У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Разблытваючы след за следам, Кузьміч паступова ўявіў тое, што адбылося тут пад раніцу, ва ўсіх дробязях узнавіў малюнак драмы ляснога разбою.
У такіх выпадках рухі ваўка заўсёды да драбнюткасці вытанчаныя і дзесьці нават прыгожыя, да неверагоднасці разлічаныя: ён па-асабліваму напружаны, гатовы ў любы момант накінуцца на здабычу. Праўда, убачыць і паназіраць за спрытным драпежнікам у такі час шанцуе вельмі рэдка і далёка не кожнаму паляўнічаму.
Ды і не дзеля таго, каб пакрасавацца, выпісаў свае дзівосныя віражы важак. Нават самыя густыя ўчасткі лесу воўк пераадольваў бясшумна, мякка і надзіва дакладна. Нейкім таямнічым лясным ценем мільгануў ён у гушчары і, апісаўшы дугу, залёг якраз на тым месцы, дзе павінен быў ісці лось.
Тым часам ваўчыца, з зайздроснай кемлівасцю разлічыўшы час, пайшла па ласіным следзе, а ваўкіпераяркі рассыпаліся па абодва бакі, адразаючы ласю шлях да адыходу.
Лось, шукаючы паратунку, кінуўся наперад, але на яго шляху паўстаў мацёры драпежнік. Ён зрабіў вялізны скачок і ўпіўся вострымі, як брытва, зубамі ласю ў шыю, у самае лёгка ранімае і жыццёва небяспечнае месца, з перасечанай артэрыі струменем пырснула чырвоная густая кроў. У той жа момант з бакоў на лася накінуліся ваўкі-пераяркі. Яны пачалі люта рваць жывёліну. Ваўчыцы заставалася толькі далучыцца да гэтага.
He заўсёды, праўда, ваўкам удаецца так хутка і лёгка расправіцца з ласём. Здараецца, што стары магутны рагач адчайна супраціўляецца, нават сам пускаецца ў бойку. Бывае, лось трапным ударам вострага капыта рассякае патыліцу мацёраму ваўку, тады астатнія кідаюцца наўцёкі і толькі праз суткі ці двое асмельваюцца вярнуцца на тое месца, каб з’есці свайго забітага суродзіча.
Але гэты лось быў яшчэ малады, відаць, ён адбіўся ад статка, таму і стаў лёгкай здабычай воўчай зграі.
Паласаваўшыся свежым мясам, ваўкі патапталіся каля гэтага месца, не без задавальнення пакачаліся ў снезе і, адцягнуўшы пад выварацень дрэва і прысыпаўшы снегам рэшткі лася, накіраваліся да месца сваёй чарговай днёўкі.
Ішлі яны цяпер не так асцярожна, лена цягнулі абцяжараныя жываты. Відаць, хутчэй хацелі залегчы дзесьці ў гушчары, прытаміўшыся пасля доўтіх начных пераходаў, пасля палявання.
Кузьміч ведаў, што цяпер яны будуць некалькі дзён адлежвацца, а калі захочуць крыху пажывіцца, дык мяса ёсць яшчэ, яно — побач.
Ваўкі прайшлі яшчэ з кіламетр-другі, леглі на днёўку ў глухім старым лесе, сярод засыпанага снегам валежніку, на беразе невялікай лясной рэчкі, парослай густым хмызняком.
Але ў іх, нягледзячы на стому і прагу да салодкай сытай дрымоты, вядома, дзейнічаў інстынкт самазахавання. Залеглі яны каля завалаў перасохлага голля, прыціснуўшыся да яго і травы, якая вытыркалася з-пад снегу, так што іх шэрая, крыху
рыжаватая поўсць амаль злівалася з ёю і голлем. Калі б хто і падышоў нават зусім блізка, то наўрад ці змог бы адразу заўважыць ваўкоў.
А падысці да іх між тым наогул вельмі не проста.
Як толькі ваўкі ўладкаваліся і пачалі драмаць, адна з ваўчыц-пераярак крыху адышла ўбок і нібы застыла, навастрыўшы вушы. Сёння яна была вартавой. Міма яе чуйнага слыху не павінен праслізнуць ніякі старонні шолах ці гук, і калі толькі з’явіцца хоць якая небяспека, ваўчыца падасць знак астатнім — папярэдзіць зграю.
Варта было толькі лесніку наблізіцца да месца ваўчынай днёўкі на якога паўкіламетра, як ваўчыца ўзняла галаву, учуўшы нешта падазронае, імгненна падала знак зграі. Зграя, падняўшыся, нягледзячы на грузласць і стому, прабегла па лесе кіламетраў восем, цяпер ужо надзейна заблытаўшы сляды: шмат разоў саскоквала ўбок, двойчы пераходзіла адно і тое ж месца і ўжо тады, пасля мноства мудрагелістых хітрыкаў, залегла на днёўку, вядома, зноў выставіўшы вартавых.
Аднак гэта не збіла з панталыку Кузьміча, a толькі распаліла яго паляўнічы азарт. Ляснік і не разлічваў нечакана застаць ваўкоў на лежбішчы. Яму трэба было толькі высачыць іх, вызначыць іх найбольш верагоднае месца знаходжання, каб пасля падрыхтавацца як след да аблавы.
Старога не турбавала нават тое, што ён спудзіў ваўкоў і яны адышлі ад яго далёка. Ён добра ведаў, калі ў акрузе ваўкам хапае ёжы, то яны звычайна не затрымліваюцца ў адным і тым жа месцы. Яны робяць даволі частыя і далёкія вандроўкі, пастаянна мяняюць участкі сваіх набегаў на здабычу і месцы сваёй днёўкі. Але калі ваўкі панадзіліся ўжо куды-небудзь, то, нават нягледзячы на вялікія пераходы, яны праз некаторы час (звычайна гэта здараецца на чацвёртыя, пятыя, а то і на восьмыя суткі) зноў амаль абавязкова вяртаюцца ў тыя месцы.
Ім добра знаёмы гэтыя мясціны, можа — і хутчэй за ўсё, — і логава ў іх дзесьці побач. Ваўкі нібы
робяць невялікае падарожжа па наваколлі — па палетках, балотах і лясных масівах, цікуючы, куды можна будзе зноў наведацца праз нейкі час па здабычу. У часы такіх вандровак ваўкі наведваюцца і да чалавечага жылля. Яны то нападаюць на якога сабаку, што адышоўся ад дому, то падбіраюць на задворках выкінутыя свіныя трыбухі (у час калі свяжуюць вепрукоў), а часам частуюцца і здыхляцінай ля канюшняў або ля фермаў.
Зрабіўшы абход мясцовасці, ваўкі вяртаюцца назад і зноў праходзяць прыкладна па ранейшым маршруце ў каторы ўжо раз. Значыць, важна высачыць аднойчы тое месца, дзе ваўкі палююць, ці знайсці іх дзённыя лёжкі, не робячы там шкоды, каб можна было разлічваць пасля на сустрэчу з імі тут праз пяць—восем дзён.
Такія тонкасці ў паводзінах ваўкоў стары добра ведаў, менавіта гэту акалічнасць паставіў ён, як гавораць, на карту, рыхтуючы аблаву на шэрых разбойнікаў.
Пасля гэтага ранішняга лыжнага пераходу Кузьміч уявіў усё, што адбылося ў акрузе апошнім часам, і ў свядомасці пачалі ўзнікаць першыя рысы будучага плану аблавы.
Ен зноў праехаў па хутарах, прайшоў па вясковых хатах, наведаўся амаль да ўсіх паляўнічых і паведаміў кожнаму, а каго не застаў, дык прасіў наказаць, каб праз чатыры дні былі падрыхтаваны да палявання.
Стары параіў сялянам без справы не ацірацца ў лесе, каб не спужаць звяроў, не выклікаць лішняй падазронасці, сказаў, што хутка зноў з’явіцца, і накіраваўся дадому. Але і там дарэмна часу не траціў.
Дома Кузьміч перш за ўсё добра выспаўся, каб быць у форме, бо далёкая дарога стаміла паляўнічага, ды і гады давалі пра сябе знаць. Так што і адпачынак быў у гэтым выпадку як адно са складаючых агульнага мерапрыемства, а не проста згубай часу.
Затое назаўтра ўвесь дзень быў на нагах — з усёй
сур’ёзнасцю ён прыняўся рыхтавацца да палявання. Яму трэба было падрыхтаваць доўгі шпагат з начэпленымі на яго невялікімі шматкамі ярка-чырвонай тканіны (якая ж зімовая аблава на ваўкоў без сцяжкоў).
Трэба сказаць, ваўкі своеасабліва рэагуюць на чырвоныя сцяжкі. Гэтыя дзёрзкія і хітрыя звяры, якія на вачах у пастухоў крадуць авечак, смела забіраюцца ў аўчарню ці рэжуць у полі магутнага быка, усё ж не асмельваюцца перайсці лінію, дзе на звычайным шнуры начэплены кавалкі чырвонай матэрыі. Таму звычайна паляўнічыя, вызначыўшы месца лёжкі драпежнікаў, асцярожна абцягваюць яго сцяжкамі, як кажуць пра гэта — абкладваюць ваўкоў.
Такія ўчасткі могуць дасягнуць трох-чатырох кіламетраў у дыяметры. Дык вось, расцягнуўшы шнур, паляўнічыя звычайна недзе ў адным месцы сцяжкі здымаюць — робяць так званае “акно”, насупраць якога ўладкоўваецца стралковая лінія. Такіх “вокнаў” можа быць некалькі.
Загоншчыкі падымаюць ваўкоў з лёжкі, і тыя, не асмельваючыся падысці да нацягнутага шнура са сцяжкамі, імкнуцца ў свабодныя “вокны”, дзе і трапляюць пад стрэлы паляўнічых.
На першы погляд такое паляванне здаецца простым. Але гэта толькі пры павярхоўным знаёмстве. На самай жа справе яно куды больш складанае. Ваўкі, калі іх абкладуць, часта хітруюць, паводзяць сябе так, як ніхто не чакае, і нейкі раз выкідваюць “такія конікі”,— толькі дзівішся іх разважлівасці і кемлівасці.
Як бы там ні было, для паляўнічага галоўнае тут — своечасова абкласці звяроў, не даць ім выйсці з “зачараванага” кола раней тэрміну. Вось гэта ўжо даецца не проста, прыходзіць з вопытам і з гадамі.
Рыхтуючыся да палявання, Кузьміч выцягнуў з-пад страхі свірна некалькі козлікаў-катушак, якія схаваў там яшчэ мінулай вясной. На гэтыя катушкі і былі наматаны шнуры са сцяжкамі. Кузьміч старанна разабраў маткі, расцягнуў іх ад сцяны да
сцяны па хаце, потым ён моцна напаліў печ, каб адсырэлыя шнуры добра прасохлі і сталі лёгкія. У тых месцах, дзе сцяжкі не моцна трымаліся на шнуры, ляснік надзейна замацаваў іх трывалымі суравымі ніткамі. Тыя, што паднасіліся, парваліся і выцвілі ад часу, замяніў новымі, выразаўшы іх з кавалка чырвонай тканіны. Такім чынам, атрымалася некалькі доўгіх шнуроў па ўсёй даўжыні ўчэпленых яркімі агністымі сцяжкамі. “Чырвоныя язычкі” мацаваліся недалёка адзін ад другога, каб на расцягнутым шпагаце добра праглядваліся і стваралі “суцэльную загароджу”.
Затым Кузьміч зматаў на лёгкія драўляныя катушкі прасушаныя, адрамантаваныя і асцяжкаваныя шнуры, пры гэтым на адным канцы кожнага адрэзка завязаў шнур у невялікую пятлю, а на другіх прыладзіў зручны драўляны клячык. Зрабіў гэта ён для таго, каб, размотваючы і замацоўваючы сцяжковыя шнуры, не траціць многа часу... Вось, напрыклад, закончыўся адзін адрэзак шнура пятлёю, ты тут жа ўдзеў у яе клячык наступнага адрэзка — і раскідвай далей па кустах сцяжкі — хутка і зручна. А ў лесе, калі будзеш абкладваць ваўкоў, дзе кожная хвіліна дарагая — гэта ой як немалаважна.
Зрабіў Кузьміч і некалькі невялікіх вілачакматавілец з бярозавых рагацінак, на якія наматаў карацейшыя шнуры. Гэта на той выпадак, калі незнарок парушыцца які ўчастак абкладу і яго трэба будзе тэрмінова адрамантаваць, або ўзнікне неабходнасць хуценька асцяжкаваць новы.
Затым Кузьміч акуратна пачысціў сваю дванаццацікалібравую куркоўку, старанна выцер яе чыстым кавалкам паперы, потым вынес у сенцы, павесіў там на цвік, каб выветрыўся пах салідолу і драўніны. Пасля зверху яшчэ нацёр яе альховай карой.
Вельмі клапатліва набіваў стары патроны. Ён добра ведаў, што воўк жывучы. Як кажуць паляўнічыя, моцны на рану. Нават часам смяротна паранены, прашыты наскрозь некалькімі карцечынамі, звер праходзіць вялікія адлегласці, а калі здараец-
ца гэта вечарам, як пачынае цямнець, то наогул лічы, што страціў звера — уцячэ. Важна, каб у патронах былі вельмі надзейныя неадсырэлыя капсулі, каб зарад быў узмоцненым,— асабліва сухім порахам. Бо, крый Божа, асечка, можа, здарыцца, то другі стрэл зрабіць і не давядзецца. Нядбайнасць тут можа абрынуцца непамернай стратай, крыўднай, а часам і непапраўнай. Хоць локці тады сабе кусай — гэта ж табе не цецярук і не заяц.