разглядаючы працэс развіцця беларускай літаратуры ў суадносінах з сусветнай літаратурай («Талстоўскі крок», «А што там, далей?» і г.д.), аддаючы шмат увагі, так бы мовіць, персаналіям (Максім Гарэцкі «Браму скарбаў сваіх адчыняю», Якуб Колас «Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы», Янка Брыль «Свет далёкі і блізкі», Васіль Быкаў «На бестэрміновай перадавой», Іван Мележ «Вяртанне наперад», Іван Шамякін «Дзень бягучы»), Алесь Адамовіч імкнуўся прадставіць чалавецтву беларускую літаратуру ў яе лепшых выяўленнях. I ў гэтым яго найважнейшая на той час роля ў якасці літаратуразнаўцы і крытыка. Выхад на так званую «саюзную трыбуну» быў прыступкай да выхаду і ў больш шырокі свет. Непасрэдныя стасункі БССР мела хіба што з калегамі бліжэйшых краін так званага сацлагера. (Ад лагераў не маглі адысці ні ў якіх вызначэннях.) Алесь Адамовіч скарыстоўваў даступныя на той час магчымасці. Свет павінен ведаць пра беларускую літаратуру! Алесь Адамовіч эксперыментаваў як празаік. Стварыўшы амаль адначасова з першымі аналітычнымі працамі дылогію «Партызаны»: раманы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» і прыблізна ў адну пару са з’яўленнем твораў пісьменнікаў, якія пазначылі першую хвалю прарыву пасля XX з’езда: Васіля Быкава, Янкі Брыля (як працяг яго пачатку), Івана Мележа, расійцаў Рыгора Бакланава, Уладзіміра Багамолава, Віктара Астаф’ева і інш. (Зноў называю толькі некаторых і толькі блізкіх па ўзросту пачынала ж і магутная чарада шасцідзясятнікаў, нараджэння саракавых канца трыццатых гадоў. Дык вось, дылогія вытрымана ў найбольш распаўсюджанай на Беларусі на тую пару традыцыйнай манеры пісьма апісальна-апавядальнай, Максім Гарэцкі і Андрэй Мрый яшчэ не «адкрытыя».) Нават і «Хатынская аповесць» канкрэтнае бачанне рэчаіснасці, аб’ёмны погляд на падзеі. А вось ужо «Карнікі» «хірургічная проза», «супрацьлеглы рытм быцця», «інтанацыі нібыта ад імя зямлі». Так сцвярджаў расійскі крытык Леў Анінскі і, па-мойму, справядліва. Паміж гэтымі аповесцямі кніга «Я з вогненнай вёскі...», напісаная разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, пазней «Блакадная кніга» ў суаўтарстве з Даніілам Граніным. 3 аднаго боку, пераасэнсаванне жанру, які, здавалася б, адышоў у мінулае, дакументальнага летапісу, з другога, сплаўлены з памяццю народа кандэнсат філасофскай думкі і ўсё перастворанае на аснове ўласных перажыванняў разам з тымі, каго ўзяла жудасная смерць, пазбаўленая нават індывідуальнага шляху на Галгофу, смерць-вынішчэнне, смерць-спапяленне. 3 тымі, хто застаўся жыць і захоўваць перажытае ў памяці. Тут мне згадваецца адзін запіс Алеся Адамовіча з яго нататніка 70-х гадоў. Жанчына, у якой загінула пяцёра дзяцей, маладжавая, румяная, бадзёрая... Дзіўна... Недарэчна... Недзе ў тыя ж гады, гледзячы на Алеся Адамовіча, маладжавага, светлатварага, вясёла-ажыўленага, я таксама заўсёды думала пра гэтую неадпаведнасць: піша ж пра ядзерную катастрофу, вайну, запісаў і суперажыў бясконцыя трагедыі, трагедыі за межамі чалавечага ўсведамлення, за межамі ўсіх уяўленняў этыкі, маралі... Пра эстэтыку і гаворкі няма... He ведала, што ў яго была язва страўніка, інфаркты... Непад’ёмны цяжар чужога болю... ...Імкненне вызначыць і вызначыцца... Быційны сэнс у ракурсе рэчаіснасці рэальнай і замысленай. Аднак гэта не алхімія няспыннай фантазіі або мроі-казкі: пост’ядзерная «ідылія». ...«Апошняя пастараль»... Недзе там, далёка, дылогія «ГІартызаны», «Асія», «Апошні адпачынак»... Далёка паводле ўсіх высноў, не толькі па часе. У тых, даўніх творах ёсць яшчэ адчуванне добрапрыхільнасці быцця, адвечнае імкненне чалавека да шчасця, усё адбываецца ў межах той разумовай плыні, калі стан узрушэння, няшчасця павінен быць у рэшце рэшт пераадолены паводле бясспрэчнага здаровага погляду на жыццё, якое і карае, і даруе, і лекуе душы. Што б ні адбывалася, застаецца зямля, глеба існавання і аснова духоўная, паводле традыцыйнага гуманістычнага светапогляду ёсць мудрасць і дабрамыснасць светапарадку, ёсць натуральная разумнасць ходу жыцця на зямлі. Апакаліптычная эмпірыка сусветных войнаў асабліва другой, наяўнасць тэрмаядзернай зброі, відавочнасць таго, што цывілізацыя і сама планета Зямля пад пагрозай разбурэння, знікнення, знішчэння, «страта самасвядомасці той свядомасці, што была набытая стагоддзямі выпакутаваных злыбед, тысячамі найлепшых людзей, абставінамі геаграфічнымі, этнічнымі...» (Поль Валеры), сэнсастраты другой сусветнай вайны, рэальныя трагедыі Хірасімы і Чарнобыля, пагроза яшчэ большых няшчасцяў, экалагічная небяспека пазначылі і вызначылі стыль пісьма Алеся Адамовіча. Мабыць, таму яго творы, як і створанае Васілём Быкавым, знайшлі такі водгук у свеце, на Захадзе. Алакаліптычнае мысленне, крызісная самасвядомасць, трагічнае светаадчуванне сталіся там штодзённым мысленным звычаем. У колах інтэлігенцыі кожным разам творчай асабліва. Выкарыстаўшы ашаламляльнае ўздзеянне факту, яго значэнне, выявіўшы гэта ў рэальным пісьме, паспрабаваўшы нешта калі не растлумачыць, дык асэнсаваць, Алесь Адамовіч імкнуўся вызначыць нейкі іншы лагічна-мастацкі стрыжань, даць сюжэтную абалонку, аднак падкрэсліць аскетычнасць сімвала, схемы... Пасляядзернае пекла. Ён, яна... Усё прадвызначана, зададзена. Як і стыль пісьма. Наўмысна непластычны, з жорстка выяўленай ідэяй. Алесь Адамовіч, безумоўна, мараліст, і загадкі нашага зямнога лёсу ён імкнецца разглядаць у тэарэтычна-пазнавальным ракурсе, нават калі ён надае сваім думкам сюжэтную форму ён разлічвае на светапоглядную аснашчанасць чытача, акрэсліваючы кардынальна важныя пытанні не рацыянальна-лагічным шляхам, а ў іх відавочнай дадзенасці. Ён свядома ідзе ад «прыкладной маральнай мудрасці» (Альбэр Камю) і звяртаецца да «мыслення вобразамі», ідучы ад традыцыі «філасафічнай», «установачнай» аповесці. ...Трагедыя рэальнасці... Ці яна не адпускае яго ад сябе? Ці ён хоча «выбраць» усе магчымыя і немагчымыя пласты ў гэтай «шахце» (яго выраз)? Пасля кнігі «Я з вогненнай вёскі...» ў Янкі Брыля з’яўляецца аповесць «Ніжнія Байдуны», твор, што, па вызначэнні Алеся Адамовіча, «быццам з вуснаў самога народа сарваўся», яркі, жыццярадасны; стварае лірычныя мініяцюры, вольна разгорнутыя ў філасофскія прасторы, ён нібыта «даследуе дабрыню аграмадную дзялянку, дзе ўсё сціхае» (Гіём Апалінэр). Уладзімір Калеснік прапануе чытачам нібыта персаналй (Уладзімір Жылка, Максім Танк, Янка Брыль), аднак тэарэтычна высноўвае карані і своеасаблівасці рамантызму на беларускай глебе (амаль адначасова з Рыгорам Бярозкіным і Уладзімірам Конанам), вызначае шляхі развіцця заходнебеларускай паэзіі, адкрывае філасофскі і эстэтычны грунт многіх праблем сучаснай літаратуры: як чалавек еўрапейскай культуры, вытанчаны знаўца эстэтыкі і паэзіі. Яны абодва, так бы мовіць, перад прасторамі сусветнай бездані спрабуюць вярнуць логіку веры ў сэнс Провіду, сэнс Быцця, у сэнс існавання храма светастварэння. Іх пазіцыя мне суб’ектыўна бліжэй. Аднак размова пра Алеся Адамовіча. Ён сэнс свайго творчага наканавання бачыў у іншым. Слова роздуму. Слова факту. Апошнім часам ён сцвярджаў: варта даваць толькі мантаж фактаў, дакументаў, здаецца, гэта рабілі яго паслядоўнікі. Рэчаіснасць тым часам выдала такі «мантаж фактаў»: інфаркт. I з'явілася «Vixi», аўтабіяграфічная аповесць, распачатая ім як «рэпартаж з бальнічнага ложка» і пазначаная пад загалоўкам: «Завершаныя раздзелы няскончанай кнігі». Алесь Адамовіч спяшаўся высловіць сваю, уласную споведзь... Увогуле з яго асобай нельга было суаднесці вядомае: «Мая біяграфія у маіх творах». Паміж біяграфіяй і створаным была няпростая сувязь... А інфаркт здарыўся, калі Алесь Адамовіч жыў у Маскве... Гэты ад’езд з Беларусі, у адрозненне ад таго, у 60-я гады, быў досыць драматычны... Для многіх афіцыйных асобаў прозвішча Алеся Адамовіча заўсёды было што чырвоная хустка для раз’ятранага быка: памятаю многія эпізоды ў Галоўліце. ГІасля ж яго ліста да Міхаіла Гарбачова пасля аварыі на Чарнобылі, якое было зачытана на Палітбюро ў Маскве, ён стаў на радзіме «персона нон-грата». У пісьме тым было: «...пад пытаннем само існаванне дзесяцімільённага народа», «занадта малая, як высветлілася, рэспубліка для такой вялікай бяды», урэшце «не проста станцыя ўзарвалася, але і ўвесь той комплекс безадказнасці, недысцыплінаванасці, бюракратызму...». Выключная смеласць ліст датаваны 1 чэрвеня 1986 года той парой, калі першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў адмовіўся ад дапамогі рэспубліцы: у нас усё цудоўна, якая катастрофа? Гэта было той парой, калі з ласкі на пацеху выпраўлялі ліквідатараў у забруджаныя раёны, у зону (каб пазней забыцца на іх), той парой, калі быў самы разгар шапказакідальнай кампаніі: у нас катаклізмаў не бывае. Гэта пазней з’явілася столькі твораў, патрэбных і важных, прамоўлена шмат слоў мудрых, а напачатку забілі ў званы Алесь Адамовіч, вучоны-атамшчык Васіль Несцярэнка (вокамгненна быў пазбаўлены пасады), пісьменнік Сяргей Залыгін... Гэта Алесь Адамовіч «пачаў абрываць тэлефоны і штрыфелі пінжакоў у маскоўскіх калегаў па Камітэце савецкіх вучоных: ну, ужо ж яны не разумеюць, што калі вецер дзьмуў не на Кіеў («на шчасце», як было ў газеце «Нзвестня» напісана), тады на Гомель, на Магілёў, на Беларусь...». Алесь Адамовіч змагаўся. I, як адзначыць сам пісьменнік у кнізе «Апакаліпсіс па графіку», «пачалася актыўная газетная і вусная кампанія, у выніку якой я апынуўся жыхаром Масквы». Досыць напружанай на тую пару была і атмасфера ў літаратурным асяроддзі. Там, праўда, не ўсё было так адназначна... He маіо намеру расстаўляць кропкі над «і». Ды і не маю права. Я не належала да блізкага пісьменніку атачэння, хоць ведала яго не так каб здалёк. Пісала пра яго. Ён часта друкаваўся ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», досыць многа у рэдакцыі крытыкі, дзе на той момант працавала я. I хоць рэдактарам яго мне быць амаль не давялося (два-тры артыкулы ў зборніках), аднак кніжкі свае Алесь Адамовіч прэзентаваў паводле добрай завядзёнкі тых гадоў: з надпісамі, што італесцілі б любому літаратару. Пазней, калі я перайшла з выдавецтва ў часопіс «Нёман» сустракаліся, абменьваліся думкамі, рэплікамі, меркаваннямі. Безумоўна, чытала і чула яго выступленні і аргументы яго апанентаў... Спрэчка была адчайная... I наноў пазначу усё было вельмі неадназначна... Зраблю толькі некалькі штрыхоў...