Высветлілася такія думкі не ў мяне адной. I мы некалькі чалавек ідзём на сустрэчу з Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. «У ЛЁГКІМ ЧАЎНАКУ МАСТАЦТВА...» А Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ надзвычай прыгожая ўвечары. Сабор падсвечваецца электрычным святлом, вельмі густоўна, здаецца, ружаваты мармур свеціцца сам, выключна Боскай воляй. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ... Я ведаю пераклад з італьянскай: Святая Марыя з кветкай, але ў перакладзе назвы губляецца магічнае сугучча галосных і лабіядэнтальных, губляецца хараство гучання, фанетычная гармонія... Як і ў перакладах П’яцца ды Навона плошча ды Навона, палацца Век’ё Стары палац, понта Век’ё Стары мост... Каля галоўнага храма Фларэнцыі згадваем Рым. Антычны, сярэднявечны, сучасны. А я паглядаю на юнакоў, што вольна атабарыліся непадалёк ад святыні як і ў Рыме: каля фантанаў П’яцца ды Навона, фантана Трэві, на лесвіцы плошчы Іспаніі... Калі трэба ехаць у Італію? У Рым, у Фларэнцыю, у Венецыю? У сямнаццаць як гэтыя хлопцы з гітарамі? Як Блок у дваццаць дзевяць, ужо набыўшы сваю долю скепсісу і расчараванасці, але не згубіўшы і рамантычную дзейснасць свядомасці? Як Гётэ у трыццаць сем кінуўшы службу (пасаду першага міністра) і на два гады вызначыўшы статус вольнага мастака? Можа, прыязджаць трэба, калі сямнаццаць даўно міне і цяжар уласных гадоў адчувальны амаль так, як цяжар стагоддзяў? Мабыць, трэба прыязджаць сюды неадноечы? I быць тут доўга... Адчуваючы водар старажытнай зямлі, які моцны па-рознаму паўсюдна і які не назаляе. Што ў садзе, дзе ўсё выдае цветам у сваю пару, а квецень тая помніцца і ў голую стынь. Відаць, гэта невыпадкова так часта паўторанае: дэль Ф’ёрэ? Можа, таму, вяртаючыся з галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі, я раблю зусім вар’яцкі крок з пункту погляду нашага бессярэбраніка-турыста: спрабую купіць кветкі. Мабыць, гэта ўздзеянне знакамітага к’яра скуры спалучэння цёмнага і светлага. Таго самага к’яра скуры, што ёсць на карцінах Батычэлі і якое не пазначаецца нават на самых лепшых рэпрадукцыях. «Прымавэра» постаці жанчын, ад якіх, здаецца, зыходзіць нейкая флюарэсцэнцыя, на фоне аб’ёміста-цёмнага, таямнічага саду. Здаецца, фізічна адчуваеш яго глыбіню, нейкую ваблівую і вусцішную прастору Сандро, як называлі яго сучаснікі. Таго адзінага, каго ў сваім манускрыпце Леанарда да Вінчы згадаў асабіста: «Наш Батычэлі». Хаця калі ўглядаешся ў карціну, не згадваеш ні да Вінчы, ні тое, што была жывая мадэль гэтай жанчыны з кветкамі на карціне Батычэлі Сіманета Катанеа. Hi пра тое, што ў яе быў муж Марка Веспучы і амант Юліян Медзічы. Рытм абрысаў і ліній і гэтага зваблівага святла падпарадкоўвае сабе, прыцягвае. Палоніць. У галерэі Уфіцы можна было заставацца сам-насам з творамі вялікіх. Залы маюць нумарацыю, гатэль пятнаццаць хвілін хады адсюль. I можна спакойна ўзірацца ў мадоннаў Рафаэля цікава, ён так бачыў натуру, гэткай высакароднай і мяккай? Ці ў легкадумнай дачкі булачніка, звады і спакусніцы Фарнарыны, быў такі цнатлівы, хатні, пяшчотны выгляд? Тыцыян і Кранах, хай мне даруюць знаўцы, нічога да майго ўяўлення іх не дадалі. Так, Тыцыян почаўнаўзвышана веляпышны, так, амаль манахромна скупы ў фарбах Кранах. I квяціста-шчодры Рубенс, і таямнічапраніклівы Караваджа... Хаця... Да Караваджа, як і да Батычэлі, цягне вярнуцца, угледзецца, адчуць... Дарэчы, нам пашанцавала і «Прымавэра», і «Мадонна» незадоўга вярнуліся ў залы пасля рэстаўрацыі... ...Я выходжу на плошчу гэта побач з палацца Век’ё, знакамітую вежу не відаць, бачная толькі неверагодна высокая сцяна колеру мёду (ці віна?). Тут многа народу, проста на плошчы стаяць столікі, і ідзе мой спакушальнік. Вазок поўны ружаў. Я важна дастаю тысячу ліраў (адзін рубель) і спрабую высветліць: «Чы по фарэ сконта?» («Колькі каштуе?») Але адказу на італьянскай не разумею, пачынаю тлумачыць на валяпюку, які можна лічыць англійскай, ён не разумее. Пераходжу на прымітыўнае эсперанта жэстаў, але паспя- ваю спахапіцца напярэдадні наша Ніна Аляксандраўна тлумачыла: у італьянцаў свой код жэстаў, кожны жэст мае сваё значэнне. Паказваю гандляру сваю тысячу ліраў і разводжу рукамі. Ён смяецца, дае мне адну ружу колеру мёду (ці віна?): «Рыкорда ды Фірэнцэ» «На памяць пра Фларэнцыю». Я працягваю яму свае ліры: «Грацые». «Грацые», ён прымае позу ўладарнага сіньёра і вяртае мае ліры. Мусіць, недзе побач флюіды бескарыслівага Данатэла ён пакідаў каля дзвярэй сваёй майстэрні гамалейку з грашмі: для сяброў і вучняў. Быў у Фларэнцыі яшчэ адзін выпадак цяпер ён здаецца смешным, на тую пару мне было не да смеху. Як і ўсе маламаёмасныя людзі ў Італіі, я зайшла ў UPIM то самыя танныя ўнівермагі. Да гэтай пары памятаю наборы рондаляў, рондалек, місаў, місачак... На той момант для нас раскоша, неяк знікла з продажу ўсё самае звычайнае і патрэбнае, а і падчас «рынкавага сацыялізму» тое, што неабходна, не знойдзеш. Там было ўсё, без чаго не абыдзешся ў побыце. Прыгожае, таннае, даступнае... Я не аматарка «экскурсій» у крамы, трэба нешта набыць ідзі, а так... чаго губляць час. Аднак тут было што паглядзець. I я глядзела. Раптам заўважыла нейкі маладзён сочыць за мной: універмаг пусты і гэта не можа не кінуцца ў вочы. Выпадкова зірнуўшы ў люстра, знаходжу пацвярджэнне таму, што я і так ведаю: узрост Джульеты ў мяне пэўна і надзейна мінуўся і цалкам неверагодна, каб гэты бландзін загарэўся на пяшчотнае пачуццё. Забыты знаёмы? He выпадала мяне там ніхто не ведаў. Выйпіла з UPIMa, літаральна побач кірмаш, проста на вуліцы. Развешаныя нейкія кофты, камізэлі, сукенкі, мне падалося, ці то зношаныя, ці то заляжалыя. На тую пару наша мінская «Алеся», Брэсцкая і Баранавіцкая фабрыкі рабілі больш цікавыя рэчы, не кажучы пра фабрыку мастацкіх вырабаў. Безумоўна, быў адзетак выкшталцоны і дарагі, але не тут, не ў гэтых прылаўках на вуліцы. Затое проста на ходніку найпрыгажэйшыя куфэркі, куфэрачкі, карабкі, хоўткі, бранзалеткі, камеі знакамітыя фларэнтыйскія камеі. Лыжачкі з мельхіёру з патоўшчанымі напрыканцы тронкамі з выявамі слынных мясцін Фларэнцыі, у празрыстых футаралах. Усё таннае, даступнае нават мне. Я купіла камею, пару лыжачак, бранзалет. I убачыла таго чалавека. Ён ва ўпор глядзеў на мяне. Што ён хоча? Зайшла ў будынак мясцовага харчовага рынку, сноўдалася каля зеляніны, садавіны, гародніны, каля паляндвіц і вяндліны, каля гораў розных прысмакаў. I гэты чалавек ішоў за мной. Пачалі свідраваць свядомасць словы папярэджанняў: магчымыя правакацыі, нечаканыя выпадкі... Цвярозы розум і логіка падказвалі: каму ты тут патрэбная? Я чамусьці кінулася да понта Век’ё, да яго знакамітых гандлярскіх галаў, замест таго каб бегчы напрасткі ў гатэль. Пачала разглядваць аб’ёмісты залаты ланцужок (з надзіманага золата) не лёгенькая прасцячка, складана-плецены, важкі ланцужок ланцуг, падобны на тыя, што былі аздобай у фларэнтыйскіх нобіляў і венецыянскіх дожаў, якіх мы бачылі на старадаўніх партрэтах. Камеі на понта Век’ё сапраўдныя творы мастацтва, хаця тыя, што прадаюць на ходніку, таксама вельмі прыгожыя. Разгледзела лёгкае, бліскучае, мройнае калье. I... пачала адступаць. Да тых гандлёвых шэрагаў, на ходніку. Можа, ёсць хто з нашых? Днём раней тут мая суседка па пакоі хвацка гандлявала надзіманымі калмаценькімі жывёлінамі цацкамі, а фотакарэспандэнт з Сярэдняй Азіі займаўся таямнічымі фінансавымі аперацыямі. Я, як чалавек законапаслухмяны і суцэльна бязладны ва ўсім, што датычыць камерцыі, не ўзяла з сабой нічога, хаця ўвогуле ведала, што ў Італіі да месца былі б рэчы з ільну (тады іх у нас было-было! і вельмі танных!), і «палех», і «хахлама». Але закон гэта закон. I тыя самыя генетычныя і сацыяльныя карані яны, мабыць, адчувальныя. Поўная адсутнасць прадпрымальніцкага таленту. Затое я з задавальненнем спазнавала на справе, што такое dolce far niente (салодкае гультайства) і сузіральнасць. Калі б не гэты суб’ект. Ён зноў узнікаў у полі зроку. Рабілася ніякавата. Я ўжо не проста ішла, а бегла подбегам, ляцела каля тых камізэлек, спадніц, караляў. Недзе зазнавала «смак» біжутэрыі: востранькія пацеркі хвасталі мяне па твары, недзе я скінула на асфальт доўгі стракаты шалік. Мне наўздагон нешта крычалі мяркуючы па інтанацыях, не самае прыемнае. Але я бегла. Да самай віа Нацыянале, дзе была наша гасцёўня. Зірнула якая яна вузенечкая, гэтая вулачка. Зараз запіхнуць у машыну... Аднак да гатэля літаральна некалькі крокаў. I чаму я так доўга сунуся па вуліцы? У «Эмбэсі-хаўс» у вестыбюлі нікога. Ліфт. Хол паверха, у якім наш нумар. Нікога, акрамя парцье. Доўга разглядаю праспекты турысцкіх бюро Фларэнцыі і іншых фірмаў: ксераксы, камп’ютары (1987-ы!), машыны, інтэр’еры гатэляў. Час палуднаваць. Прыйшлі нашы. I я ўздыхнула з палёгкай. Так і не ведаю, хто гэта быў. Ці то прыняў мяне за некага іншага, ці то зямляк, што пазнаў «сваіх», ці то вар’ят. I чаго так раптам збянтэжылася я. Сярод белага дня. У Фларэнцыі, вядомай як «месца, ахоўваемае Богам і ўлюбёнае багамі». Гэта ўвесь час паўтараў наш гід Лео Гірардоні. Анна-Ліза і Ніна Аляксандраўна з намі, аднак у Фларэнцыі дастачыўся яшчэ экскурсавод. Ён вёў нас у сад Бобалі, дзе любіў шпацыраваць Дастаеўскі. Як і большасць іншаземцаў той пары, ён усіх нас лічыў рускімі. I для яго гэта, можа, і даравальна, Але там, у Фларэнцыі, мне давялося пачуць зусім не ад чужаземца на той гістарычны момант: якія яшчэ беларусы, такой нацыі няма. Даказаць яму, як я зразумела, было складана. Хаця мяне падтрымалі эстонцы і малдаване. I калі ідуць бясконцыя інфармацыі расійскіх СМІ пра ўціск правоў рускіх у Прыбалтыцы, згадваю і тую спрэчку, і пафасныя сцвярджэнні тых жа СМІ пра вялікаросаў, вялікую Расію, вялікі народ, народ-месію... I робіцца ніякавата... Як і тады, калі адказныя дзяржаўныя асобы абвяшчаюць, што няма розніцы рускія, беларусы... Чаго там правінцыя Расіі... Ну, а наш Лео Гірардоні... ён усё ведаў пра дзяржаву-горад Фларэнцыю. Бажніцы Una citta Firence: Сан-Ларэнца, Санта-Спірыта, Санта-Марыя Навэла, Санта-Крочэ, палацы Строцы, Медзічы-Рыкардзі, Ручалаі, Барджэла... Пагоркі Мікеланджэла, святыні Сан-Сальваторэ аль Монтэ, Сан-Мініята аль Монтэ... Лео Гірардоні дае згоду гэтага няма ў афіцыйнай праграме паехаць на пагоркі Мікеланджэла, дзе тыя самыя святыні Сан-Мініята і Сан-Сальваторэ і адкуль відаць уся Фларэнцыя. Фларэнцыя ружова-бэзавая дахоўка, лёгкая, палётная вежа Палацца Век’ё (зблізу гэта магутны высачэзны гмах), востры шпіль Санта-Крочэ, ланцужкі мастоў над Арно. Усё гэта нібыта на фоне неабсяжнага блакіту неба. Дзякуючы Лео Гірардоні мы трапляем і ў Ф’езале, прадмесце Фларэнцыі. Уласна Фларэнцыя пачыналася з Ф’езале. Але так часта бывае ў жыцці маёмасная і знакамітая Фларэнцыя паставілася паблажліва-высакамерна да сведкі свайго маленства. Хаця і тым не менш Ф’езале пазірае на Фларэнцыю са сваіх пагоркаў з годнасцю і адчуваннем сваіх пераваг: ведаючы, што менавіта ў Ф’езале цішыня, свежае паветра, выдатныя вілы. 3 нейкае пары якраз тут месцяцца тыя, хто можа набыць дарагое жытло: па-вясковаму зялёная трава, утульныя патыё, кветкі, кветкі, кветкі... Ф’езале... «Сон золотіістый н старннный...» Вялікі паэт адчуў перавагі менш знакамітага, як горад, прадмесця... Леа Гірардоні, дарэчы, удзельнік Супраціўлення, і пра гэта ён мімаходзь, але важка згадвае, увесь час вельмі прафесійна чаргуе цікавыя факты з арыгінальнымі абагульненнямі і не абыдзе ўвагай якую мясцовую гістарычную плётку ці быль. Фларэнтыйскую! У тым ліку і папулярную легенду пра тое, як Напалеон, увайшоўшы ў горад, дзе ягоныя салдаты добра шышавалі, вырашыў папракнуць у нязмысных дзействах гаспадароў: «Італьянцы усе грабежнікі!» А яму адпрэчылі: «Не, сір, толькі буона партэ» (гульня слоў «добрая частка»). Фларэнтыйцы! Гонар і кеплівыя хітрыкі тут яны майстры. I Лео Гірардоні ветлівы, рэспектабельны