дзіўным чынам спалучаецца атрыманне дадатковай здабычы з атрыманнем задаволенасці ад блізкай сувязі з прыродай, натхненнем і адпачынкам.
І не бяда, калі нехта дастаткова не адкрыў для сябе грыбных сакрэтаў. Прыхапіце кошык і вы. Хай напачатку, вядома, паспаборнічаць са сталымі грыбнікамі вам не пад сілу, ды асабліва ў пройгрышы ад гэтага не застанецеся. І хай здабыча тая будзе больш простай і меней важкай, ды ўсё ж яна ваша, здабытая ўласнай рукою і згледжаная ўласным узрадаваным вокам. Дык у выніку больш карысці атрымаецца ад таго, што напоўніце душу дадатковай радасцю і натхненнем, бадзёрасцю і прыўзнёслым настроем, ад чаго нават і хваробы адыходзяць на задні план, і само цела неяк маладзее. Ды і тое, што трапіла ў кошык, таксама спатрэбіцца, з поспехам скарыстаецца ў гаспадарцы, хоць гэта ў рэшце рэшт зусім не галоўнае. Галоўнае — радасць збору, покліч душы, пошукі.
І справа тут не асабліва хітрая. Галоўнае напаткаць сапраўдны грыбны лес. А гэта пры пэўным вопыце не вельмі ўжо складана.
He варта шукаць поспеху ў залішне зацемненым лесе, у мясцінах з шыракалісцевымі пародамі дрэў, сярод высокай травы і густога верасу. Зусім іншая