Забранзавець шансанье СШ № 2 не паспеў. На першамайскае свята ён з хлопцамі, праходзячы ў калоне дэманстрантаў, каля самай трыбуны, дзе стаяў, падобна, і яго родны бацька, вылузнуўся з «адзінага парыву», у якім належала пафасна знаходзіцца савецкім школьнікам, разам з астатнімі грамадзянамі, і грымнуў: «Шла корова на свнданье ночью, чтобы мнлого узреть воочью, от любвн сердечко часто бнлось н немного голова кружнлась...» Хлопцаў хуценька заглушылі ваенным аркестрам і грамавым «ура». Са школы Воўку не выключылі. I білет камсамольскі застаўся пры ім. Аднак ці то з гэтай прычыны, ці з іншай бацьку перакінулі ў другі раён. I які працяг мела кар’ера славутага спевака СШ № 2, ніхто не ведаў. Сафіенка па-ранейшаму адбіваў чачотку, якую пачаў раптам называць прыгожа-незнаёмым словам «стэп». Па-ранейшаму граў струнны. Часам спяваў Аляксандр Якаўлевіч. «Прымадонны» ж драматычнай сцэны з’ехалі ў інстытуты, і нейкі час драмгурток апынуўся ў цені. Аднак узнікла ідэя ставіць «Выбачайце, калі ласка!» Андрэя Макаёнка. А пакуль дзеля «размінкі»: сцэну з няняй ліст Таццяны і сцэну сустрэчы свецкай Таццяны з Анегіным, з «Яўгена Анегіна». На ролю Таццяны было ажно тры прэтэндэнткі. Аля Вахрамава, Роза Елькановіч і Дана. У Даны было мала надзеі. Аля і Роза такая фактура! Аля колер твару: што табе пялёсткі ружы, нясцерпны блакіт вачэй з павалокай, косы нібыта з любчанскага льну. Роза гэта як быццам з яе маляваў паручнік Лермантаў свае абрысы да «Яўрэйскіх мелодый». Затое ў Даны былі, так бы мовіць, ідэнтыфікацыі вобраза: «Тнха, печальна, молчалнва...», «Ей рано нравнлнсь романы н Рнчардсона, н Руссо». Русо і Рычардсона ў іх бібліятэках, праўда, не было, затое Дана толькі што «праглынула» трынаццаць тамоў Бальзака і раманы Драйзера, можа, яны, а магчыма, чытаныя раней Талстой і Тургенеў неяк паспрыялі: Дана прайшла на ролю Таццяны. Ды і, мусіць, Анёл у цені сваіх крылаў быў не супраць. Таццяна Дане падабалася. He тое, што Наташа Растова то памірала ад кахання да князя Андрэя (гэта Дана разумела), то была гатовая бегчы з урвісам Курагіным, урэшце пайшла замуж за медзведзяватага П’ера і лётала цэлы дзень у халаце. А Таццяна свайго гонару дабрала. «Кто там в малііновом берете с послом нспанскпм говорнт?», «Вы должны, я вас прошу, меня оставнть...», «Как с вашнм сердцем н умом быть чувства мелкого рабом?», «Онегнн, помннте ль тот час, когда в саду, в аллее нас судьба свела, н так смнренно урок ваш выслушала я? Сегодня очередь моя». Дарослай Дана займела сімпатыі да Джуліі Ламберт, з яе, «пад заслону», трыумфам і фатальна-пераможным: «Што такое каханне ў параўнанні з біфштэксам?» Нават перапакутаваўшы, абавязкова трэба атрымаць перамогу над сабой. Перамагчы сябе. Дана не любіла і не разумела пажыццёвых пакутніц цвейгаўскага кшталту. А Моэм тут ён Дане падабаўся. Займець моц паўстаць з попелу. Птушка Фенікс... Найвышэйшая мудрасць. А яшчэ Дане былі вельмі блізкія Таццяніны высновы: «...отдать я рада вот эту ветошь маскарада, весь этот блеск, н шум, н чад за полку кннг, за днкнй сад, за наше бедное жнлніце...» Дана таксама, насуперак вызначэнням Хрысціны, аддавала перавагу паліцы кніг, ціхаму саду і самоце. He тое каб былі нечуваныя магчымасці «свецкага» жыцця, але Дана не імкнулася і да падробак пад той «маскарад». Марнасць марнасцяў. На тую ж пару «маскарад» яшчэ не страціў для Даны і яе сяброў сваёй вабнасці ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. Выяву балю вырашылі, аднак, адпрэчыць. Сцэна малая, а да таго ж усе дзяўчаты кінуліся было майстраваць строі і фіранкам у хатах удзельніц дзейства па- гражала метамарфоза, хуткая і непапраўная, пра што з лямантам паведамілі занепакоеныя маці. Пакуль, «для разгону», прьшыніліся на сцэнах з няней і Анегіным. Дана была засмучаная не ўдасца дзедавы «практыкумы» здзейсніць: «бялы мазур»... Дану «экіпіравала» Ніна Рыгораўна, адшкадаваўшы на спектакль свой адзетак з нябачанага тады трыкатажу чорная, вузкая, доўгая сукенка з паласой з белых ромбаў наперадзе, а тыя сакральныя словы: «Сегодня очередь моя» Дана прамаўляла ў нейкіх ружовых з белым строях і ў карункавай шалі, якую недзе пазычыла для яе пані Магда. Калі дома, перад генеральнай рэпетыцыяй, Дана прыкінула перад люстрам строі Ніны Рыгораўны, яна пашкадавала, што Лёня Латун з’ехаў з іх горада, і не будзе на прадстаўленні. Ці магла б яна, Дана, напісаць такі ліст? Напісаць мабыць. Перадаць адрасату? Наўрад. Тут ёй хутчэй была блізкай, так бы мовіць, лінія паводзін Сірано... Хаця пятнаццаць гадоў бясконцасць з пункту погляду яе чатырнаццаці ці не занадта доўгі тэрмін для гэтай гульні пачуццяў і высакародства? Ну, але пытанне можна было пакідаць рытарычным, адрасата ў блізкай прасторы не было, і Дана магла вольна інтэрпрэтаваць толькі і выключна сцэнічны вобраз. He абапіраючыся на ўласны вопыт. Выдатны момант. Але гэта Дана зразумела пазней. На спектакль сабраліся ўсе класы, прыйшлі бацькі, суседзі. «Не спнтся, няня, здесь так душно», пачынала Дана. I гаварыла з няняй Розай. I чытала ліст Таццяны. I адчувала годны і спакойны рэванш Таццяны, той, якую прыкмеціў на балі Анегін: «Кто там в малнновом берете с послом нспанскнм говорнт?» «Сегодня очередь моя», Дана вяла гэты маналог з асаблівым настроем: справядлівасць перамагла. I быў нават поспех. Аднаразовы. Прэм’ерны. Школьна-хатні. Затое найвялікшы досціп яны мелі са спектаклем «Выбачайце, калі ласка». Паводле Макаёнка. Тэлевізараў яшчэ не было, п’еса сучасная, і на той момант вострая. To яны аб’ездзілі з пастаноўкай увесь раён. Ільвіную долю поспеху даваў Толя Дзёмін Моцкін. Дзе што браў гэты хлопец? Тэатра ж яны не бачылі. Ажно трэба было глядзець. як асцярожненька, покрадкі ўваходзіў ЛёняМоцкін. Як ён цалаваў ручку жонцы Каліберава Дане. Як гаварыў ён абвяшчаў, даваў знак сваёй сувязі ў жыцці з усім і ўсімі, хто быў патрэбны. «У мяне ў Мінску ёсць адзін знаёмы доктар, дацэнт...» Гэта гучала так, нібыта ён пазначаў свае блізкія стасункі не менш як са спадчынным прынцам або з цэлай плоймай міністраў. I ўвесь час Лёня трымаў інтанацыі гэткага местачковага Макіявелі, спадчынніка Шатабрыяна і Мірабо разам узятых. Ледзь улоўны акцэнт, мітусліва-акруглыя жэсты, упэўненасць у сваёй незаўважнай уладзе над людзьмі. Дана таксама як магла, вяла сваю «характарную» ролю. Падавала яе каскадна, канцэртна, і вельмі любіла сцэны з Моцкіным. Партнёр! Тады, між іншым, Ніна Рыгораўна неяк прамовіла: «Няма чаго ісці ў педінстытут ці ўніверсітэт. Сядзець над сшыткамі. Трэба ісці ў тэатральны». Ніна Рыгораўна, Алісава, Марцінсон... Поспех у тутэйшай публікі. Але маці скептычна пазначыла: «Не прафесія. А галоўнае, ніякай свабоды выбару. He дадуць ролі, усё жыццё будзеш актрысай мімансу. Каронная роля «Кушать подано». Матчыны меркаванні пераконвалі. I паліцы з кнігамі. цішыня, не, гэта куды як больш прывабна. J воля. Ты не залежыш ад гэтага шматгаловага і зменнанастраёвага натоўпу: публікі. Хаця які салодкі падман: бурныя апладысменты. I выхады на «біс». Асабліва калі ад гэтага нічога ў тваім жыцці не залежыць. Неспазнаны шал дылетантызму, аматарства. Любіцельскі спектакль ад слова «любоў»? А прафесіяналізм гэта відачынства, «ллцедейство», кожнадзённы прымус. Гульня розуму, пачуццяў, не проста ўчынкі, a ўсведамленне іх, не рэчы, а канцэпцыі рэчаў. I залежнасць, залежнасць ад волі рэжысёра, ад сваіх партнёраў, ад настрою публікі, ад уласнага настрою, які абавязкова павінны падпарадкоўвацца сённяшняй сцэнічнай падзеі, задуме аўтара п’есы, таму, што чакаюць ад цябе людзі па той бок рампы. Дана пайшла ў тэатральна-мастацкі інстытут, але скончыўшы філфак, і не на акцёрскі, а на мастацтвазнаўчы факультэт. Але і школа, і Ніна Рыгораўна засталіся як частка таго далёкага, даўняга святла, якое свеціць доўга... Пакуль жывеш... ...Да Ніны Рыгораўны яна іпіла заўсёды, прыязджаючы ў горад. Хаця ўжо далёка былі і школьныя гады. I драмгурток. I нават тая гісторыя, што дала мясцовым пляткарам нагоду доўга языкамі абмывацца. Ніна Рыгораўна стала жонкай Аляксандра Якаўлевіча. Скасаваўшы шлюб з падначаленым бацькі Нэлі Рабаненка. Дана на тую пару не давала сабе смеласці абвяргаць паводзіны настаўнікаў. Пазней прызвычаілася да старонняга стаўлення да асабістага жыцця іншых. Кожны жыве, як яму выпадае. Да сваіх настаўнікаў яна прыходзіла заўсёды, прыязджаючы ў свой горад. Везучы даступныя ёй прысмакі: часам карабок цукерак, часам марцыпаны, часам «Птушынае малако». За адным была прычына ці нагода пасмяяцца: «Выключна марцыпаны ўжываем». «3 французскім каньяком», у доме настаўнікаў таксама даставалі запаветныя прыпасы. Дана каньяк не ўжывала ўвогуле і не магла даць таму належнай увагі, але прыемны быў сам факт. Яна прыходзіла да людзей, што былі, прысутнічалі ва ўсе «эпохі» яе жыцця як напамін пра мінулае, як згадка пра даўняе, як сустрэча з людзьмі, якія памятаюць яе ў вяснова-цнатлівую пару, урэшце яны: ёсць як нейкі існуючы ці прымыслены этычны і эстэтычны эталон. Эталон з невымоўнай пячаткай яе горада і яе юнацтва. Мабыць, і яна была для іх і адна з чародкі іх выпускнікоў, і адна з іх рамантычных гадоў, тых гадоў, калі школа ў горадзе была асяродкам жыцця культурнага, была тэатрам, клубам, месцам, вакол якога гуртавалася нешта значнае і асвечанае традыцыяй, звычаямі, нейкімі атавістычнымі рэфлексіямі і перспектывай, што вядзе ў жыццё. У такіх гарадках, як яе, гэтая перспектыва відаць асабліва ясна далягляды не зніклі за заслонай тупа падобных карабкоў. А класічна вызначаныя гістарычна-літаратурныя рэтраспекцыі надаюць сустрэчам асаблівы імпэт і нейкую пазачасавую эстэтыку. Да гэтай вызначанай, з пэўна паўторанымі інтэрваламі хронікі адносін дастачылася нешта з хаосу фактаў, гвалту рэальнасці. Ніна Рыгораўна захварэла і апынулася ў адным з будынкаў сасновага бору пад Мінскам, дзе было мала надзей і яшчэ менш ілюзій. I Дана ездзіла ў лютаўскую завіруху ў той бор і прыязджала з адчуваннем, што не толькі пах гэтай установы, а і дух яе працяў кожную клетачку яе істоты. I, як некалі была зачараваная віртуозным артыстызмам натуры сваёй настаўніцы, так зараз нямела ад таленту яе мужнасці. Дана спрабавала дабрацца да таго акенца, праз якое Ніне Рыгораўне давалі наедак, калі тая ляжала «на золаце». Так звалася працэдура пасля абпраменьвання анкалагічныя хворыя глыталі нейкую дозу золата: здаецца, так. Дану завярнулі з паўдарогі два мажныя мужчыны проста выкурылі яе адтуль, «пад белыя ручкі» вывелі. Ці то анколагі, ці то санітары, ці то службоўцы шпітальнага морга. А Дана доўга не магла ачомацца ад таго асветлена-сляпога пераходу нейкая бясколерная, застыглая, няўцешна-роспачная замкнёнасць. I недзе там, у гэтых катакомбах яе настаўніца. Адна. Дана не баялася вышыні, але відавочна адчувала ў сабе боязь замкнёнай прасторы. Клаўстрафобія яе была не вельмі заўважнай, але Дана імкнулася не дражніць лёс.