У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
У большасці выпадкаў дарослыя самы не ўвярэджваюць сябе доўгімі праследаваннямі ахвяры, практыкуючы паляванне з засады. Прымайстраваўшыся дзе-небудзь пад абрывістым берагам, сом замірае на месцы і чакае, пакуль неасцярожныя рыбы самі не падплывуць бліжэй да яго. А тыя, будучы на разліве ў вялікай колькасці і занятыя нерастовымі турботамі, не прамаруджваюць аказацца побач. Тады сом стрымгалоў урываецца ў чародку, што праплывае міма яго, і літаральна з хуткасцю маланкі хапае рыбіну, на якую нацэліўся наўперад. У гэткіх выпадках, як нельга лепш, служыць сому
яго магутны і гібкі плёск, гэта значыць, задняя палова тулава, узброеная суцэльным доўгім плаўніком. А калі ахвяра аказваецца дастаткова дужай, сом, рэзка развярнуўшыся, наносіць моцны ўдар па ёй сваім плёскам і тым самым аглушае рыбіну, пасля чаго яна ўжо становіцца для яго зусім лёгкай здабычай.
. На дробную ж здабычу самы палююць інакш. Яны выходзяць з рэчышча на водмелі і становяцца дзе-небудзь пад бераг, дзе шнырыць мноства малявак і дробных часціковых рыб. Сом ляжыць ціха і нерухома, прыадкрыўшы шырокую пашчу, марудна назірае, як на мелкаводдзі снуюць ёршыкі, плоткі і верхаводкі. І калі тыя падплываюць зусім блізка, сом са свістам уцягвае ў сябе вялізную колькасць вады, захопліваючы ўтвораным вірам да дзесятка няўдачлівых рыбак, што імгненна гінуць, так нечакана апынуўшыся ў гэтай страхотнай пашчы.
Добра пад’еўшы, старыя самы адпачываюць, выплываючы на паверхню вады і перакуліўшыся дагары. Толькі час ад часу пабліскваюць пад сонечнымі промнямі іх бледна-ружовыя ці белыя жываты — самы, як выказваюцца рыбаловы, “распарваюць цёшку”. Ды іншы раз яшчэ нагадваюць аб сваёй прысутнасці гучным квахтаннем.
Маладыя самы пакуль што таксама трымаюцца тых жа мясцін, паблізу ад дарослых, пераймаючы ў іх усе прамудрасці складанага самастойнага жыцця.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Соміку дастаецца на “арэхі”.— Новая сям’я бацькі.— Свой дом.— Ахова ікры.— Бацька падабрэў.— Зноў пакатныя самы.
Гледзячы на дарослых, маладняк выпрабоўваў розныя варыянты палявання, падгледзеўшы і ўпадабаўшы найбольш цікавыя і зручныя для іх, а галоўнае — больш выніковыя.
Але калі надышоў час нерасту, дарослыя самы адразу сталі агрэсіўнымі і ўжо не падпускалі падрослы маладняк да сябе, балюча б’ючы іх хвастамі. А калі аднагадовым ці двухгадовым “нахабнікам” удавалася наблізіцца спераду, то ў справу ішлі нават вострыя сомавыя зубы.
Нашаму соміку таксама не на жарт дасталося ад бацькі. Сомік нават моцна пакрыўдзіўся і, не разумеючы, у чым тут справа, усё ж палічыў за лепшае трымацца ад вялікага сома чым далей. Ён плаваў з гэтага часу ўжо на дапушчальнай адлегласці, самастойна карміўся і наглядаў за паводзінамі свайго бацькі, спрабуючы зразумець прычыну яго няветлівасці.
І чым далей, тым больш небяспечнымі станавіліся дарослыя самы. Яны былі настолькі злымі і раз’юшанымі, што, здаецца, не адчувалі ўжо ніякай розніцы ў сваіх паводзінах, хто б перад імі не быў — ці то зусім чужая рыба іншай пароды, ці то свой блізкі родзіч, нават яго ўласны сын ці дачка.
Але іх можна было зразумець. Падыходзіў час, калі ўслед за іншымі рыбамі самы павінны былі паклапаціцца аб сваёй будычыні, даць як мага болей патомства, якое далёка не ўсё выжыве ў суровых умовах жорсткай барацьбы за існаванне ў дзікай прыродзе.
Сомік здалёк бачыў, што ў ягонага бацькі з’явілася новая сяброўка. А маці і наогул не бачыў і не ведаў, куды падзелася. Цяпер уся ўвага старога сома была сканцэнтравана на чужой для соміка асобе. Шлях да бацькі ў выніку, зразумела, быў канчаткова адрэзаны. Сомік балюча перажываў нечаканую страту і сумна яму станавілася, але што ж тут паробіш — відаць, так суджана лёсам. І ўсё ж падросшае дзіцяня не траціла канчаткова надзею і палічыла патрэбным пакуль што лішне далёка не адплываць — ці мала што можа перамяніцца ў гэтым складаным, напоўненым незразумелымі з’явамі і нечаканасцямі свеце?
Па ўсім было бачна, што наноў створаная сям’я
бацькі жыла ў згодзе, нават у вялікай дружбе. Стары сом, праўда, вёў нейкую дагэтуль не ўласцівую яму дваякую гульню, а правільней — дваякае жыццё. To станавіўся да немагчымага страшэнным і раз’юшаным, маленькія вочкі варожа бліскалі ўнутранай злосцю, калі хто-небудзь дазваляў сабе наблізіцца да месца іх знаходжання. І ён без літасці пускаў у ход вострыя зубы, раўніва ахоўваючы выбраны ім участак. To раптоўна расплываўся ў клопаце і пяшчоце, выпісваючы перад новай сяброўкай марудныя віражы, дэманструючы свой давер і павагу.
Сяброўка адказвала яму згодай і паразуменнем. Яны ціха плавалі ў аблюбаваным месцы, час ад часу павялічваючы хуткасць, велічна і паказальна праплываючы адзін перад адным, тым самым дэманструючы сваю, зразумелую толькі ім, прыгажосць. Так прадаўжалася дні тры і закончылася тым, што сом, ахоплены сямейнымі клопатамі, пачаў будаваць часовы сямейны дом. Бо якая ж гэта сям’я без дома!
Праўда, дом той аказаўся надта прымітыўным, і адразу можна было меркаваць, што разлічаны ён не на доўгае карыстанне. Але ж у іншых рыб і такога няма.
Для яго сом выбраў ціхую прамоіну, акружаную вакол таплякамі-карчамі, і адразу, напружана рыючыся на дне, пачаў раскопваць у пяску шырокую ямку. Выбраная прамоіна знаходзілася ў прыбярэжнай зоне, таму мяккі грунт дазваляў без цяжкасці выкапаць глыбокі равок.
У дадатак да працы падключылася самка. Яна абвяла выкапаную ямку-пляцоўку яшчэ і невысокімі грудкамі, якія, злучыўшыся адзін з другім, утварылі сапраўдны суцэльны вал з пяску і глею, змацаваны ўплеценай туды расліннасцю, ракавінкамі, кавалачкамі карэнішчаў і сцяблін.
Вада да гэтага часу добра прагрэлася, яе тэмпература цяпер, як нельга лепш, спрыяла правядзенню нерасту. Самка апусцілася на дно выкапанай ямкі, яшчэ раз ачысціла донную пляцоўку ад нанесенага цячэннем смецця і прама па ўсёй пясчана-
галечнай разроўненай паверхні выклала мноства дастаткова вялікіх ікрынак. На гэтым яе мацярынскія клопаты пакуль што былі скончаны, а ўвесь цяжар аховы будучага патомства ўзяў на сябе сомбацька. Доўгія тры дні і тры ночы не зрушыўся ён з таго месца, ахоўваючы ікру ад ласых на яе драпежнікаў — акуня, ярша, стронгі. Зноў жа аплодненую ікру магло вымыць вадою, вынесці на пойму, дзе яна лёгка загінула б. Тады безліч маленькіх лічынак-рыбак не вылупіліся б зусім.
Клопаты бацькі аказаліся далёка не дарэмнымі. Хутка вялікія ікрынкі самі па сабе пачалі рухацца, пераварочвацца. А пасля гэтак жа, як кураня з яечка, з іх адна за адной вылупіліся жывыя істоты, не што іншае, як маладыя сомікі.
Паводзіны дарослых самоў пасля гэтага сталі прыкметна мяняцца. Паступова знікла ў іх тая незразумелая агрэсіўнасць, асабліва ў адносінах да сваіх суродзічаў. Хутка і сомік змог беспакарана наблізіцца да суправаджаемай дарослым сомам чародкі і нават уступаць у кантакт з бацькам. Гэта яго шчыра ўзрадавала, і хоць ужо без асаблівых цяжкасцей можна было жыць і асобна, ён зусім яшчэ быў малады і яго, вядома, вабіла да бацькавай ласкі.
Стары сом, між тым, выканаўшы свае вясновыя абавязкі, распачаў зваротную вандроўку да свайго папярэдняга месца жыхарства. Услед за ім рухалася ўся чародка маладзенькіх драбнюткіх сомікаў. Да яе паступова далучаліся пярэзімкі і самы другога года нараджэння — уся шматлікая сям’я зноў аб’ядноўвалася ў агульны дружны кагал, пераходзіла пад надзейную бацькаву апеку. Зноў можна было гуртам пляскацца, адпачываць, паляваць разам ці паасобку, ніхто ні ў чым цябе не прымушаў, а ў кампаніі было ўсё ж весялей.
Праз некалькі дзён масава павалілі ўніз па цячэнні шматлікія касякі пакатнога сома. Аднераставаўшы ў вярхоўі ракі і вывеўшы тут патомства, яны разам з маляўкамі імкнуліся цяпер да доўгачаканага мора — сваёй сапраўднай стыхіі, пакідаючы
месцы вясновай вандроўкі, звязанай з перыядам нерасту. Чаму не адкладвалі ікру яны там, унізе, хай не прама ў моры, дзе вада саланаватая і, можа, не прыгодная для развіцця ікры жыхароў прэсных вадаёмаў, а хоць бы ў рацэ, дзе-небудзь бліжэй да будучага месца нагулу — угоддзі ж там зусім не горшыя? Хто іх ведае. Кожны кулік, кажуць, сваё балота любіць. Вось і імкнуцца спрадвечныя вандроўнікі хоць бы вялікае таінства прыроды правесці ў родных мясцінах — можа, тады і ў патомства цяга да тых мясцін застанецца?
На шляхах міграцыі пакатному сому патрабавалася шмат ежы. Таму карэнным жыхарам вадаёмаў прыходзілася злёгку падцягнуць жываты. I яны суправаджалі няпрошаных бадзяг незадаволенымі позіркамі і часам “агрызаліся” ў іх адрас, чакалі, калі скончыцца іх масавы пераход з вярхоўяў ракі. Часовыя прышэльцы вялі сябе больш стрымана. Што зробіш — з гаспадарамі спрачацца нельга. У моры адчуваеш больш упэўнена, амаль як у сябе дома, а тут цябе ўжо і за сваяка не лічаць. Што ж, прырода таксама бывае не справядлівая да сваіх жыхароў, далёка не заўсёды роўнымі правамі сваіх дзяцей надзяляе. Ды тыя не скардзяцца — згаджаюцца і прыстасоўваюцца.
Перыяд гэты, праўда, заняў не асабліва многа часу. Пакатны сом знік гэтак жа рэзка і адразу, як і з’явіўся, і абарыгены адчулі для сябе прастор і волю. Зноў уся мясцовая стыхія належала ім і ўвесь далейшы клопат зводзіўся да асабістых патрэб.
Драбнюткая малышня трымалася паблізу бацькоў, пастаянна знаходзячыся пад іх апекай. Пярэзімкі і двухгадовыя самы большай часткай вялі самастойнае жыццё, толькі час ад часу наведва. ючыся да рбдзічаў. Самы ж болып сталага ўзросту назаўсёды пакінулі былыя сем’і, а многія ўжо наважваліся абзавесціся сваімі. А хто яшчэ і не думаў пра гэта, дык набываў недабраную сталасць, выкарыстоўваючы для гэтага выпрабаваны прыём узмоцненага харчавання.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Вусікі падраслі.— Небяспечны карась.—
Дзікуны на прыродзе.— Нечаканае выратаванне.— Загойванне ран.— Страх пакрысе праходзіць.
Час ішоў, і нічога незвычайнага пакуль што не адбывалася. У паўсядзённых гульнях, клопатах аб здабыванні корму і іншых звыклых турботах праходзіў дзень за днём. Вясна, як заўсёды, змянілася сонечным гарачым летам. Лета таксама прайшло само сабой, багата падкарміўшы тых, хто не быў лянівым, мноствам каларыйнай жывой ежы. І калі восень зноў дыхнула непрыязным холадам і вымусіла большасць рыб і іншую водную жыўнасць адправіцца на “зімовыя кватэры”, нашага соміка было ўжо не пазнаць.