Было гэта таннымі хітрыкамі не так пражытага, як нібыта прагледжанага збоку жыцця. А мо з’явілася найвышэйшым дасягненнем узросту? Магчыма, гэта і ёсць тое, што называюць мудрасцю? Але Дана не ведала чаго больш у гэтым слове грунтоўнасці ці нечага бязрадаснага? Нешта ў яго этымалогіі нагадвала ёй твар не так з пячаткай выразнасці асобы, як з прыкметамі часу, што хаваюць галоўнае і памнажаюць толькі знакі перажытага: шрамы, маршчыны, сівізну. А твар чалавека, што даўно ўжо сягнуў за другую палавіну зямнога шляху, не губляе свайго шарму, нават набывае нейкую іншую, больш акрэсленую значнасць, толькі калі застаецца яго першаіснасны наіў. I тады ўсе лініі і абрысы, якія немінуча пакідае вопыт, набываюць сэнс графікі. I на летуценную, ружовую аснову накладваюцца кідкія штрыхі, а першапачатковыя фарбы нібыта знікаюць, і на тым аркушы паперы з’яўляецца сваё пісьмо. He грубы грым, а строгая сімволіка ліній. I няма тады скрогатнага жалю па сышоўшым часе, ёсць толькі набытак гадоў. «I памёр ён, насычаны днямі». Там, у яе горадзе, у гады жыццёвага рання, дні былі немітусліва-насычаныя. Яна не прыспешвала час, час не прыспешваў яе. А з адлегласці ўзросту ўсё набыло не тое каб ружовае адценне, але дадалася асалода ведання сапраўднага значэння рэчаў і з’яў. I на гэтых шалях нечакана ўражанне ад Батычэлі і ад усходу сонца над Сяльцом сышліся ў адной шкале каштоўнасцяў. I гук альта Башмета ў скарбніцы памяці апынуўся недзе побач з чыстым крышталём акордаў Шапэна ў парку яе горада. Дана ведала, каго выконваў вялікі альтыст, і ёй было не ў знакі, ад чыіх рук сыходзілі тыя лёгкія і трывожныя віртуозныя пасажы з рэпрадуктара. Але ўражанне ад пошугаў геніяльнасці засталося сярод роўнакаштоўных рэальнасцяў свету. Як і адчуванне свята, што здаралася ад бездакорных рухаў Максімавай і Васільева і ад таго безупыннага пераўтварэння, якое адбывалася з ёю, калі яна танчыла сама. Або проста чула немудрагелістую музыку з іх парку. А ўначы Дана бачыла дзівосныя сны нібыта чарговы піруэт узносіць яе ў паветра і яна кружыць недзе высока і чуе музыку. Потым яе сны «апускаліся» ў блакітную ваду, дзе яна плыла па ясных, блакітных каналах ці па моры да палацаў, падобных адначасова на палацца да К’Ора і на Тадж-Махал. А ў катэджы ў лесе, на лапіку зямлі, што зваўся Каралішчавічамі, у пакоі, дзе знакаміты празаік незадоўта пісаў незбыт папулярныя творы, Дана бачыла, як з блакітнага неба падалі рамонкі вялікія, бела-жоўтыя... Тады... стары чараўнік і вядзьмар-час падманваў, надаваў новыя рытмы, уводзіў у новае кола жыцця мелодыі іх бацькоў і нават далёкіх продкаў... Танец ілюзія, сон? Рэальнасць? Нават закон рухаў? А можа, і тое, і другое, і трэцяе? «...Царскія законы, якім мроіцца, быццам яны явілі сябе ў ясных ліках і сышліся ў адно, каб паказаць смяротным, як рэальнае, прывіднае і адстароненае могуць сысціся і будаваць агульнае воляю муз?» Дана любіла танец воляю муз як самавыяўленне. Танец-адзіноту, TaHep сам-насам са сваёй душой, танец для іншых і для сябе... Але быў і танец чаканне, танец запрашэнне, танец зброя, танец спаборніцтва, танец дуэль, танец спакуса... Пра гэта абвяшчала музыка з парку, з танцпляцоўкі. 3 радыёпрыёмніка. 3 радыёлаў на школьных вечарынах і на школьных зборнях. Вальс... Лёгкі, светлы, нібыта ўзлётна здымае нерашучасць і марудлівасць. Усмешлівы, бясспрэчны, легкадумны і добра выхаваны адначасова. Рука кранае талію, і двое набываюць асаблівы давер адно да аднаго. Яны не збіраюцца пранікнуць у лабірынты душы, не сягаюць у таямніцы, яны ведаюць лёгкі одум гэтага іскрыстага, прамяністага руху па паверхні. А тан- га сплывае павольным, скрадлівым метрарытмам, загадкавым, таямнічым, ап’яняльна-хвалюючым. Рэзкія, свавольныя выпады, агністае абяцанне таго, што не адбудзецца, ільдзісты, напышлівы напамін пра падман і каварнасць, пра сутыкненне з небяспекай, пра тугу, у якой няма канкрэтнай прычыны, пра самоту, што жыве побач са, здавалася б, самай шчаслівай доляй. Пра якую і не памысліў іранічны і замкнёны ў сваім стракатым рытме факстрот і розныя гарэзлівыя ўан-стэпы. Ці інфернальны рок-н-рол, змяісты твіст або ўвесь састыкаваны на рабрыстых выпадковасцях рухаў брэйк-данс... Усе гэтыя скокі, як і кнігі, Дана «прайшла», адпаведна і неадпаведна храналогіі іх існавання, моды на іх, рэтраўспамінаў. ...Пры адчыненым балконе ў кватэры Азарэвічаў былі чуваць гукі аркестра, прыцішаныя адлегласцю рытмы. У тым гучанні былі прага руху і няяснае адчуванне трывогі з далёкіх куткоў лабірынту душы. Мроіліся высакародныя, не даступныя воку калёры, і Дана ведала пра сябе, што яна самая шчаслівая і самая самотная істота сярод людзей. На танцпляцоўцы было і так, і інакш. Какетаваць па складу натуры Дана не ўмела і лічыла гэта танным умельствам субрэтак. Выпрабаваную жаночую зброю яна адкідала і вызначала адну, не вельмі надзейную і небяспечную, гонар. I ўзяўшы гэты цяжкаваты шчыт, Дана харобра люляла свае мары як пазней высветлілася з ілюзій, памылак, з гульні адбіткаў у люстрах фантазіі. Да гэтай зброі дадавалася яшчэ надзейная заслона блізарукасць, і Дана не бачыла, так бы мовіць, рэальнага размеркавання сіл. П раўда, Анёл у цені сваіх крылаў, робячы, мабыць, вечаровы палёт над горадам, кідаў на яе свой міласцівы позірк. I тады, калі Дана завітвала на танцпляцоўку, не так, як Хрысціну, у якой адбою не было ад кавалераў, але запрашалі. Хаця рэпутацыя «задавакі» не вельмі спрыяла поспеху. Затое ўдзень Анёл, відавочна, спрыяў праважатым. Да дзявочага шарму Даны гэта не мела ніякіх адносін. Тым часам у горадзе кватараваў чарговы полк, і лейтэнанты, а часам і капітаны дабіралі сярэднюю адукацыю экстэрнам і ў вячэрніх школах. I збіраліся трымаць экзамены, добра засвоіўшы стары, але не састарэлы «пункт» этыкі: шпаргалкі не змусяць кінуць ценю на мундзір вайскоўца. А Дана была істотай, у якой поўны стос сачыненняў на вольныя і паднявольныя тэмы, якія маюць прывабную адзнаку «выдатна». Гэтымі ж «абітурыентамі» ажно стракацеў іх кінатэатр. Кінатэатр, безумоўна ж, зваўся «Перамога», хаця маглі быць варыянты: «Радзіма», «Кастрычнік», «Ударнік». Дана не ведала, хто і як прыдумваў іх назвы, але за межы пэўнага «рэестра» не выходзіў ніводзін горад. Некалькі ідэалагічна бездакорных назваў, прынятых і зацверджаных па інстанцыях. Ніякіх свавольстваў і гульні думкі стандарт, партарсенал, набор культработнікаў, што дыялектыку вучылі не паводле Гегеля. Ну, але ніхто не зважаў на тыя назвы ішлі ў кіно. I перад сеансам у дзевяць гадзін вечара а ўсяго іх было два: у сем і дзевяць у фае грымела радыёла. I яны, тады яшчэ не зазнаўшы смаку танцаў на гарадскіх пляцоўках у РДК і ў парк пачалі хадзіць ужо на студэнцкіх вакацыях ляцелі ў кіно загадзя, каб адвальсаваць і адтангаваць сваё. I тут Дана, што на якім велікасвецкім балі, магла распісваць мазуркі і «контрдансы». У чаргу выструньваліся выключна вайскоўцы, лейтэнанты. Тыя самыя, будучыя абітурыенты, шукальнікі сачыненняў. Дана пару разоў спрабавала ісці на містыфікацыі, бо ніякай цікавасці да людзей з пагонамі не мела: ну, каб яшчэ эпалеты, дык і тое на Пячорыне ці на паручніку Лермантаве, але ж тое не са свету рэальнага. Містыфікацыі не ўдаваліся, бо Хрысціна і Аля Вахрамава былі выразнымі бландзінкамі, Роза мела аксамітавачорныя і кучаравыя валасы, Эма Сафіенка была такая танюсенькая, што нават у сваім лепшым спартыўным стане Дана не магла быць ёй суперніцай; адным словам, «крымінальнае апісанне» Даны ніяк не падыходзіла ні пад адну з іх. А ў будучых студэнтаў сувязь была наладжана выдатная. Урэшце на дапамогу прыйшлі свае хлопцы са школы, і «лейтэнантская пакута» скончылася. Затое ў тым жа кінатэатры здарыўся пякучы афронт. Рэч у тым, што калі ўсе пачыналі высверкваць зухаватую, рэтрамодную «Рыа-Рыту», Дана імкнулася выскачыць на ганак ці ўхапіць каго з дзяўчат, каб павесці самой. Яна ўжо навучылася падпарадкоўвацца чужой волі ў вальсах, факстротах, танга, але модную «падсечку» ўмела рабіць толькі правай нагой, хоць ты плач. Тым часам з’явіўся ў іх школе футбаліст і танцор з Гомелыпчыны, і ёй, як выдатніцы, пастанавілі дацягнуць яго да сярэдняга ўзроўню СШ № 2. Ён, як «падшэфны», запрасіў яе, калі фае было яшчэ пустым, і большага канфузу ўявіць было нельга. Дана Азарэвіч, можна сказаць, танцорка ледзь не з калыскі і «прыма» драмгуртка, выглядала як вядомая рагатая жывёліна на студзеньскім лёдзе. Потым кожны з іх, «шэф» і «падшэфны», неяк не траплялі ў такт адно з другім. Асечка з «падсечкай»... А праз шмат гадоў у не самы ўдалы момант жыцця Даны раптам быў тэлефонны званок: «Ці шчаслівая ты?» Але да таго пытання было далёка. Пакуль былі школьныя вечары, на якіх цараваў акардэон ці гармонік, а ўжо як вяршыня прагрэсу і раённага досціпу эстэтычнага радыёла. Таму перарывы былі вялікія, можна было набегацца, павесці якія хочаш размовы. А калі гралі вальс, яе заўсёды запрашаў хлопец з класа, на год маладзейшага за яе. Цырымонна запрасіўшы на вальс і аддаўшы паклон, ён адыходзіў, як толькі танец заканчваўся, і больш яны не глядзелі ў бок партнёра. Некалькі віхурных хвілін працяг быў не патрэбны. Які каментар сустрэча, праводзіны маглі супернічаць з гэтымі імгненнямі? Адмаўленнем рэальнасці і сцвярджэннем яе? У іх не было намеру ні прыпыніць гэты стан, ні працягваць яго. Некалькі хвілін, калі здавалася, нават такая відавочная ісціна, як прыцягненне зямлі, нібыта збіралася пахіснуцца ў сваёй няўхільнасці. Субліміраваны ў рух парыў маладосці, дарунак непаўторнага. У студэнцкія гады ў Мінску таксама быў нейкі чалавек ён танцаваў з ёю вальс-бастон. Дзе б ні бачыў яе: на вечарыне ва ўніверсітэце, у медінстытуце, політэхнічным ён запрашаў яе, толькі на гэты танец. Сустрэўшы Дану на вуліцы, падкрэслена шляхетна моўчкі нахіляў галаву, вітаючы яе, і кожны ішоў сваім шляхам. Да тых момантаў іх жыццё не мела ніякага дачынення. Як не перакрыжоўваліся ніякія лініі лёсу з тымі калаўротнымі рытмамі, шалам рок-н-ролу, што яны засвойвалі з высачэзным хлопцам з фізкультурнага інстытута. Дана не ведала і не мела ахвоты ведаць, разумны ён ці дурны, добры ці злосны. Ён адчуваў віхурны шарм танца. I гэта была адзіная субстанцыя яго істоты, якая цікавіла яе.