• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Выскачыла яна з-пад снегу імгненна.
    Спачатку ўсяго на нейкую палову хвіліны з’явілася, нібы нечакана і хутка вырасла з тоўшчы снегу, невялічкая галоўка. Яна літаральна злівалася з агульнай белізной, і заўважыць яе каму-небудзь было немагчыма.
    Маленькія вочкі ўмомант ацанілі абстаноўку, і тут жа з’явіўся на паверхні сам звярок. У два скачкі ён апынуўся побач з вялізным чорным крумкачом, з тым самым, якога ласічка так добра запомніла і беспамылкова адрозніла б, каб тут нават сабралася вялікая чарада аднолькавых па колеру птушак. Так, гэта быў ён, той самы, што разарваў яе малых дзетак. Ён і цяпер абчышчаў сваю смярдзючую дзюбу ад нейкіх рэшткаў нядаўна апрацаванай ахвяры.
    Але і крумкач адчуў небяспеку. Ён рэзка ўзмахнуў крыламі і паспрабаваў узмыць угору, нават адарваўся ад зямлі, але ў апошні момант ласічка ў доўгім скачку дагнала яго ды ўхапіла за пярэдні згіб крыла. Вострыя зубы глыбока ўпіліся ў крыло, пракусіўшы не толькі скуру і мускулы, але нават і тонкія трубчатыя косці.
    Крыло аказалася часткова паралізаваным. Да
    таго ж крумкача пранізваў востры боль. Ён яшчэ некалькі разоў спрабаваў з сілай узмахнуць крыламі, і ўрэшце адарваўся ад зямлі, але адно крыло не слухалася, а ў дадатак яшчэ ноша, павісшая на ім, перашкаджала, і ён паспрабаваў апусціцца на зямлю, каб як-небудзь пазбавіцца ад напасці. Дзюба ў яго моцная, і ён на яе спадзяваўся і разлічваў. А скінуўшы непатрэбны груз, можна было б паспрабаваць узняцца.
    Вось ужо ногі крануліся зямлі, і крумкач занёс сваю таўшчэзную дзюбу для моцнага ўдара па ла'січцы, як тая хуценька расцяла сківіцы і, выпусціўшы пракусанае крыло, адскочыла ўбок, ухіліўшыся ад вострай і моцнай дзюбы.
    І зноўку пайшла ў атаку. Падскочыла да крумкача ззаду і тры разы запар паласнула яго вострымі зубамі знізу, нібыта адным рухам вострай брытвы, распаласавала яму жывот, выпусціўшы кішкі.
    Крумкач бездапаможна распластаўся на снезе, сутаргава біў слабеючымі крыламі па яго мяккай паверхні, расфарбоўваючы крывёю вакол сябе асляпляльную белізну ў ярка-пунцовы колер.
    Выпушчаныя кішкі расцягнуліся па снезе, густая пара выдзялялася ў празрыстым марозным паветры. А моцны прытарны пах, што зыходзіў ад гарачых вантробаў, быў да невыноснасці непрыемным і яшчэ больш дапаўняў і без таго жудасны малюнак.
    Але працягвалася гэта нядоўга. Моцны мароз тут жа даваў аб сабе знаць і ўжо сам завяршаў учыненўю ласічкай расправу. Холад прабраўся ў распораты жывот, на вачах студзіў з сярэдзіны яго жывыя тканкі. Расцягнутыя па снезе кішкі хутка ператварыліся ў бліскучыя ледзякі. А сам снег, нібы фільтравальная папера ці які ненасытны вампір, высмоктваў з мярцвеючага цела апошнія кроплі крыві.
    Праз колькі хвілін вялізны крумкач, шырока раскрыўшы дзюбу, зрабіў апошні выдых, галава яго бездапаможна звалілася набок, і хутка ён увесь застыў на марозе.
    Цяпер гэта быў ужо звычайны кавалак падлы, які сам у хуткім часе пойдзе “на стол” сабаку, a то нават і яго непасрэдным суродзічам — такім жа, як ён, чорным крумкачам, што не пагрэбваюць рэшткамі свайго былога сабрата.
    Ласічцы здалося, што яна скончыла сваю справу. Нястрымная звярыная помста, поўніўшая яе сэрца, нібы прайшла і змянілася якойсьці не менш дзікай асалодай выкананай расправы. Мясціны, якія прынеслі ёй гэтулькі пакут, што адварочвалі ад сябе і веялі толькі поганню, нібы пасвяжэлі і ачысціліся ад невыноснага бруду.
    Ласічка нават не падалася адразу да свайго новага паселішча ў лес, а вырашыла затрымацца на некалькі дзён на гаспадарскім двары. Тут развялося многа мышэй, бо лянівая кошка не ацяжарвала сябе клопатамі лавіць іх. Гэта давала ласічцы магчымасць удосталь наесціся свежага мышынага мяса.
    У клопатах аб паляванні і кароткіх часінах адпачынку яна правяла цэлыя суткі ў свірне, а калі наступіла ноч, прынялася абследаваць і іншыя пабудовы гаспадарскага двара. Рабіла гэта проста так, нешта часам клікала яе былымі ўспамінамі да сябе, усплывалі знаёмыя абрысы норак і пабудоў, а галоўнае — ва ўсіх гэтых месцах яна здабывала для сябе ўдосталь паўнацэннай і апетытнай ежы.
    І вось неяк, прабягаючы па хлеве, ласічка ненарокам адчула знаёмы ёй чалавечы пах, той самы, які запомніла яна калісьці на месцы разбуранага жытла, калі загінулі яе дзеці. Такі ж вельмі падобны пах, перамешаны з пахам гумавых ботаў, вёў тады да таго злашчаснага яру, дзе знайшла яна астанкі сваіх ласічанят. Праўда, цяпер гэты пах перамешваўся з нечым другім і значна слабей адчуваўся. Ён неяк губляўся ў агульнай мешаніне мноства потавых і гноевых пахаў, якімі аддавала збітае, душнае паветра ў хляве.
    Але, прынюхаўшыся лепей, яна дакладна вызначыла, што пах гэты зыходзіць ад падласай каровы, з якой нядаўна сутыкаўся той пакуль што невядомы, але агідны ёй чалавек. Ласічка адразу
    зразумела, што чалавек той уладальнік гэтай каровы, таму ўжо і карова станавілася яе прамежкавым ворагам. Ды справіцца з ёю ласічка не магла, а падругое, галоўнае, яе нянавісць падала на таго незнаёмага ёй чалавека. Карова ж калі ў чым і была вінавата, дык гэта ў тым, што давала нядобразычліўцу малако. А ўсё, што робіцца для гэтага чалавека, ласічку не задавальняла, і ёй нядоўга прыйшлося думаць, каб дайсці да разумення, якім жа чынам можна ўмяшацца ў гэты працэс і направіць яго супраць свайго ворага, чалавека.
    He марнуючы дарэмна часу, яна ўскочыла на спіну падласай Чарнушкі і прабегла ўздоўж па ёй ад хваста да шыі.
    Карова ад нечаканасці падскочыла, спужалася і, здрыгануўшыся ўсім целам, скінула ласічку з сябе.
    Але ў наступны момант ласічка ізноў ускочыла на яе і на гэты раз моцна ўчапілася зубамі і лапамі за поўсць. Карова зноў здрыганулася адзін раз, другі, трэці. Ды ласічка трымалася моцна.
    У роспачы карова спрабавала бегаць па хляве, але ён быў цесны, і яна толькі круцілася амаль на адным месцы. Лапкі непрыемна казыталі скуру, ад чаго карове рабілася яшчэ горай. І яна зноў бегала, кідалася з боку ў бок, спрабавала скочыць нават на загародку, але ўсё безвынікова. Хутка ўся скура пакрылася потам, поўсць каровы стала мокрай, a ласічка ўсё не давала ёй спакою. Да самай раніцы “ганяла” яна карову...
    Чарнушка не мела магчымасці нават на хвілінку прылегчы, каб перавесці дух, пот цёк і цёк з яе, напаўняючы памяшканне салёнай душнай парай. І толькі калі пачуліся за парогам крокі гаспадара, звярок ціхенька саскочыў і зноўку перабег у свіран.
    Гаспадар, пабыўшы ў хляве, панура вярнуўся ў хату.
    — Ласічка ў нас завялася, не ўзлюбіла нашу карову,— заклапочана паведаміў жонцы.
    Са свайго жыццёвага вопыту ён добра ведаў, што
    толькі ласічцы ўласціва таямнічая асаблівасць у адносінах да хатняй жывёлы: калі тая не ўзлюбіць карову, то гэта бяда для селяніна. Цэлымі начамі не дасць ласічка спакою жывёле, заскокваючы ёй на спіну і даводзячы да шаленства — на раніцу карова ледзь жывая, страціць ад напружання малако. Людзі лічылі, што робяць гэта маленькія звяркі з-за спадобы да солі, выдзяляемай разам з потам перапалоханай жывёліны. Ласічка, маўляў, высмоктвае пот з вільготных валаскоў. Але селяніну ад гэтага не лягчэй.
    Праўда, такія праявы доўжыліся звычайна дватры дні і, відаць, здаволіўшыся, ласічка пакідала хатнюю жывёлу ў спакоі. Гаспадару з гэткімі выпадкамі ў жыцці сутыкацца прыходзілася.
    А тут было нешта другое. Ішоў пяты дзень, як ласічка не пакідала Чарнушку ў спакоі. Ушчэнт устрывожыўся гаспадар. Разоў дзесяць за ноч выходзіў ён у хлеў, а толькі вернецца назад — усё пачынаецца спачатку. He на жарты разлютавалася гаспадыня і не праходзіла паўгадзіны, каб не дапякала яна мужа:
    — І што гэта за мужчына ў хаце? 3 нейкім малюсенькім звярком справіцца не можа! Смеху варта!
    А гаспадар добра ведаў, што з ласічкай справіцца не так ужо проста. Мабыць, помсціць за нешта звярок. Так што, як кажуць, і рад бы ў рай, ды грахі не пускалі.
    Але на яго распытванні ды тлумачэнні гаспадыня горача рэагавала, нібы пантэра раз’юшаная:
    — І выдумае ж такое, стары дурань! Пад нейкую ласічку падстройвацца буду! Ці не нашкодзіла я ёй? Пастаў пасткі і злаві — і кропка тут.
    Гаспадыня была злоснай, уедлівай жанчынай. І ўсё, мабыць, з-за таго, што дзяцей у яе не было. Як быццам хто быў вінаваты ў гэтым. Сама павінна была наракаць на сябе за бурна праведзенае юнацтва, калі швэндалася, дзе папала і з кім папала, a яно ж, вядома, бясследна не праходзіць.
    Яна заўсёды хадзіла насупіўшыся, звёўшы вуз-
    кія, як мЫшыны хвост, бровы і не менш непрыемныя на выгляд, таксама вузкія, губы, з-пад якіх, як толькі яна раскрывала рот, былі бачны рэдкія нячыстыя зубы. Хадзіць, праўда, яна асабліва не любіла, бадай што толькі па самай неадкладнай справе ці па асабістай патрэбе, а часцей за ўсё не высоўвалася са свайго напалову адгароджанага пакойчыка. І нават калі ў ім было зусім цёпла, усё роўна накідвала на худыя плечы вязаную хустку і нацягвала на тонкія крывыя ногі самаробныя мурзата-бурыя шкарпэткі, а чорны каракулевы берэт заўсёды быў у яе на галаве, нават на покуць садзілася ў ім, і можна было падумаць, што яна нейкая пляшывая альбо рагатая і не знімае яго, нават калі спіць.
    А пра характар ужо і гаварыць не прыходзіцца. Ніколі не чуў ад яе муж ласкавага слова, не чулі яго і іншыя людзі. Дык, можа, і добра, што дзяцей у яе не было, a то нарадзіла б на свет такіх жа, падобных сабе! А сама пра сябе была ой жа якой высокай думкі, ганарыстая.
    І гаспадару, добраму і спакойнаму чалавеку, кожны дзень прыходзілася выслухоўваць жончына бурчанне, быццам ён сам быў вінаваты ў выхадках ласічкі. Пра яго самога наўрад ці можна было сказаць хоць нешта благое. Працавіты, на злое не здольны. Ды нарадзіўся, на жаль, у бядноце. Сямёра душ у сям’і было, а зямлі — мала. Вось і прыйшлося не выбіраць лепшага, як толькі падацца ў прымы. A прымацкае жыццё, кожны ведае,— не мёд. Ды куды тут дзенешся? І жыў ён так ціха і замкнута, цярпеў тое, што даводзілася, зносячы крыўду, лаянку і крык. ’
    І хоць не хацелася яму гэта рабіць, але ўсё ж па патрабаванні гаспадыні выставіў у хляве пасткі. Праўда, сам у душы спадзяваўся, што ласічка западозрыць фальш і на падман не паддасца, бо было яму чамусьці ўсё ж шкада маленькага звярка і лішняй крыві не хацелася.
    Так яно і здарылася на самай справе. Прайшло трое сутак, а ў пастку ласічка не пападалася. I хоць