У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Корміцца касуля травою і маладымі парасткамі дрэў. Яна паядае канюшыну, гарошак, асаку, вясной і восенню наведвае азімыя пасевы. У перыяд паспявання аўса ахвотна паядае яго мяцёлкі. Зімою касуля здабывае корм з-пад снегу, разграбаючы яго капытамі. Гэта пераважна чарніцы і брусніцы, верас, парасткі маладога кустоўя.
Людзі беражліва і з любоўю адносяцца да касуль, колькасць якіх за апошнія гады прыкметна знізілася. Рашаючую ролю ў жыцці касулі займаюць два моманты — дастатак корму і наяўнасць ворагаў-драпежнікаў. Сама па сабе касуля практычна бездапаможная. Яна можа толькі ратавацца ўцякаючы ці схавацца ў лясным гушчары. Але ад такіх спрытных і моцных драпежнікаў, як воўк і рысь, гэта ненадзейная ахова, і выратавання, як правіла, не прыносіць. У зімовы час яшчэ і глыбокі снег згубна дзейнічае на касулю — яна не можа дастаць з-пад яго корм, нават перамяшчацца маленькаму
капытнаму становіцца невыносна цяжка,— яна грузне ў глыбокім снезе, аб яго жорсткую скарынку да крыві разразае ногі. Толькі чалавек у такія часіны можа дапамагаць касулі. І Кузьміч рабіў для іх кожную зіму падкормачныя пляцоўкі, выстаўляў стажкі і снопікі сена, галінкавыя венікі, якія нарыхтоўваў загадзя.
“А што, калі ваўкі,— думаў з трывогай стары ляснік,— раптам не прыйдуць і запланаванае паляванне не ўдасца, а потым праз некаторы час з’явяцца ўсё ж тут і натрапяць на свежыя сляды касуль? Марны лёс нарыхтаваны тады бедным жывёлінам. Хуткія драпежнікі лёгка насцігнуць іх на глыбокім снезе, а расправіцца з імі для ваўкоў цяжкасці няма”.
Разважаючы так, ён выбраўся з лесу і цяпер ужо шпарчэй паслізгаў па снезе, каб раней дабрацца да хутара. Пры гэтым ён смешна размахваў у такт свайго руху абедзвюма рукамі, што, відаць, памагала набраць яму дадатковую хуткасць, і ногі меней стамляліся.
Па дарозе на хутар яму яшчэ двойчы трапляліся зайцы-русакі. Адзін падпусціў зусім блізка, калі стары праходзіў краем могілак. Заяц дняваў на лежцы ля абрыву намытай улетку водамі вялізнай прадаўгаватай ямы. Ён ляжаў вельмі трывала, з надзеяй, што небяспека міне бокам, і толькі, калі пачуў шоргат па снезе зусім побач, баязліва ўсхапіўся, зрабіў вялізны скачок уверх і стрымгалоў памчаў па хмызняку ўздоўж поля. Затым выскачыў на яго прастору і шырокімі размашыстымі скачкамі панёсся далей, колькі было моцы.
Другі сустрэўся амаль ля хутара. Некім падняты з лёжкі, ён скакаў па полі папярок дарогі, па якой вяртаўся з лесу Кузьміч, прама на яго. Заяц не заўважыў чалавека, хаця быў, праўда, пакуль што яшчэ далекавата.
Ляснік з цікавасцю спыніўся.
Што будзе далей? Зайцы кепска бачаць нерухомыя прадметы. Русак бег спакойна, шырокімі маруднымі скачкамі, не аглядваўся. Па ўсім было бач-
на, што ён падняты з лёжкі дзесьці далёка, і пагоні за ім ужо не было.
Адлегласць між імі тым часам скарачалася з кожнай хвілінай. Вось ужр якіх крокаў дваццаць засталося... Пятнаццаць... І тут заяц спыніўся.
Але ні назад, ні ўбок не пабег.
Ен сеў на заднія лапы і высока падняў галаву ўгору, трымаючы пярэднія лапы таксама высока паднятымі ў паветры, нібыта суслік у стэпе каля сваёй норкі. У такой позе ён пастаяў некалькі хвілін, пакруціў галавою і апусціўся, прысеўшы адначасова на ўсе чатыры лапы. Затым узняў уверх галаву і, седзячы нібы на карачках, услухаўся ў наваколле. Ён падняў адно вуха, крыху паслухаў так, потым — другое, паслухаў больш уважліва і насцярожана.
Ледзь не рассмяяўся дзед, а сам падумаў: ну папаўся б ты гэтак мне ў іншы раз, задаў бы я табе перцу! Ды нельга ж, халера цябе вазьмі, яшчэ ваўкоў насцярожыш.
Кузьміч з усёй сілы пляснуў у далоні — нібы лёгкі стрэл абудзіў застылае марознае паветра. Ад нечаканасці русак стрымгалоў сарваўся з месца, нават не разабраўшыся адразу, куды і ад каго ўцякаць, і наўздагад кінуўся наперад, апынуўшыся ў лічаных кроках ад лесніка, так што той паспрабаваў жартам нават паддаць яму лыжай пад зад. A заяц, яшчэ болып перапалоханы, шчыльна прыціснуў вушы да спіны і лупянуў ад небяспекі, як толькі мог і насколькі хапала яго спрыту і моцы.
Дзед жа толькі з ухмылкаю пакруціў галавою і, злёгку адштурхнуўшыся з месца, слізгануў з апошняй горкі і пад’ехаў да самай хаты.
He паспеў ён зняць лыжы, як прама на ганку сустрэла яго маці. Маці мая была вострая на язык, а можа, я трохі перабольшваю, ва ўсякім выпадку за словам у кішэню, як кажуць, не лезла.
— Ну што? Паляўнічы ў лес, а звер у хату? — сказала нечакана, а ў голасе і незадаволенасць і нейкі неспакой.— Вось палюбуйцеся! — і яна кінула пад ногі яму курыцу з адгрызенай галавой.—
Зноў шашок завёўся, усіх курэй цяпер перадушыць. Ніякага паратунку ад яго няма. Горай, чым ваўкі тыя! .
Кузьмічу стала няёмка. І сапраўды, паляўнічы ў хаце, ды і не абы-які, а тут, на табе, звяры не тое што не баяцца, а прама пад носам курэй душаць. Нібы паздзекавацца над ім вырашылі.
— Горш не горш, а ўсё ж непрыемна. Нешта трэба рабіць,— пасля няёмкага маўчання адказаў ляснік.— Зараз падумаем.
— Ды дала б хоць чалавеку ў хату ўвайсці ды паесці што-небудзь, цэлы ж дзень на нагах,— умяшаўся бацька, які ўжо вярнуўся дадому.— A то навалілася, нібы той певень на курыцу, дзяўбе з самага парога.
— Во, во, і гэты таксама! — не сунімалася маці.— Мужчына называецца, мядзведзі хутка ў хляве вадзіцца будуць, не тое што шашкі... А яму ні да чаго клопату няма — “хоць бы дзічкі”.
Ды ежу ўсё ж на стол падала. Праўда, не “лезла” яна асабліва ў рот.
Кузьміч, крыху перакусіўшы, пайшоў разам з бацькам пад хлеў разбірацца, у чым там справа.
А што ж гэта за шашок? — спытаеце вы.
Ды звярок такі невялікі. Хор, тхор, чорны харок — так па-ўсякаму называюць яго ў розных месцах Беларусі. Ужо гэта само па сабе гаворыць аб тым, што жывёліна гэта шырока распаўсюджана на нашай тэрыторыі і добра вядома чалавеку. Правільная біялагічная назва яго — чорны харок альбо тхор. А ў нас чамусьці звалі шашком.
Хаця тхор належыць да лясных насельнікаў — з’яўляецца жыхаром ліставых і мяшаных лясоў, асабліва аблюбоўвае высечкі і пажарышчы, хмызнякі на берагах рэк і азёр, у зімовы час ён амаль выключна жыве побач з чалавекам, перасяляючыся непасрэдна ў населеныя пункты, і займае старыя засмечаныя куткі розных гаспадарчых пабудоў. У такі час тхор здольны прычыняць значную шкоду чалавеку: нападае на курэй, качак і нават гусей, пры гэтым часам не спыняе паляванне, па-
куль не перадушыць усю хатнюю птушку, хіба што чалавек своечасова перашкодзіць. А выядае тхор у птушкі толькі мазгі. Акрамя таго, ён палюе на хатніх пацукоў, мышэй, ловіць дробную дзікую птушку, што горнецца ў зімовы час да жылля чалавека.
Улетку шашок сілкуецца мышамі і палёўкамі, нападае на маладых зайчанят, паядае яйкі і птушанят лясных птушак, якія гняздуюцца на зямлі. Ён вядзе пераважна начны лад жыцця, але часам выходзіць на паляванне і днём.
У якасці свайго пастаяннага сховішча тхор выкарыстоўвае спецыяльнае гняздо. Тхор ладуе гняздо ў добра ўкрытым месцы — пад вываратнем старога дрэва, у норах, на вышках хат ці пад падлогай старых пабудоў, у закінутых кутках.
Цела ў тхара тонкае, з дугападобным выгібам спіны пасярэдзіне. Усе рысы будовы цела, моцныя лапы і вострыя кіпцюрыкі ў супольнасці з незвычайнай вёрткасцю робяць яго дужым і небяспечным драпежнікам — бічом усяго птаства і дробных звяроў.
Вось і з’явіўся ён у тую зіму зноўку ў нас. Таго і глядзі — сапраўды ўсіх курэй перадушыць.
А тым часам Кузьміч і бацька разблытвалі нейкія “чары” на двары. Апрануўшыся, пайшоў надвор і я. Яны ўжо агледзелі “месца злачынства”, і ляснік цяпер расказваў бацьку, як звычайна змагаюцца з гэтым звярком, каб той сам, калі спатрэбіцца, мог справіцца з гэтай задачай. Бо тэхніка здабычы тхароў у населеных пунктах, на погляд Кузьміча, была нескладанай і не патрабавала асаблівых навыкаў.
— Раніцою,— гаварыў ляснік,— покуль начныя сляды яшчэ не затаптаны людзьмі і хатняй жывёлай, трэба абысці пабудовы па задворках, выявіць сцежкі, па якіх ходзіць тхор, на іх трэба вечарам паставіць пасткі. Пры гэтым не патрабуецца асаблівай маскіроўкі, бо тхор — малаасцярожны і нахабны драпежнік, упэўнены ў сваёй сіле і спрыце, што яго і падводзіць у такіх выпадках. А вось прыманку выкласці варта. Лепей за ўсё падыходзяць для
гэтага акрываўленыя кавалкі мяса, у адлігу — тухлыя яйкі.
Кузьміч усё гэта расказваў бацьку паважна і падрабязна.
— Бяда толькі, што пасткі ў мяне дома, а ехаць жа няблізкі свет, ды і ваўкоў пільнаваць трэба. Гэта ж важней тхара,— разважаў стары. А потым працягваў: — Палююць на тхароў таксама і з сабакамі. Але паляванне гэта даволі цяжкае. Па-першае, тхор выключна жывучы, як кажуць паляўнічыя, “моцны на рану”, і іншы раз, здавалася б, смяротна паранены, усё ж уцякае ад пагоні і выжывае. Па-другое, там, дзе мацуецца хвост тхара, маюцца дзве асаблівыя залозы, з іх умомант небяспекі звярок выпрысквае асаблівыя рэчывы, якія моцна і дрэнна пахнуць. А яны, тыя рэчывы, адбіваюць у сабакі напорыстасць і жаданне ісці па следзе.
Вось і думай, што тут рабіць. Хіба што лавушку якую змайстраваць. Многія ўмельцы з поспехам ловяць тхароў рознымі самаробнымі прыстасаваннямі.
Сказана — зроблена. І завішчэла вечарам прама ў хаце піла, пілавінне ляцела ў розныя бакі, залівіста шаргацеў гэблік. Кузьміч з бацькам удвух штосьці выразалі, прымяралі, зноў выразалі, потым збівалі дошкі адна з другою. А астатнія толькі наглядалі за гэтым.
І вось ужо гатова доўгая драўляная скрынка, нібыта шпакоўня, але без круглай адтуліны, даўжэйшая мо ў тры ці пяць разоў. 3 аднаго канца скрынка была наглуха забіта, а ў другім накрыўку змайстравалі так хітра, што яна па патрэбе ўзнімалася і магла фіксавацца ў завіслым становішчы. У аддалены куток заклалі прынаду — кавалачак задушанай зверам курыцы — і вяровачкай падвязалі яе да выструганага кіёчка. Кіёчак падпіраў вечка і трымаў яе ў такім становішчы, каб уваход у скрынку быў пастаянна адчынены.
— Ну, а цяпер панеслі яе ў хлеў ды айда спаць! Лішняга шуму сягоння не патрэбна,— рашуча сказаў Кузьміч...
На гэты раз раней за ўсіх устаў бацька. І, накінуўшы на плечы кажух, пайшоў у хлеў. Прыслухаўся —. на самай справе нешта варушыцца ў скрыначцы. Ён хутчэй за яе — ды ў хату.
Нахабнік, як аказалася, без ваганняў пранік у скрыначку і, схапіўшы прыманку, пацягнуў за вяровачку, што мацавалася да падпоркі. Кіёчак тут жа паваліўся, і вечка апала, надзейна зачыніўшы звярка.