Арлоў адчувае і стыль, стылістыку эпохі, яе мову, лад, спосаб мыслення: «Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю». Або: «...дайшлі да нас чуткі, нібыта атабарыўся ў месцы гэтым вучоны немец Ёган Гутэнберг, што вымысліў варштат дзеля перапісвання кніг без пёраў і атраманту. Калі праўдзівая гэтая пагудка, падамся я да яго ў навуку, бо не пагас яшчэ ў душы лятунак паслужыць асвеце люду нашага паспалітага». Усё пералічанае стала як бы неад’емным і безумоўным для пісьма Уладзіміра Арлова, зрабілася адзнакай яго стылю. Ужо сталі ледзь не хрэстаматыйна вядомымі героі твораў Арлова. Вольналюбівы пісьменнік Незабытоўскі, што (як ужо згадвалася) даводзіць свайму пляменніку: «Адзін разумны чалавек сказаў, што ў Расіі ёсць два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». Нарадаволец Ігнат Грынявіцкі, што ахвяруе ўласным жыццём, каб, як яму здаецца, пазначыць іпляхі да светлай будучыні іншым. Асветнік Мікола Гусоўскі, што ў далёкім Рыме адстойвае годнасць чалавека з зямлі пушчаў і зуброў, выяўляе высакародства і шляхетнасць, якія зрабілі б гонар любому з самай вядомай і рыцарскай на тую пару краіны Еўропы. Уладзімір, князь зямлі Полацкай, мудры і смелы... I г. д. Персанажы гістарычныя, з падсветкай таго рамантызму, што вызнаецца рэальнасцю рэчаіснасці. Як і тыя ідэалы і ідэі, якія адстойваюць героі кніг. «Ідэалы жывыя, пакуль яны жывуць у сэрцах. Калі яны застануцца толькі ў старых кнігах, яны памруць...» Уладзімір Арлоў сцвярджае за Уладзімірам Караткевічам, за іншымі адраджэнцамі нацыянальную ідэю, ідэю нацыянальнай годнасці. Гэта творчы і грамадзянскі набытак пісьменніка. Ужо вызначылася шмат у чым яго творчае аблічча. Адметнае, сваё. Адрознае і ад Удадзіміра Караткевіча. Мне даводзілася пра тое пісаць. Аднак згадаю наноў. Гістарыясофская проза Уладзіміра Караткевіча... Яго цікавяць дынаміка падзей, светасузіранне часу, памкненні людзей, характары, разгортваюцца шматпланавыя карціны рэчаіснасці і лірычна-камерныя, моц- ныя магутнай, стыхійнай хваляй думак, эмоцый, слоў, уздзеяннем характараў гераічных, яркіх, незвычайных. Уладзімір Караткевіч увесь у палёце, у буйным ветравароце задум, сюжэтаў, у іскрыстай плыні вобразаў, іскрамётнай стыхіі слоў... Ён імкнецца паказаць рэальнасць гістарычную ў тым ліку шматколерна, іпматпланава, шматаблічна... Часам сам захлынаючыся ў сонечнай стыхіі свайго таленту і творчага тэмпераменту, але магічна! уздзейнічае на іншых. На моладзь, на падлеткаў неадбойна! I я не стаўлю мінулага часу ён сённяшні і заўтрашні, ніякіх плюсквамперфектумаў! Уладзіміра Арлова плынь не падхопіць. Ён кіруе сваёй творчай ладдзёй, недзе выкарыстоўваючы інерцыю плыні, недзе абмінаючы віры і бездані... Стрыманы, спакойны, іранічны, часта саркастычны, сарданічны нават, калюча-ўшчыплівы. Ён уважліва сочыць за кампазіцыяй, архітэктонікай твора, дапасоўвае словы што кладку кладзе. Свае перавагі. I свае страты. Інакш не бывае. Зноў нагадаю напачатку, у сярэдзіне 1990-х, гэта было ўжо яго творчым набыткам. I пачалі з’яўляцца гістарычныя постаці не рамантычнага плана (Напалеон Банапарт, Кацярына II). А герояў носьбітаў нацыянальнай ідэі чытачу прапаноўваюць уяўляць праз успрыманне галоўных персанажаў, людзей пэўнага ідэйнага кірунку, настраёвасці, аднак не гераізаванага кшталту. ...Застаўся, напрыклад, нашчадак старажытнага роду, паляўнічы, што неаднойчы на мядзведзя хадзіў, у памяці імператрыцы Кацярыны II як увасабленне дрымучай, неўтаймоўнай сілы; пакінуў нават яе пярсцёнак, не ўзяў прэзэнта ад... Згадвае імператрыца не назваў «зоренькой», хаця, прынамсі, ведаў: ёсць такая завядзёнка ў яе алькове... А ўсё ж... Прыйшоў да царыцы сярод процьмы іншых... He адхіліў увагі... Хаця... выбару не было... Аднак Незабытоўскі наўрад ці стаў бы цешыць царыцу... Можна, безумоўна, зірнуць і інакш: для мужчыны адной кабетай менш, адной больш... I ўсё ж... I гіпатэтычная каханка Напалеона ліцвінка, якую ён нібыта згадвае на далёкім востраве Святой Алены... Тут таксама самаахвярнасць і высакароднасць, так бы мовіць, з чарвяточынай. I патрыятычны такі ўчынак у гэтых мясцінах Еўропы ўсё ж ва ўсіх асацыіруецца з Марыяй Валеўскай, прыхільнасці якой Напалеон дабіваўся напорыста і да пэўнага моманту беспаспяхова. Аднак... Новыя творы Уладзіміра Арлова так ці інакш уводзяць нашыя нацыянальныя турботы ў больш шырокі еўрапейскі і не толькі кантэкст. Напалеон, Кацярына II. Лёсавызначальныя і, здавалася б, прыватныя моманты, што тым не менш даюць магчымасць зірнуць на гісторыю болып шырокага арэала геаграфічнага і светапогляднага праз светафільтры нашага нацыянальнага ўспрымання і ўводзяць разуменне абавязку і наканаванасці, асабістай свабоды і гістарьгчнай прадвызначанасці, драмы бескампраміснасці і кампрамісу. Уладзімір Арлоў па-ранейшаму аддае перавагу маналогу, унутранаму маналогу, монадзеянню і дыялогу. Ён імкнецца запаўняць пэўныя ўчасткі «контурнай мапы» гістарычнай памяці, спасцігаючы гістарычную рэальнасць, але і ствараючы свой мастацкі свет, дзе ёсць унутраная, сталая тэма, якая дэтэрмінуе, вызначае сюжэт, падпарадкоўвае сабе фактары знешнія, падзейныя. А тымчасам ужо Беларусь становіцца асобнай дзяржа-вай, тут, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, адменена цэнзура, з’явіліся прыватныя выданні і выдавецтвы, з’яўляецца такая постаць, як спонсар, мецэнат... Адным словам, нечуваныя і не бачаныя раней магчымасці. Пакаленне Уладзіміра Арлова у найвыйгрышнай сітуацыі: атрымана адукацыя, хай сабе і з усімі хібамі савецкага часу, але бясплатная, набытыя веды у бясплатных бібліятэках, набытыя кнігі у параўнанні з іх коштам у іншых краінах свету дармавыя, прачытваецца перыёдыка, надзвычай насычаная зместам у гады перабудовы, ды і з цікавымі прарывамі да таго. Пакаленне Уладзіміра Арлова досыць сур’ёзна і адважна абвясціла пра сябе і многае паспела ўжо спраўдзіць. Час адкрывае неверагодныя магчымасці. Нечаканыя свабоды. Неймаверныя спакусы. Мажлівасць не толькі ісці за сітуацыяй ці супрацьстаяць ёй, але і фарміраваць яе. Можна выявіць сваё «я» ў якіх заўгодна іпастасях. Якія хочаш ролі і антыролі, якія заўгодна вандроўкі у знешнім свеце і ў глыбінях самасвядомасці. Ідэя маналітнага субстанцыяльнага «Я», дэперсаналізаванага «Я» і канкрэтнага, у гістарычным часе і пэўнай рэчаіснасці гэтага самага «Я». Шматлікія карціны і вобразы персаналізаванага «Мы». Шматлікія вобразы і карціны «Я». З’яўляюцца згаданыя вышэй «Там, за дзвярыма» і «Фаўна сноў», a пазней «Паром праз Ла-Манш»... Выходзіць у свет кніга «Рэквіем для бензапілы», дзе, дарэчы, ёсць і аднайменнае апавяданне, і «Сібірская аповесць», і «Краявід з ментолавым пахам». Друкуюцца шматлікія эсэ паводле вандровак. Англія, Нямеччына, ЗША, Беларусь... Італія, Каталонія... He атаясамліваю герояў і аўтара, аднак, якая б ні была дыстанцыя, ёсць пазіцыя, ракурс бачання. I ў гэтым ракурсе герой. На фоне, у экстэр’ерах і інтэр’ерах, у часе і прасторы. 3 тым гранічным адкідваннем усіх недамоўленасцяў, вуаляў, эўфемізмаў, з нечаканай грубаватасцю і зрываннем усіх заслонаў. ...Нейкія павароты ў творчасці час ад часу непазбежныя. Інакш не бывае. Асабіста я не здзівілася б гістарычнафіласофскаму, накшталт пісьма Томаса Мана, раману. Але займеўшы вядомасць і, мабыць, адчуваючы асабістую адказнасць за нашыя мінулае і будучыню, Уладзімір Арлоў стварыў шэраг пазначаных вышэй кніг пра гісторыю Беларусі розных жанраў. Тут быў і культуровы высокі прыцэл. Асветніцтва яно ў нас патрэбнае, як нідзе, у нашай культуровай і грамадзянскай сітуацыі. Тут меўся, мабыць, і больш практычны момант. Ну, дзе ты знойдзеш спонсараў на інтэлектуальны, філасофскі раман, хай сабе нават геніяльны? А вось «Падзеі. Даты. Ілюстрацыі» зусім іншая рэч. Тым больш калі гэта не нудотная «сухотка»пералік, а сур’ёзна, дасведчана асэнсаваныя, вобразна, белетрызавана падсвечаныя празаікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым гістарычныя сюжэты... Кнігі, дзякуючы фінансавай падтрымцы, выдадзены шыкоўна і з густам. Попыт на іх вялікі. Сам Уладзімір Арлоў не шкадуе ні сілаў, ні часу на выступленні, вандроўкі дзеля асветніцкіх мэтаў. Асветніцтва, культуровы, паэтычны, літаратурны кшталт у традыцыі ўсёй сям’і Арловых, з той няпростай, мабыць, жыццёва-сюжэтнай лініяй, якая пазначае звычайна шлюбныя саюзы самадастатковых асобаў, у дадзеным выпадку Валянціны Аксак, паэткі, што ўмее правесці душу жывую па прасторы імгненняў, сэнсаў, самаспасціжэння і самапаглыблення ў прасторы духоўнага часу, а да таго ж вядомай і таленавітай журналісткі і пісьменніка Уладзіміра Арлова. ...А вяртаючыся да размовы пра кнігі Арлова па гісторыі Беларусі, можна дадаць, што ў іх колькі прыхільнікаў, столькі ж і ворагаў. Асобнікі выданняў набываюць і тыя, і другія. Мабыць, паводле гамбургскага рахунку, у сур’ёзных даследчыкаў ёсць і пярэчанні, і нязгода. Я не гісторык, таму нешта мне здаецца, чыста суб’ектыўна, больш доказным, нешта менш. Але ўсё чытаецца! I як! ...А гартаючы кнігі Уладзіміра Арлова, узяла і перачытала яго апавяданне з першай кнігі «Клён». Ые магу сцвярджаць, што я такі ўжо сентыментальны чалавек, аднак ёсць з’явы, якія заўсёды вяртаюць нейкую свежасць душы. Ну, скажам, мройныя карункі вясновых бяроз, водарна-кароткае хараство бэзу, урачыстае святло вясновых каштанаў, развітальная, уладарная, яркая краса восеньскіх клёнаў... А знікненне гэтага хараства заўсёды балючае, успрымаецца часам як драма... He ў сэнсе вокамгненнасці гэтых з’яў, але ў тым разбуральным, знішчальным, што так часта нясе з сабою чалавек. А драма асуджанага на пагібель клёна ў апавяданні Арлова пранізлівая, безвыходная... I бессэнсоўная. Вось проста захацелася «ўладару прыроды» чалавеку і суседзям насаліць, і самому дурнотную сваю натуру выявіць. Гісторыя вярэдзіць розум яшчэ таму, што ненавязліва «таніруецца» драмай іншай: быў у клёна адзін гаспадар, другі... А трэцяга не прадбачыцца... I тут клён-сімвал, знак... Адыходзіць з вёскі існае, карэннае, сапраўднае, прыгожае... Што застанецца? Апавяданне гэтае у тых традыцыях, якімі моцная беларуская проза. 3 пакаленняў, больш-менш храналагічна блізкіх Учадзіміру Арлову, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Алесь Жук... (Імкнуся прытрымлівацца парадку з’яўлення ў літаратуры гэтых аўтараў.)