У нерушы дзікай прыроды
Вячаслаў Стома
Выдавец: Юнацтва
Памер: 382с.
Мінск 2001
Ішла ўжо другая палова зімы. У ваўкоў з дня на дзень павінен быў пачацца гон, а з гэтага моманту іх ужо не ўтрымаць на адным месцы, тады яны цэлымі днямі блукаюць па лесе, пераходзячы з месца на месца.
Кароткія зімовыя дзянькі. А чацвёртай гадзіне
пра дзень ужо і гаварыць не прыходзіцца — пачынае змяркацца. А яшчэ столькі спраў наперадзе.
Стары ляснік ішоў звыклым таропкім крокам. Дзе рукою, а дзе дзвюма мацаваў ён шнурок па хмызняках, выпраўляючы пры гэтым сцяжкі, каб яны былі лепей бачны здалёк. Нават часам падштурхоўваў паляўнічага, які марудна ішоў наперадзе. Хоць і патрабавалася ад таго зусім нямнога — толькі ідзі ў вызначаным напрамку без затрымкі,— ды і то ён запыхаўся. Дзед жа і сцяжкі паспяваў замацоўваць, і сляды ўважліва прыкмячаць, і напрамак руху вызначаць.
Паступова яны адхіналіся ўправа, і сцяжковая лінія расла, падаўжалася.
Вось ужо і шнур заканчваўся на першай катушцы. А абкладчык, які ішоў наперадзе, так захапіўся справай, што і не чакаў гэтага. І калі тузануў яго раптам назад замацаваны на катушцы канец шнура, дык ён ад нечаканасці кульнуўся ў снег і разгублена падхапіўся. Мо падумаў, што гэта воўк яго лапай па спіне “пагладзіў”. Гэта рассмяшыла нават стрыманага і сур’ёзнага Кузьміча.
Ды смяяцца часу не было. Дзед спрытна ўхапіў пецельку першага шнура, борздзенька ўставіў у яе клячык з другога матка, і перадаўшы яго ў рукі свайму напарніку, зноў паказаў яму напрамак і прыняўся далей расцягваць асцяжкаваны маток, раскідваючы сцяжкі па кустах на вышыні 70—80 сантыметраў ад снегавога покрыва.
Калі і гэты шнур скончыўся, ляснік спыніўся, даў напарніку перадыхнуць. Сам жа слізгануў на лыжах у адзін бок, затым у другі, потым наогул знік у гушчары хвілін на дваццаць. Яго спадарожнік ужо і хвалявацца пачаў.
Дзед жа тым часам чуйна прыслухоўваўся да лесу. Па разліках, яны прайшлі ўжо болей паловы маршруту, дзесьці і сустрэчная група павінна была з’явіцца. Крычаць у такім выпадку нельга. Ён толькі наказваў ім, каб тыя ўпаўголаса перагаворваліся, калі апынуцца прыкладна на сярэдзіне зацягваемай акружнасці. Але галасоў не было чуваць.
Што за ліха? Здаецца, падрабязна ўсё было расказана. Дзе ж тут яны маглі адхіліцца ад намечанага напрамку?
Дзед вярнуўся назад да свайго напарніка. Некалькі хвілін перачакаў тут, а пасля накіраваўся бліжэй да імшарнікавага балота, дзе парушыць маршрут другая група магла з-за драбналесся і недахопу хмызняку для мацавання шнура. Прабег якіх метраў сто з гакам і, калі ўжо выбраўся на суцэльную прагаліну нізкарослага кустоўя, убачыў удалечыні двух паляўнічых.
Яны прыкметна адхіліліся ўправа ад вызначанага напрамку, тым самым рэзка павялічыўшы адлегласць свайго пераходу, а яшчэ і затрымаліся ў дарозе.
Дзед шпарка пабег насустрач ім.
— Ну што вы тут калупаецеся, як каты ў торбе?! Злосці і той не хапае, ёха-маха! — незадаволена мармытаў ён.— Давай хутчэй шнур.
Спрытна схапіў маток шурпатымі пальцамі і борздзенька падаўся ў тым кірунку, адкуль толькі што прыйшоў. Шнур той, праўда, хутка скончыўся, да вызначанага месца заставалася яшчэ добрай паўсотні крокаў. Тут ужо ён не стаў чакаць, пакуль разварушацца “блуднікі”, а выхапіў з-за пазухі прыхаванае матавільца і, хутка-хутка раскідваючы сцяжкі па кусціках, замкнуў тую вялікую акружнасць.
— Ну, а цяпер давайце разам прыкінем,— склікаўшы ўсіх у гурт, разважаў ён.— Колькі там на сваім адрэзку вы слядоў налічылі?
— Тры сляды ішлі туды і два — адтуль,— сказаў вусаты паляўнічы.— Глядзелі, здаецца, пільна. I “выбрыкаў” асаблівых воўчых быццам на гэтым адрэзку не відаць.
— Хоць запазніліся, а справу зрабілі надзейна,— дапоўніў думку вусатага яго напарнік.— Камар носа не падточыць!
— Пажывём — паглядзім,— адказаў вопытны стары ляснік,— усяму свой час. А цяпер крыху памаўчыце.
Ён зноў ненадоўга задумаўся. На сваім адрэзку ён налічыў чатыры лініі слядоў — два ў сярэдзіну абкладу і два з яго. Калі сустрэчная пара не памылілася, то ў абклад вяло пяць слядоў, а з яго — чатыры. Значыцца, ваўкі павінны быць у абкладзе. Але другі адрэзак трэба было яшчэ раз праверыць.
Дзед даў новую каманду, і ўсе ўчатырох падаліся па другім адрэзку круга. Кузьміч абавязкова павінен быў прайсці і гэты кавалак шляху сам, каб упэўніцца, што яго разлік правільны, сваімі вачамі ўбачыць усе сляды, што перасякалі другую палову лініі абкладу, і толькі пасля гэтага даводзіць распачатую справў.
Па дарозе ён дзе-нідзе паправіў сцяжкі, падцягнуў шнур у некаторых месцах, праўда, заўваг і папрокаў да тых, хто выконваў гэтую лінію абкладу, з яго боку не было сказана. Хаця, калі быць прыдзірлівым, крыўда ўпотай схавалася — і круг прыкметна скрывілі, і сцяжкі высакавата падвесілі. Ды лішні раз падкрэсліваць гэта не хацелася, тым больш што карысці ад таго ўсё роўна не прадбачылася, а дарэмна псаваць людзям настрой не варта было. Толькі нашкодзіць можна.
Ішлі ўсе хутка і насцярожана. Як бы ўсё ж пабойваліся абкладчыкі, каб не ўбачыў у іх рабоце Кузьміч якіх-небудзь пралікаў. Але той нічога не гаварыў, толькі раз-пораз абсоўваў рукавіцаю нацягнуты шнурок ніжэй і спяшаўся далей.
Вось і тая каржакаватая бяроза. Яшчэ некалькі намаганняў, і “падарожнікі” ўжо каля яе. І тут дзед жартаўліва загадаў:
— Стой, каманда!
Ён нават павесялеў неяк. Усё сапраўды было ў парадку. He памылілася і другая група абкладчыкаў. Цяпер было дакладна вядома, што ваўкі не выйшлі з абкладу і сядзяць дзесьці ў самым лясным гушчары. Амаль што палова справы была зроблена.
Ён адправіў другую групу ў вёску, а ўдвух з сябрам, пакуль дазваляў час, застаўся тут. Трэба было крыху падкругліць кола, падправіць. Яны з напар-
нікам злёгку прыгладзілі бакавыя ўчасткі абкладу, сцягнулі непажаданы “мяшок”, што ўтварыўся ў месцы сустрэчы абодвух груп. У некаторых месцах сцяжкі наогул даводзілася здымаць, пераносячы лінію абкладу крокаў на трыццаць, а то і болей, сціскаючы тым самым празмерна шырокі круг. Ад гэткіх нязначных, на першы погляд, акалічнасцей многае магло залежыць у далейшым, нават сам поспех палявання. Таму ляснік не шкадаваў часу на гэткія “дробязі”. Яшчэ і яшчэ раз папраўляў, здаецца, ужо і без таго вывераную лінію, нібы спрабуючы давесці яе да ювелірнай дакладнасці.
Вечарам у нашай хаце яблыку не было дзе ўпасці. Паляўнічыя, іншыя вяскоўцы і хутаране з больш дужай кагорты сабраліся сюды, каб прыняць удзел у паляванні, якое так дасканала рыхтавалася.
Гэта ж трэба, каб у такое малое памяшканне ўмясцілася столькі людзей, некаторыя сядзелі на зэдліках вакол стала, на ўслонах, а большасць стаяла, збіўшыся цесным натоўпам. Частка людзей знаходзілася нават у сенцах, і дзверы ў хату не зачыняліся. Цяпло буйною парай зыходзіла ад натоўпу, і ў памяшканні было нават даволі душна, а холад тым не менш і пры адчыненых дзвярах не мог прабіцца ў хату.
Людзей было многа, але столькі не патрабавалася, для справы гадзіліся толькі людзі дастаткова моцныя і вынослівыя, бо паляванне мелася быць не простым і не з лёгкіх.
Усяго было адабрана каля сарака чалавек (менавіта столькі па дзедавых разліках было неабходна для аблавы), і многім варта было вяртацца дадому, але і астатнія разыходзіцца не хацелі. Тым, хто павінен быў прыняць удзел у аблаве, нават цяжка было прабрацца бліжэй да стала, дзе складаўся і абмяркоўваўся план на заўтра. Адны былі проста “зявакамі”, а іншых утрымлівала цікавасць — не цярпелася даведацца, як жа гэта паляўнічыя збіраюцца заўтра “лавіць” ваўкоў.
Кузьміч яшчэ па дарозе да хутара, вяртаючыся з лесу, прыкідваў, які ж варыянт аблавы лепш пры-
мяніць. Спачатку вырашыў правесці яе ў замкнутым крузе, не разрываючы ланцуга абкладу ваўкоў на стралковай лініі. Ён меркаваў адабраць чатырыпяць найбольш дасканалых стралкоў і расставіць іх у сярэдзіне круга. 3 сабой жа ўзяць аднаго-двух чалавек і па краях абкладу час ад часу турбаваць ваўкоў, вымушаючы іх рабіць пастаянныя перабежкі. Устрывожана блукаючы ўсярэдзіне абкладу, звяры паступова адзін за адным “напоруцца” на стралкоў. А адзіночныя трапныя стрэлы не выклічуць празмернай іх трывогі і не падштурхнуць на нейкія нечаканыя дзеянні. Выбухі толькі б больш непакоілі ваўкоў і падганялі б іх да стралкоў. Такім чынам, асабліва не спяшаючыся, можна было б паступова расправіцца з усімі драпежнікамі.
Але вечарам яго намеры змяніліся. І прычынай таму паслужыла не толькі тое, што поспеху магло не быць, калі б дзейнічаць згодна гэтаму плану, не, ён, безумоўна, быў бы, але ж і другі варыянт не менш падыходзіў у гэтым выпадку. А асабліва ў даным выбары адыграла рашаючую ролю тое, што вяскоўцы і хутаране вельмі ж ужо зацікавіліся паляваннем. І, каб хоць неяк не пакрыўдзіць іх ды задаволіць празмерную дапытлівасць, вырашыў тады Кузьміч правесці шырокую масавую аблаву і адначасова выгнаць звяр’ё на разарваную стралковую лінію. Таму і адабраў ён для справы адразу каля сарака чалавек, хоць і гэтулькі для такога палявання было аж залішне.
Усе атрымалі параду і канкрэтную ўстаноўку: чым патрэбна запасціся на заўтрашні дзень, як апрануцца, дзе і калі сабрацца. А сабрацца было вырашана на нашым падворку, як толькі пачне віднець.
На тым і разышліся ў той вечар. Праўда, людзі пакідалі хату неахвотна. Усё нечага дапытваліся, нешта хацелі выведаць, удасканаліць. Таўкліся з патрэбай і без патрэбы. Так што дайшло ледзь не да сваркі, каб своечасова ачысціць хату ад дакучлівых “гасцей”. Бо і выспацца яшчэ як след трэба было.
Спаў стары на гэты раз дрэнна. Ён то прыглушана кашляў, то нешта неразборна бубнеў сабе пад hoc, то, незадаволена крэкчучы, пераварочваўся з боку на бок. Думкі пра ваўкоў, відаць, і ў сне непакоілі старога. Ён пастаянна прачынаўся, і ўсё новыя і новыя малюнкі і будучыя ўяўныя дзеі ўзнікалі перад яго вачыма. Толькі бліжэй пад раніцу на нейкую гадзіну заснуў, а калі ў чарговы раз зноў прачнуўся, то болей валяцца ў ложку не захацеў, а адразу ўстаў і пачаў рыхтавацца.
Ен не асабліва спяшаўся, бо было яшчэ вельмі рана і часу хапала, апрануўся і выйшаў з хаты на падворак. Яго, вядома, цікавіла надвор’е, ад яго многае залежала на паляванні. Стаяў даволі мацнаваты, але і не задужа вялікі марозік. Стары ведаў, калі добра развіднее і сонца злёгку прыгрэе між хмарак, дык ён паслабее, а гэта якраз на руку. Бо моцны мароз, вядома ж, перашкаджае паляванню — яшчэ добра тым, хто ў загон пойдзе, а на нумарах паспрабуй пастаяць нерухома — і рукі закарчанеюць, і сам змерзнеш. Ноччу прайшоў лёгкі сняжок, нават цяпер яшчэ ледзь-ледзь церусіў. Зусім не густы і драбнюткі-драбнюткі, як адпрацаваны пыл з млынавых жорнаў, ён плаўна апускаўся, быццам нехта вымятаў яго рэшткі з нябесных маснічынаў. Гэта таксама следапытам было на карысць. Усе ранейшыя сляды былі засыпаны, і яны не будуць перашкаджаць больш паляўнічым, не зблытаюць іх загадкавасцю мудрагелістых узораў. Калі крануцца пасля куды звяры, дык тут жа пацягнецца за імі іх свежая “візітная картка”.