У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Гэтак жа нетаропка вярнуўся ў хату, перагледзеў паляўнічыя прыпасы, сеў на шырокую драўляную лаву ля стала і пачаў чакаць патрэбнага часу.
Маці таксама прачнулася і, пакуль хадзіў Кузьміч па двары, паспела печ распаліць, рыхтавала сняданак.
Цяжка было кушмэрыцца каля печы ў такую рань. Нічога не відаць, усё рабі навобмацак ці ў скупых водблісках агню з печы, які ў дадатак да ўсяго ніяк не хацеў разгарацца. Але не магла яна
адправіць Кузьміча на гэткую важную справу без сняданку. Тым болей пасля таго, як ён так удала дапамог ёй “абясшкодзіць” тхара.
А тым часам паступова ўжо і віднець пачало. Чорныя ад начной цемені шыбы спачатку пачалі прыкметна шарэць, затым набылі колер густога мышынага адцення туману і перадалі частку святла ў хату, быццам абуджаючы і яе ад маркотнага начнога змроку і змярцвелай цішыні. Якраз і снеданне на гэты момант падаспела. Гарачая адвараная бульба, салёныя агуркі ды нават тлустая засмажаная на сале яечня пахлі так апетытна, што дзед з задавальненнем сытна паеў і, перахрысціўшыся, сціпла падзякаваў маці за яе пачастунак.
Раніцай на двары пачалі збірацца людзі. Спачатку падышло двое паляўнічых са стрэльбамі, двума рабымі сабакамі. Затым яшчэ адзін. А пасля гуртам падвалілі ўсе астатнія — тыя, каму наказана было ўчора з’явіцца, і хто быў патрэбен на аблаве.
Людзі рознага ўзросту, цёпла апранутыя ў кароткія кажушкі і ватоўкі. Натоўп прыглушана гудзеў, як устрывожаны вулей, пагойдваючы разнастайным зборышчам шапак-вушанак, і купленых, і самаробных, з завязанымі ў каго ўніз, а ў каго ўверх вушамі, а ў каго — проста падгорнутымі напалову, быццам у аблавухай свінні. Толькі дзесятак з іх былі з ружжамі, а астатнія ўзброіліся тым, хто што меў. Тут жа на павадках і ланцужках было шасцёра сабак рознай масці і пароды.
Побач стаялі дзве запрэжаныя ў сані фурманкі. Два дабротныя рыжыя жарабцы, гладкія і дагледжаныя, што нават дзівіцца прыходзілася, у каго яшчэ захаваліся такія, бо бяднота адна, здаецца, сабралася ды і кармоў у гэтым годзе не асабліва багата было, у кожнага адзначаліся цяжкасці з аўсом. Жарабцы нецерпяліва гарцавалі на месцы, выбіваючы моцнымі каванымі капытамі спрасаваныя злепкі снегу, што высока падляталі ў паветры, лішні раз дэманструючы сваю моц і няўрымслівасць. На санях валяліся розныя пажыткі, што ленавалі-
ся людзі трымаць у руках, ды добра ўсланы былі яны мяккім духмяным сенам. Сена тое з аднолькавым поспехам магло служыць і мяккай падсцілкай людзям у час язды, а ў месцы пастою — так патрэбным на гэты момант кормам для коней, што могуць жаваць і жаваць яго бесперастанку.
І сабакі ваяўніча круціліся на месцы і прыглушана ўпарта скавыталі, быццам просячы хутчэй выпусціць іх на паляўнічыя прасторы.
Усё, здаецца, было прыгатавана. Усе былі ў зборы.
I тут дзед Кузьміч выйшаў на ганак. Ён гучна павітаўся з усімі, агледзеў іх амуніцыю, зброю і вупраж, задаволена паляпаў жарабцоў па крыжавінах. Потым зноў павярнуўся да людзей, прыплюшчаным вокам хітравата глянуў на ўсіх і вымавіў працягла, нібы праспяваў:
— Ну, з такімі арламі справа будзе!
Прысутныя адразу неяк павесялелі, сярод натоўпу прабег подых агульнай усмешкі і кароткіх рэплік.
— Ну дык што, хлопцы?! Паехалі, ёха-маха! — рашуча і выразна сказаў дзед.
Па гэтай камандзе, як па ўзмаху чароўнага кіёчка, застылы жывы натоўп заварушыўся, зрушыўся з месца, і разнашэрсная тая грамада, крануўшыся з абтаптанага месца, узяла кірунак да лесу. Прыкладна трэць з удзельнікаў, пераважна тыя, хто быў без лыжаў, прымайстраваліся наспех на санях, астатнія ж падаліся за імі “на сваіх дваіх”, спрабуючы асабліва не адставаць. Дзед таксама сядзеў у перадку адной з фурманак, праўда гнаць шпарка жарабца не дазваляў, каб тыя, што рухаліся ззаду, лішне не стаміліся ды не абдаліся потам, бо яшчэ стаяць на марозным паветры не адну гадзіну давядзецца, а такі папярэдні “душ” на карысць не пойдзе.
Сухі марозны снег спрыяў хуткаму руху, і як лыжы, так і сані лёгка слізгалі па ўтрамбаваным шарпаку. Вось ужо і поле з пералескамі чаргавацца пачало, і першыя ўзлескі, што нібы нечыя доўгія языкі, урэзваліся ў шырокі прастор палёў, паказаліся.
Уся грамада звярнула на шырокую лясную дарогу і рухалася далей, нагадваючы сабой нейкі дыверсійны не па форме апрануты атрад ці кучку партызанаў, што адбілася ад асноўных сіл ды спяшалася на аб’яднанне з галоўнай групоўкай. Хоць вайна ўжо даўно закончылася і толькі далёкія адгалоскі яе час ад часу давалі аб сабе знаць, але сцэны з яе настолькі ўбіліся ў памяць, што нават параўнанні ў свядомасці ўзнікалі менавіта з ёй ці асобнымі яе эпізодамі.
А як толькі ўглыбіліся ў лес, дзед спыніў калону і прыняўся “сартаваць” людзей каго куды. У першую чаргу аддзяліў ад усіх стралкоў, праверыў іх зброю і павёў па дарозе ў правы бок. Астатнім было наказана заставацца на месцы, дачакацца лесніка тут і нічога без яго не рабіць, не распачынаць.
Справа падыходзіла да кульмінацыйнай кропкі. Набліжаўся самы адказны момант. Асцярожна, каб не спужаць незнарок ваўкоў, што знаходзіліся ў абкладзе, па вузенькіх лясных сцежках вёў стары ляснік паляўнічых туды, дзе збіраўся ён выстраіць стралковую лінію. Пасля таго як звярнулі яшчэ з асноўнай дарогі, прайсці прыйшлося добры кіламетр. А спыняцца ляснік пакуль, відаць, не збіраўся. I толькі на невялічкай, акружанай з усіх бакоў шчыльным ельнікам паляне, дзед Кузьміч сабраў паляўнічых гурцікам і пачаў даваць ім апошнія парады:
— Стаяць на нумарах нерухома, пастаянна абводзіць вачыма радыус абстрэлу. Гэта дасць магчымасць своечасова заўважыць звяроў і трапней прыцэліцца. Бо, калі пойдуць звяры “на махах”, страляць будзе нязручна, можна толькі параніць драпежніка. А ваўкі моцныя на рану і нават калі пранізаць іх некалькімі карцечынамі, з поспехам могуць уцячы. Страляць патрабуецца напэўна, падпусціўшы звера, як мага бліжэй да сябе. Гэта дапаможа заваліць шэрага на месцы, а астатнія ваўкі, што беглі побач, апанаваныя панічным страхам, без разбору кінуцца хто куды і, магчыма, трапяць пад ружжы суседніх стралкоў.
Акрамя таго, Кузьміч наказаў, што кожны стралок, заняўшы адпаведны яму нумар, павінен бясшумна замаскіравацца і загадзя абтаптаць вакол сябе снег, каб заняць больш устойлівую пазіцыю і не парушаць выпадковым скрыпам снегу цішыню ў час аблавы. Зараджаць ружжы ён параіў толькі пасля таго, як кожны са стралкоў закончыць маскіроўку, сыходзіць з нумара (колькі б таму часу ні прайшло) толькі пасля яго каманды, калі ён пратрубіць “адбой” у ствалы свайго драбавіка. Страляць дазваляецца толькі ўперад і напалову вугла ўлева і ўправа.
— Hi ў якім выпадку не страляць уздоўж стралковай лініі,— катэгарычна папярэджваў ён,— а таксама “чужых” звяроў, значыць тых, што ідуць прама “ў штык” на суседнія нумары. Толькі калі зверу ўдасца раптам прарвацца праз стралковую лінію, можна развярнуцца і ўдарыць па яму наўздагон.
Закончыўшы свой інструктаж, ляснік прыняўся ўладкоўваць стралковую лінію. На значным адрэзку абкладу сцяжкі пачалі знімаць, расстаўляючы там у лінію паляўнічых. Яны займалі свае месцы крокаў за пяцьдзесят адзін ад другога. На ўчастку, дзе праходзіла лясная дарога, лінію падцягнулі трохі ўперад. Гэта дазваляла паставіць стралкоў у гушчары, бо на адкрытых месцах ляснога масіву ваўкі ідуць залішне насцярожана. Найбольш вопытных, на яго погляд, паляўнічых дзед паставіў у месцы ўваходных воўчых слядоў. На самую “воўчую пяту”, і каля перашыйка паміж двума імшарнікамі, карацей кажучы, на месцах найбольш верагодных пераходаў звера.
Лінія атрымалася ўдалая, можна сказаць, класічная. Кожны паляўнічы, стоячы на сваім нумары, выразна мог бачыць стралкоў на суседніх, уяўляў напрамак стралковай лініі. Зрабілі так, што крылы раскінутых сцяжкоў ля крайніх нумароў заканчваліся дзесьці ў сарака кроках ад стралкоў. Так што кожны добра бачыў канец асцяжкованага шнура, нават не паварочваючыся ў той бок. Вецер дзьмуў на стралкоў з боку абкладу, мо толькі крышачку наўскасяк, таму ваўкі не маглі чуць небяспеку.
Закончыўшы фарміраванне стралковай лініі, Кузьміч яшчэ раз праверыў бакавыя ўчасткі абкладу і застаўся задаволены. Напаследак стары нагадаў паляўнічым быць нагатове і падаўся да той групы, што павінна была ісці разам з ім у загон.
Рухаючыся адзін, дзед Кузьміч хутка пераадолеў гэту адлегласць. І ўжо разам з іншымі, усім гуртам, падаўся далей па лясной дарозе, трымаючыся прыкладна ўздоўж лініі абкладу, каб, апісаўшы дугу, выбрацца якраз на процілеглы бок круга, што абцягнуты сцяжкамі, з другога боку ад стралкоў. Прысутнасць дзеда Кузьміча падбадзёрвала прысутных, сеяла надзею на поспех.
Па сваіх, толькі яму аднаму вядомых арыенцірах, стары ляснік вызначаў адлегласць, прыкідваў, адкуль патрэбна пачаць аблаву. Вось, здаецца, ужо і да патрэбнага месца дабраліся.
Тут уся “каманда” заварушылася. Тыя, хто ехалі на санях, пазлазілі з іх і сабралі сваю амуніцыю. Хто меў лыжы, мацаваў іх у сябе на нагах, а хто не меў, дык толькі пастукваў нагамі па снезе, правяраючы, відаць, наколькі ўстойлівы зверху цалік і ці не давядзецца правальвацца праз яго ды паўзці па пахі ў снезе. Бо гэта не асабліва прыемная справа. Ды і карысці ад цябе не будзе, калі адстанеш ад іншых. Але цалік быў тупкі і падстаў для хвалявання не было. -
Фурманкі тым часам Кузьміч накіраваў назад — да таго месца, дзе разбіў ён напярэдадні агульную калону на стралкоў і загоншчыкаў. Ён загадаў спыніцца там і чакаць канца аблавы, пакуль не падасць ён “у ствалы” сігнал аб гэтым. А тады ўжо не марудзячы ехаць на яго голас.
Усе астатнія таксама атрымалі інструктаж, і не менш падрабязны за тых, што засталіся на стралковай лініі. Таму што дробязей у гэтай справе не бывае і тут быць не магло. .
Час, як кажуць, прабіў. Варта было пачынаць. І вось гэтая група загоншчыкаў, што даўно была напагатове і толькі чакала каманды, як ляснік падаў знак, дружна кранулася з месца і рушыла наперад,
па ходу руху кола абкладу хутка расшыралася, і, выконваючы наказы лесніка, загоншчыкі таксама разышліся ў бакі, утвараючы доўгі суцэльны ланцуг, які поўнасцю перакрыў упоперак асцяжкаваны круг. А паколькі народу для гэтага было больш, чым патрабавалася, то лінія аблавы атрымалася даволі шчыльнай, а значыць, надзейнай. Нікому не суджана было праскочыць праз яе.