I сяброў. За межамі Беларусі імя Барадуліна пасля Быкава што пароль. «Рыгор!» і твары свецяцца нейкім успамінам. Івана Антонавіча Брыля ведаюць, так бы мовіць, датычныя да вышэйшых каштоўнасцей хараства. Алеся Разанава эрудыты і інтэлектуалы. Рыгор Барадулін вядомы прыязна-радасна: па жывых стасунках, па чыстай магіі слова, па мелодыцы вершаў. Па сяброўскай традыцыі шасцідзясятнікаў. Рыгор Барадулін верны сябар. Згадаю хаця б ягонае сяброўства з Уладзімірам Караткевічам, Міхасём Стральцовым, Анатолем Анікейчыкам... Сяброўства даўжынёю ў жыццё. I даўжэйшае за іх жыццё думкі, клопат, справы. А стасункі з Васілём Быкавым... Ці адзін надарыўся «Апалонавы вечар», у якім «водар музыкі і раю» (Рамон Хіменэс)... ...Гледзячы на гэтую жанчыну, мне чамусьці згадваюцца вершы таксама іспанца: «I пільнуе ружы мае чараўніца, што дыяментамі сны вышывае». Чаму іспанца? Можа, таму, што іспанцаў шмат перакладаў Рыгор Барадулін, мабыць, бурапенны тэмперамент іх і метафарызм блізкія нашаму паэту. Хаця... Перакладаў ён многа. I Гарсіа Лорку, і Габрыелу Містраль, і Сяргея Ясеніна, і Амара Хаяма... I... Па працавітасці (неадноечы «пяро... аскароміў прозай»: эсэістычнай, крытычнай, аўтабіяграфічнай) і выбуховай любові да жыцця блізкі быў яму, мабыць, Уладзімір Караткевіч. Літаратурны равеснік, сябар, чалавек вялікага таленту, дзёрзкі, яркі. Зірніце на іх абодвух на здымку! Ну, хто яшчэ здольны на такое? Яны нясуць на руках жанчыну тую самую, што нагадвае мне іспанскія радкі нясуць, як каралеву, трыумфатарку, валадарыню пачуццяў. У яе светлы, натхнёна-вясёлы твар. Твар жанчыны, якую кахаюць і любяць. I якая ўмее быць каханай і любімай. Больш таго мае талент быць жонкай паэта. Такімі ж прасветленымі, як пры згадцы пра Барадуліна, рабіліся абліччы тых, хто гаварыў пра яе: «Валя!» прамаўлялася з захапленнем, пяшчотай і трохі са здзіўленнем. Яна не губляла, па сведчанні многіх-многіх, ні сваёй звычайнай ветлівасці, шляхетнасці, ні іранічнай добразычлівасці нават калі добрая чарада вясёлых, маладых дыянісійцаў, пасля «вакхмческнх забав», з’яўлялася апоўначы ці ледзь не на золаку на кватэру паэта у тыя гады, калі «сум яшчэ не прасіўся ў суседзі...». I ў іншыя часы, у зусім не вясёлыя і гуллівыя хвіліны, яна была побач. Тады, калі была жывая мама Куліна. Галоўная гераіня паэзіі Рыгора Барадуліна. I тады, калі мамы Куліны не стала. «А мама багіняй была...» Я не ведаю паэта прынамсі, у беларускай паэзіі, які б столькі і так (!) сказаў пра маці. Небыццё і няпамяць не пра яе. Пра яе памяць. Матчыны песні, матчына мова, матчына хата. Матчын парог... Ад яго пачынаўся адлік часу. А Рыгор Барадулін, безумоўна, чалавек часу. I гэта сувязь не толькі з псіхалагічным часам душы (найважнейшы момант!), але і з часам гістарычным, падзейным. I гэта натуральна. Нават такі, здавалася б, спадарожнік вечнасці, як Дантэ, быў гібелінам (прыхільнікам свецкай, а не царкоўнай улады), і паэт чыстай красы Блок спазнаў усе трагедыі свайго часу, і наш Багдановіч, якому заўсёды было цесна ў межах сваёй зямной біяграфіі, залежаў так ці інакш ад рэальнага, храналагічнага часу... Рыгор Барадулін падкрэсліваў на самым сваім пачатку пантэізм і сваю палітычную незалежнасць. Калі і ёсць, маўляў, нейкая прыстасаванасць, дык толькі такая: «у вясны палонны». Але ж і яго «вагон таварны, дрогка тузаў» на цаліне, і ён браў удзел у розных мерапрыемствах і імпрэзах афіцыйнага кшталту. I ён стаўся адным з актыўных дзеячаў Беларускага Адраджэння. I адным з заснавальнікаў і прэзідэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтра. I адным з адданых сяброў БНФ хаця яшчэ да выбараў прэзідэнцкіх 94-га года былі ўжо відавочныя (мабыць, і Рыгору Барадуліну) пралікі руху як сілы, што мае прыцэл на тое, каб весці палітычны рэй: няўменне расставіць акцэнты, каб мэты партыі былі зразумелыя тым, ад чыіх галасоў залежыць палітычнае лідэрства; чыста культуровы ўхіл, залішняя філалагізацыя: ну, што там сярэднестатыстычнаму грамадзяніну да таго, праз мяккі знак пішацца «свіння» ці не паляндвіцы з той папяровай свінні не зробіш... Але Рыгор Барадулін быў сябрам БНФ. Паэту, чалавеку Рыгору Барадуліну блізкія і высакародныя ідэалы, і гарачы імпэт, і культуровы, філалагічны ўхіл. Чалавеку, для якога літаратура жыццё, а мова што «імя ўласнае», слова і пачатак, і канец... «... Адно магчыма са словам ціха сустрэцца вачыма, чакаць, што на ростань скажа яно». Зямля. Радзіма. Слова. Святое. Сваё. Заўсёднае. Як спрадвечны закон жыцця. Дзе няма больш патрэбнага, больш старажытнага занятку, як земляроб. Нездарма сын зямлі Рыгор Барадулін і шлях свой меціць, як аратай, што зямны крут атаясамлівае з земляробчым, адвечным цыклам. «На таку свайго веку». I нездарма, падбіваючы папярэднія рахункі жыццёвыя, пазначаў: «Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. 3 іх хлеб для душы мае...» Што тут дадаць? ЦЯНЁТЫ ВЕЧНАСЦІ IІДЭЯ БЫЦЦЯ Ян Чыквін Якая музыка гучыць у лабірынтах душы чалавечай? Якое Боскае майстэрства трэба мець, каб пачуць яе і пазначыць тайнапісам слоў, каб выявіць узніклую ідэю, падняць з глыбіняў свядомасці нейкую прасветленую ісціну? I як імгненням быцця надаць значэнне мастацкага факта, а каштоўнасці ўсвядомленага сузірання сутнасць арэчаўлёнага і вытлумачанага ў фразах, гуках, зрокавым выяўленні? А тым болыл як адчуць чужую духоўную транспазіцыю? Як тоесную і адрозную ад сваёй уласнай? Як унутраны маналог душы і інтэлекту? Ці хутчэй як фрагменты, накіды, мастацкія шыфроўкі тых маналогаў? I ўсё гэта на фоне рэчаіснасці, складанай і прымітыўнай, прадвызначанай і непрадказальнай, існуючай паводле законаў натуры і гісторыі і паводле штуршкоў стыхій: прыродных катаклізмаў, грамадскіх выбухаў, свядомасных узрушэнняў. На перакрыжаваннях літаратурных рэалій, калі пра аўтара можна меркаваць паводле існуючых эстэтычных крытэрыяў і паводле ўласных законаў творчасці, бо нельга не згадзіцца з адным з вялікіх творцаў: «...кожны паэт будзе ўрэшце ацэньвацца па тым, чаго ён варты быў як крытык (свой уласны)». ...Корань і пачатак асобы Яна Чыквіна у паэзіі і ў адносінах да сябе ён, падобна, суддзя жорсткі. Але парабалу яго творчасці нельга ўявіць без даследчыцкіх і культуралагічных вопытаў паэта, без разнастайных сведчанняў яго пранікнення ў духоўныя перыпетыі канца другога тысячагоддзя. Духоўныя перыпетыі, што ўвасабляюць у сабе і расклад быцця са спрадвечнымі чалавечымі ўяўленнямі пра дабро і шчасце, засяроджанасцю сэнсаў сусвету, маральнымі каштоўнасцямі, уяўленнямі пра Боскага Тварца, пра «класічны» гуманізм з яго нетрагічным складам і трагічную, крызісную, катастрафічную свядомасць канца XX стагоддзя, трагічнае жыццеадчуванне, чуццё карэннай бяссэнсіцы існавання, апакаліптычныя знакі канца тысячагоддзя. Да таго ж усведамленне існавання ў сучаснай цывілізацыі, у арэале культуры свету і Захаду найперш, і складанасць існавання ў памежжы нацыянальных культур, літаратур, моў. У існаванні калі права на сваю крэўную, беларускую мову трэба абвясціць і адстаяць. I працаваць у тым няпэўным культуровым арэале, які асэнсавана чуе кожны беларускі літаратар: не толькі ў Польшчы, як Ян Чыквін, не толькі ў ЗША, Канадзе ці Брытаніі, але і ў сваёй, так бы мовіць, метраполіі. Бо гістарычная і свядомасная сутнасць нашай нацыі часам пачынае выяўляцца не мацерыковым грунтам, а плынямі, выспамі, ледзь не Атлантыдамі. Але ж ёсць у нас і нешта вельмі трывалае, каранёвае і разам з тым вяршыннае, духоўнае, што ў самых неспрыяльных умовах усё ж не дае знікнуць таму, паводле Арыстоцеля, духоўнаму, неарэчаўлёнаму, тым эйдасам, ідэям, якія зусім знішчыць, мне здаецца, немагчы.ма. Але ж доўгія гістарычныя перыяды гвалтоўнага і напорыстага нацыянальнага ўціску прымушаюць кожным разам, з кожнай новай хваляй Адраджэння, даказваць, пераконваць даводзіць філасофскім, публіцыстычным, мастацкім спосабам што мы былі, ёсць, будзем. Безумоўна, яскравае сведчанне трывучасці беларускага слова не ў сэнсе ўпарадкаванага слоўнага россыпу, a ў сэнсе існавання літаратараў у пэўнай адзінасутнаснай няўхільнасці, у сваім асабістым творчым быцці, звязаным, аднак, з нацыянальнай ментальнасцю існаванне беларускіх пісьменнікаў за межамі краіны. Існаванне Яна Чыквіна... У прыватнасці... Як постаці самаадметнай, звязанай, згадаю зноў, з культурай Захаду і культурай Беларусі і як асобы самотнай, самотнай па сутнасці сваёй, са спалучэннем у свядомасці сусветна-значнага і запаветна-асабістага, калі адчуваюцца конадні самаўсведамлення, якое забяспечвае чалавеку каштоўнаснае апірышча, нягледзячы на чараду дасягненняў-страт, збытых сэнсаў, беспрытульнасці ў сусвеце і душэўнай неўладкаванасці ў акаляючай рэчаіснасці. Мушу падкрэсліць менавіта апірышча, таму што Ян Чыквін з яго праніклівай увагай да зменлівасці сутнаснага, з яго насцярожанасцю да ўпартай відавочнасці з’яў, з яго даверам-недаверам да побытавага ў шэрагу быційнага, з наплывамі скрупінай трывогі, мае патрэбу сцверджаную у сувязі з жыццём сусвету, магчыма, не сусветнай гармоніяй, не ў свяце жыцця на зямлі, не ў светабудове, якую можна прыстасаваць для хатняга ўжытку, але ў нейкім ураўнаважанні трагічнага і гуманістычнага ў светаразуменні, у пэўнай згодзе з існым. Ян Чыквін умее шчасліва згадаць адначасова з наівам звычаёвага чалавека і мудрасцю філосафа: Мы жывём. Якая радасць гэта! Мы жывём, як антытэза да прадметаў. Адчуваючы, мы бачым, ходзім Па зялёнай сферы быту. Разам з ім далучаемся мы да гэтай гадзіны быцця, якая не можа і не хоча змясціцца ў межах біяграфіі, у межах непасрэднага вопыту. Менавіта быцця, таму што «светлы міг» абавязкова памятае і пра трагічны грунт светапарадку. Брыдзе па свеце кульгавым карэннем, Як факт аўтэнтычны, канкрэтнае здарэнне. Ян Чыквін відавочна аддае перавагу некананічнай прасодыі, а да таго ж выкарыстоўвае філасофскія палы, так бы мовіць, дзеля трываласці вершабудовы: у яго свядомаснае, быційнае і лагічна слоўна аформленае стварае самы стрыжань верша. А ён мае то мройную лірычную падсветку (ці водсвет), то ўспыхвае яснатою метафар, што не пераўтвараюцца ні ў арнаменталістыку, ні ў скамянелыя і самамэтныя версіфікацыйныя паэтызмы. У звонкім небе дзень растаяў.