• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    Аднапавярховы драўляны дом, які адначасова быў і памяшканнем лясніцтва і гасцініцай, быў нашым прытулкам. Я пахадзіў гадзіны паўтары па лесе, мяне больш вабіў веснавы водар пушчы. Ад Мінска гэта было кіламетраў за трыста з гакам (а мо і без гаку). Вясна сюды прыходзіць раней, пэўна, тыдні на два, зрушваючы ўсе феналагічныя тэрміны: і вяртанне з выраю птушак, і распусканне пупышак на бярозе, і першыя птушыныя гнёзды.
    А прыехаць у вясну на два тыдні раней, чым яна звыклая для цябе, было асабліва прыемна, бо вясна — гэта заўсёды радасць, здаецца, ты сам разам з прыродаю ажываеш ад доўгага зімовага сну і ў тваіх жылах, быццам сок у ствалах дрэў, струменіць жывая кроў, напаўняючы істоту сілай і ўзнёсласцю.
    У лесе паступова сцямнела. Я хуценька падаўся назад, каб не заблудзіцца незнарок у незнаёмым масіве. Пад ногі мне трапляліся вожыкі, відаць,
    асаблівы перыяд іх актыўнасці прыйшоўся менавіта на гэты час. Іх было настолькі многа, што я вырашыў злавіць некалькі, каб раніцаю пацешыць аднакурснікаў, ды, як бы незнарок, пахваліцца сваёй начною вылазкай. Я без цяжкасці злавіў два калючыя клубочкі, а потым з нахабнасці яшчэ аднаго, прынёс вожыкаў у прыполе кашулі, выпушчанай з-пад рэменя, у пакой, дзе мы спалі, і выпусціў. Сам лёг на ложак і неўзабаве заснуў.
    Раніцаю паспаць не давялося, вожыкі ажывіліся. Яны моцна фыркалі і гучна тупалі па падлозе маленькімі дужымі ножкамі. Гэта было дзіўна і нечакана, бо ўсю ноч яны сядзелі ціхенька і спакойна, а тут учынілі нешта неверагоднае.
    І спаць усім хочацца, і што робіцца ў пакоі, незразумела, але сон перамагае, і разбуджаныя стомленыя падарожнікі, не зважаючы на фырканне і тупанне, утульней ухутваюцца, нацягваюць коўдры на галовы, лянуючыся паглядзець, што там такое.
    А вожыкі ўсё тупацяць і фыркаюць. Я таксама адчуваю яшчэ стому, але цікую з-пад коўдры.
    I што бачу?
    Самы старэйшы з нашай кампаніі Барада (гэта мянушка, а калі папраўдзе — Анатоль Куралёў) нагнуўся, апусціў сваю бараду пад ложак і пужае вожыка гучна:
    — Фу-фу!
    Або:
    — Фру-фру! ,
    Барада, моцна фыркаючы шырокімі аброслымі губамі, нават захапіўся сваім заняткам.
    Які тут сон! Няма спакою. Але і не хочацца ўставаць ды злазіць з ложка, каб прагнаць свавольніка. А ён, Анатоль, зноўку ўхутваецца з галавою, спрабуе не звяртаць на ўсё ўвагі. Але барада перашкаджае крышку — вялікая ж вельмі, і Куралёў рукой пагортвае доўгія валасы.
    Мянушкі чамусьці так і ліплі да Куралёва. І часцей усяго з:за той жа злашчаснай барады. Дзед, Барадулін, Ёлапень, Лапа — як яго толькі не звалі.
    І выгляд у яго быў нейкі нязграбны, рукі доўгія амаль да кален, а пяцярня дык трох іншых варта. Сам высачэзны і хадзіў панура, прыгорблена. Праўда, барада ў яго была сапраўды прыгожая — чорная і шырокая, дзяўчаты смяяліся, а калі за што і любілі яго, дык гэта толькі за тую бараду. А па дарозе на начлег у пушчы спыняліся ля старых царкоўных развалін, дзе побач былі захаваны былыя служыцелі культу. На шырокіх надмагільных плітах, высечаных некалі з паліраваных каменняў, значыліся імёны нябожчыкаў і гады іх жыцця, a на адным — і назва яго царкоўнага сану: протаіерэй. Калі ж свяшчэннаслужыцель, то, вядома, з барадою. А студэнты, кожны ведае,— народ жартаўлівы. Вось і празвалі Бараду яшчэ і “протаіерэем”. Так і клікалі яго пасля ўвесь час, пакуль заставаліся ў пушчы — Протаіерэй.
    Усё гэта я падрабязна расказваў сваім спадарожнікам, калі мы ішлі назад у вёску Даўбені, і з задавальненнем адчуваў, як паступова адыходзіць кудысьці ўражанне ад таго непрыемнага здарэння.
    Твары хлопцаў станавіліся зноў адкрытымі і даверлівымі,— што тут зробіш, яны ні ў чым не мелі віны, і, адчуваючы, што напружанне паступова праходзіць, я з натхненнем працягваў далей — пра тых вожыкаў і Бараду, пра ўражанні і пачуцці, што ўпіліся мне ў сэрца ў кароткія часіны практыкі, пра Раманава і Белавежу.
    * * *
    Хто не чуў з самых розных крыніц пра Белавежскую пушчу, хто не слухаў складзеных аб ёй песень, хто не зачытваўся захапляючымі прыгодніцкімі апавяданнямі аб жыцці яе насельнікаў! Але чуць адно, а ўбачыць сваімі вачыма — зусім іншае.
    Белавежская пушча — старэйшы ў Еўропе запаведнік, які раскінуўся на тэрыторыі Беларусі ўздоўж яе заходняй граніцы з Польшчай і прасціраецца па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, захопліваючы пад
    сябе больш васьмідзесяці гектараў плоскага шырокага ўзвышша. Гэта зона мяккага клімату, дзе сярэдняя тэмпература года — каля пяці—васьмі градусаў, што забяспечваецца больш усяго дзякуючы жыватворнаму ўплыву Балтыйскага мора, якое карэнным чынам накладвае свой грунтоўны адбітак на агульны стан надвор’я гэтага краю, прыдаючы мясцоваму клімату рысы цёплага і вільготнага. I на тэрыторыі Польшчы мае пушча свой працяг, і там захапіла вялізную, яшчэ большую нават тэрыторыю, але гэта зона ўжо не наша, дык не будзем яе пакуль што чапаць, бо ў нас і сваёй хапае.
    Ад выбудаванай калісьці ў даўніну высокай Белай вежы ўскрай гэтага унікальнага зялёнага аксаміту набыла пушча назаўсёды сваю такую мілагучную і цяпер ужо добравядомую ва ўсім свеце назву. І беражліва ахоўвае з той пары і назву гэту і тую самую вежу.
    Белавежская пушча — край магутных старажытных лясоў, дзіўная мазаіка каржакаватых стогадовых дубоў і вязаў, стройных красунь — бярозак і элегантных клёнаў, што ўтвараюць дзе-нідзе чысцюткія, светлыя, спрэс бярозавыя гаі, а часцей — раскошныя зацемненыя дубровы, якія змяняюцца часам неверагодным перапляценнем усіх парод адразу, уражваючы шматабліччам самых мудрагелістых форм і фарбаў. A то адкрыецца раптам воку высачэзная сцяна стромкіх карабельных хваін! Гэта векавы бор — царства спелага лесу і магутных лясных птушак — глушцоў.
    Фауна (жывёльны свет) запаведніка надзвычай багатая і разнастайная, як і расліннасць, за кошт якой яна развіваецца і жыве. Цудоўныя прыгажуны ласі блукаюць сярод векавых сосен, тут жа стройныя насцярожаныя алені, зграбныя касулі. Па лясных балотах і заліўных лугах, спаважна ступаюць, вышукваючы пажывы, буслы — неад’емная частка нашай прыроды і ландшафту, сімвал роднага беларускага краю. А ў найбольш глухіх запаветных мясцінах і больш рэдкі яго сабрат, занесены ў Чырвоную кнігу рэспублікі майструе сваё вялізнае,
    шырынёю адразу ў некалькі метраў, гняздо — чорны бусел. Яго празвалі так за суцэльную чорную з бліскучым сталёвым адлівам афарбоўку, а доўгія ногі і дзюба — ярка-чырвоныя, прыгажун, ды і толькі.
    У самай глухоце лесу трашчыць, ломячы на хаду вялізнымі лапамі сухое галлё, самы рэдкі і дужы звер пушчы — буры мядзведзь.
    Добра цяпер у пушчы. Маўкліва і нерухома стаіць лес. Hi стуку сякеры, ні візглівага шоргання адточанай пілы. Спакойна і парадак у лясных абшарах.
    Але не зусім гэтак было. Багаты зверам і дзікай птушкай пушчанскі край вабіў да сябе здабычай, шчодра аддаваў свае, здавалася тады, невычэрпныя запасы і мужыку, што паляваў толькі па патрэбе, і звар’яцеламу ў парыве нажывы браканьеру. Калісьці пастаянна грымелі тут пышныя разбойніцкія паляванні. Дзікую жывёлу знішчалі бяздушна, без крупінкі сораму і сумлення. Падалі пад ударамі вострых стрэл і смяротных наканечнікаў коп’яў алені і ласі, валіліся, падкошаныя кулямі, дзікі і мядзведзі, гінулі бездапаможна касулі.
    Пушча ў літаральным сэнсе гэтага слова пакорліва карміла вялізную колькасць людзей, карміла, быццам так і патрэбна было, карміла безадказна і паслухмяна. Здаралася, што цэлыя войскі на працягу некалькіх месяцаў поўнасцю забяспечваліся мясам, толькі за кошт адстрэлу звяроў у пушчы.
    I такія варварскія драпежніцкія набегі, што ні кажы, не маглі не адбіцца на лясных багаццях. Прырода бывае не толькі ўдзячнай. Яна наравістая, і нораў яе асаблівы. Трывае, трывае, але калі лішне зарвецца чалавек, то жорстка помсціць яму за гэта. А не дык нават памірае сама, пакідаючы двухногага звера на голым месцы. Яна не крыважэрная, не любіць забіваць, не можа здзекавацца, гэта сам чалавек міжволі здзекуецца над сабою ж, няўдала пераўтвараючы яе, умешваючыся ў суадносіны, што склаліся стагоддзямі, парушаючы вывераныя і выпрацаваныя тысячагоддзямі сувязі, і наклікае на сябе ў выніку бяду.
    Зніклі ў пушчы туры. Зніклі поўнасцю, назаўсёды, як біялагічны від на Зямлі. Мы загубілі яго, адабралі ў нашчадкаў мажлівасць хоць калі-небудзь паглядзець на цудоўную старажытную жывёліну, якой чалавек так абавязаны многім — менавіта тур даў нам у працэсе адамашвання сучасную карову.
    А якая страта для навукі!
    Але галоўным багаццем Белавежы былі ўсё ж зубры. Жывёліна асаблівая, здзіўляючая, каштоўная — белавежскі зубр. Але і ён толькі цудам уцалеў; ды і то дзякуючы намаганням асобных энтузіястаў удалося захаваць цуда-звера, а пасля і даць мажлівасць значна размножыцца.
    Зубр — самы буйны з усіх звяроў, што сустракаюцца ў Беларусі. Даўжыня тулава дасягае трох з палавінай метраў, вышыня ў загрыўку — да двух метраў, вага — парадку пяці — дзевяці соцень кілаграмаў. Знешнім выглядам нагадвае буйнога бычка з кароткай магутнай шыяй і масіўнай пярэдняй часткай цела. Самцы значна пераўзыходзяць па памерах самак. Агульная афарбоўка цела зубра карычневая, крыху з буравата-шэрым адценкам. У летні час агульны тон некалькі святлейшы, чым зімою. Валасяны покрыў дастаткова доўгі, у некаторых месцах валасы закручваюцца ў завіткі, а галава і шыя поўнасцю пакрыты густымі кучаравымі валасамі. Пярэднія ногі зубра ў верхняй частцы ззаду калматыя, таксама цэлая паласа доўгіх валасоў у выглядзе падвескі цягнецца па грудзях і шыі, а на ніжняй губе заканчваецца характэрна выражанай “барадою”.
    Зубр — гэта спрадвечны жыхар шыракалісцевых і мяшаных лясоў. Пры гэтым болып трымаецца ўчасткаў з суцэльнай шчэццю траў, багатым падлескам і мноствам палян. І зусім не капрызы дыктуюць такое, а ў першую чаргу характар харчавання жывёліны. У рацыёне зубра пераважае канюшына, шалфей, ландышы, трапляецца трава суніц, чарніц, верас і, вядома, зуброўка. He без ахвоты паядае ён таксама кару і парасткі дрэў і рознага кустоўя. У зімовы час, калі здабываць ежу стано-
    віцца цяжэй, зубр без страху ідзе на падкормачныя пляцоўкі, паядае галінкавы корм, сена, карняплоды.
    Зубр — статкавая жывёліна, большую частку года звяры трымаюцца невялікімі групкамі — пасуцца на прагалінах, адпачываюць ці проста стаяць у драбналессі, лена пагойдваючы галовамі і размахваючы хвастамі. Састарэлыя асобіны, асабліва быкі, статкаў чамусьці пазбягаюць. 3 пэўнага часу яны назаўсёды пакідаюць гурт і трымаюцца асабняком, падоўгу прастойваючы адзінока дзе-небудзь з боку пад вялікімі дрэвамі, нібы ў працяглым роздуме. Іх так і-называюць — “адзінцамі”.