Ён быў адзін з тых, хто вярнуўся пасля інстытута ў іх горад. Маючы паважаную ва ўсе часы прафесію ўрача. Дана ж атаясамлівала гэту прафесію найперш з адной асобай. Доктар Гордзін яго ведалі ўсе. Ён меў загартоўку старога, «за польскім часам» эскулапа. Загартоўку, што мелі некалі павятовыя ўрачы. Прымаў у лякарні, удома, хадзіў на візіты. Доктар Гордзін не быў участковы ўрач, за візіты браў грошы, але бег на просьбу, што на пажар. Адноечы, калі Дана атруцілася, ён ляцеў а трэцяй гадзіне ночы да Азарэвічаў, накінуўшы паліто на бялізну. У дзяўчынкі тэмпература сорак! Доктар Гордзін быў сямейны ўрач, і не ў іх адных. Пазней Дана аніяк не магла прызвычаіцца да іншых дактароў і дакторак. Урач гэта доктар Гордзін. Калі Дане давялося запрашаць да маці ці вадзіць яе па дактарах і лякарнях, прыгадваўся доктар Гордзін з яго пэўнай таксай, пэўнымі стасункамі паміж пацыентам і ім. He трэба было квахтаць: «Ах, доктар, я вам так абавязана», і пакутліва прыкідваць ну, як жа матэрыялізавана ўвасобіць тое абавязацельства! Каб аддзячыць і не пакрыўдзіць. Праўда, калі Вольгі Станіславаўны ўжо не было на гэтым свеце і грымнула крутая «дэмакратыя» і карабок духоў стаў каштаваць ці не двухгадовага заробку Даны, а банбаньерка цукерак месячнага, гэтае пытанне сышло з парадку дня. Як маці суадносіла сваё, выключна «сацыялістычнае» стаўленне да парад (Вольга Станіславаўна брала грошы адпаведна таксе толькі на працы, усіх, хто прыходзіў дадому, так ці інакш, нейкай парадай ды цешыла, але грошы не брала ніколі), дык якія былі суадносіны з «хатняй» таксай доктара, Дана не ведала. Здаецца, маці гэта лічыла зусім заканамерным: кожны мае свой стыль працы. Між іншым, Дана не магла згадаць, каб нехта абразіў Бэцю або Дэвіка, а ўжо тым больш Гордзіна з-за іх нацыянальнасці. Была памоўка: «Тваё “зараз”, як жыдоўскае “пачакай”». Або: «Дружым, як браце, лічым, як жыдзе». Але то была беларуска-польская традыцыя назвы і не болып. Куды горш іучала, калі некаму даводзілі: «Ну, ты, як Антэк варшаўскі». Хто быў таямнічы Антэк, Дана не ведала, пэўна, і да Варшавы ён меў дачыненне вельмі ж апасродкаванае, але чамусьці так казалі, калі некаму хацелі давесці, што ён клёку ў галаве не мае. На Фулімэну гэтага не гаварылі. Яе шкадавалі. А эмтээсаўскія дзецюкі, канечне ж, паскудна смяяліся. Імя тое бясспрэчна было знявечанае імя Філумены. I сама Фулімэна была непапраўна знявечаная. Высокая, мажная, чарнявая жанчына час ад часу яна аднекуль з’яўлялася і імчалася па горадзе. Каля фарнага касцёла распраналася ўшчэнт і лётала вакол яго пад угагаканне эмтээсаўскіх бэйбусаў. Гаротніца недзе знікла. Мабыць, у шпіталі... Дана доўга памятала гарачы бляск яе агромністых цёмных вачэй, і калі чытала «Джэн Эйр», дык жонку Рочэстэра ўяўляла, як іх Фулімэну. «Не дай мне Бог сойтн с ума, уж лучше посох н сума». Вялікі паэт ён ведаў кошт і цану фактам існавання... Дана пра гэта не задумвалася. Яна жыла. I не ведала, дзе яна, «страніца лепшая ў штодзённіку жыцця...» ВЕРАСЕНЬ У кожным выпадку ёй аднолькава падабаліся і вакацыі, і шкаленне. Асабліва першыя, вераснёўскія дні. Напрыканцы лета ў гародчыках расцвіталі настуркі і мальвы, цягнуліся з-за плотаў вяргіні. Падалі на зямлю пераспелыя яблыкі. У паветры з’яўляўся той непаўторны водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання і трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але і ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень яшчэ наперадзе. А пакуль што некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі але няма нудотнага атожылка «маці вучэння»: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, і хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое сустрэчы: за лета ўсе змяніліся больш, як пазней за гады. А затое новенькія: цікава. Затое новыя настаўнікі адкрыццё. Увосень і ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, і з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі і павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным... А ёй хацелася ісці сваім шляхам. ...Вокны іх класа глядзелі на гару, і падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў і гэтай мовай, і гэтай літаратурай, а яны ўсе амаральна і непатрыятычна зайздросцілі ім. Што гэта амаральна Дана разумела і тады. Што непатрыятычна даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно яны так і не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні і пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Міхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную «ўсясільнай рукою тварэння»... He адчулі горкай асалоды слоў: Калісь глядзеў на сонца я, Мне сонца асляпіла вочы. Ды што мне цемень вечнай ночы, Калісь глядзеў на сонца я. I пазней яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо «ўспаміны маюць вялікую моц». Hi пра ладдзю Роспачы і Хрыста, што меўся прызямліцца ў Гародні. Hi пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што і яны. Hi пра «смаленне вепрука». Hi пра краіну Ідылію. Тады Дана не магла ўсвядоміць гэтага і не брала да галавы тых думак. Але ж у ласкавы вераснёвы дзень, калі самая пара ўсё кінуць і гойсаць па парку, яны, пакутнікі, павінны сядзець на ўроку суседкі Даны, Надзеі Адамаўны. Праз нейкі час пра «шчасліўцаў» на горцы забываліся і слухалі пра Нясвіжскую семінарыю, пра Горы-Горацкую акадэмію... Голас Надзеі Адамаўны ўтульна парыпваў, як пяро на паперы, а рука секла паветра, нібыта падкрэслівала яе ўлюбёнае: «Мысліце пра будучае». Тады Дана не думала ні пра будучае, ні пра мінулае. Яна нібыта плыла на чоўне нейкага вераснёвага дабраўладдзя. Да дошкі яшчэ не выклікалі, не трэба было нервавацца. Дана амаль заўсёды ведала ўрок і амаль заўсёды хвалявалася. Сутнасць была нават не ў тым, што Дана павінна была атрымаць сваё абавязковае «выдатна», а інакш страта «рэнамэ», рэзрух ладу, завядзёнкі і няспраўджаныя надзеі настаўніка. Было нешта невытлумачальнае, падсвядомае ў гэтым рытуале ісці да дошкі, як да месца ці то пакарання, ці то допыту, ці то прымусовага акту споведзі. Хочаш не хочаш, расказвай. Да таго ж ніхто не дасць параскашавацца тым, чаго не ведаюць яе аднакласнікі. Абавязкова прыпыняць: хопіць. I заставайся сам-насам з усімі Рычардамі, Генрыхамі, Сапегамі, Карыбутамі, з радкамі вершаў ганяй іх сабе з паўшар’я ў паўшар’е. Ці яны маюць там пэўнае месцейка? Пэўную клетачку? Нейкія скрыначкі, дзе размешчаны яе, Данчыны, набыткі? ...Дана любіла ўрокі Ганны Севасцьянаўны. Тая тлумачыла ўрок, нібыта прыпячатваючы ўказкай да карты Пунічныя войны, войны Пунсовай і Белай ружаў, усіх Плантагенетаў і Капецінгаў, Макіявелі і Саванаролаў... А патлумачыўшы, Ганна Севасцьянаўна давала хвілін дзесяцьпятнаццаць на чытанне і пыталася: «Хто будзе адказваць?» Гэта былі зорныя хвіліны Абумава і яе, Даны. Падабаўся момант не спаборніцтва нават, a гульні нібыта ляціш да фінішнай стужкі. Адчуваючы імклівасць думкі. Бачачы антычныя каланады, брамы гарадоў, вузенечкія вулачкі, застыглыя муры замкаў, пепласы грачанак і верцюгарды часоў Людовікаў. Разгортваючы стужку падзей. Тады не мыслілася, што крывавых. На старонках падручнікаў і кніжак усё выглядала так прывабна... I недзе там заўсёды блукала пазагістарычная постаць гасконца ў гістарычным антуражы. Тым часам яны паглядзелі фільм пра славутага героя і маглі хоць сярод ночы праспяваць: В Гасконн я роднлся, В Гасконн я н жнл. й двадцать лет об этом Ннсколько не тужмл. Но вот мне далн шпагу, Отцовскмй ішстолет, Н я решнл нзведать, 14 я решнл нзведать, й я решнл нзведать Шумный свет. I так нечувана вабліва гучала «Поэтамн воспетый от погребов до крыш!» I здавалася чуеш нават цокат капытоў коней, калі згадваліся радкі прыпеву: «Туда, где день яснее, внно всех внн краснее, красоткн всех мнлей, туда, в Парнж!» Адкуль узяліся словы песні, ніхто не ведаў, ці дакладны пераклад тым больш, але песеньку спявалі, a Парыж, які яны ўбачылі ў гэтым фільме, застаўся сярод шматлікіх мрояў-вобразаў Парыжа, адным з самых прыцягальных. Праз шмат гадоў Дана даведалася, што музыку гэту напісаў брат таго Пакраса, што меўся складаць безліч зухаватых, баявітых песняў у Саюзе. Брат тым часам жыў у Парыжы. У горадзе Д’Артаньяна. Дзе ёсць вуліца Фэру, Сант-Анарэ, ёсць была? вуліца Старой Галубятні. Вуліцы авантур і прыгод. У Гюго тапаграфія горада неяк азмрочвалася трагедыйнымі перыпетыямі сюжэтаў. А равеснікі Даны, як усе падлеткі, праглі хэпі-энду... Гісторыя на хэпі-энды была не вельмі багатая. Але затое там быў калейдаскоп падзей, якіх не магло быць і ў раманах. I можна было адчуць сябе ў плыні часоў на чоўне, які кіруе са старадаўняга ў зусім старажытнае і наадварот. Менавіта на чоўне машына часу, гэтая знаходка змардаванага тэхнічным прагрэсам інтэлекту, не мела для Даны прыцягальнасці. Hi тады, у іх горадзе, у гады яе наіву і веры, ні пазней, калі ўжо засталіся толькі ясвіны таго, даўняга святла, толькі адлюстраванне, адбітак светлага, але прымроеная фантастамі машына часу нават і ў прысмерках уяўленняў не займела ніякай, нават фантасмагарычнай, вабнасці. На ўроках гісторыі Дана нават пераставала хвалявацца, але сакральнае «хопіць» Ганны Севасцьянаўны перапыняла Дану. Ганна Севасцьянаўна паважала рэгламент праграмы. А ў клас пасля перапынку ўваходзіў Іван Данілавіч. «Какурат», пачынаў ён, падцягваючы рэмень на бездакорнай гімнасцёрцы. Дана акуратна вучыла батаніку і заалогію і не мела аніякай цікавасці да ўсіх гэтых тычынак, песцікаў, кровазваротаў. Тут цараваў Драбышэўскі, Дана нават прозвішча яго вымаўляла гідліва нібы датыкалася да слізняка. Драбышэўскі асалодна-юрліва тыцкаў показкай па развешаных схемах, пераможна лапатаў і чамусьці гыгыкаў.