• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Стары ляснік у гэтым, як кажуць, толк ведаў. Ен старанна, не спяшаючыся, перагледзеў запасы патронаў, набітых буйной карцеччу. Некаторыя з іх перазарадзіў. Таксама набіў новыя бяздымным порахам, які яму прывезлі нядаўна з горада. Такі порах дастаць у той час было вельмі цяжка, Кузьміч звычайна карыстаўся дымным, які называлі чорным. Але на такім паляванні, як задумаў стары, гэта дрэнна, ненадзейна. Затым Кузьміч запоўніў патронамі ўжо гняздзечкі самаробнага скуранога ягдташа і падвесіў яго на драўляны крук пад столлю, які менавіта для гэтага і быў змайстраваны.
    Такім чынам, усё асноўнае для палявання было падрыхтавана. Можна было колькі часу адпачыць, што стары і зрабіў, то адлежваючыся на цёпленькай печы, то корпаючыся паціхеньку ў нескладаных клопатах па хатняй гаспадарцы.
    Праз дзень, аднак, Кузьміч дома не ўседзеў і зноў вырашыў праехаць па суседніх вёсках — можа, у каго пала хатняя жывёліна. На такім паляванні прынада была б не лішняй.
    Яму, можна сказаць, пашанцавала. На калгаснай ферме пала пры ацёле карова, хоць яе мяса па тым часе можна было выкарыстоўваць у ежу, але старшыня, разумеючы важнасць будучага палявання, аддаў яе старому. Брыгадзір выдзеліў Кузьмічу падводу, даў яму ў дапамогу двух калгаснікаў.
    Тушу трэба было вывезці ў лес, туды, дзе, як меркаваў стары, з дня на дзень павінны з’явіцца, апісваючы свой вандроўны круг, ваўкі. І калі звычайна яны маглі прыйсці сюды, скажам, на суткідвое, то ладны запас падлы мог затрымаць іх на-
    доўга. А гэта на руку паляўнічым, ёсць час падумаць, як лепей абкласці ваўкоў, ды і шанцаў на поспех шмат болей.
    Ішоў чацвёрты дзень, як звяры пакінулі нашы мясціны, дзе раней нападалі на жывёлу і адпачывалі. Набліжаўся час, калі яны зноў маглі наведацца сюды. Варта было і Кузьмічу паспяшацца.
    Шлях наперадзе быў не блізкі. І каб лішні раз не варочацца назад, Кузьміч з калгаснікамі мімаходам, па дарозе ў лес скіраваў каня дадому, пагрузіў на сані ўсё неабходнае, загадзя падрыхтаванае для палявання: катушкі са сцяжкамі, стрэльбу і патроны, некалькі самаробных драўляных трашчотак і, вядома ж, свае лёгкія самаробныя лыжы, абысціся без якіх было проста нельга.
    Снег ужо прыкметна асеў, злёгся, стаў больш шчыльны, чым у пачатку зімы, нібы яго хто ўтрамбаваў. Конь амаль не правальваўся на роўнай, пакрытай скарынкай паверхні. Сані лёгка імчалі па цвёрдай скарынцы шарпаку, парыпвалі абітыя жалезам палазы. Калі ж месцамі снег злёгку правальваўся, яны таксама крыху патаналі пад цяжарам накладзенага на іх грузу, але неўзабаве зноў “выплывалі” на беласнежную роўнядзь.
    Конь пры гэтым толькі фыркаў аб’інелай мызай, шырока раздзімаючы і без таго вялізныя ноздры.
    — ФУ-РУ-РУ-РУ-РУ!	.
    — І-іга-га-га-га! — нібыта падбадзёрваў ён сябе і зноў шпарка імчаўся наперад, выдыхаючы ў марознае паветра густыя клубы пары.
    Усё гэта несла людзям прыўзнёслы настрой, надавала бадзёрасці, цешыла непадробнай прыгажосцю пагодлівага зімовага дня.
    Вось і поле ўжо скончылася. Дарога, злёгку віхляючы, пабегла па ўзлеску, затым нырнула ў густыя зараснікі. Яны часам то радзелі, то змяняліся сцяною стромкіх высозных хваін — пачынаўся неабсяжны змешаны лес з голымі ўскраінамі, a часам, наадварот, з густым непралазным падлескам.
    А крыху далей бачны ўжо і мясціны, дзе баля-
    вала і адпачывала раней воўчая зграя, мясціны, дзе трэба было пачынаць прыгатаванні палявання, якое абяцала быць цікавым.
    Мужчыны скінулі тушу на вялікай паляне, бо ў час балявання ваўкам больш даспадобы прасторы, чым густы зараснік ці шчыльны лес. На прасторы ваўкі адчуваюць сябе спакойней, яны ахвотней і смялей наведваюцца да прынады, даўжэй затрымліваюцца ў такіх месцах. Пры гэтым ваўкі, як наядуцца, становяцца менш асцярожныя. Яны тады, скруціўшыся клубкамі, моцна спяць дзе-небудзь у лясной крэпі, даверыўшыся вартавому ваўку. Ды і сам сыты вартавы звер становіцца менш пільны, a ўвесь вывадак, нават адчуўшы небяспеку, менш ахвотна пакідае месца лёжкі.
    Воўчых слядоў тут, дзе скінулі тушу, не было відаць, не было іх і паблізу, але чакаць драпежнікаў можна было з дня на дзень.
    Па дарозе назад калгаснікі падвезлі Кузьміча да нашага хутара ды завідна вярнуліся ў вёску.
    Бацька мой не лічыўся заўзятым паляўнічым. У яго нават стрэльбы сваёй не было. Але, калі ўзнікала ў тым патрэба, ён пазычаў яе звычайна на суседнім хутары, дзе жыла вялікая сям’я нашых далёкіх родзічаў, малодшы сын якіх з дзяцінства займаўся паляваннем. Ен тады даваў бацьку сваё ружжо на адзін ці некалькі дзён. Словам, калі была патрэба, дык бацька ішоў на паляванне, адносіўся ж да яго, як і да іншай хутарскай справы, памяркоўна і з разуменнем.
    Бо не было тут магчымасці выбіраць занятак па густу, усё трэба было ўмець і рабіць самому — і служба быту свая, і ўвесь сэрвіс на месцы, і харчовая праграма ўласная — усё ў тваіх мазолістых руF.ax. Як склаў праграму — так і харчуйся, як змайстраваў дзежку — так і карыстайся, як сшыў кажух — так і насі, і ніякі там Сталін табе не падмога, таго і глядзі, каб уласнае яшчэ не адабралі, то падатак, то харчпрадразвёрстка, то на нейкія аблігацыі падпішыся, што і сам не ведаеш, да чаго яны больш падыходзяць: ці печку распальваць, ці да
    выскачыўшай на адным месцы скулы прыкладаць. Так што сам сабе ты тут кум каралю. Але калі рукі ды ногі ў парадку, і не гультайскія, растуць, як гавораць, з таго месца, адкуль патрэбна, дык з горам папалам пражывеш. Хоць неяк, хоць з пня на калоду, трэба ўсё ведаць і ўмець, бо ніхто за цябе ні карову не падоіць, ні падмурак не змайструе, ні ад злога вока не ўратуе.
    Але не таму стары ляснік Кузьміч спыніўся ў нас, што бацька іншы раз ходзіць на паляванне. Кузьміч добра ведаў майго бацьку. Ён некалі яшчэ з ягоным бацькам, а маім дзедам Андрэем (даўно нябожчыкам) сябраваў. І нават, пажаніўшыся і раз’ехаўшыся, заўсёды цікавіліся, калі хто надараўся з той мясціны. Як там жыве стары? Так заўсёды звалі яны адзін другога.
    Да таго ж з нашага хутара было шмат зручней дабірацца да месца, дзе скінулі прынаду, а ў нашай хаце для Кузьміча заўсёды мелася месца. Хоць і цеснавата, але бацькі казалі:
    — Ну што там! Калі ласка, да нас — месца ж хапае.
    Гэта цяпер ва ўсіх “вельмі цесна” стала, нават маці ці свякроў часта ў хаце “замінаюць”, ды так “замінаюць, што і павярнуцца няма дзе”. А раней месца хапала.
    Вечарам разам з госцем мы вячэралі, а ён расказваў нам розныя дзіўныя і неверагодныя гісторыі са свайго жыцця. Больш размова ішла пра звяроў і птушак, пра жыццё старых дрэў, пра тое, як можа многа паведаміць чалавеку нават звычайны непрыкметны пень, калі яго ўважліва разгледзець.
    Усе дружна елі камы — тоўчаную вараную бульбу, запраўленую маленькімі скварачкамі, падсмажанымі разам з дробна накрышанай цыбуляй, са смакам хрусцелі невялікімі салёнымі, усыпанымі малюсенькімі пупырышкамі гурочкамі, якія падала маці. Здавалася, нічога смачнейшага і лепшага на свеце няма, а калі дзе і ёсць, то яно зусім не патрэбна — ад дабра ж дабра не шукаюць.
    Брат тым часам вылез з-за стала, з цікавасцю
    аглядваў стрэльбу старога, асцярожна, няведама чаго больш баючыся, ці стрэльбы, ці таго, што зараз на яго насварацца, дрыжачымі ад напружання пальцамі кранаў прыклад і ствалы. Убачыўшы яго захапленне, Кузьміч дазволіў узяць ружжо ў рукі, і брат асцярожна ўзяў яго і нерашуча прыклаў да пляча. Захапленню і радасці яго, здаецца, не было канца. Гэта ж трэба — у яго руках сапраўдная паляўнічая стрэльба, хто з бедных сялянскіх хлапчукоў мог пахваліцца гэтым!
    Толькі вось настаўляць яе на людзей і тым больш цэліцца ў іх не дазваляў. І хоць ён упэўнены быў, што ружжо не зараджана, але векавы няпісаны закон паляўнічых патрабаваў перасцярогі. Усякае ў жыцці можа здарыцца — ці забыцца можна, ці дзеці патрон могуць знайсці ды зарадзіць, адным словам “і не зараджанае, яно адзін раз у год страляе” — жартаваў часам стары. Ды, наогул, цэліцца ў чалавека нядобра — штосьці жорсткае і прыкрае ёсць у гэтым...
    ...І цяпер, праз многа гадоў, успамінаючы часам пра гэта, я не магу не падкрэсліць лішні раз важнасці і мудрасці лесніковых слоў, такіх простых і зразумелых усім, такіх звычайных, якія нібы нічым не вызначаюцца, і ў той жа час... Можа, нават жыццё яны мне таксама ўратавалі, тыя простыя правілы перасцярогі, калі ў цябе ў руках стрэльба. Але чаму “можа”? Яно ж так і было.
    ...Калі я, ужо сталым юнаком, закончыўпіы біялагічны факультэт універсітэта і працуючы над кандыдацкай дысертацыяй па экалогіі птушак, меў дазвол на іх выбарачны адстрэл у Налібоцкай пушчы, быў выпадак. Аднойчы паехаў туды з двума маімі сябрамі, таксама выпускнікамі універсітэта, толькі з другога факультэта — хімічнага. Мы разам былі пасля чацвёртага курса на ваенных зборах — там і пасябравалі.
    А выехалі мы ў выхадны, каб проста адпачыць на прыродзе, а заадно і якога матэрыялу для работы сабраць. Карысць, як кажуць, двайная. Сябрам мне хацелася зрабіць прыемнае. Мясціны там вельмі
    прыгожыя. Яны ўразілі мяне яшчэ з часу маёй летняй практыкі пасля трэцяга курса. Вось і хацеў я паказаць таварышам тыя цудоўныя, неапісальныя краявіды роднай зямлі. Гэта якраз там, дзе неабсяжныя прасторы налібоцкіх лясоў праразае тонкая блакітная стужачка чысценькай лясной рэчкі Іслач. Калі ехаць аўтобусам па трасе Мінск — Валожын, то пасля прыпынку ў досыць вядомай вёсцы Пяршаі, праз якія пяць-шэсць кіламетраў, аўтобус зноў спыняецца ў невялічкай вёсачцы Даўбені. Варта падацца там налева, па вузкіх, даўно няезджаных і няходжаных дарогах, кіламетраў праз дванаццаць можна трапіць у некранутыя векавыя лясы. Там у радыусе дзесятка кіламетраў рэдка сустрэнеш чалавека. Як мала засталося ў нас такіх мясцін. А як хораша і прыемна пабываць у іх.
    Калі і сустрэнеш там каго, то хоць і ехаў сюды ад людзей далей, не засмуцішся. Наадварот, узрадуешся, бо людзі ў тых вёсачках, што згубіліся ў лясной глушы, таксама незвычайныя.
    Дзе б я ні быў пасля, якія краі ні наведваў, ніколі, ні ў сваёй краіне, ні за мяжой, здаецца, не сустракаў больш чулых, добрых і шчырых людзей. Дык вось калі часам напаткаеш у тых мясцінах чалавека пасля доўгага блукання па лесе, то і адчуеш гэту шчырасць. Людзі заўсёды тут заўважаць цябе, падзеляцца ўсім, што ў іх ёсць, запросяць у хату, распытаюць, куды ідзеш, у чым маеш патрэбу, абавязкова дапамогуць.