• Газеты, часопісы і г.д.
  • У святой краіне выгнання Імпрэсіі, адлюстраванні Ала Сямёнава

    У святой краіне выгнання

    Імпрэсіі, адлюстраванні
    Ала Сямёнава

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 488с.
    Мінск 2011
    108.25 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    А ўвогуле гэта не мела для Даны значэння якая была маці ў яе сяброўкі, тым больш у мінулым. Усё гэта існавала недзе на ўскрайку свядомасці і ўражанняў. А Бэця была выдатнай кампаньёнкай па чытаных кнігах і разумела самыя рызыкоўныя рамантычныя залёты Даны. А Дана падзяляла Бэціны мроі. Абедзве мелі адна да
    адной тую ступень разумення і іроніі, як то трэба было для падтрымання сяброўскіх адносін. Калі прачыталі таго самага знакамітага «Авадня», таксама ў іх гульнях не было ніякага сумніву: Бэця Джэма, Дана Артур.
    Калі Бэця з'ехала з горада, Дана засталася ў салодкім мройлівым свеце кніг, і толькі кніг. Хрысціна з’явілася пазней, а Іра з Мінска была толькі госцяй, якую трэба было займаць, памятаючы святыя законы гасціннасці.
    Дана ці не трыдзясятым разам перачытвала «Авадня» і не магла пазначыць, што болып вабіла яе ці лёс Артура, ці рамантычнае каханне, ці водар таго спосабу жыцця, што на першых старонках кнігі: бібліятэка, расчыненыя вокны з узорчастым чыгунным ліццём, сад старажытнага кляштара дамініканцаў, ружы... «Так, на пачатку дзён была бібліятэка, пыл, вавілон тамоў, пергамент, цішыня...» Потым, у Мінску, пабраўшы ледзь не за сталае жытло галоўную бібліятэку рэспублікі, яна прачытала гэтыя вершы вялікага француза і падсвядома, не згадваючы канкрэтна, заўсёды памятала лаўку пад магноліяй, дзе вялі гаворку Мантанэлі і Артур, залу бібліятэкі кляштара... Наконт «Трох мушкецёраў», Дана магла пэўна зазначыць, што гісторыя з клейнотамі каралевы не цікавіла яе, але стыль паводзін шэвалье, дуэлянтаў і малайцоў, Парыж часоў кардынала Рышэлье, водар эпохі гэта яна ледзь не глытала. Як пазней старонкі Хемінгуэя і Эрэнбурга з тым жа неверагодным горадам, куды ёй папічасціла трапіць, на жаль, ва ўзросце, далёкім ад таго, у якім быў харобры гасконец, калі ягоны конь, невядомай свету масці, трапіў на брукаванку горада бясконцых Людовікаў.
    Дана ўвоіуле была апантаным, але недысцыплінаваным чытачом чытачкай. Асвойваючы «Як гартавалася сталь», яна вельмі палюбіла першыя старонкі кнігі, дзе баявіты хлопец-зух Паўка бярэ знаёмства з дзяўчынай «з добрай сям’і» Тоняй Туманавай. Дана проста на свае вочы бачыла гэтую сажалку, мабыць, такую, як у іх, вуду Паўкі, капялюш Тоні... Як пазней спазнавала на слых, пах, на кожны гук маёнткі Сянкевіча, горад Пруса, сядзібы Тургенева і Буніна...
    Дана ўмела неяк абмінаць увагай выпадак «з махрой» у Паўкі Карчагіна і ніякавата сябе адчувала, калі Артур сек малатком крыж. I была амаль упэўненая таямніцы споведзі маглі здрадзіць толькі недзе там, далёка, у Італіі. Хіба пані Магда ці сястра Малгажата маглі б каму здрадзіць? Выдаць? Назарэтанкі прынеслі ахвяру... За ўсіх мешканцаў горада...
    Пра гэта згадвалася ўсё жыццё... I было найвялікшым узвышэннем душы калі сёстры з Найсвяцейшай сям’і з Назарэта былі беатыфікаваныя. А распачаўся працэс беатыфікацыі сястры Малгажаты. Той, якую ведала Дана...
    Яшчэ вельмі непакоіла Дану, за што не толькі людзі, але і Вышэйшая Воля пакаралі вязня з Аляксееўскага равеліна? «Адзетыя ў каменне» адымалі спакой, ціснулі на ўяўленне усё жыццё ў каменнай пастцы. Горш за смерць. I калі смерць прыняць за іншабыццё дык што ёсць гэтае дваццацігадовае паміранне? Ці варты быў замах на цара, нават толькі задума замаху, гэткага катавання быццём? Ці варта? I ці вартая была самаахвярная аскеза і вымогі разумовыя і фізічныя Паўкі Карчагіна таго, што займелі яго нашчадкі? Ці трэба дзеля шчасця іншых абавязкова прыносіць ахвяры? Хаця і дагматы найвышэйшыя таксама сцвярджаюць, што пакуты жывяць душу, пераўтвараюць яе.
    Але які быў сэнс у тым абвяшчэнні Liberte, Fraternite, Eqalite, а потым y моры крыві ў Францыі і ўсёй Еўропе? Ды і егіпецкі паход не прывід у пустыні. Inferno* ў Афрыцы. I дзе ж тыя свабода, роўнасць? Дзе логіка гісторыі?
    Калі ў жыцці ўсё стала мяняцца месцамі, Дана ніяк не магла зразумець, чаму жанчына, што абараняла дысертацыю пра дзекабрыстаў і, безумоўна ж, пісала яе паводле ўсіх канонаў савецкага часу, інакш не абаранілася б, раптам, быўшы жонкай чалавека, якога людзі на Няве абралі мэрам горада, пачала весці гаворку пра піэтэт перад домам Раманавых.
    1 Пекла (лац.)
    Які піэтэт? Чаму? Навошта? Дана любіла таямніцу старажытных партрэтаў і складана-заблытаныя, што лабірынты, адгалінаванні генеалагічных дрэў, але дваццатае стагоддзе мае свае правы і свае законы. I сваіх тытулаваных асоб. I тытулы тыя маюць мала дачыненняў да карон.
    Логіка гісторыі... Пасля войнаў Напалеона французы сталі на шаснаццаць сантыметраў ніжэйшымі.
    Другая сусветная забрала кожнага чацвёртага беларуса. Рэпрэсіі ў Саюзе звялі самых разумных і незалежных. «Задумваюць рэвалюцыі філосафы, здзяйсняюць фанатыкі, карыстаюць плён прайдзісветы». Афарызм Бісмарка час ад часу рабіўся модным. Прыходзіў лейтэнант артылерыі ці камунальнага маштабу Шарыкаў...
    I ўсё ж тады і пазней з мройлівага вэлюму часу выступалі постаці...
    I прага рамантыкі ставіла ў адзін шэраг Касцюшку і Артура-Рыварэса, Д’Артаньяна і Кастуся Каліноўскага, філаматаў, філарэтаў і чараду іншых, рэальных і кніжных герояў.
    Уяўленне дражнілі і вабілі гэтыя радкі і тое, што жывыя, рэальныя філарэты і філаматы жылі тут, на гэтых вуліцах, дыхалі гэтым паветрам... Раней то быў горад рыцараў і герояў...
    Дом Паэта аднавілі пазней. Тым часам, на пару іх юнацтва, наўскасяк ад плошчы былі толькі рэшты таго будынка, толькі фундамент. Пазней тут стаўся музей. Пазней былі розныя імпрэзы, святы, угодкі. Да іх ні Хрысціна, ні Дана дачынення не мелі. Прыязджала тады ў горад мноства людзей, вучоных і менш вучоных, стаяў пафасны галас, і на гэтыя літаратурныя фэсты іх, вядома, не запрашалі. I, мабыць, добра. Спакладаны архівамі і няўтомнымі росшукамі фактаў дух галоўных персанажаў гэтых дзействаў наўрад ці меў уяўленне пра шматгалоссе вякоў, пра яго невымоўны чар. Удзельнікам імпрэз так падабаліся каментары і лагічная расшыфроўка фактаў, што рэальнасць губляла свой
    першаіснасны водар. I шматлікія «я» ў гэтай духоўнай прасторы пераўтвараліся на тых дзействах у зацяганы, зарытуалізаваны ў часе стандарт аднолькавы ад Ромула да нашых дзён. Усё прывідна, падманліва, фальшыва. Ёсць рэальныя лозунгі, шэрагі маршыруючых, плойма спевакоў... I прамоўцы, прамоўцы, прамоўцы. Але няма той духоўнай прасторы, што давала строй думкі Паэтам.
    У вершах, што чытаюць тут, на вялікіх дзействах, адчуваецца гвалт нагоды і няма руху жыцця. Ёсць толькі жалезнае ляскатанне слоў. I імкненне ўпіхнуцца ў плынь часу. Тыя, філаматы і філарэты, таксама былі дзецьмі свайго часу, ажно жылі свежымі ўяўленнямі, любоўю і болем. I не стрыглі купонаў ад любові да айчыны. I не былі залежныя ад афіцыёзу, што мяняе назвы і формы, але захоўвае status quo ў існасці сваёй. I характарыстыкі існавання складаюцца ў гэтых выпадках са спарахнелых матрыц і клішэ. Але публіка тая, што дзейнічае, і тая, што сочыць за дзеяннем, ці то сапраўды не разумее, ці то робіць выгляд, што адбываецца толькі відачынства, «лнцедейство», і новыя дзейныя асобы нічога не дададуць да гэтага адвечнага спектакля. Хіба што з’явіцца ладзіць відовішча той, каму цесна ў вузкім рацыянальнапафасным прагматызме. Але такія на відовішчы не трапляюць. Інакш яны абавязкова ператварылі б іх у нешта іншае. I там не было б нудотных прамоў, запраграмаваных мізансцэн з дзеячамі раённага і сталічнага маштабаў, не было б безаблічных постацей сацыяльнага мімансу на амплуа сацыяльных герояў, не было б справакаванага традыцыяй энтузіязму эталонных людзей натоўпу, a паміж імі існуе нейкая няўклюдна абавязковая сувязь, якую наўрад ці мае чалавек, блізкі да Натуры, чалавек, што адчувае сапраўдную каштоўнасць існуючага і разумее прыроду рэчаў.
    Гэта раней іх горад быў горадам паэтаў і герояў. А пазней выцвілыя ілюзіі абвяійчалі вяснова-свежымі ідэямі, свет вечных каштоўнасцяў замянялі на актуаліі хвіліны, а хцівых бадзяг называлі пілігрымамі.
    Але ў пару жыццёвай раніцы Хрысціна і Дана мелі сваю радасную веру ў шчаслівую рэальнасць. I Анёл у цені сваіх крылаў хітравата паглядаў на іх: маўляў, яшчэ ўсяго хопіць на вашым вяку.
    А пакуль яны хадзілі ў бібліятэкі, аднаўлялі кожнага года звычай «узяцця вяршыні» на замку, абмяркоўвалі чытанае, знаходзілі новыя крыніцы здабывання кніг.
    I тут была яшчэ адна асоба, што магла даць фору ім абедзвюм. Дэвік Гальдштэйн, той самы сын цырульніка, выдатнік і жыццярадасна-іранічная асоба.
    I да сябе, і да сваіх сяброў Дэвік заўсёды ставіўся з добрай доляй гумару. Недзе ў душы яму, заўсёднаму пяцёрачніку, хацелася мець іншыя заслугі. I ён ахвотна, ледзь не ўзахліп прамаўляў: «Ну, мы з Мусяй ім далі!» Муся быў сынам вайскоўца ў немалым чыне; высачэзны хлопец, з нейкай сваёй тугой думай. Асабліва цяжка і маўкліва ён задумваўся каля дошкі застываў, нібыта егіпецкі сфінкс. I ніякія высілкі Дэвіка, што ахвяраваў сваім «выдатна» па паводзінах, шыпеў, тэатральным шэптам вымаўляў ледзь не па складах, нішто не магло зрушыць глыбіню самасузірання Мусі. Хіба што любімая гульня Муся мог у самым натуральным сэнсе пераплюнуць усіх у класе. Або «цюшка» тут таксама Мусіенка выходзіў са сваёй «нірваны», вочы яго гарэлі, і тут ён таксама не меў сабе роўных. Падкідаць нагой гэты кавалачак свінцу з аўчынным верхам ён мог хоць цэлы дзень. He меў ён сабе роўных і падчас боек «мясцовага значэння». Вышэйшы за ўсіх у класе, куды мацнейшы за адналеткаў, ён усур’ёз не прымаў нікога. I тут ужо Дэвік быў «пры Мусі». Але ўспрымаў подзвігі сябра блізка да сэрца і імкнуўся дачыніцца да іх. Асабліва падчас аповедаў пра чарговы турнір. Ну што там былі ўсе пяцёркі Дэвіка побач з такімі непараўнанымі вартасцямі...
    У Мусі, як і ў Даны, збіраліся па святах: да таго схілялі памеры іх кватэр. Да Дэвіка шасталі кожным днём, хаця ў Гальдштэйнаў быў толькі адзін пакой, у якім месцілася пяць чалавек: Дэвік, дзве яго сястрычкі і маці з бацькам. Хата ў іх не зачынялася, але не было выпадку,
    каб Дэвікава маці каму-небудзь паказала на дзверы. У іх хаце быў заўсёды добры настрой, было тлумна і весела. Як Дэвік рыхтаваў урокі ў гэтым гармідары невядома, але пяцёрка была яго звычайнай адзнакай. Дэвік і Дана былі заклятыя выдатнікі і пазней залатыя медалісты. Аднак Дане грэх было б вучыцца абы-як: два пакоі, дзе заўжды была кляшторная цішыня, ніякага хатняга клопату. А Дэвік жыў, што на вакзале.