і наўрад ці ў тым была патрэба. Час ад часу яны званілі адзін аднаму ў дзверы. «Згуляем партыю?» ...Пазней Чэсь не тое каб адаптаваўся да смерці маці, але ўвайшоў у нейкі рытм роздуму, эмацыйны і інтэлектуальны рытм. 3 бацькам падтрымліваў неабходныя адносіны. He болып. Дасылаў таму паштоўкі на ўсе святы, да дня яго нараджэння, пісаў кароценькія лісты раз на месяц, майстраваў пасылку, як тое дазваляў рэжым установы, дзе быў бацька вагою ў 5 кг, раз на паўгода. Ніякіх спробаў дабіцца спаткання. Ніякіх сантыментаў. Чэсь больш не імкнуўся надаць гарманічны сэнс іх адносінам з бацькам так бы мовіць, ноты рассыпаліся, і ён, Чэсь, больш не спрабаваў трансфармаваць іх у музычную п’есу. Дысананс. Гармоніі не будзе. Смерць маці нібыта вызваліла Чэся ад духоўных абавязкаў перад бацькам. Толькі знешнія атрыбуты ўвагі. Ён мог стаць вучнем свайго бацькі. Яны маглі быць сябрамі. Усё разбурыў той, старэйшы. Так лічыў Чэсь. Хай яно так і будзе. I вось... Бацька памёр... Пакінуўшы Чэся ў яго адстароненасці і спробах высакародна-адстароненага існавання... Пакінуўшы з вечным пытаннем... ...За акном цягніка цямнела. Чэсь задрамаў. I бачыў у сне нейкую белую пустыню: белы дол, ці то снег, ці то пясок. Белае-белае неба і туман. I недзе на даляглядзе ўзнікала постаць маленечкая, як лялечная, і Чэсь спрабаваў наблізіцца да яе і разгледзець. I не мог. ...Прачнуўся Чэсь адразу і пабачыў агеньчыкі за акном падобна, яго станцыя. Жарынавічы чыгуначны вузел, цягнік марудна падпаўзае да будынка вакзала: вакол запасныя чыгуначныя рэйкі, развязкі, семафоры... Урэшце цягнік прыпыніўся, і Чэсь, прапускаючы ўсіх наперад, выйшаў з вагона. ...Дзве гадзіны ночы. Транспарт не ходзіць. Таксі не відаць. Ды і ці адчыняць яму там уначы, у той установе... Чэсь сеў на лаўцы ў чакальні. ...У шэсць гадзінаў раніцы быў каля прахадной... А мы вас ноччу чакалі, прыветна азваўся чалавек у званні маёра. Тэлеграму маю атрымалі? чамусьці спытаў Чэсь, хаця рэпліка маёра відавочна сцвярджала, што яна дайшла да адрасатаў. Так, пацвердзіў маёр і працягнуў Чэсю нейкія паперы. Трэба будзе падысці ў ЗАГС. Дзе бацька? У моргу. Я прывёз адзенне. У нас усё ёсць. Хай ужо будзе сваё, цывільнае. Глядзіце самі. Будзем хаваць тут ці будзеце забіраць? Гэта яны з Лук’янычам абмеркавалі. Трыццаць градусаў паводле Цэльсія. Труну трэба свінцовую. Пакуль здабудуць ці зробяць. Патрэбна машына. Ды і ці будуць там чакаць? Ды і месца на могілках яго таксама трэба знайсці. Тут. Аднак, калі можна, усё, як належыць. Ну, акрамя аркестра, усё будзе. Машыну вам дадзім. I работнікаў з канвоем. Труну зрабілі. Лепшай тут не знойдзеце. Што можна купіць для людзей? Наедак. Пітва ніякага. Акрамя сітро, малака і мінералкі. Ніякіх грошай. Зразумела. ...А далей усё, як у сне. Плыве гарачы жнівеньскі дзень. Плыве перад вачыма цётачка ў ЗАГСе. Плывуць гладыёлусы і ружы. Плывуць эмалірованыя вёдры з вадой, у якія Чэсь ставіць кветкі. Як праз завесу вянкі. Ад сына. Ад сястры. Ад сяброў. Ад знаёмых. Хай будзе. Людзі любілі яго. Зайздроснікі і даносчыкі іх лічыць не варта. Знайшоўся фатограф. Згадзіўся. ...Той самы маёр павёў Чэся некуды праз двор. Бацька ўжо ляжаў у труне. Апрануты ў прывезенае Чэсем. Кароткія, дыбчыкам валасы. Зусім сівыя.Твар такі ж спакойны, як некалі ў маці. Раптоўная смерць... ...Да могілак яны едуць праз мост над ракой. Вакол пагоркі, вуліцы, што нібыта коцяцца ўніз, з пагоркаў. Могілкі... У машыне чацвёра канвойных, чацвёра падканвойных, шафёр, Чэсь... I ён, бацька... Труну нясуць на ўскраек могілак... Развітвайцеся, чуе Чэсь голас аднаго з канвойных. Чэсь дакранаецца вуснамі да ілба бацькі той не проста халодны. Гэта холад неарганічнага цела, холад рэчыва камня? лёду? Можа, таму, што з морга? Ці гэта ўжо той самы, магільны холад? Шыльдачка з жалеза. «Трэба будзе адразу зрабіць агароджу і, пакуль помнік, крыж паставіць. Ці зорачку?» думаў пра сябе Чэсь. За Ляксандра. За спачын яго душы, пажылы высокі мужчына падняў шклянку з газіроўкай. Чэсь накупіў кіўбас, сыру, мясных рулетаў добра, што тут свой мясакамбінат. Аднак людзі толькі кранулі наедак, па-сапраўднаму ніхто не еў. Чэсь, спытаўшы дазволу ў канвойнага, прапанаваў узяць усё з сабой. Спачатку мужчыны аднекваліся, потым асцярожненька загарнулі ежу. А Чэсь глядзеў на іх. 3 выгляду людзі як людзі. Немаладога ўжо веку. Таварышавалі з бацькам ці проста тыя, каму маглі даверыць выхад з зоны? За што тэрмін маюць? Мужчыны не тое каб спачувалі Чэсю, аднак, відавочна ставіліся з павагай. Магчыма, таму, што ён не пасаромеўся, прыехаў. Мо пра сябе мысляць які будзе іх апошні дзень і апошні шлях? Учора мы разам з ім былі. Валідол не данёс... гэта гаварыў той самы, высокі. Дзякуй вам, Чэсь парукаўся з усімі. I звярнуўшыся да таго, высокага, спытаўся: Колькі гадзін было? А недзе каля дзесяці. Якраз тады, як ён, Чэсь, шыбаваў у бібліятэку... I нічога не адчуваў... He прадчуваў... «Памёр айцец ягоны і як быццам не паміраў, бо пакінуў па сабе падобнага сабе...» Падобнага сабе... Чэсь знешне быў падобны на бацьку. Але падобнага сабе тут, безумоўна, не пра тое. I ўсё ж ці не здрадзіў ён, Чэсь? I ці падобны ён? I пра якое падабенства прамаўляе мудрая кніга? «...і як быццам не паміраў...» У Руткавічы! Ён паедзе ў Руткавічы! Толькі туды! Чэсь развітаўся з гэтымі выпадковымі ці невыпадковымі? людзьмі, саскочыў з маіпыны непадалёк ад вакзала. I паехаў у перапоўненым, душным вагоне ужо неяк нічога не заўважаючы: ні цеснаты. ні задухі, ні людзей, што побач з ім... Толькі ў нейкі момант, калі сусед у цягніку запытаўся нечага ў Чэся, той адчуў, што яго вусны расцягваюцца ў недарэчную ўсмешку... Чаму? Прыехаўшы дадому, Чэсь скінуў чорны гарнітур, насунуў звычныя джынсы, цёмна-сінюю каўбойку. I на аўтобусную станцыю. I зноў мітусня, цесната аўтобуса праскоквалі для Чэся, як кадры старога кінафільма, Чэсь толькі паглядаў на букет белых і чырвоных гваздзік у мокрым рушніку ці давязе? ...На магіле маці было чыста, прыбрана цётка Тэрэза трымала слова. Чэсь доўга сядзеў ля помніка. Потым скіраваўся да хаты цёткі Тэрэзы. Але праходзячы паўз касцёл, пачуў спевы безумоўна... нядзеля... ранішняя імша... Перапросім Бога за нашы грахі, каб нам быць годнымі адпраўляць Найсвяцейшую Ахвяру. I Чэсь разам з усімі паўтарыў: Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна. Чэсь згадваў сакральна вядомыя і даўно не паўтараныя словы: Усёмагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае... Чэсь не проста слухаў і прамаўляў, прамаўляў і слухаў. Ён прымаў удзел у нечым неабходным яго душы сёння, як ніколі. I Нешта Высокае ўплывала на яго, таму што ледзь не на маніхейскі лад «разарваны Дух, раздзелены на часткі, распяты ў прасторы». 1 Чэсь адчуваў тое, што прыходзіла ў светлыя хвіліны мінулага: адчуваў сябе медыумам сіл Вышэйшых. - Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усёмагутны, Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй... Нешта цяжкое, важкае нібыта адступала, Чэсь чуў голас ксяндза Антонія: - Таму просім Цябе, асвяці гэтыя дары расою Духа Твайго... Чэсь непадалёк ад уваходу. Але ён ведаў, што ксёндз заўважыў яго. - Ойча наш, каторы ёсць у небе... Чэсь прамаўляў словы малітвы і апускаў галаву ўсё ніжэй: - ...і адпусці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым... Чэсь адчуваў, як святлее на душы... - Перадайце бліжняму знак супакою... Чэсь паварочваўся налева, направа, аглянуўся назад вочы, вочы... У іх прыязнасць... I разуменне? - Ідзіце ў супакоі Хрыста, абвясціў ксёндз Антоній. Аднак Чэсь застаўся ў бажніцы. Сеў на лаву. Слухаў цішыню. А можа, тую Muzica Mundana «сусветную музыку», што вынікае са звароту нябесных сфер... Чэсь бачыў, як з закрыстыі зноў выйшаў ксёндз Антоній. Ён наўрад ці сам падыдзе да Чэся. - Хвала Хрысту, крыху запінаючыся, прамовіў Чэсь. - На векі вякоў... - Я да вас... схіліў голаў Чэсь. САЛОДКАЯ РЫБА МАКРОРУС Марту Машына колеру засохлай крыві. Пінжак таксама. I твар нібыта яго качаў-валяў скурадзёр на бойні. А гамалейка нечакана прыгожая, бэжава-карычневая. Гаспадар машыны, апрануты ў той самы пінжак, трымаў партманет, нібыта ўзважваючы яго, і ціха цадзіў скрозь зубы: - Ведаеш, баця, у мяне часовыя цяжкасці. Давядзецца табе з грашмі пачакаць... Траян цвёрда сказаў: - У мяне таксама цяжкасці. I не часовыя. - Гэта вашы праблемы, пачаў гаспадар машыны колеру засохлай крыві. - Я на вас свае праблемы не вешаю, перапыніў яго Траян. He па гуманітарную дапамогу прыйшоў. Зарабіў. Апошняе слова ён вымавіў, што цвік увагнаў. Гаспадар развёў рукамі яны былі кароткія і пульхныя: - Дык я разлічуся, пачакайце... Зойдзеце другім разам. Гаспадар пакрочыў быў ды ганка сваёй трохпавярховай цытадэлі: вокны байніцы, сцены як у Бастыліі. Траян выдыхнуў: Шчанюк! Ну, мы ж інтэлігентныя людзі. Гэта вы інтэлігент? Ну, не будзем дыскутаваць, зноў працадзіў скрозь зубы гаспадар крывавага пінжака. He будзем. Разлічымся і адзью. Я ўжо сказаў... зноў пачаў расцягваць словы крывавы пінжак. Траян спакойна ўзяў пульхнага маладзёна за штрыфелі пінжака, потым адпусціў іх і нечакана нанёс жорсткі бакавы ўдар па сківіцы. Хук! пачуў Траян за спіной. Чысты накаўт, азваўся Траян, вокамгненна абярнуўшыся і трымаючы правую руку напагатове. Траян адчуў яго перапынілі ў пару. Ён раптам усвядоміў, што яму хацелася біць і біць гэтае пульхнае, азызлае цела, якое апынулася на зямлі. Такога з ім ніколі не было. Hi ў дваровых бойках, ні тады, як трымаў у руцэ шпагу. А я і не ведаў, што вы не толькі пяціборац, усміхнуўся, падыходзячы, незнаёмы чалавек. Хатні прыём, Траян зірнуў на чалавека: пэўна, некалі бачыў яго. Партманет ляжаў на зямлі. Будзеце сведкам, Траян падняў гамалейку і адлічыў некалькі купюр. Роўненька: за кладку камінка і за зробленую тэрасу. Такі шырокі профіль? пацікавіўся незнаёмы. Я ж мнагаборац, усміхнуўся Траян, дастаючы нашатыр. Вы так усё прадугледзелі? На жаль. Крывавы пінжак чмыхнуў і расплюшчыў вочы. Траян і незнаёмы дапамаглі яму падняцца. Траян аддаў партманет: Ваш партатыўны сейф мінус мой ганарар. Як дамаўляліся. Крывавы пінжак нечакана задаволена гмыкнуў: Баця, ну, ты малаток. У мяне ёсць прапанова.