У святой краіне выгнання
Імпрэсіі, адлюстраванні
Ала Сямёнава
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 488с.
Мінск 2011
Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Паўз мора па ўзбярэжжы можна было ісці доўга-доўга, не стамляючыся і ні пра што не думаючы. Толькі адчуваючы, як вецер свежыць твар, як лёгка ісці па вільготным, шчытным, зворным пяску, каля самай хвалі прыбою.
Яна нібыта станавілася часткай гэтай восені, жыла, адчуваючы кожны дзень, кожную хвіліну, кожнае імгненне. Асалодна ведаючы цану самых звычайных, будзённых праяў: прачынацца, прымаць душ, выходзіць ранкам у лоджыю. Урэшце глядзець на сябе ў люстра, не засяроджваючыся, проста зірнула і адышла.
Ёй падабалася ўваходзіць у вялізную, светлую залу, дзе дзве сцяны былі з суцэльнага шкла. Тут адначасова спалучаліся ўтульнасць жытла і адкрытасць няхатняй прасторы. Памяшканне гэтае, па звычаі празаічнаўтылітарнага дваццатага стагоддзя і падкрэсленай спрошчанасці соцыумаў, у якіх даводзілася існаваць жанчыне, звалася сталоўкай, але найбольш да яго падышла б назва «трапезніца», як да іх сняданкаў, полудняў, вячэраў падышло б слова «трапеза». He па тым, што і як яны ўжывалі, а па той атмасферы, што існавала тут. Асабліва для яе.
Яна сядзела за адным са столікаў напрыканцы залы, проста ля шкляной сцяны, і амаль не бачыла ні залы, ні людзей у ёй. Глядзела ў сваю восень. Пад акном празрыстай сцяной тут месціўся невялічкі басейн, у ім з трывучай абыякавасцю знікаючага хараства дажывала свой век апалая лістота.
Nazlocilo si§ lisci, Ze koszami wynosic...
Ёй падабалася ўладкаванасць побыту і адначасовая адстароненасць ад яго.
He было атрутнага занятку: кухарства. Яна ненавідзела рондэлкі, гаршчэчкі, місы. Шкварчэнне катлет на патэлызі было гукамі пекла. Хатняе інферна, катавальня! He кажучы пра выраб печыва тут ужо ёй здавалася, што падсмажаныя піражкі высмоктваюць з яе хвіліны, гадзіны, гады жыцця. Непамыты посуд выдаваў варожым войскам яго хацелася проста пабіць!
Магчыма, так здавалася таму, што, заўсёды занятая на службе, яна хацела ўхапіць якую гадзіну для сябе, самнасам з мальбертам. Гэта ніколі не ўдавалася. Хіба што тут, на ўзбярэжжы. Кінуць пэўны заробак яна баялася. 3 многіх прычын...
Яна любіла кавярні: які-небудзь адметны інтэр’ер, чысты абрус, гжэчна-ўвішныя афіцыянты...
У гэтым доме яна на сняданак не хадзіла ішла на ўзбярэжжа, дзе-небудзь у Дзінтары піла моцную каву з вяршкамі, купляла на тутэйшым таржышчы яблыкі, у кулінарнай краме сякія-такія прысмакі, і рыбу для бадзялых катоў Юрмалы.
Ёй падабалася, што ў тым доме, дзе яна месцілася, было ўсё: утульны, зручны пакой для жытла, бібліятэка, хаатычна выпадковая, але з нечаканымі кніжнымі знаходкамі, з абаяльнай бібліятэкаркай, часам яе кампаньёнкай за кубкам кавы або келіхам шампані у бары, што месціўся якраз насупраць сталоўкі на першым паверсе. Завітаць туды можна было і адной гэта таксама ўваходзіла ў непазначаны статус мясцовых зносінаў. Глядзець, сеўшы за столік, на ўтравелы ўзгорак-дзюну, у які ўпіралася акно бара, а недзе ўверсе высіліся ружаватыя ствалы соснаў і пышныя шаты-вярхолкі. I чамусьці ўгадвалася мора.
А ёй прыходзіла на думку, што ў яе родным краі ўзгорак абавязкова прыбралі б, «адчынілі б» від на мора. I нешта ў непадробнасці, натуральнасці пейзажа было б непапраўна страчана.
Як нешта зрушылася б у яе настроі, калі б яна пачала хадзіць тут у кіно. Або глядзець перадачы па тэлебачанні ў холе.
Яна аберагала сваю адзіноту. Па-за часам. Хацела жыць толькі ўражаннямі восені. Прачынацца з імі. Мець асалоду цэлы дзень. Засынаць з імі. Бачыць іх у сне.
Ісці ў гэтую восень з эцюднікам і мальбертам. Шпацыраваць па парку каля дома, па лесапарку, па ўзбярэжжы, ідучы ўбок Асары: пасля Пумпуры тут амаль нікога не было. Недзе яна надоўга прыпынялася і пераносіла гэтую восень на палатно. Яна не занатоўвала пэўныя пейзажы, не прадумвала кампазіцыю, цалкам падпарадкоўвалася волі ўражання, настрою, інстынкту. Уздзеянню фарбаў, пахаў. Мройлівае ўяўленне яе восені яно перавандроўвала на палотны і замалёўкі.
Яна ведала, што пасля чарговай выставы будуць гаварыць: таленавіта, але занадта камерна, эмацыйна, непраяўлена. Па-за часам. Амаль што па-за рэальнай прасторай.
Аднак яна ўпарта ставіла ля сцяны кардоны і палотны, дзе былі россыпы восеньскага лісця, і было мора сіняе, сіня-белае, шэрае, зеленкавата-аквамарынавае, жаўтавата-шэрае. I зноў неба, мора, паласа ўздоўж берага, што прыцягвала сваёй незразумелай таемнай сілай: лес, дзюны, пясок, трывожны малінавы захад сонца.
Працавала яна тут узахліп. I не таму, што акрамя тых, добразычліва-вынёслых, спагадліва-фанабэрлівых, водгукаў былі і іншыя: так, лірыка, але прысутнічае і думка зусім не хатняга, не пакаёвага кшталту, ёсць свой філасофскі грунт.
Ёй было неабходна выявіць, пазначыць у канкрэтыцы фарбаў свой настрой, увасобіць у выявах гэты восеньскі гіпноз.
Для яе існавала толькі гэтая восень. Гэты бераг. Гэтае мора. Гэтая будова на пагорку.
Непадалёк быў і Дом мастакоў. Аднак яна кіравалася звычна сюды. Каб існаваць адстаронена, засяроджана, на самоце. Хаця атачэнне Дома яна адчувала заўсёды.
Атмасферу яго. Дзеля гэтага ёй не патрэбныя былі асабістыя стасункі.
Гэтай парою сюды зазвычай прыязджалі адны і тыя ж людзі. Для кожнага, мабыць, восень у тамтэйшым кутку мела сваю акрасу.
Яна загадзя ведала, што сустрэне знакамітую перакладчыцу, сухаватую, высокую, без пячаткі свайго ўзросту, але з адбіткам існасці тых, каго перакладала. Ведала, што сустрэне разумнага, іранічнага эста, што як добры дамавік меўся атабарывацца тут. Чытаць яго, а ён нават у перакладах захоўваў непадробнасць свайго голасу («калі прайсціся тралам па гісторыі» як?), дык вось чытаць яго было такім жа неад’емным заняткам існавання ў восені, як ездзіць на вечарыны пры свечках у горад, каб слухаць вершы на незнаёма-прыцягальнай мове аўтара «Эпіфаній» і «Курзэмітэ», тым болып што чытаў сам аўтар.
Увогуле паэты любілі гэты куток. Прыязджалі з таго горада, для якога ніколі і ніхто не шкадаваў высокіх назоваў: паўночная Пальміра, паўночная Венецыя, град Пятра... З’яўляўся тут і паэт-масквіч, які тымчасам жыў у горадзе Пярну. I знакамітыя і невядомыя барды. Журналісты. Рэжысёры. Акцёры. Празаікі і перакладчыкі. Гэтай парой, у міжсезонне, прыязджалі і проста людзі, якім імпанавала аўра гэтага дома.
Аўра гэтага дома таксама была неад’емнай часткай яе восені. Яна віталася са сталымі гасцямі дома, абменьвалася нейкімі словамі з суседзямі за сталом, віталася кіўком галавы з тымі, хто месціўся паблізу. Аднак яны былі неаддзельныя і неабходныя для яе восені, сам-насам са сваімі высокімі турботамі. I былі нібыта пейзане на якой выяве: неабходныя для кампазіцыі, сюжэта, каларыту, можа, і для «галоўнай задумы», але недзе на другім плане, у залаціста-зялёнай восені і цішыні.
Неяк з агульнай кампазіцыі, звычайнай і звыклай, вылучылася адна постаць. Неўпрыкмет з’явіўся чалавек з тварам, на які ёй хацелася глядзець. Нават не ўсведамляючы гэтага, яна заўважала яго каля мора, на
вуліцах, у бары, у сталоўцы. Высветлілася яны жывуць на адным паверсе. Ён пачаў вітацца з ёю лёгкі паклон моўчкі.
Ёй падабаўся яго твар нешта ад старажытнага ваяра, нешта ад асветнікаў пачатку двавдатага стагоддзя. Падабалася, што ён вітаецца з ёю без слоў, у лепшых традыцыях гэтага Дома. Хаця тут былі гаваркія хаўрусы, якія шумліва, тлумна ўладкоўваліся за доўгімі сталамі пасярод залы. Тыя людзі таксама падабаліся ёй, здалёк. Яны не перашкаджалі існаваць яе зацішы.
Здавалася, час спыніўся. Так і будуць ісці дзень пры дні празрыста-сонечныя будзённыя святы. I заўсёды яна будзе бачыць халаднавата-строгі твар мужчыны.
Яна не чакала ды і наўрад ці хацела, каб ён падышоў да яе, распачаў гаворку. 3 усімі насельнікамі Дома, у тым ліку з прадстаўнікамі моцнай палавіны роду чалавечага, у яе быў наладжаны статус адносін, прыязны і адстаронены.
Першым разам, калі яна толькі з’явілася тут, адчувала пошум цікаўнасці тутэйшых бывальцаў. Пазней дамавік-эст у гаворцы за кубкам кавы ў бары хітравата згадаў: спрачаліся, ці маладая паэтэса, ці чыя дачка. Жанкі назіралі завядзе раман ці не? Яна не здаволіла іх цікаўнасці: дваццаць шэсць дзён і начэй на самоце. Тады яна ўпершыню адчула выратавальную, гаючую абранасць гэтай мясціны. Восеньскай асалоднай адзіноты.
Пазней, калі ўзнікалі, так бы мовіць, «прапазыцыі», яна ператварала захады патэнцыяльных кавалераў у жарт, а тыя, у асноўным занятыя працай за пісьмовым сталом, былі не супраць інтрыжкі, аднак губляць час на доўгія заляцанні не збіраліся, усё вярталася «на кругі свае». Яна заставалася ў сваёй непарушнай кастэлі раўнавагі.
Ёй падабалася, што яна загадзя ўсё ведала пра сваё жыхарства ў восені. Як яна сядзе ў вагон з блакітнымі канапкамі, возьме ў горадзе таксоўку, прыедзе ў свой Дом...
Яна загадзя ведала, што акрамя тых шумлівых гуртоў і заўсёднікаў-бывальцаў абавязкова будуць прысутнічаць
вальяжныя літаратурныя дамы і якая-небудзь з іх, дэманструючы сваю дасведчанасць і добрае стаўленне да «гэтых беларусаў», прыліпне з пытаннем: «Скажыце, калі ласка, Уладзімір Караткевіч геній ці не?».
Яна загадзя ведала, як сімпатычная доктарка, паслухаўшы і агледзеўшы яе, пагодзіцца з яе раскладам дня і не стане прапісваць працэдуры: «Гуляйце і ў слоту таксама. Няма кепскага надвор’я. Ёсць кепскае адзенне».
Яна была загадзя пэўная, што афіцыянткі Хелыі або Надзя знойдуць ёй месца за адным з улюбёных сталоў: тварам у восень і з людзьмі занятымі. Барані Божа трапіць у ласкавыя цянёты жонкі занятага мужа!
Увогуле тут можна было пазбегнуць непажаданых асабістых кантактаў. Аднак існавала адно месца, дзе размінуцца было немагчыма: ліфт. Яе выспартаванасці хапала на тое, каб ім амалв што не карыстацца. Аднак дзявяты паверх часам уводзіў у спакусу: адно імгненне і ты на сваім гарышчы.
Адноечы ў шчыльна замкнёнай прасторы ліфта апынуліся яна і адна з мясцовых дам біблейскага ўзросту і ў апошні момант у ліфт заскочыў ён: мужчына з тварам вікінга. Дама была з тых, што прыязджалі сюды на некалькі тэрмінаў, прыхапіўшы ўвесь гардэроб, дэманстравалі шыкоўныя штучныя зубы, натуральныя кляйноты і мелі схільнасць да французскай парфумы, паэтаў срэбранага веку, а таксама кавалераў, што не мінулі яшчэ рамантычнай пары жыцця.
Нечакана дама капрызліва-млявым голасам шэмізеткі прадэкламавала, свідруючы позіркам мужчыну: