Вызначальным і неадменным стаўся для творчасці А. Разанава і нацыянальны аспект. Але гэты нацыянальны аспект мае на ўвазе знаходжанне ў кантэксце еўрапейскай, у кантэксце сусветнай літаратуры. Калі мы прасочым шлях А. Разанава пазначым мноства эксперыментаў, ад творчай супольнасці думкі, выявы і слова разам з мастаком Віктарам Маркаўцом да перастварэння паэтычных тэкстаў Веліміра Хлебнікава і Надзеі Артымовіч на мову сваіх уяўленняў, аднак заўсёды заставалася глыбінная, сталая зацікаўленасць нацыянальным, беларускім. Ад волескіраваных, пазбаўленых механікі эфектаў згадак пра Максіма Багдановіча, Цётку, Лазара Богшу ў «Каардынатах быцця» і «Шляху-360» і ўтварэння традыцыйна-нетрадыцыйных постацяў Тэклі і паляўнічага Сурмача (тамсама) да перастварэння старапольскіх і старабеларускіх тэкстаў Мялеція Сматрыцкага, Васіля Цяпінскага, Францішка Скарыны, Кірылы Транквіліёна-Стаўравецкага на сучасную беларускую мову і пазначэння словам месца і значэння ў беларускім свядомасным і культуровым абсягу Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча і іншых. Арганічнае існаванне беларускай думкі і слова ў еўрапейскай і сусветнай культуровай супольнасці А. Разанаў найперш даводзіць сваім уласным паэтычным вопытам, а таксама перакладамі найбольш блізкіх яму па стылі мастацкага мыслення паэтаў: Чэслава Мілаша, Басё, Ёжэ Удовіча, Элькэ Эрб, Увдыса Берзіньша, Марцэліуса Марцінайціса, Сігітаса Гяды і інш. I, безумоўна, былой практыкай часопіса «Крыніца», дзе межавалі творы старадаўнія і сучасныя, замежныя і беларускія, дзе падавалася своеасаблівая панарама існавання і суіснавання літаратур. Пазней ён дачыніць да гэтага пераклады з нямецкай мовы і свае творы на нямецкай. Хачу спасцігнуць сэнс Нябыту і быцця і прызначэння, - абвясціў некалі ў «Паэме жніва» (зб. «Каардынаты быцця») А. Разанаў. Прызнанне досыць адкрытае і патрабавала падмацавання вопытам. I паэт вызначае каардынаты існавання: «Наблізілася рэчаіснасць, узноўленая праз мяне», «Няўжо рэчаіснасць толькі дрэвы і небасхіл, замкнёныя кругазваротам». He, гэта «назыўны» свет відавочнага, берагі чалавечага светаўспрымання толькі сыравіна назіранняў, дакументальна-інфармацыйная зрокавая рэальнасць. Гэта адналінейны і аднанакіраваны свет, законы якога цікавыя А. Разанаву толькі побач з іншымі, з касмічным самаажыццяўленнем жыцця, з метафізікай існага, з мудрым наканаваннем нябёсаў. «А там... як мог яго раней не заўважаць я, чаму не заўважаў яго раней?! свяціўся незнішчальны голас Сэнсу...» А. Разанаву сямідзясятых гадоў чуўся не толькі «голас Сэнсу», паэт улоўліваў пазыўныя рэчаіснасці, часам нават публіцыстычна канкрэтна: «экскаватарнае нашэсце», «рассякаюцца краявіды, выпрамляецца кожны штрых», «у балоце глухім валхвуе экскаватаршчык Абравец», хаця паэт імкнуўся перавесці мову вершаванай дакументалістыкі на мову філасофскага роздуму: «Наганяючы небыццё, навастрыліся аэрадромы...», «Сітуацыя разбурэння», «Як пакутна ісці па сапраўднасці». Сапраўднасць выяўляецца вопытам перажыванняў, якія, аднак, не вынікаюць лірычным сэнсавыпраменьваннем, рухі душы выяўляюцца напружаным рытмам свядомасці: «Я прагнуў дасканаласці тваёй, адданасці тваёй, адданасці не мне: ідэі... тайне... якую у вачах тваіх чытаў...» I далей: «... у зялёна-жаноцкай вёсцы расце дзяўчынка мая вучаніца, расце, пакідаючы: не застане... к чаму вяртаецца не застане... I так глядзяць вочы блакітна, быццам са смерці, на вольнае ззянне плыні...». Каб выратавацца, трэба пашырыць межы свядомасці, зірнуць на свет у іншым ракурсе. Інакш непазбежны такі трагедыйны варыянт: «Мёртвыя зоры звалены ў лабірынце. Цёмна і страшна. Малітвы спазняюцца». I несупынна вярэдзіць пытанне: «Кім я ёсць?! I кім не ёсць?!». Класічная антыномія ад першасутнаснай быційнай няўхільнасці. Дарэчы тут згадаць, што А. Разанаў, безумоўна, глыбока і творча займаўся філасофіяй: і антычнымі школамі, і старажытнаўсходнімі вучэннямі, і класічнай нямецкай філасофіяй, і філасофскай думкай часоў Класіцызму і Асветніцтва ў Францыі і Англіі, і сучаснымі філасофскімі плынямі (маю на ўвазе XX стагоддзе)... Меў схільнасць да ідэй Рэрыха... Падобна, заўсёды меў у сваім інтэлектуальным і пачуццёвым вопыце Біблію. Сцвярджаю гэта перш-наперш паводле яго творчых учынкаў і прыхільнасцяў, а таксама з пэўнага ведання кругу чытання А. Разанава ў нейкія перыяды яго жыцця: шляхі нашы перасякаліся і на працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (працавалі ў адной рэдакцыі), і ў бібліятэках (давялося неяк амаль адначасова чытаць на польскай мове Кіркегора, якога пераклаў не болын і не менш Яраслаў Івашкевіч). Некалі А. Разанаў меў на мэце і прафесійныя заняткі філасофіяй; тут наша навука шмат згубіла, затое набыла літаратура. Зрэшты і навука таксама. А паэт Алесь Разанаў і мысляр Алесь Разанаў замест таго, каб ствараць катэгарыяльныя каркасы вучэнняў у чыстым выглядзе або высноўваць чыстыя канцэпцыі, ён, як большасць творцаў нашага стагоддзя, задумваецца над спрадвечнымі чалавечымі пытаннямі, над самавызначэннем асобы ў свеце, над надсветна-сакральным засяроджаннем сэнсаў сусвету словам, па-філасофску не выкрышталізаваным, мройліва-шматзначным, адчуваючы сябе вольна ў духоўнай прасторы часу. «Пайшоў адзін, але не адзінокі», «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе», «Я не адзінокі, Я адпаведны...», «Час завязаўся ў паўтор», «У снега прысмак тугі; ён мамаю асаблівы. Ён асаблівы мной: блукаю ў яго завеі...». А. Разанаў карыстаецца словам. Адчувае ён яго шматзначна, шматгранна, імкнецца вылуіпчыць са звычнага семантычнага і фанетычнага раду, адчуць яго ў патаемнай сувязі псіхічных і слыхавых раздражняльнікаў, у спалучэнні гукаў і сэнсаў, выявіць у ім нейкую асобую сістэму, якая можа ствараць паэзію. Ён імкнецца раскрыць у слове яго патаемныя магчымасці, адгадаць, адчуць сутнасныя аналогіі. Гук і Думка, Думка і Сэнс Гука. I паэт аддае перавагу магіі слова, а не чару яго, не чароўнасці гучання. (Нездарма А. Разанаў так пільна цікавіўся фальклорам, чарадзейным уплывам замоў). Адзін з яго твораў так і называецца «Вучань чараўніка»: «Не ўтрываўшы, я адгарнуў наступную старонку... «Ліхнаэль, Весмалон, Гермашур, Мэмрагай...» я чытаю, спяшаюся, няўцямныя словы-імёны той старой таямнічай кнігі, якую на часіну даверыў мне мой настаўнік... А на дварэ раптам цямнее, як пры змярканні... Я баюся таго, што ведаю. За вокнамі маёй свядомасці цёмныя крыкі». Аднак найперш А. Разанаў усё ж імкнецца да засяроджанасці Ісціны і стрыжнявога Сэнсу, спрабуе суаднесці яго, гэты сэнс, з асабіста-быційным. «Па крутой, стромкай лесвіцы я ўздымаюся ўсё вышэй і вышэй, каб дасягнуць нарэшце той апошняй, той завяршальнай прыступкі, з якой можна было б рынуцца ў неабсяжнасць - і апярэдзіць самое жыццё, і апярэдзіць самую смерць... Колькі прыступак я ўжо мінуў? Вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за гнёзды, вышэйшы за воблакі, вышэйшы за вышыню, я слухаю-чую, як мне паўтарае ўпарта мой пакінуты ўнізе двайнік: «Вяртайся!» Прыступка апошняя тут. У неабсяжнасць трэба ўздымацца адгэтуль». У неабсяжнасць паэт хоча ўздымацца, спазнаўшы пераўвасабленні ўспрымаючай свядомасці. Прыроду рэчаў. Прыроду рэчываў. Ён не спыняецца на першаэлементах: вада, паветра, агонь, зямля. Яго ўяўленне ўвесь час вярэдзяць дзве праявы матэрыі: гліна і камень. Яшчэ ў даўніх яго творах мы сустрэнем гэтыя згадкі: «А на дошцы выразныя літары, і ўсе сэнсы і ўсе бяссэнсіцы быццам лялькі адна ў адной, і замешана гліна, каб вылепіць творцу...» («Паэма незавершанага сказа») або «дзе пуста было ўзышлі камяні» («Паэма палявання»). I, мабыць, тут і ключ да адгадкі: «гліна, каб вылепіць творцу...» Паэта цікавяць тыя праявы матэрыі, што маюцца быць матэрыялам творцы: ганчара, скульптара, архітэктара... I больш глыбінна насельнікаў быційнага «сабора». А. Разанаў спрабуе высветліць ці падуладна канкрэтнаму ўвасабленню тое, што не ўвасабляецца? Матэрыя стваральнага... Матэрыял творцы... Нездарма ж ва ўсіх, здаецца, еўрапейскіх мовах творца-мастак мае тое ж найменне, што і Перша-Творца. I вечная таямніца, што ўвасоблена ў бясконцых варыяцыях Адстароненых Ведаў, якія месцяцца ў матэрыяле, што абавязаны стаць Сэнсавай Сітуацыяй, Сэнсавай Падзеяй. Розныя выяўленні. Розныя іпастасі. «Ніцма ляжыш I ў глыбокім сненні Хаваеш сваю душу. Загавару з табою адкажаш, Але не пачуеш». Раптоўныя асацыяцыі ідэй, унутраныя адчуванні і стыхійныя парывы, веды, што не залежаць ад улас- нага вопыту, і назіранні, вольныя ад зрокавых выяў. Магчымыя аб’екты паэтычнага свету і формы перастварэння абстрактных думак. Адно і тое ж «Я», што ператвараецца ў розныя сэнсавыя фігуры ў залежнасці ад змены камбінацый слоў і гарманічных або дысанансных варыяцый гукапісу. «Захоўваешся ў цяні Усіх рэчаў I ўсіх істот I ў сабе Захоўваеш сэнс, Ім яшчэ невядомы». Патаемная сувязь ідэй і слоў... Сістэмы сугуччаў, матэрыя слоў і матэрыя паняццяў, законы і правілы і выключэнні з іх. Інтэлектуальны свет XX стагоддзя. Ускладнены свядомасным і падсвядомасным веданнем, трывога перад прасторамі сусветнай бездані і разуменне розумаспасцігальных счапленняў прычын, вынікаў і мэт. I нідзе няма забабонаў «меркаванняў» абыдзённай разважлівасці. He ад высакамернасці ад існавання ў пэўных паняційных пластах, ад адчування зямлі, вады, агню, прасторы, аднак ніколі ад адчування заземленай жыццёва-будзённай глебы. «Наблізілася рэчаіснасць, узноўленая праз мяне», «Цяпер я сам твару свой жыццяпіс», «вартаўнік лёсу» таямніца асабістага, што праз розумаспасцігальную і сакральна непрадбачную ісціну імкнуцца да метафізічнай уладкаванасці сутнага, да мудрасці Боскага творцы. Выяўленне свайго невыпадковага месца ў прыродным і чалавечым распарадку, праўда маралі і этыкі, філасофія ведаў і няведання, спрадвечныя антыноміі быцця: «існуем знікаючы». Урэшце метафізічнае асвячэнне Ісціны, сэнсавыпраіченьваючая Ісціна ад гэтага высновы мысляра і паэта Алеся Разанава. Кандэнсат думкі, імкненне калі не спасцігнуць, дык дакрануцца да звышразумнага наканавання: «Сабранае траціцца, I рэчаіснасць Разгортваецца ў здагадку, каб адшукацца 3 таго боку слоў», «А тое, Што мусіць адбыцца з намі, Само настае I само вытлумачваецца», «Гліна тлумачыць пісьмёны Забытых тысячагоддзяў».