У той часавы момант, калі ствараўся гэты матэрыял (1992), і ў блізкія гады (да і пасля), віравала духоўнае жыццё, вярталася духоўная спадчына, выдавалі кнігі забароненых і непажаданых раней аўтараў, а цяпер ці не ўсё культуровае і мастацкае жыццё паглынула камерцыйная плынь, а з ёю пошласць, адсутнасць этычных норм і арыенціраў, ухвала агрэсіі і звярыных інстынктаў. У момант напісання эсэ, паводле дэкларацый дзяржаўных кіруючых асобаў, павінны быў наступіць ледзь не ўсеагульны мір на планеце Зямля, а сённяшняя рэчаіснасць сведчыць зусім пра іншае: лакальныя войны, тэрарызм у шырокіх маштабах, бунты і закалоты ў самых, здавалася б, спакойных і ўладкаваных краінах Еўропы. Ну, а ў нас, у роднай краіне Беларусь, постфактум і дэфакта, да ўсяго дадалося ў самым горшым варыянце занядбанне карэннай, сваёй мовы... I не толькі... Ну, а вяртаючыся ў Італію... Там было рознае... На адной з сустрэч адзін з яе актыўных арганізатараў Рудольфа Курці, што некалі вучыўся ў Маскве і ведаў Саюз не паводле кніг, давёў: вы хочаце жыць, як мы. Дарэчы, кіраўнік групы падчас гаворкі адразу апынуўся побач, некага адпіхнуў, некага адсунуў: камандзёр, як яго называла наша Анна-Ліза, сімпатычна кантамінуючы словы камандзір і камандор. Але сіньёр Курці адразу перапыніў нашага начальніка: «Я хачу гаварыць з гэтымі жанчынамі, а не з вамі». Мы былі ўдзвюх з журналісткай з Эстоніі. Камандзёр пайшоў шукаць суцяшэння неўнармаванымі дозамі напояў Эміліі-Раманьі. (1987 год разгар антыалкагольнай гарбачоўскай кампаніі.) He стрымаюся, каб не згадаць, як падчас наведвання фірмы «Рыніта» (вытворчасць він) гэты ахоўнік палітычнай надзейнасці пагаспадарску прыхапіў з сабой падарунак, зроблены ўсёй групе: цэлую скрыню трохсотграмовых бутэлечак лёгкага віна з рознымі напаўняльнікамі з садавіны. Зноў нагадаю: асабіста для мяне паперадзе ўсяго Дзяржава Божая, Civitas Dei. Што датьгчыць астатняга усё адносна. А справядлівасць, законы Божыя вечныя. Менавіта паводле гэтых законаў цікавіла мяне вандроўка. I яе пуцявіны. AREA DEL SOL Дарога Сонца Area del Sol. Галоўная магістраль Італіі. Дзяржаўная аўтастрада, але платная. Аплата у залежнасці ад працягласці маршруту і цыліндроўкі машын. Мы ехалі з Рыма па Паўночнай Італіі. Менавіта гэтая Італія займае сваё месца сярод сямі самых развітых краін свету. Менавіта тут Фларэнцыя, Венецыя, Верона, Перуджа, Сіена, Парма, Балоння, Мілан... Паўночная і Паўднёвая Італія гістарычна, эканамічна, сацыяльна па сутнасці, дзве розныя краіны. Самі італьянцы гавораць: на Рыме заканчваецца Італія, пачынаецца Поўдзень. Сам Рым у вобласці Лацыё. Поўнач: вядомыя нам Умбрыя, Таскана, Лігурыя, П’емонт, ЭміліяРаманья, Ламбардыя. Усё, што мы ведаем пра Італію па кнігах, па гісторыі, датычыць у асноўным Поўначы. Поўдзень Кампанья, Базіліката, Апулія, Сіцылія, Сардзінія. Гэта тое, што старэйшыя пакаленні ведаюць па фільмах неарэалістаў. Італьянцы з Поўначы гавораць: «Мілан працуе, Рым спажывае, Неапаль спявае, Сіцылія спіць». Жыхары Поўначы гавораць пра землякоў з Поўдня: гароні гэта тыя, хто корпаецца ў зямлі. Тыя ж, што жывуць на Поўдзень ад Рыма, таксама ўмеюць сплаціць доўг. Палента памятаеце, гэта кукурузная каша такую мянушку яны прыдумалі суседзям. Мы ехалі ў напрамку да Мілана. Спачатку у Фларэнцыю. I Поўдзень са ўсімі сваімі праблемамі, пра якія, дарэчы, у сваю пару распавёў мастацкую размову Лукіна Вісконці ў фільме «Рока і яго браты», дык вось Поўдзень застаецца там, у нас за спіной. А мы нібыта глядзім прыгожы відавы фільм. Італійскія пагоркі... Хараство. I «другая прырода» паводле Гегеля. Арв’ета горад на скале. Спраўджанае майстэрства дойлідаў Сярэднявечча выкарыстоўваць ландшафт у сваіх задумах. Ці то пабудовы працяг скалы, ці то наадварот. Хаця Арв’ета пабудаваны на месцы старажытнага селішча этрускаў. А ўвогуле ў Італіі шмат паселішчаў, дзе засталася структура гарадоў Старажытнага Рыма: квадраты вуліц, і пераважна лагчына. Уздоўж аўтастрады гарады. Згадваеш з удзячнасцю Арэа дэль Соль, едучы па Нямеччыне, дзе аўтабаны бездакорная дарога і дзве высачэзныя глухія сцяны з двух бакоў. Шэрыя, цьмяныя. Едзеш, як у тунэлі. Затое, мабыць, зручна жыхарам гарадоў побач з аўтабанам. I не ведаю, як італьянцам, але нам Дарога Сонца падабалася. Назвы нібыта пазыўныя вякоў. Гарады, пра якія ў нас традыцыйныя ўяўленні. Крэмона горад, які ўславіў сябе скрыпкамі вялікага майстра Страдывары. Перуджа... Нашы гіды тут адразу арыентавалі нас на сучаснасць: лепшыя цукерачныя вырабы, універсітэт замежных студэнтаў. У тым годзе, калі мы праязджалі каля яго самы багаты горад Італіі па колькасці даходаў на душу насельніцтва. Санта-Крочэ тут займаюцца вырабам камп’ютараў. Мадэна вядомая тым, што тут школа карабінераў (афіцэрская школа). Карабінеры італьянская жандармерыя. Частка карабінераў нясе службу на аўтамабілях, частка конна. У гэтым жа горадзе заводы фірмы «Ферары». Ніна Аляксандраўна і Анна-Ліза адказваюць на нашы пытанні. Часам не адразу, але абавязкова. ...Анна-Ліза, нязмушана дэманструючы нам свой класічны профіль і не менш класічны фас, распавядае, што ў Італіі існуюць тры віды жылля. Хату або кватэру можна купіць, можна арандаваць, ёсць і муніцыпальная ўласнасць. Кошт арэнды ў невялікіх гарадах разоў у пяць меншы, як у Мілане або Рыме. Рост кошту арэнды абмежаваны ўладай, таму ўладальнікам жылля часам не выгадна працягваць кантракты, і яны аддаюць перавагу куплі-продажу, але часцяком бывае так, што ў дакументах фігуруюць адны лічбы, а кошт будынка зусім іншы. Маладым сем’ям падабаюцца кааператывы. Першы ўзнос ад двух да чатырох сярэдніх заробкаў, Растэрміноўка 1020 гадоў. Пра чэргі ніхто не чуў. Ёсць грошы калі ласка, набывайце жытло. Землякі Рамэа і Джульеты не спяшаюцца браць шлюб. Звычайна гэта адбываецца, калі ім спаўняецца 2627 гадоў. Падзею прынята адзначаць урачыста. Прыгадваецца зноў-такі кінематаграфічная паралель. Фільм «Дні кахання» з Марчэла Мастраяні і Марынай Уладзі. Трагікамічныя перыпетыі іх герояў усё з-за таго, што няма за што набыць вясельнае ўбранне для нявесты, няма за што банкетаваць. Сукенка для нявесты і сапраўды каштуе не менш як 1 000 000 ліраў (500 рублёў паводле курса 1987 года). Вясельная вячэра або абед у рэстаране не менш як 50 000 ліраў на чалавека. Вянчаюцца ў бажніцы, потым рэгіструюцца ў муніцыпалітэце. Нявеста звычайна прыязджае да святыні са сваім бацькам, жаніх чакае яе са сваёй маці. Букет нявесты пасля вянчання кідаюць у натоўп, дзяўчына, якая паспее яго ўхапіць, неўзабаве, паводле павер’я, павінна выйсці замуж. А гальштук маладзёна шматкуюць на дробныя кавалачкі: на шчасце. Пасля вяселля прынята выпраўляцца ў падарожжа. Паводле італьянскіх законаў даецца 15 дзён з захаваннем заробку, і паехаць можна на працягу месяца пасля рэгістрацыі. Як і ў большасці краін, калі згадаць народныя звычаі, маладзён павінны мець жытло, нявеста пасаг. ГІраўда, як і паўсюдна, цяпер дамаўляюцца так, як зручна абодвум. Але на выпадак разводу а развод у Італіі ўчынак няпросты, калі гэта шлюб царкоўны, патрэбны дазвол самога Святога Айца Папы, дык вось на выпадак разводу закон Італіі абараняе інтарэс жанчыны. Былы муж павінны плаціць ёй аліменты, незалежна ад таго, ёсць у іх дзеці ці не. Калі ў жанчыны, што працуе, з’яўляецца дзіця, ёй даюць аплочваемы адпачынак: 3 месяцы да нараджэння дзіцяці і 3 пасля. Пасля 4-месячнага ўзросту нованароджанага рабочае месца маці захоўваецца, але аплочваецца толькі 30 % заробку. Ёсць у Італіі яслі і садкі. Муніцыпальныя, каталіцкія і прыватныя. Тое ж самае школы. Абавязковая адукацыя 8-гадовая. Да 3-га класа навучанне бясплатнае. Пасля 8-га класа працуюць або паступаюць у ліцэй: ёсць ліцэі класічныя, гуманітарныя і так званыя навуковыя, дзе выкладаюць прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя дысцыпліны, Тыя, хто працягвае адукацыю ва ўніверсітэце, паступаюць туды пасля ліцэя без экзаменаў, але ёсць гадавы ўзнос прыблізна трэцяя частка сярэдняга заробку. Гэта заваёва 60-х гадоў, якая дала сябе адчуць, аднак, нерэгулюемым працэсам падрыхтоўкі кадраў: няма куды падзець юрыстаў і медыкаў. Ва ўніверсітэтах ёсць і завочнае аддзяленне, але ў дыпломе гэта адзначаецца, і да завочнікаў ставяцца больш падазрона, калі прымаюць на працу. ...Школа мастацтваў Порта Рамана. Тут робяць копіі знакамітых карцін і скулыітур. I чамусьці менавіта каля яе не вельмі зразумелая сучасная кампазіцыя: жанчына нясе жанчыну. Гэта ўжо Фларэнцыя. Фірэнцэ (Firence) так гучыць назва па-італьянску. Наш невялікі гатэль у самым цэнтры. Памянёны ўжо «Эмбэсі-хаўс». Тут больш сімпатычны, як у Остыі, ну- мар там быў доўгі, пусты, і недзе ў куточку хаваліся два ложкі. Тут утульны стандарт. Два ложкі, столікі з люстрайі, ванная, крэмавыя шторы, крэмавыя пакрывалы. Уначы ў нумары чуцён скрогат прыбіраюць Фларэнцыю. Потым, у Рэджа-Эміліі, будзе зацішны і амаль такі ж нумар. I ў кожным гатэлі мы наноў вырашалі «рэбус»: як «запусціць» душ, кожны раз новае прыстасаванне. Увогуле ў Італіі ўвесь час быў прыдатны стандарт гатэляў. I як мне падалося, чатырохзоркавы гатэль «Аджып» у Мілане адзіна чым адрозніваўся, дык гэта халадзільнікам з напоямі, натуральна, для нас недаступнымі (згадаем 31 рубель абмену). I тэлевізарам, які не было часу глядзець. Былі яшчэ аднаразовыя хатнія пантофлі і процьма рушнікоў. А так усё стандарт. Магутнай фірме «Аджып» («Agip») на тую пару належалі матэлі каля аўтастрад, крамы, комплексы санпаслуг. У матэлі можна было прыпыніцца, а можна і проста пакарыстацца яго паслугамі: прыняць душ, прывесці сябе да належнага стану і г. д. Усё гэта за грошы. Незадоўга да Фларэнцыі мы прыпыніліся каля аднаго з такіх комплексаў, адчулі карыснасць і зручнасць яго. I вось Фларэнцыя. Перш-наперш доўгая вячэра. Яшчэ адна лукулава гасцьба. Яно і цікава спіцыката (тушанае, дробна сечанае мяса з грыбамі), салата з садавіны (ананасы, дыня, гарбуз), піцца... Але не дае спакою думка: раблезіянствуем другую гадзіну, а за вокнамі Фларэнцыя, дзесяць хвілін хады і СантаМарыя дэль Ф’ёрэ. Нейкая дзіўная традыцыя. Ці гэта дадатковыя тэсты на палітычную надзейнасць і ідэалагічную вытрыманасць, ці то псіхоз калектывізму, ці яшчэ нешта. Ну, каб гэта вечар дзе-небудзь каля рэчкі Шчары ці Іслачы: схацеў і прыехаў. А то ж на беразе Арно...