У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Аб развітанні з жыццём ён асабліва не смуткаваў. Пражыў жа на свеце дастаткова, пазнаў і радасцей, і турбот, і гора. Усяго хапіла. Ды шкада ж было гінуць па глупству, калі быў да гэтага самым дужым і паважаным у бліжэйшых вірах — сапраўдны гаспадар таямнічай бездані. Да таго ж і са шчупаком сустрэцца напаследак не давялося.
Наступіла ноч. Болі ў жываце паступова чамусьці знікалі. Цела станавілася непаваротлівым і цяжкім, незразумелая вяласць і знямога расцякаліся па ім. 3 кожнай хвілінай сом слабеў і слабеў, не заўважаў нічога, жыццёвыя сілы пакідалі некалі магутны і моцны арганізм.
А калі наступіла раніца, былы ўладар таямнічых віроў быў ужо зусім слабы і сустракаў, мабыць, апошнюю свежую раніцу ў сваім жыцці.
Сабраўшы апошнія сілы, ён узняўся са дна, спрабуючы ў апошні раз выплыць на паверхню, быццам хацеў развітацца з сонцам і небам, з усім тым
светам, на якім пражыў ён гэткае прац,яглае, напоўненае мноствам уражанняў жыццё. Ён аглянуўся на месца, дзе толькі што ляжаў, і яму стала яшчэ горай ад убачанага. Донны пясок зрабіўся чорны ад вялікай колькасці крыві, што насыціла яго і згусткамі запяклася на каменнях.
„ Усё ж з вялікімі намаганнямі ўдалося ўсплыць. Ён апошні раз агледзеў наваколле, вяла паварушыў губамі, што ўжо слаба слухаліся яго, і збіраўся зрабіць апошні нырок назад, каб у перадсмяротных канвульсіях залегчы ў бездані пад карчамі.
Але тут сом заўважыў старога знаёмага — разбойніка-шчупака, які прытаіўся збоку. Ён заднім плаўніком зачапіўся за пакінутую рыбакамі сетку і цяпер замёр нерухома, спрабуючы быць незаўважаным. Пры выглядзе драпежніка ў сома невядома скуль узяліся дадатковыя сілы, і ён, не разважаючы, кінуўся на шчупака. Той, спалоханы немінучай сустрэчай з плямістым волатам, ірвануўся ўбок, затым уперад, нечакана для самога сябе вырваўся з пасткі. Але ў адзін момант амаль трэць пярэдняй паловы яго цела разам з галавою патанулі ў шырачэзнай пашчы.
Мярцвеючы, скроні сома самкнуліся ў бязлітаснай жалезнай хватцы і імгненна пачалі застываць у смяротнай нерухомасці. І ўжо не суджана было, ды і не хапала сілы, расціснуць іх. Масіўнае, нерухомае тулава бервяном апусцілася на дно, зацягнуўшы разам з сабою віноўніка гібелі свайго лепшага сябра.
Апошнія спробы шчупака вызваліцца былі дарэмнымі. На самых завяршальных хвілінах жыцця плямісты волат сумеў-такі звесці рахункі з разбойнікам, на месцы наладзіўшы яму магілу. Так і адышоў наш сом з жыцця, будучы ўсё ж непераможным гаспадаром таямнічых віроў.
На воўчых сцежках
Ваўкі на гэты раз з’явіліся нечакана... Хоць раней мясцовым жыхарам часцяком даводзілася сутыкацца з імі. У пачатку саракавых гадоў, калі на шматпакутнай зямлі тутэйшага краю ў які ўжо раз палала вайна, наваколле дрыжэла ад цяжкіх выбухаў бомб і артылерыйскіх снарадаў, што рвалі зямлю і секлі асколкамі дрэвы, не засталіся некранутымі нават самыя дрымучыя лясныя глыбінкі. Іншы раз і страшэнныя лясныя пажары аблізвалі гушчары ружовымі языкамі злавеснага полымя. У вайну, пазбавіўшыся ціхага прытулку, ваўкі выйшлі з лясоў і ў пошуках ежы наведваліся на хутары і ў вёскі, каб напасці на хатнюю жывёлу, паласавацца ўкрадзенай курыцай ці важкім індыкам. Яны амаль не баяліся людзей, нахабна прарэджвалі статкі сялянскай скаціны, палохалі вясковую дзетвару.
Памятаю^ дзед расказваў, што неяк мой хросны бацька Кастусь Мазалевіч (быў ён тады яшчэ падлеткам), убачыўшы ваўка, якізабег у статак авечак, падумаў, што гэта сабака. Ён не разумеў, чаму ■ сабака ўхапіў і не хацеў адпускаць ад сябе авечку.
Хлопчык, у якога пад рукамі нічога не было больш, здзёр з галавы шапку і што было моцы стаў біць ёй па звар’яцелым сабаку, затым схапіў авечку абедзвюма рукамі і прыцягнуў яе ў статак. Так і тузаліся яны — хлопчык і воўк, адзін — спрабуючы ўтрымаць авечку, другі — авалодаць лёгкай здабычай. На шчасце, своечасова падбеглі вяскоўцы, і воўк, пакінуўшы ахвяру і ашчэрваючыся, паціху пабег у лес.
Але з той пары прайшло больш дзесятка гадоў.
Вясновыя паводкавыя воды змылі грудкі, занеслі глеем ямы, ажылі лясныя і садовыя дрэвы, зарубцаваліся шрамамі раны на іх кары. Жыццё ўжо ўвайшло ў звыклае рэчышча са сваімі паўсядзённымі радасцямі і турботамі. Апошніх было, вядома, больш, але наша хутарское насельніцтва, што з дзяцінства прывыкла да працы, не скардзілася на свой нялёгкі лёс. Людзі з ранку да вечара рупліва працавалі ў полі, а астатак працяглага дня завіхаліся на прысядзібных участках, дзе раслі бульба і агуркі, морква і цыбуля — усё тое, што складала аснову іх хатняга рацыёну разам з прырэзанай курыцай, збаночкам малака ад уласнай каровы ды заколатым пад Каляды невялікім падсвінкам, бо заработкі ў той час былі, што і казаць, нікчэмныя.
І толькі зімою, калі маразы трывала скоўвалі вільготную зямлю і яна, захінуўшыся ў белую снегавую коўдру, надоўга адыходзіла да свайго маўклівага адпачынку, надараўся час перадыхнуць селяніну.
Зімовыя клопаты на калгасным двары ды нарыхтоўка дроў для сябе здаваліся яму лёгкай забаўкай, калі параўнаць з летняй напружанай працай ад цямна да цямна пад спёкай перагрэтага сонца. Пакарміць жа скаціну духмяным, сваімі рукамі нарыхтаваным сенам, падаіць карову ды палюбавацца ўласным тлустым парасём, якое падрастала ў хляве,— ці гэта не надае гаспадару настрою?
Так ці не так, але міналі дні, месяцы. Марозныя снежныя зімы змяняліся паводкамі, якія шырока разліваліся ўвесну, шчодрымі днямі ўраджайнага лета, затым пераходзілі паступова ў пару раскіслай асенняй цішыні і зноў акружалі чалавека стылым спакоем кароткіх зімовых дзён і доўгіх марозных начэй. Гады незаўважна, але шпарка беглі адзін за другім. Некаторыя эпізоды з пражытага паступова сціраліся з памяці ці проста адыходзілі на задні план.
Забыліся хутаране і пра ваўкоў. Можа, не тое каб зусім забыліся,. але паколькі ваўкі больш не
нападалі на хатнюю жывёлу, а па начах не казыталі вушы іх нема выючыя адгалоскі, дык і ўспаміналі пра іх рэдка — не было падстаў гаварыць пра гэта. Толькі калі-нікалі даўнія ўспаміны відавочцаў уражвалі прысутных, выплёскваліся красамоўнымі здзіўляючымі споведзямі, калі і праўдзівымі, а калі і з добрай доляй фантазіі і зману.
Нешта падобнае адбылося і на гэты раз.
Аднойчы зімовым познім вечарам, звыклым кругам сваёй сям’і, мы як заўжды сядзелі за невялічкім дубовым сталом, які змайстраваў бацька, як толькі ажаніўся і аддзяліліся ад сваёй радні. Каб стол гэты быў жывы, ён, вядома, меў бы права на гонар. За ім з першых часін сумеснага жыцця елі мае бацькі, ён частаваў чым мог сястру Валю і брата Жоржыка, што з’явіліся на свет'раней за мяне. Спачатку ён выконваў свой пачэсны абавязак у адгароджаным дошкамі адсеку, дзе даводзілася часова жыць, затым стол перабраўся ў недабудаваны трысцен, a пасля ўжо заняў пачэснае месца на кухні нашай уласнай хутарскай хаты, якую ад бервяна да падмурка, ад акна да дзвярэй ад няхітрай хатняй мэблі да шырокай утульнай печы змайстраваў сваімі рукамі бацька.
Вячэра абяцала быць смачнай. Яе прыцягальны пах вабіў да стала і сам сабою прымусіў успомніць, што ўжо заканчваўся перадкалядны пост і разам з яго провадамі адзначалася куцця, а па звычках у такі вечар акрамя іншага небагатага ласунку на стол падавалася тоўчанае льняное семя з адваранай у “мундзірах” бульбай і кіслым малаком. І не спяшайцеся камырдзіцца, калі не спрабавалі гэтую страву. Нават у наш час, калі ў кожным доме дастатак і застоллі робяць, што і казаць, багатыя, пачастунак гэты, бадай што, прыйшоўся б даспадобы большасці гасцей. Бяда толькі, што за дастаткам і бестурботнасцю жыцця мы незаслужана забыліся пра яго. Куды прасцей кінуць на патэльню кавалак купленага ў магазіне мяса ці расфасаваны фарш — і гатова смажанка ці катлета. Але забылі відаць дарэмна і зусім без падстаў.
Канешне, і клопатаў тут больш. Семя трэба старанна высушыць, ачысціць ад пацярухі, прамыць і зноў прасушыць. Затым семя прышчаць на сухой разагрэтай патэльні, а пасля старанна таўкуць на “мукў” ў драўлянай ступе дубовым таўкачом. Растоўчанае такім чынам семя рассыпалі на льняным абрусе і мачалі ў яго абчышчаную тут жа за сталом гарачую бульбу, звараную ў лупінах. Паспрабуйце прыгатаваць, дык вы і сёння прызнаеце ўсе вартасці старажытнай стравы. А ў той час гэта і наогул быў вялікі далікатэс.
Пакуль маці завіхалася каля печы і накрывала на стол, бацька расказваў брату Жоржыку пра начныя выхадкі ваўкоў. Расказваў, як яны сустракалі ў полі адзінокіх людзей, што заблудзіліся ці проста позна вярталіся дадому, як суправаджалі іх да самых хат. Здараліся выпадкі і больш страшныя, калі галодныя ваўкі раздзіралі чалавека, пакідаючы ад яго толькі боты з адгрызенымі нагамі.
Мяне чамусьці асабліва ўразіла тое, што бацька казаў, нібы вочы ў ваўка ноччу свецяцца яркім святлом, як ліхтарыкі. Я звярнуў асабліва на гэта ўвагу, хоць быў яшчэ даволі малы і забаўляўся каля ложка са сваім любімым катом, кідаючы яму прывязаную да вяровачкі шпульку, а затым, адбіраючы яе, заліваўся нястрымным смехам, калі той стараўся ўхапіць яе лапкамі і не выпускаць. Але тым не менш я ўжо многае мог усвядоміць, відаць, была тая пара майго жыцця, калі ўсё ўбачанае і пачутае ў дзяцінстве надзейна застаецца ў памяці. Безумоўна гэта так, бо я даволі падрабязна памятаю мноЛя эпізоды той пары свайго жыцця, а наша хата, хутарскі двор, наваколле ўяўляюцца мне даволі выразна.
Дык вось, у той вечар, калі наша сям’я сабралася ў хаце і маці паклікала нас вячэраць, мне чамусьці захацелася пажартаваць.
— А вунь у акне два агеньчыкі бліснулі! — сказаў я.
Словы мае былі настолькі нечаканымі, што бацька перастаў есці і паглядзеў у акно. Але там ён нічога 122
не ўбачыў, строга паглядзеў на мяне і зноў прыняўся за вячэру. Незразумела было, як успрынялі мае словы астатнія, можа, падумалі, што жартую, a можа, палічылі, што мне падалося.
Але бываюць у жыцці супадзенні! А можа, чалавек проста прадчувае штосьці? Так гэта ці не, але праз некалькі хвілін на падвор’і гучна забрахаў наш сабака Рэпко. Брэх быў нейкі незвычайны, неўласціва гучны і ў той жа час якісьці баязлівы. Потым ён стаў яшчэ больш моцны, залівісты. Перайшоўшы на пастаянную напружаную ноту, брэх на нейкі час завіс у вячэрняй цішы, але ненадоўга, і раптам пачаў аддаляцца ў бок глыбокага Папялышавага рова.