У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Вага яго была прыкладна ў межах кілаграма і сам ён ужо нічым знешне не адрозніваўся ад дарослых самоў, затое рэзка выдзяляўся з мноства іншых парод рыб. Цела яго яшчэ болей сплюснулася ў вертыкальным напрамку, набылі непрапарцыянальна пераўзыходзячую звыклыя памеры велічыню анальны і хваставы плаўнікі. Выразнейшым стала адрозненне ў афарбоўцы верхняй і ніжняй частак цела. Верхняя частка спіны яшчэ болей пацямнела, набыла характэрны гэтым рыбам буры адліў, часам з лёгкім чаргаваннем цёмных, зусім чорных участкаў і больш светлых, няправільнай формы палос і плямаў. Толькі бакі заставаліся бялейшымі з дамешкам залёных і нават блакітных фарбаў, надаючы рыбіне дадатковую загадкавасць.
Бакавыя чырванаватыя вусікі на верхняй скроні прыкметна падоўжыліся і ператварыліся ў доўгія чэрвепадобныя адросткі. Цяпер дзівосную незвычайнасць выгляду соміка надавалі яшчэ і дзве пары больш кароткіх, таксама чэрвепадобных адросткаў на ніжняй губе.
А вось ніжняя частка цела стала зусім белай, быццам выпацкаў яе сомік вапнай, калі цёрся на вапняках ці незнарок пляснуўся на разлітую фарбу. Так што х>ць памерамі сомік яшчэ моцна ўсту-
паў мноству вялікіх самоў, тым не менш ён ужо меў выгляд дарослых сваіх родзічаў і не без падстаў ганарыўся гэтым.
Сфарміраваўшыся ў статнага соміка, адправіўся ён на другую ў сваім жыцці зімоўку. Гэтак жа, як і ў мінулы раз, без асаблівых прыгод перачакаў, закапаўшыся на дне, зімовы час і гэтак жа, як і мінулай вясною, прачнуўся, калі адчуў багаты прыліў свежай талай і дажджавой вады і зноў перайшоў да актыўнага спосабу жыцця.
На гэты раз сомік ужо не спрабаваў шукаць месца ў бацькавай кампаніі, як летась, бо ведаў, што ў таго цяпер зусім іншыя клопаты, і, аддаліўшыся ад чародкі, падаўся гуляць адзін.
Вакол яго даверліва праплывалі іншыя самы блізкіх яму памераў, чынна ўступалі дарогу касякі плотак, карасёў і нават галаўнёў. Па ўсім адчувалася, што соміка пабойваліся, а калі і не пабойваліся, то адносіліся да яго з павагай.
Корму навокал хапала, і не трэба было абцяжарваць сябе выседжваннем у сховах ды паляваць з засады. Вясновы разліў прынёс з поймы мноства загінуўшай у паводку рыбы, жабаў і нават наземных жывёлін — мышэй і пацукоў. А сомік зусім не грэбаваў гэткай ежай, прыносячы, быццам той санітар, вялікую карысць чалавеку, ды мо ці ведаў аб тым у сваю чаргу і чалавек.
Неяк сомік, будучы лішне ўпэўнены ў сваіх сілах і асабістай бяспецы, з прагнасцю накінуўся на цэлую прыгаршчу нежывых карасёў, што невядома чаму збіліся ў адным месцы. Шчоўкнуўшы па чарзе першага і другога, ён маланкава хапіў і трэццяга, зусім не звярнуўшы ўвагу на ледзь прыкметную нітачку, што цягнулася ад таго дзесьці наверх; кавалак ніткавай водарасці ці яшчэ што, хіба гэта яму перашкода — дробязь адна.
Трэці карасік быў дастаткова вялікі, і соміку было неспадручна адразу яго заглынуць. Таму ён толькі напалову захапіў яго ротам і спрабаваў першапачаткова расцерці, каб пасля без цяжкасці праглынуць часткамі. На ўнутраных баках яго сківіц
ужо адраслі невялікія, але востранькія зубкі, утварыўшы там суцэльную шчотку, з дапамогай якой можна было паспяхова перажоўваць корм. Сомік і прыбегнуў да дапамогі свайго складанага ротавага апарата.
Цярнуў карася раз — з таго толькі луска нааблушчвалася, цярнуў другі, але слізкая скура была дастаткова моцнай на разрыў. Тады ён заглынуў карасіка крыху глыбей і мацней сціснуў сківіцы. У гэты час сомік нечакана адчуў востры боль і спалохана паспяшаўся выплюнуць рыбіну. Тая не выплёўвалася, і адначасова было чутна, што ў верхняй губе зачапіўся нейкі іншародны прадмет, які востра і балюча калоўся. Сомік рашуча страпянуўся, спрабуючы пазбавіцца гэтай брыды, але ў губе кальнула яшчэ мацней, і прама перад вокам праз скуру вылезла наверх вострае з шырокаю пяткаю жала.
Сомік, яшчэ больш напалоханы, трапятаўся, кідаўся ў розныя бакі, спрабуючы знайсці ратунак ад незразумелага небяспечнага прадмета. Пазбавіцца ад такой заразы было практычна немагчыма. Моцны загнуты металічны кручок, прапароўшы навылет верхнюю губу, не разгінаўся, а сарвацца з яго перашкаджала вострае, як іголка, жала.
У наступны момант нехта наверсе тузануў навязаны кручок за нітачку, падцягваючы соміка ўверх. Сомік упёрся, не зважаючы на боль і кроў з раны, ірвануўся назад, спрабуючы абарваць тонкую нітку. Але зусім нечакана для яго тая не парвалася, аказаўшыся неймаверна моцнай, чаго ўжо наогул сомік ніяк не чакаў.
А нітка нацягвалася мацней і мацней. Соміка, які трапятаўся і супраціўляўся з усіх сіл, настойліва цягнулі па донным пяску, усё бліжэй і бліжэй падцягваючы да берага. Вакол сябра, што трапіў у бяду, замітусіліся яго знаёмыя, але якой-небудзь практычнай дапамогі аказаць яму тым не меней не маглі. Нечаканая пагібель набліжалася з кожнай хвілінай. 3 вачэй пакаціліся слёзы. Супраціўленне станавілася дарэмным.
Звычайна старыя самы даюць свайму маладня-
ку цэлую навуку аб тым, як зберагчыся, каб не папасціся на падманку рыбакоў, а ўжо калі папаўся, то якім чынам выратавацца з бяды. Але гэтая рачная затока знаходзілася ў настолькі глухім пушчанскім лесе, што жыхары аддаленых навакольных вёсак, здавалася, забыліся пра яе, і ніхто з рыбакоў ужо даўно сюды не наведваўся. У бліжэйшых жа паселішчах засталіся адны бабулі, якія рыбалкай наогул ніколі не займаліся, ды састарэлы дзед Яўхім, які хоць і разбіраўся ў рыбе, але даўно закінуў на вышкі вуды, бо быў шчырым і адданым шаноўнікам прыроды. Некалі ў маладосці ён досыць удала вудзіў рыбу, а цяпер адварочвалася ад гэтага ягоная рука. Сам дакараў людзей за тое, што забрудзілі без меры вадаёмы, атруцілі ваду, таму са знявагай адносіўся да рыбалкі, каб хоць той рыбе, што засталася, даць волю.
Так што самоў у гэтых мясцінах даўно ніхто не турбаваў. А адсутнасць небяспекі, як вядома, вядзе да страты асцярожнасці. Так яно здарылася і ў нашым выпадку. He чакаючы бяды з боку рыбаловаў, старыя самы забыліся навучыць сваіх нашчадкаў асцярожнасці. А небяспека быццам таго і чакала.
Гэта маладыя валацугі-“турысты”, невялікі гурт сумніцельных паводзін юнакоў і дзяўчат, вырваліся з горада далей ад вока людскога, каб пацешыцца на раздоллі ды прапаласкаць горла горкімі напіткамі.
І менавіта з іх гурту, будучы пад чаркай, адзін “аматар прыроды” вырашыў паспрабаваць шчасця ў рыбнай лоўлі. І не хвалярала яго, што сом занесены ў Чырвоную кнігу і што быў якраз перыяд нерасту, калі ўсялякая лоўля рыбы паўсюдна забараняецца. Самаўпэўнены, зухаваты па натуры, выхваляючыся перад шумным зборышчам, дзікун захацеў паласавацца дармовай юшкай. І хоць быў той “турыст” рыбак так сабе, ды соміка, відаць, падвяла празмерная прага да здабычы і само сабой — нявопытнасць, адсутнасць папярэдняй практыкі ў сустрэчах з рыбаловамі.
У наступную хвіліну лёска яшчэ мацней напру-
жылася, здаецца, нават зазвінела ў гучнай вясновай вадзе, абуджанай доўгачаканым цяплом, калі ўсё навокал напоўнілася радасцю і весялосцю. I пагібель у гэткую пару выглядала сапраўдным глупствам, іншая справа, калі ў сапраўднай бойцы з роўным сапернікам сумленна і справядліва можна памерацца сілай і спрытам без хітра затоеных вострых калючак.
Пры чарговым рыўку бездапаможнага соміка падцягнулі да берага яшчэ бліжэй. Цяпер усё цела пранізваў жорсткі боль. Але сомік яго ўжо, здаецца, не заўважаў. Гаслі самыя апошнія надзеі. Hi ўчапіцца няма за што, ні дачакацца паратунку з боку.
Ой, як не хапала ў гэтым становішчы спецыяльнай навукі, якую яму так і не давялося своечасова прайсці. Ведаючы пэўныя сакрэты, наколаты сом, вядома, здолеў бы сарвацца з кручка ці ўдарам хваста збіць насадку. Хоць паранены, але выбраўся б з бяды. Каго цяпер вінаваціць у заўчаснай пагібелі?
Сомік яшчэ раз паспрабаваў працівіцца, у кальцо сагнуў свой шырокі плёск, што дазволіла яму так моцна ўперціся, быццам ён урос у пясчанае дно, і любому каштавала б вялікага намагання, каб зрушыць яго з месца. Але чалавек пераўзыходзіў яго па сіле. І, не збіраючыся болей гуляць з рыбінай у хованкі, дзікун рашуча і парывіста пацягнуў лёску да сябе, каб закончыць непатрэбнае спаборніцтва.
Цяпер лёска зазвінела ўжо літаральна, з паўметра працягнула зняможанага соміка па грунце, але ў апошні момант маладая і яшчэ пяшчотная губа яго не вытрымала. Уеўшыся ў мяса, тонкі кручок прарэзаў губу і, ірвануты нацягнутай лёскай, са свістам апісаў дугу ў паветры і ўпаў прама да ног разгубленага рыбалова.
Сомік жа як мага хутчэй адскочыў ад берага, дасягнуў выратавальнай глыбіні і, даўшы працяглага нырца, зусім з другога боку апынуўся на дне знаёмай вялікай затокі.
Перапалоханы да паўсмерці і не верачы пакуль што ў нечаканае выратаванне, ён забіўся пад вялікі
корч, доўга не збіраючыся выбірацца адтуль. Балюча пякла глыбока парваная губа. Пякла і скура па ўсёй ніжняй палове цела, моцна падрапаная ў час валтузні аб вымытую гальку і шурпаты прыбярэжны жвір.
3 раны вадою вымывалася кроў. Расплываючыся, яна ўтварала перад вачыма суцэльнае воблака бура-чырвонай суспензіі, бачыць якую станавілася яшчэ больш балюча і агідна. І страх па-ранейшаму не праходзіў, усё цела сціскалі непрыемныя дрыготкі, што, нібы хвалі, міжволі прабягалі па целу, як адгалоскі таго самага отраху.
Але страх гэты быў усё ж іншым, не параўнальны з тым, што прыйшлося перажыць соміку. І цяпер трэба было супакоіцца, набрацца сілы. Жывы ўсё ж застаўся, і за тое дзякуй Богу. A то мог бы ўжо вісець дзе-небудзь у хлевушку пад бэлькай ці пайсці на юшку турыстам.
Перапуду, аднак, хапіла надоўга. Быццам і небяспека даўно прайшла, і плавалі побач спакойна суродзічы і іншыя нікім не палоханыя рыбы, ды і сам сомік разумеў, што цяпер яму нічога не пагражае, а ўсё ж нейкая ўнутраная сіла стрымлівала яго і не давала рашучасці выплысці са сховішча. Развагі ў галаве змяняліся адна за адной, ад кожнага пабочнага гуку сомік уздрыгваў і не вылазіў з ямкі, асцерагаючыся новага страхоцця.
Больш сутак прасядзеў сомік пад карчом, не рызыкуючы высунуцца. І толькі калі прайшоў яшчэ і другі дзень і даў ведаць аб сабе вечар, ахінаючы вадзяную бездань густым змрокам, сомік асцярожна рызыкнуў выплысці на шырокую ваду і адчуць сябе больш раскавана.
Губа даўно перастала крываточыць, рана паступова заплыла густым падскурным тлушчам, не дапускаючы пападання ў яе інфекцыі і паскараючы гаючы эфект.