• Газеты, часопісы і г.д.
  • У нерушы дзікай прыроды  Вячаслаў Стома

    У нерушы дзікай прыроды

    Вячаслаў Стома

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 382с.
    Мінск 2001
    92.4 МБ
    І ўсё асаблівае, што ўбачыў і пачуў пры такіх сустрэчах, лепшыя традыцыі правядзення палявання і паводзін у час іх самааддана ўкараняў у сябе на месцы.
    Неяк на падобным замежным паляванні звярнуў увагу на тое, як адносяцца там да чалавека, чый трапны стрэл забяспечыў удачу — утыкаюць шчасліўцу ў капялюш свежую хваёвую галінку. Звычай яму спадабаўся — і ён запазычыў убачанае і выкарыстаў у сябе.
    У другі раз быў здзіўлены высокай культурай пры зняцці скуры з дзікага вепра. Двое паляўнічых працавалі хутка і лёгка, беспамылкова дзейнічаючы вострымі нажамі, будучы ў чысценькіх беласнежных кашулях. І галоўнае патрабаванне пры гэтым, аказваецца, было: каб ні адна кропінка крыві не пырснула на кашулю. Вось гэта сапраўды культура! У нас да такога было яшчэ далёка.
    Але прыклад быў варты пераймання. І Уладзімір Сяргеевіч тут жа прыняўся ўкараняць яго ў сябе. Бінтаваў егерам да локцяў рукі і толькі пасля гэтага дапускаў да справы. Спачатку толькі ўсеагульны смех гэта выклікала. Але высокі аўтарытэт кіраўніка паступова і настойліва рабіў сваю справу — і з гэтым таксама звыкліся.
    А што датычыць правілаў паводзін на паляванні, дык гэта ўжо і наогул была святыня. Выконваліся яны ўсімі бездакорна і без абмылачак. І тэхніка бяспекі пры гэтым была найгалоўнейшым правілам. Праверка зброі, веданне прысутнымі правілаў паводзін у час палявання і абавязковы ў кожны чарговы раз папярэдні дасканалы інструктаж — усё гэта прадухіляла няшчасце і прыносіла поспех, дапамагала пазбегнуць розных непрадбачаных выпадковасцей і непрыемнасці.
    Відаць, і ў адносінах да мяне сыгралі гэтыя моманты далёка не апошнюю ролю, падказалі своечасова “націснуць тормаз”. Разам з тым, што засталося ў памяці яшчэ з дзяцінства ў навуку ад дзеда Кузьміча. Так што, завяршаючы міжвольнае адхіленне ад галоўнага сюжэту, варта падзякаваць пані Удачы, а Уладзіміру Сяргеевічу сказаць: “Малайчына!” І ён навучыў мяне многаму, як некалі навучыў Кузьміч. Успамінаю я Уладзіміра Сяргеевіча і Кузьміча заўсёды ў адзін час.
    Вернемся назад, на той самы далёкі хутар, дзе ў прадчуванні палявання на ваўкоў праводзіў напружаныя дні чакання ў нашай сям’і стары ляснік Кузьміч — Ёха-Маха.
    Той першы вечар яго гасцявання ў нашай хаце прайшоў хутка, у цікавых размовах, адказах на пытанні то маці, то старэйшых брата і сястры. Бацька сядзеў, як заўсёды, стрымана, час ад часу злёгку ўсміхаўся ды зноў надаваў твару сур’ёзны выраз, засяро д жанасць.
    Размова змянялася размовай, пытаннямі, споведзямі. 3 непрывычкі задушэўная і на дзіва цікавая гаворка цякла і цякла ў маленькай хутарской хатцы, што згубілася ў зімовай начной цемені, пад ціхае патрэскванне мацерчатага кноціка цыбатай керасінавай лямпы, што яшчэ зусім нядаўна замяніла сабой лучыну і лічылася на той момант самым, што ні на ёсць сучасным сродкам святла. Заседзеліся ў той вечар доўга, і толькі запозна, калі пачалі ўжо зліпацца вочы, а дзеці соладка пазяхалі, маці, своечасова ацаніўшы абставіны, загадала:
    — Ну, пара спаць! Ноч-апоўнач даўно. He ўстанеце заўтра.
    Той жа час прыклала шурпатую далонь да верхняга краю шклянога каўпака, спрытна падкруціла другою рукою кноцік, так што агеньчык зрабіўся зусім маленькі, пасля чаго моцна дзьмухнула паўзверх адтуліны разагрэтага шкла.
    І яна патушыла газнічку.
    Заснулі ўсе адразу, як толькі кожны заняў навобмацак адведзенае яму звечара месца.
    Ніхто, як звычайна, не варочаўся з боку на бок, а заснулі ўсім гуртам быццам па ўзмаху чароўнага кіёчка. Спалі моцна, што называецца, непрабудным сном і нават тое, што бацька моцна хроп у сне, нікога не турбавала. Я, праўда, час ад часу прачынаўся, бо гэта ж быў час майго дзяцінства — той заўсёды прыемнай і бестурботнай пары, што дазваляла мне кожны раз па патрэбе адаспацца і днём, таму сон і знямога краналі мяне менш, чым іншых. Астатнія ж спалі як пшаніцу прадаўшы.
    Усталі тым не менш рана. Раней за ўсіх, вядома, маці. І калі бацька, пакарміўшы і напаіўшы скаціну і гучна патупаўшы ў сенцах, збіваючы наліплы на валёнкі снег, хуценька зачыніў за сабою дзверы ў хату, каб не напусціць знадворку холаду, сняданак быў гатовы. Яны з лесніком знялі з галоў цёплыя зімовыя шапкі і, перахрысціўшыся на покут, дзе была абгорнутая чысценькім вышываным ручніком адзіная ў хаце ікона, прыняліся за ежу. Мы, дзеці, снедалі заўсёды пазней, бо так рана нам не было куды спяшацца. Паснедалі бацька і Кузьміч хутка і адразу падаліся кожны па сваіх справах — бацька ў вёску, да калгаснага двара, а ляснік — у лес.
    Ноччу снег не церушыў. Стаяла ціхае прыемнае надвор’е, марозік крышачку пашчыпваў шчокі, Кузьміч з асалодай удыхаў чыстае паветра, няспешна ішоў наперад.
    Паўсюль было мноства слядоў, і свежых, і тых, што засталіся яшчэ з мінулай ночы.
    Колькі сцежак праходзяць лясныя жыхары ў пошуках ежы за доўгую зімовую ноч, а за імі, быццам камп’ютэрная расшыфроўка, цягнуцца іх сляды.
    Вунь колькі снегу на ўзлеску змаляваў спрытны маленькі драпежнік гарнастай сваімі дужымі лапкамі, а дзе яшчэ і доўгім распушаным хвастом, нібы якім памялом памазаў. He адну гадзіну правёў ён тут, вышукваючы мышэй ды лясных пацукоў. Бегаў узад і ўперад, прыглядваўся.
    А вось карміліся насеннем пустазелля, што тырчыць дзе-нідзе з-пад снегу, шэрыя курапаткі. Колькі з’елі, невядома, але насмецілі аж лішне. Цяпер кожны драпежнік зразумее, што яны недзе побач.
    Зрабіў ляснік яшчэ некалькі крокаў наперад і... Ну, канечне, вось яны, гуртом, з своеасаблівым трэскам узняліся ў паветра. Ляцелі павольна, нізка, перамясціліся мо крокаў на сто—дзвесце і зноў селі сярод купінак. А каб тут не ляснік, а ястраб? Ды хай лепей там і сядзяць, на свежым месцы ўсё ж не так прыкметна.
    А вось тут і наогул ледзь бачны слядок, нібы хто тоненькі шнурочак працягнуў прама па снезе, потым звярнуў убок, затым зноў роўненькай стужачкай пралёг той шнурочак яшчэ некалькі крокаў і раптам знік. Прыглядзіся — а там маленькая норачка. Гэта лясная мышка, якой надакучыла нерухома сядзець у зімовай хатцы пад зямлёю, выходзіла на хвілінку прагуляцца. Пабегала, паглядзела, што навокал робіцца, і зноў у цёплую норачку ад бяды падалей шмыгнула, бо так і глядзі, каб у вострыя кіпцюры не патрапіць.
    Стары ляснік ішоў паўкругам, паступова набліжаўся да таго месца, дзе паклалі прынаду. Але воўчых слядоў не было пакуль што відаць.
    Малюнкі белай зімовай кнігі перапляталіся, накладваліся адзін на другі, дзед уважліва і пільна ўглядаўся ў іх, вывучаў, ды толькі і ўсяго — нічога патрэбнага для сябе не заўважыў.
    Паляны і пералескі былі густа здратаваны слядамі зайцоў: больш акуратнымі, круглымі і шырокімі, што пакідаюць буйна апушаныя лапы беляка, і доўгімі, размашыстымі, пракладзенымі русакамі. Пераважалі беляковы ўзоры, русакі болып трымаліся палёў ды невялікіх зараснікаў паблізу жылля чалавека, і толькі некаторыя іх асобіны разам з белякамі заставаліся ў вялікіх лясных масівах.
    Дзе-нідзе наслядзілі вавёркі, калі спускаліся на зямлю. Часам трапляў на вочы адзінокі ланцужок слядоў куніцы, каштоўнага сваім прыгожым футрам звярка. А часам усё гэта разнастайнае сузор’е ланцўжкоў, адбіткаў і іншых далёка не кожнаму знаёмых замалёвак, рознай велічыні і формы, пакінутых дзе лапай, дзе крыламі або дзюбай, перакрэсліваў роўны вытрыманы след лясной хітрухі — лісіцы. Яна не супраць была б у зручны момант пажывіцца любым гаспадаром гэтых узораў.
    Сляды ж ваўкоў па-ранейшаму не траплялі на вочы лесніку. Ужо і да прынады было недалёка, і па ўсім гэтым Кузьміч адчуваў, што ваўкі яшчэ не з’явіліся ў наваколлі. Але здагадкі здагадкамі, a справа справай, і ён упарта ішоў далей.
    Зноўку мудрагелістае перапляценне заечых сцежак. Зноў роўненькі след лісіцы. А вось тут дзікі спраўлялі свой зімовы баль. Вунь колькі зямлі перакапалі! Быццам араты не па сезоне з плугам выехаў у лес і шчыраваў замест поля да знямогі. Што і казаць, нялёгка дзікам зімою рыць зямлю, але нічога, спраўляюцца. Відаць добра, як здабывалі з-пад снегу жалуды і арэхі, як з зямлі нават сакавітыя карэнні выкопвалі.
    А вось мурашніка, вядома, шкада. І яго не абышлі япрукі — разбурылі, дастаючы смачную закуску з белых мурашых лічынак. Вельмі ж карысныя мурашкі, амаль ад усіх шкоднікаў лес ахоўваюць, як жа іх не шкадаваць? Але што зробіш? Голад не цётка, дзікам таксама нечым харчавацца патрэбна. А вакол толькі снег ды галлё, паспрабуй наталі голад. Ды і адрамантуюць сваю хату працавітыя мурашкі. Хай толькі першае цяпло прыгрэе — у лічаныя дні зробяць яны рэстаўрацыю, пасля і не пазнаеш, нібы так і было.
    Тым не менш прысутнасць дзікоў насцярожыла Кузьміча. Яны ж не горш за ваўкоў падкія на здыхляціну. А калі раздзяруць раней за тых тушу, то паляванне будзе сапсавана. Адна толькі надзея, што не знойдуць, бо менш чуткія на яе.
    Так, разглядваючы на шляху ўсё навокал і разважаючы аб усім, што бычыў, стары ляснік неўзабаве наблізіўся да прынады. Спыніўся, уважліва агледзеў снег. Вакол нічога, ні следу, ні іншых прыкмет, якія сведчылі б, што прыходзілі сюды ваўкі. Прыцярушаная снегам туша па-ранейшаму ляжала некранутая.
    Абышоўшы вакол гэтага месца, стары накіраваўся назад. Праз колькі крокаў звярнуў крыху ўбок, падаўся з лесу трохі іншым шляхам, каб пераканацца, ёсць ваўкі ў акрузе або няма.
    Ішоў нетаропка, па-ранейшаму лёгка і свабодна рухаючыся па беласнежным шарпаку. У той жа час, як заўсёды, уважліва да ўсяго прыглядаўся. І таксама нічога новага, нічога таго, што б затурбавала
    дзеда, што магло б прадказаць доўгачаканую сустрэчу з ваўкамі, не было.
    Ужо выходзячы на ўскрай поля, Кузьміч заўважыў у лесе некалькі касуль. Яны стаялі воддаль, прытаіўшыся паміж высокага хвойніку, і палахліва паглядалі ў яго бок. Гэта насцярожыла старога.
    Кузьміч вельмі любіў гэтых жывёлін. Прыгледзеўся больш уважліва. Было іх пяць асобін, невялічкі табунок, якім звычайна і трымаюцца ўзімку гэтыя зграбныя і статныя жывёлы нашых лясоў, сапраўдная акраса нашага ландшафту. Рыжанькія, асабліва на шыі і тулаве, ніжняя частка цела больш светлая. Наогул, крыху больш шэрыя, чым улетку, і вялікая светлая аблямоўка замест хваста, які амаль адсутнічае, яе называюць паляўнічыя “люстэркам”, стала цяпер зусім белая.
    Пяшчотныя пысачкі касуляў прынюхваліся, паварочваліся то ў яго бок, то назад. Прыгожыя невялічкія галоўкі з доўгімі рухомымі вушамі і вялікімі даверлівымі вачыма цудоўна дапаўняліся тонкімі гнуткімі шыямі і акуратнымі стройнымі ножкамі.