• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Злёгку слабеючы, брэх звінеў і звінеў у стылым марозным паветры і добра быў чутны нават у хаце.
    Што гэта? Хто мог так устрывожыць сабаку? Ноч жа на дварэ. Усе людзі даўно ў хатах. Да бліжэйшага хутара ці не дзве вярсты...
    Раптам брэх абарваўся. Было чутна, што там, на вуліцы, ідзе нейкая барацьба — даносіліся прыглушаныя адгалоскі грызні, а потым сабака раптам заенчыў, нібыта яго раздзіралі на часткі ці працялі раскаленым жалезам.
    Бацька кінуўся надвор. За ім — брат і маці. Трохі пасядзеўшы, не апранаючыся і ведаючы, што атрымаю ад маці прачуханца, выбег надвор і я.
    Сабака ўжо не енчыў так жудасна, як раней, ён брахаў, як мне здалося, упэўнена і пагрозліва.
    Праз колькі часу знізу, з боку глыбокага рову, да хаты вярталіся бацька, брат і маці.
    — А ты чаго распрануты выскачыў? — убачыўшы мяне, пачала сварыцца маці.— Ану марш у хату! Прастудзішся во. Зноў керхаць будзеш!
    — Нічога, нічога. He крычы! — сказаў бацька.— Бачыш, ён і ваўка першы заўважыў. А мы тут спакойна сядзім, вушы развесілі,— думалі, жартуе.
    У руках ён трымаў вілы, брат жа нёс сякеру.
    Ашаломлены нечаканым здарэннем, гледзячы на іх, я нічога не разумеў.
    Яны зайшлі ў хату, упусцілі туды і сабаку.
    Усе былі ўзрушаныя, я зразумеў, што здарылася нешта нечаканае і важнае. Тады да мяне ўрэшце дайшло, што да хаты сапраўды прыходзіў воўк. Мабыць, заўважыўшы сабаку, ён паціху, каб не пачулі людзі, спрабаваў завабіць яго далей ад хаты, у равок. І, часткова дасягнуўшы мэты, перайшоў у атаку. Сабака адбіваўся, але дзе яму было справіцца з вялікім мацёрым воўкам... І, вядома, воўк адолеў бы нашага Рэпку, калі б своечасова бацька, брат і маці не выскачылі яму на падмогу. Убачыўшы людзей, воўк пакінуў сабаку, сігануў на процілеглы бок рова, і толькі адзін раз аглянуўшыся, падаўся, як ні ў чым не бывала, за горку.
    На гэтым начныя візіты ваўкоў не скончыліся. Праз колькі дзён шэрыя разбойнікі зноў ноччу з’явіліся ў наваколлі. Яны блукалі непадалёку ад нашага хутара, але блізка не падыходзілі.
    А потым стала вядома, што на адным хутары, які быў далёка ад нашага, ваўкі забраліся ў хлеў і зарэзалі там адзіную авечку гаспадара. Іх спрыту і кемлівасці пры гэтым можна было толькі здзіўляцца.
    Па вялізнай гурбе снегу ваўкі (адзін ці некалькі — невядома) забраліся на страху хлеўчыка. Сабакі гаспадар не меў, і папярэдзіць людзей аб блізкай небяспецы не было каму. Воўк разгроб у адным месцы саламяную страху, зрабіў у ёй акно, праз якое і трапіў у хлеў. Вядома, расправіцца з авечкай яму было няцяжка, але здзіўляла іншае — ніякіх іншых выхадаў з хлява не было, дзверы шчыльна зачыняліся, а ў хляве, тым не менш, не знайшлі ні касцей, ні поўсці. Выходзіць, воўк разам са здабычай выскачыў з хлява праз тую ж дзірку ў страсе. Насупраць дзіркі нават кучы саломы не было, так што ўзабрацца да страхі воўк ні па чым не мог. Здзіўляліся людзі: гэта ж трэба так высока скокнуць з такой цяжкай ношаю ды так трапна.
    Гаворачы пра шэрых лясных разбойнікаў, трэба адзначыць, што воўк — буйны і дужы драпежнік. У яго магутныя сківіцы, маланкавая рэакцыя. Па звярынай хітрасці ён не ўступае гарэзліваму лісу.
    Невялікая зграя ваўкоў можа імгненна разадраць дарослага каня ці быка. За адну ноч шэсць-сем ваўкоў не пакінуць нічога ад вялікага каня, пад іх магутнымі ікламі трашчаць конскія рэбры, яны лёгка крышаць і буйныя трубчатыя косці.
    Сіле і пражэрлівасці ваўка можна толькі здзіўляцца. Ён без цяжкасці можа скакаць са здабычай велічынёй з казу, несучы яе папераменна то перад сабою, то закідваючы сабе на спіну. 3 незвычайнай лёгкасцю воўк ловіць зайцоў, даганяе і растрыбушвае лісіц. За адзін раз ён можа з’есці больш дзесяці кілаграмаў мяса, а ў год — да паўтары тоны. Праўда, часам воўк можа і доўга галадаць, напрыклад, па два тыдні нічога не есці.
    Па знешнім выглядзе воўк нагадвае буйнага сабаку. У ваўка стройнае, даўжынёю больш за паўтара метра цела. Важыць ён да васьмідзесяці кілаграмаў. Афарбоўка дарослага ваўка вохрыста-рыжая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны, бруха звычайна светла-шэрае. Але, бывае, сустракаюцца жоўтарыжыя і, наадварот, даволі цёмныя, амаль што чорныя ваўкі.
    У нас ваўкі водзяцца паўсюдна. Насяляюць яны лясы, балоцістыя мясцовасці. Гэтыя драпежнікі сустракаюцца і сярод палёў з пералескамі, але, як правіла, часцей стараюцца жыць паблізу чалавечых паселішчаў і з даўніх часоў нядрэнна прыстасаваліся да гэтага. Ваўкі пастаянна наведваюцца да хлявоў з жывёлай, магільнікаў, сметнікаў. Яны не грэбуюць мярцвячынай. Вядома, найбольш нападаюць на хатнюю жывёлу.
    Але некаторыя воўчыя зграі, наадварот, жывуць пастаянна ў глухіх, цяжкадаступных мясцінах, у рушчарах, у самай глыбіні пушчаў і харчуюцца выключна дзікай жывёлай.
    He кожны паверыць, што воўк — у нейкай меры — вегетарыянец. Тым не менш ваўкі паядаюць таксама і раслінную ежу. Праўда, здараецца гэта не часта. Але ж ядуць абавязкова. У такіх выпадках раслінная ежа не толькі замяняе ім жывёльны корм, маладыя парасткі траў і карэнне дрэў, насен-
    не, ягады, плады неабходны ім як вітаміны, а часам як лекавыя сродкі.
    Думаю, многім даводзілася назіраць за хворым сабакам. Дык вось, хворы сабака абавязкова шукае лекавыя травы і карэнні, так і воўк.
    Гон, альбо шлюбная гульня, у ваўкоў доўгі, ён цягнецца са студзеня па сакавік. Да гэтай пары воўчыя зграі пачынаюць распадацца, паміж самцамі ідуць лютыя бойкі, якія заканчваюцца потым так званымі воўчымі “вяселлямі”.
    Пасля гону самец і самка робяць логава ў цяжкадаступным месцы: пад вываратнем дрэва, у якой шырокай нары, пад стромай. Цяжарнасць у самкі працягваецца крыху больш двух месяцаў. З’яўляюцца ваўчаняты на свет звычайна з сярэдзіны сакавіка да канца мая. Нараджаюцца яны сляпыя. У першыя дні ваўчыца практычна не адлучаецца ад іх, ежу ёй у гэты перыяд прыносіць самец. Бачыць ваўчаты пачынаюць на адзінаццаты-дванаццаты дзень, ссуць ваўчыцу да трыццаці пяці—сарака дзён, але ўжо недзе на трыццаты дзень узросту бацькі пачынаюць падкормліваць іх невялікімі кавалачкамі мяса, а таксама сваёй паўператраўленай ежай, якую адрыгваюць у логаве.
    У перыяд, калі звяры выкармліваюць сваіх ваўчанят, цяжка даводзіцца іншай лясной жыўнасці, асабліва маладняку. ІПнырачы па ўсёй акрузе, ваўкібацькі не прамінаюць ні зайчанят, ні маладых парасят, пажыраюць вывадкі птушак, выбіраюць яйкі з гнёздаў — спуску няма нікому.
    Ваўчаняты ненажэрныя, прагныя да ежы. Ды і старая ваўчыха, што схуднела за час выношвання прыплоду і за перыяд шчанення, невядома колькі ежы патрабуе. І ўсё гэта крывёю іншых лясных істот. Мноства дробнага звяр’я, лясной і балотнай птушкі трапляе пад вострыя зубы шэрых разбойнікаў.
    У двухмесячным узросце ваўчаняты самі пачынаюць хадзіць на паляванне — спачатку яны вучацца раздзіраць і дагрызаць цецерукоў, качак, зайцоў, якіх прыносяць бацькі, пазней без дапамогі дарослых спрабуюць лавіць дробных жывёлін.
    Пад восень ваўкі зноў збіраюцца ў зграі, што складаюцца выключна з радаводных вывадкаў, і спачатку трымаюцца блізка ля свайго логава, але з першым снегам пераходзяць да вандроўнага ладу жыцця. Калі снег становіцца глыбокім, ваўкі робяць доўгія начныя пераходы. У час гэтых пераходаў зграю водзіць мацёрая ваўчыца, а стары самец замыкае яе.
    Акрамя шкоды, якую ваўкі наносяць жывёлагадоўлі і дзікай фаўне, яны, тым не менш, выконваюць у прыродзе і станоўчую ролю. Якую? Ваўкі паядаюць у першую чаргу хворых і слабых жывёлін, яны не грэбуюць нават сваімі суродзічамі. Такім чынам захоўваецца патомства толькі ад моцных і здаровых жывёлін. А падбіраючы мярцвячыну, ваўкі ў значнай ступені перашкаджаюць распаўсюджванню многіх небяспечных захворванняў і эпідэмій. Да таго ж, як вядома, воўк — продак хатніх сабак.
    Але воўк — ён і ёсць воўк.
    Што б мы ні казалі, але для селяніна ён — вораг. І вораг асабліва страшны, калі расплодзіцца ў нейкай мясцовасці ў вялікай колькасці...
    Менавіта з такімі хітрымі і небяспечнымі драпежнікамі, з ваўкамі, нам і прыйшлося сутыкнуцца ў сваім тагачасным хутарскім жыцці...
    Дык вось, ваўкі і пасля згаданага выпадку час ад часу давалі знаць пра сябе. To з аднаго, то з другога хутара даходзілі чуткі пра іх начныя візіты: там забраліся і нашкодзілі ў куратніку, там падкраліся і схапілі з-пад рук у селяніна гусака, там зарэзалі ў хляве авечку... А то і прыдушаць ды асвяжуюць сабаку, які неасцярожна адбяжыцца са двара.
    Неспакойны стаў сон хутаран. Турботы за жывёлу не пакідалі іх. Неасцярожна прыслухоўваліся сяляне да кожнага брэху сабакі, трывожна ўглядаліся праз акенцы ў начную цемру, час ад часу хадзілі ў хлеў: як там — ці ўсё ў парадку?
    Бывала, выходзілі калі-нікалі сачыць ваўкоў невялікія групы паляўнічых, але беспаспяхова. На
    спакой і бяспеку разлічваць пакуль не прыходзілася.
    Бацька таксама спрабаваў хадзіць на ваўкоў, але дзе там...
    Здарылася, што ў гэты час у калгаснай канюшні здохла хворая кабыла. Бацька пагаварыў з ветэрынарам і брыгадзірам, папрасіў іх, каб яны аддалі кабылу яму на прынаду. Тыя згадзіліся. He марудзячы, мужчыны прывезлі труп да бліжэйшага лесу, не злазячы з саней, скінулі ў снег, каб не пакінуць пасля сябе слядоў (ваўкі заўсёды вельмі насцярожана ставяцца да чалавечага следу). Трэба сказаць, што мужчыны месца для прынады выбралі ўдалае, на ўскраіне лесу, далей ад прасёлачнай дарогі, каля сцірты саломы, кроках у трыццаці—сарака ад яе. Адсюль добра было бачна навокал, а ля сцірты саломы было вельмі зручна наладзіць засідку.
    Калі вярнуліся,.бацька схадзіў да суседа, пазычыў у яго ружжо. Ён старанна перабраў патроны, a пад вечар на тых жа калгасных санях, ухутаўшыся ў доўгі, амаль да пят, кажух, накіраваўся да месца, у якім, як ён меркаваў, магла адбыцца сустрэча з драпежнікамі. Адвёз бацьку туды мой старэйшы брат.
    Калі праязджалі каля сцірты саломы, бацька саскочыў з саней (зноў жа каб не пакінуць следу), уладкаваўся ў ёй як мага глыбей і, выбраўшы найбольш зручную позу, стаіўся і стаў чакаць. Брат жа пагнаў каня назад.
    У той дзень ваўкі да прынады не прыйшлі. He прыйшлі яны і назаўтра, паслязаўтра... Было, аднак, зразумела, што драпежнікі пачулі прынаду, але ці залішне асцярожнічалі, ці штосьці западозрылі.
    Час ад часу нават чулася іх выццё то ў адным, то ў другім баку лесу. Бацька быў смелы, інакш не рашыўся б пайсці на ваўкоў адзін, але ўсё ж гаварыў, што калі ваўкі вылі паблізу, то ў яго ўзнімаліся на галаве валасы і дрыжыкі прабягалі па целе. Казаў, што ваўкі вылі тужліва, што ў выцці адчувалася таксама дзікая сіла, жудасць...