У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Спачатку тхара перагналі ў невялікую птушыную клетку, што змайстраваў некалі брат, але якая ніколі не выкарыстоўвалася. Усе з цікавасцю прыняліся разглядаць нягодніка. Гэта быў даволі буйны звярок даўжынёй сантыметраў трыццаць, а мо і болей. Цела нечым быцц;ам нагадвала спружыну, было тонкім і гнуткім. Ен, як затрыманы злодзей, круціўся з боку ў бок, кідаючы злосныя погляды маленькіх вочак.
А нашай пацесе не было канца. І маці радавалася, як дзіця:
■ — Ну, цяпер куры будуць цэлыя!
А задаволены ляснік яшчэ тое-сёе расказаў пра жыццё звярка. Мы слухалі, як заўсёды, з захапленнем, здзіўляючыся і яшчэ больш пераконваючыся, які Кузьміч усё-такі добры знаўца жыцця жывёл і які ён вопытны паляўнічы.
Ад яго мы даведаліся, што ў далёкія часы некаторыя аматары выкарыстоўвалі тхара як хатнюю жывёліну. Узятыя з нары сляпымі, тхары добра прывыкаюць да чалавека, становяцца ручнымі. Іх можна трымаць дома замест катоў. Пры гэтым тхары жорстка знішчаюць не толькі мышэй, але і пацукоў, што хатнім катам не заўсёды пад сілу.
Акрамя таго, Кузьміч расказаў нам, што тхор — каштоўны пушны звер. Яго футра і сапраўды было вельмі прыгожым і рэзка адрознівалася ад футра іншага пушнога звяр’я. Характэрнай асаблівасцю тхароў з’яўляецца наяўнасць у іх валасоў дзвюх афарбовак, якія рэзка адрозніваюцца,— дастаткова густая цёмна-каштанавая ці амаль чорная, з-пад
якой прасвечваецца, прабіваецца яркай жаўцізною густое падпушша.
— Каб яшчэ аднаго ці двух, хоць не шапка, дык каўнер быў бы. А адзін — дык што з яго? Рабі клетку большую — ды хай цешацца дзеці,— параіў ляснік бацьку.
Усе так захапіліся звярком, гэтым новым аб’ектам забавы, што і пра сняданак забыліся. I толькі Кузьміч, хуценька з’еўшы кавалак хлеба з салам, як і раней, імгненна сабраўся і зноў накіраваўся да лесу. Больш важныя паляўнічыя клопаты ні на міг ' не пакідалі яго.
Але прынада па-ранейшаму ляжала некранутая. Кузьміч хутка вярнуўся назад. Сядзеў, майстраваў разам з маім братам больш прасторную клетку для тхара, разам з усімі смяяўся. Часам ён станавіўся зусім сур’ёзны, відаць, тады находзілі на яго турботныя думкі пра ваўкоў, і ляснік зноў (у які раз!) пачынаў непакоіцца: а ці прыйдуць яны наогул.
Прайшло яшчэ некалькі дзён. Нават сарокі панадзіліся да мярцвячыны, добра яшчэ, што дзікі яе так і не ўгледзелі, а ваўкі нібы скрозь зямлю праваліліся.
Розныя думкі і здагадкі лезлі ў галаву старога. І надзеі на поспех пачыналі губляцца.
Толькі на адзінаццаты дзень, зноў ідучы па знаёмым ужо маршруце, Кузьміч убачыў шырокі роўны след воўчага вывадка, пад’ехаў бліжэй да прынады: так і ёсць, пабывалі ваўкі тут і добрую палову “апрыходавалі”. Значыцца, яны дзесьці побач.
Ну, тады трымай вуха востра. Цяпер кожная хвіліна дарагая.
Дзе прыкладна яны маглі залегчы, Кузьміч разлічыў даўно. Таму, не бавячы часу на лішнія абходы, хутчэй памчаўся за сцяжкамі ды клікаць людзей.
Збор быў назначаны на вечар. А пакуль усё гэта павінна было адбыцца, дзед Кузьміч узяў сабе ў дапамогу трох паляўнічых і, не марудзячы, вярнуўся да лесу. Яны забралі з сабою ўсе асцяжкаваныя шнуры, катушкі з імі, маленькія матавільцы,
скрутак шпагату і нават запасны клапцік чырвонай тканіны на ўсялякі выпадак прыхапілі. Абкласці ж патрабавалася даволі значны кавалак ляснога масіву, а калі шнуроў не хопіць, што тады? Запас бяды не чыніць.
Кузьміч хутчэй чым заўсёды бег на сваіх паляўнічых лыжах, шырока размахваючы рукамі. Спадарожнікі не чакалі ад яго такога спрыту, здзіўляліся са старога, з цяжкасцю паспявалі за ім. А ён толькі раз-пораз аглядваўся назад і, чаго ўжо ніяк нельга было чакаць ад яго, здаецца, зусім не спачуваў тым, а толькі незадаволена падганяў іх, нават пакрыкваў:
— Ваўкі, брат, чакаць не будуць! Прамарудзім, не паспеем своечасова абкласці, тады пішы прапала.
У такім напружаным руху, то паскараючы і без таго шпаркі бег, то паступова сцішаючы яго, a то пасля чарговага вокрыку лесніка, зноў бегучы, колькі на тое маецца моцы, група паляўнічых на чале з Кузьмічом наблізілася да лесу. Як толькі даехалі да яго ўскрайку, дзед спыніўся, загадаў паляўнічым не рабіць лішняга шуму і крыху прызадумаўся.
А падумаць было аб чым. Трэба было пачынаць справу. Абкласці ваўкоў вельмі няпроста. Ад іх можна чакаць любых хітрыкаў, нечаканых паводзін. Звяры часам могуць збіць з панталыку нават самага вопытнага паляўнічага. Таму з драпежнікамі трэба быць асабліва пільным, і ў час палявання, і пры падрыхтоўцы да яго.
Кузьміч успомніў, як некалі ён чыніў пагоню па слядах мацёрага ваўка. Драпежнік больш пяці вёрст ішоў па лясной дарозе, разы два ці тры сыходзіў з саннага шляху і зноў вяртаўся, затым, вярнуўшыся назад сваім жа следам яшчэ раз, дапяў да высокага куста ядлоўцу, шагнуў як мага далей убок і, прайшоўшы па густых зарасніках яшчэ сотні паўтары крокаў, залёг. Тым самым надзейна і ўдала замаскіраваў свой апошні пераход. А ляснік тым часам згубіў яго след. Але, уважліва агледзеўшы лясную дарогу ў зваротным кірунку з абодвух ба-
коў, Кузьміч нечакана заўважыў скідку хітруна ля таго ж куста ядлоўцу.
Вось як намудрыў ваўкалак. Паляўнічы ніяк адразу не патрапіць на яго апошні след, а пакуль будзе ісці ранейшым следам па дарозе побач, воўк пачуе небяспеку і неўпрыкмет схаваецца. Пакуль жа чалавек зразумее, у чым справа, яго ўжо і “след прастыў”.
А аднойчы неяк у аблаўны круг увайшлі чатыры ваўкі — важак і тры пераяркі. Калі ж іх абцягнулі сцяжкамі і паднялі з днёўкі, ваўкоў аказалася пяць. І як удалося пасля з цяжкасцю вызначыць, у той час, калі зацягвалі круг, на “не перакрытым” яшчэ ўчастку тым жа следам у абклад увайшла яшчэ і сярэдняга ўзросту ваўчыца. Вось і гадай тут.
Многа чаго ведаў стары ляснік, і за сябе ён асабліва не хваляваўся. Але ж групу ў любым выпадку трэба было падзяліць на дзве часткі, і абыходзіць ваўкоў неабходна адразу з абодвух бакоў. А ад менш вопытнага паляўнічага ўсяго чакаць прыходзіцца. Ён можа і воўчы саскок дзесьці ўпусціць, і ў мудрагелістасці іх слядоў не заўсёды дасканала разбярэцца. Але ж паляўнічых для справы Кузьміч адабраў найбольш вопытных і сталых, спадзеючыся, што яны паспяхова справяцца са сваёй задачай. Ды ўсётакі неяк боязна было — вельмі ўжо складанае мерапрыемства рыхтавалася.
Ляснік як мог растлумачыў сутнасць абкладу, звярнуў увагу памочнікаў на найбольш важкія акалічнасці, з якімі яны могуць сутыкнуцца.
Перш-наперш раіў ён звяртаць увагу на тое, якія ездавыя дарогі трапляюцца на шляху, прыгледзецца да кожнай,— ваўкі часта карыстаюцца імі. І заўважыўшы след збоку ад яе, трэба абавязкова ўважліва агледзець, ці не выходзілі звяры на дарогу. Яны часта прыбягаюць да такога, робячы доўгі пераскок дзе-небудзь з-за куста ці невысокай елачкі, якія прыкрываюць іх след, сігаюць прама на дарогу. Тады і не вызначыш дакладна, колькі слядоў ідзе ў месца абкладу, а колькі з яго. А як у такім выпадку зразумееш: ваўкі ў абкладзе або выйшлі?
Асабліва няпроста выявіць сляды ваўкоў-адзіночак, калі яны ўліваюцца ў агульны след. А гэта таксама можа нашкодзіць справе, заблытаўшы паляўнічага.
У гэткай аперацыі здараюцца самыя нечаканыя моманты. Таму неабходна асабліва дасканала ведаць, колькі ваўкоў у акрузе, якіх месцаў яны трымаюцца. Асаблівай увагі таксама патрабуе, канечне, мацёрая ваўчыца, якая верхаводзіць у зграі. Дзе знаходзіцца яна, там звычайна і астатнія члены сямейства. Але здараецца, некалькі ваўкоў адыдзе ўбок, асабліва гэтага можна чакаць ад пераяркаў. А ў супольнасці са старым ваўком пераяркі на нейкі час могуць нават пакідаць сям’ю, хоць здараецца такое даволі рэдка, тым не менш улічваць усё гэта трэба. Хто ведае, як стануць паводзіць сябе ваўкі ў кожным канкрэтным выпадку? У якім напрамку пойдзе далейшая дзея?
Галоўнае ж тут — не ўпусціць з віду ніводны след і ўважліва пералічыць, колькі з іх уваходзіць на тэрыторыю абкладу, а колькі выходзіць з яго. Бо замкнуўшы ў выніку абкладу круг, толькі па гэтым можна меркаваць, ці засталіся ваўкі ў абкладзе. Пра што сведчыць наяўнасць аднаго лішняга ўваходнага следу. Калі, прыкладна, у абклад вядуць чатыры сляды, а выходзяць з яго тры, значыцца, ваўкі ў абкладзе. Аднак і гэта далёка не так проста.
Здараецца, што і пры аднолькавай колькасці ўхадных і выхадных слядоў звяры ўсё-такі засталіся на тэрыторыі абкладзенага круга. А бывае гэта тады, калі драпежнікі зноўку ўвайшлі ва ўгоддзі, дзе ўжо праводзілі папярэднюю днёўку. Хітрасцей тут хапае!
Звярнуў Кузьміч увагу сваіх спадарожнікаў і на тое, што ў час абкладу незнарок здараецца нават убачыць ваўкоў. Гэта ўжо зусім дрэнна. Але ўсё ж трэба паспрабаваць зрабіць выгляд і сваімі паводзінамі паказаць, што людзі не заўважылі іх. Тады ваўкі могуць не адрэагаваць на гэта. Калі ж толькі западозраць нешта, то справа будзе сапсавана. Ма-
цёрыя не павядуць зграю на лёжку ў бліжэйшыя ўгоддзі, не залягуць блізка ад прынады, а адвядуць вывадак у далёкія ўрочышчы.
Розных нечаканых камбінацый можа быць шмат, таму абкладчык павінен улічваць усё без выключэнняў, умець думаць, быць уважлівым. А чым больш поўнае ўяўленне будзе мець паляўнічы аб месцазнаходжанні ваўкоў, калі будзе ведаць колькі іх і чаго можна ад іх чакаць, тым гэта лепш. Ён тады своечасова абкладзе вывадак, удалым будзе паляванне.
Выклаўшы хуценька сваім напарнікам гэтыя прамудрасці, ляснік раздзяліў усіх на дзве групы — кожная з двух чалавек. Двух больш бывалых паляўнічых Кузьміч адправіў самастойна, а аднаго забраў з сабою. Падзялілі між сабой і сцяжкі, прыхопленыя на ўсякі выпадак запасы.
Спачатку пусцілі ў ход найбольш вялікую катушку. Кузьміч замацаваў яе разам са спецыяльнай падстаўкай на спіне свайго напарніка, так што пад напружаннем вяровачкі катушка .свабодна пракручвалася, размотваючы шнур. Ён паказаў паляўнічаму напрамак, у якім той павінен рухацца, адправіў наперад. Сам жа, ідучы ззаду, час ад часу карэкціраваў яго рух, замацоўваў асцяжкаваны шнур за галінкі кустоў і сукі дрэў. Гэтак жа зрабіла і другая пара паляўнічых. Пачалі з аднаго і таго ж месца, надзейна замацаваўшы пярэднія канцы шнуроў за стволік каржакаватай бярозкі, што служыла адначасова надзейным арыенцірам месца пачатку абкладу.
Праца пацякла хутка, бо марудзіць не было падстаў, а спяшацца якраз было трэба. І дыктавалася гэта не простай спешкай, а прыроднымі з’явамі, з якімі нельга было не лічыцца.