«Я не самотны, я кнігу маю...» ...Тоненькая кніжачка ў мяккай вокладцы... «Вянок»... Тым не менш відавочны плён таленту. Вялікага таленту. Максіма Багдановіча... I адчуванне свайго Дару. I сапраўднасць яго... ...Пакліканне Таленту... Адчуванне Духу Боскага... Што спатоліла душу Максіма Багдановіча і ў апопінія яго хвіліны... Што высвечвала вышыні творчага празарэння ў зямным быцці Шапэну згадаем хаця б яго Вальс мі мінор, створаны незадоўга да канца: яго пазначаюць «пасмяротны». Што надавала моцы Язэпу Драздовічу мастаку, мысленніку, пісьменніку у яго падарожжах па роднай зямлі і ўражаннях ад свайго краю, увасобленых у вобразах мастацтваў выяўленчых і ў мастацкім слове, у яго касмічных 1мроях-празарэннях... ...Пакліканне Таленту... Што давала сілы заканчваць «Майстра і Маргарыту», пакутуючы ад смяротнай хваробы, Міхаілу Булгакаву. Пакліканне Таленту, што прымусіла графа Сент-Экзюперы асвойваць Планету людзей у небе Еўропы, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі... Над Атлантыкай, Кардыльерамі, Сьера-Марэнай... Бо дзеля таго, каб выявіць талент, «каб пісаць, трэба жыць». А яшчэ ўмець «патаемна... выкарыстоўваць нешта, чаму няма назвы». Чаму няма назвы і што надае веры, калі ніхто вакол не разумее, нішто, здавалася б, не спрыяе. ...У фільме Боба Фоса пра Моцарта пад назвай «Амадэо» ёсць надзвычай удалая і свядомасна дакладная сцэна. На Моцарта крычыць цешча. А той чуе толькі пачатак яе тырады бо нават гэтая лаянка: штуршок для перастварэння яе ў гукі, нотныя знакі у мелодыю! Той, хто валодае Дарам ва ўладзе Дару! Суб’ект робіцца аб’ектам дзеяння! ...Ва ўладзе Дару... Ці не таму так высока мудрыя і высока наіўныя геніі, таленты? Ну, чаму б Моцарту не ўхваліць сімфонію барона ван Світэна? Можа, і знайшоў бы той грошы, каб прыстойна пахаваць Ёгана Вольфганга Моцарта? А Моцарт не ўхваліў... I чаму б не сядзець спакойна сусветна вядомаму фізіку Дзмітрыю Сахараву на з’ездзе народных дэпутатаў? А ён, нібыта з дзіцячым наівам, пад гугаканне залы, упарта ішоў да трыбуны, хаця ведаў пасля высылкі, пасля шматгадовага высочвання большасці з прысутных, тым, хто кіраваў і вызначаў, даказаць нічога немагчыма. I ўсё ж... Ішоў, ведаючы, чым гэтае новае выпрабаванне можа скончыцца для яго... I скончылася... ...Чалавек ва ўладзе Дару... Дадзенага яму, каб перадаць, выявіць непаўторнасць, адзінкавасць быцця. Вядомае і невядомае. Бясконцае і лёсавызначальнае. У тым спосабе выяўлення, што наканаваны звыш. Мабыць, тут звыш дадзеная ўнутраная вызначанасць індывідуальнага быцця, якому сам чалавек надае кірунак і сэнс. «Абсяг падсвядомага ў генія не паддаецца вымярэнню» (Б. Пастарнак). Нястрымны ў сваіх вялікіх задумах Мікеланджэла; магутны ў адухоўленай размове з вечнасцю Бах; вялікі ў сваім адчуванні сапраўднага духу і маштабу часу Бетховен; ці не адзіны ва ўменні спалучыць сусветнае, агульначалавечае і асабістае Блок; шматаблічны ў выяўленні сутнасці душы у адзінаборстве з жыццём Сальвадор Далі; непараўнаны ў спалучэнні філасофскіх абагульненняў і паэтычнай вобразнасці, што мае вытокам гармонію ў слове, у архітэктуры, музыцы, жывапісу Цыпрыян Норвід... ...Геніі... Таленты... Нехта ўспыхваў і згараў. Як свечка. Як знічка што падае недзе там, у астральных прасторах... Як Лермантаў... Максім Багдановіч... Сяргей Ясенін. Персі Бішы Шэлі. Нехта жыў доўга і змястоўна... I «памёр... насычаны днямі...» Ёган Вольфганг Гётэ, Леў Талстой, Томас Ман... Урэшце Леанарда да Вінчы... (У XV-XVI стагоддзях, калі жыў мастак, чалавечае жыццё было кароткім, і яго 67 гадоў амаль біблейскі век.) У сярэдні свой узрост здолелі змясціць сэнс эпох, шматзначнасць задум, тэм, ідэй, найтанчэйшыя ўзаемадачыненні свядомасці, спрадвечнае імкненне да ісціны Уільям Шэкспір, Аляксандр Блок... Як абраннікі Божыя, таленты часцей за ўсё прымалі сваю долю пакут у сваім зямным існаванні. Ці на ўсім шляху сваім, ці на пэўным адрэзку яго, ці напрыканцы жыцця... Трагічныя некалькі грамаў свінцу: дуэль Лермантава, гібель пры Шэгенвары падчас паўстання 1848 года Шандара Пёцефі, расстрэл фашыстамі Федэрыка Гарсія Лоркі... Пакутны канец Пушкіна, выпрабаванне болем хваробы Бальзака, жорсткая расплата за імкненне спазнаць бездань жыцця ва ўсіх праявах: Гейнэ, Мапасан... Уайльд... Зыход з Яснай Паляны Льва Талстога... Трагедыя лёсу... Трагедыя зямнога існавання... ...Шклянкі з морфіем і атрапінам на Ранча Хараства апошні ўчынак Джэка Лондана... Чаму? Быў стомлены здрадамі, няўдзячнасцю, адкрытай подласцю? Зломлены жыццём? He мог больш пісаць на ўзроўні «Белай цішы» і «Марціна Ідэна»? Ці усё разам? Вырашыў, паводле меркавання яго сябра, Джорджа Стэрлінга, «не заседжвацца ў кампаніі ўласнага трупа»? ...Паляўнічае ружжо, стрэлам з якога 2 ліпеня 1961 года ў Кэтчуме падвёў рысу пад сваім жыццём Эрнэст Хемінгуэй... «Чалавек не для таго створаны, каб цярпець паражэнне», гэта яго словы. Тата Хэм хаця і са «згубленага пакалення», аднак з пароды пераможцаў... ...Паражэнне пераможцаў... Асобаў, у якіх не толькі героі іх твораў, але і яны самі сталіся для многіх пакаленняў эталонам мужчыны, пераможцы стыхій, увасабленне мужнасці, высакародства, абаяльнасці, стойкасці, трываласці... 46 Джэку Лондану, 62 Эрнэсту Хемінгуэю... 29 Ясеніну, 37 Маякоўскаму... Сусветна вядомыя празаікі на вяршыні славы... Рускія паэты на вяршыні славы і няславы... ...А вось смяротна хворы Антуан Вато ствараў сваіх куртуазных «Капрызніц»... I напаўгалодны сухотнік Аляксандр Грын пісаў раманы-феерыі, раманы-мроі... Шматлікія даследчыкі, біёграфы вызначаюць факты жыцця, звяраюць, пазначаюць асацыяцыі, аналізуюць, падводзяць вынікі, ствараюць сур’ёзныя і менш сур’ёзныя творы пра знакамітых... Аднак... Застаецца страшная, бязмерная, бясконцая таямніца... Загадка... Як і загадка мастацтва... Выратавальнага. Мастацтва карніка і суддзі. Мастацтва лекара. Мастацтва вызначальніка свабоды Быцця... У нас на тым абсягу, што стаўся дасавецкім, савецкім, постсавецкім, існавала і, на жаль, існуе тэндэнцыя, схільнасць да вульгарна-сацыялагічнага тлумачэння фактаў і з’яў мастацкай рэальнасці. (Маю на ўвазе мастацтва ў самым шырокім сэнсе.) To ва ўсім абвінавачваўся «рэакцыйна-прыгонніцкі лад», то «царызм», «сталінізм», «таталітарызм» усё ў залежнасці ад часу пісанняў. Безумоўна і бясспрэчна валадары зямныя, занятыя справамі ў часе гістарычным, хай сабе і глабальнага маштабу, і тыя, хто імкнецца да ўвасаблення бессмяротнай свядомасці ідэй, не так часта знаходзяць паразуменне. I хаця «снльные мнра сего» бываюць часам не чужыя мастацтвам і лічацца аматарамі музыкі, прыгожага пісьменства, а таксама прыхільнікамі Мельпамены, Тэрпсіхоры і іншых музаў дыстынктоўных мастацтваў, аднак нават прыблізна вызначыць, што нехта ўзвышаецца над імі пад вялікай зоркай бессмяротнасці, а не пад абаронай «трона» (якія б трансфармацыі на пэўных гістарычных этапах не адбыліся з канкрэтнымі знакамі ўлады), не, гэта на ўсіх прыступках улады ўяўляюць вельмі рэдка. Аднак не толькі стасункі са знешнім светам, з індывідуумамі далёкімі і блізкімі, вызначаюць самасвядомасць мастака, стыль яго паводзінаў, мецяць прадчуванні душы. Выяўляцца гэта можа нечакана і ў самых розных формах. Як і выратавальная і пагібельная трывога (напрыклад, у 1902 годзе ў Блока з’явяцца такія радкі : «Мой конец предначертанный блнзок, й война, н пожар впередн»), як узнясенні на вышыні і падзенні ў бездань. I тут ужо не мае значэння ні гістарычны час, ні тое, на якіх іпыротах вызнае існаванне мастак, ні тое, хто там рулюе, кіруе, уладарыць. Знешне скажам, нічым як быццам не пазначаная і абумоўленая дэпрэсія. Або той дыянісійска-вакхічны строй, што не абмінуў самых тонкіх мастакоў, на розных геаграфічных кропках, у розных сацыяльных і сітуацыйных варунках. Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Эдгара По, Амедэа Мадыльяні, Аляксандра Фадзеева, Уладзіміра Высоцкага... Ды і ці толькі іх... Блок, асабліва ў лістах да маці, увесь час імкнуўся патлумачыць і нават апраўдаць шал паводзінаў, лічачы, што чар пітва «ўнутрана спрастоўвае (выпрямляет) чалавека, далучае яго да бяскрайняга свету, палёту стыхій, музыкі сфер, якая чутна толькі тады, калі надыходзіць забыццё атачэння». А паэт Гафіз кідаў сваім абвінаваўцам: Зачем ты пьёшь? Я знать желаю! Скажу, зачем: я зол н горд, й в море пьянства выезжаю, Чтоб зло все выброснть за борт. (Цытую ў перакладзе Ул. Салаўёва, не рызыкуючы пераствараць пераклад.) ...Чыталася, думалася пра тое падчас напісання «Бэзавага попелу» (аповесці-эсэ паводле ліставання з Міхасём Стральцовым)... Напісанае не ўключыла ў тэкст. (Мабыць, правільна зрабіла хапіла і так правінцыйна-кухарскіх «трактовак» паводле таго допісу.) Пазней былі разважанні падчас роздуму над матэрыялам пра Анатоля Сыса. Пісалася пра тое, што калі згадаю гэтага паэта, дык помняцца не буянствы ў Доме літаратара або якія эскапады гэткага ж кшталту, a яго вочы, аблічча падчас пахавання Жэні Янішчыц: нейкае вінаватае здзіўленне, поўная адстароненасць ад усіх і ад усяго, нібыта ён недзе там, не з намі, а з ёю, улоўлівае «туманны ход іншых сусветаў», дзе «ад пакутаў нябёсы смягнуць» і «церні німбамі прараслі»... Ці яшчэ нейкі сонечны велікодны дзень і ён, нечакана, каля касцёла: святочна-ясны, блізкі свету небудзённасці, нечаму вясёламу ці то хрысціянска-вызначанаму, ці то паганска-стыхійнаму... (Калі пісалася і друкавалася гэтае эсэ, нават і ў голаў не прыходзіла, што неўзабаве і пра Анатоля Сыса давядзецца весці гаворку ў мінулым часе адышоў ад нас раптоўна, трагічна, майскім днём... У 44 гады...) ...Драматызм лёсаў... Трагедыі творчых асоб... А калі адысці ад гэтай тэмы і наблізіцца да, так бы мовіць, болып агулыіых культуровых калізій... Можа, не да вольнай прасторы духоўных рэалій, a да каардынатаў паміж імгненнямі і бясконцасцю, сутнасцямі і падзеямі. Сасклізгваючы да праставатых фактаў рэчаіснасці. «Сіметрычны гонар жыцця раздзелены пароўну...» Поль Элюар. Згадаўся, паміж іншым, такі факт. Пачула неяк ад аднаго таленавітага, сімпатычнага чалавека, у рангу не толькі літаратурным, а і чыноўным, так бы мовіць, пра гэтую сумную табель. Аб рангах. У досыць драматычны момант. Потым доўга думалася якія рангі? Літаратурныя? Іх не так проста вызначыць. Народныя? Заслужаныя? Улаўраваныя? Але ж ні Максім Багдановіч, ні Максім Гарэцкі, ні Кузьма Чорны, ні Уладзімір Караткевіч народнымі, паводле ўказаў і загадаў, не былі. Лаўрэаты? Але ж, напрыклад, Міхасць Стральцоў толькі пасмяротна атрымаў прэмію. Рыгор Бярозкін і пасмяротна той казённай ласкі не меў. А сёння ці лаўрэат якой прэміі нашай краіны, краіны Беларусь, еўрапейскага кшталту паэт, для якога эмпірыка асабістага існавання толькі штуршок для ўяўлення высокай явы Быцця: Ян Чыквін.