...Адна газета, другая, трэцяя... Гэта не лічачы працы ў дзяржаўных установах: у гомельскай газеце і часопісе «Неман». Магчымасці часу ён скарыстаў адразу пачаў выдаваць незалежныя недзяржаўныя газеты, яшчэ працуючы ў «Немане». Потым з’ехаў з сям’ёй у Вільню, каб узнавіць газету «Наша Ніва». «Як люстэрка дзён і жаданняў...» Пазначаючы, што «людзі, якія стварылі яе ў 1906 годзе, разлічвалі не на нейкі перыяд, ці этап [...], але на ўсю перспектыву беларускага нацыянальнага жыцця». Я не буду тут сцвярджаць ці абвяргаць сувязь гэтай «Нашай Нівы» з той, уласава-купалаўскай, пазначаць спектр грамадскай, навуковай, мастацкай тэматыкі і праблематыкі, зазначаць яе аўтараў. Выданне сталася з’явай, і прыкметнай. Нешта з абвешчанага ўдалося ажыццявіць, да нечага не ўдалося і наблізіцца. Так ці інакш, больш за чатыры гады выходзіла выданне, больш альманах, як газета, па прызнанні самога Дубаўца. Наконт «люстэрка» рэдакцыя робіць заўвагу, іпто выданне было ім у тым сэнсе, што «нібы дазваляла часу рабіць з імі ўсё, што заўгодна, спакушаць іх, уваходзіць да іх у любым выглядзе і з любым выразам твару...». Чытачы «Нашай Нівы» былі розныя. Але, мабыць, усе ў першую чаргу звязвалі яе існаванне з вымогамі рэдактара, атаясамлівалі выданне з асобай Дубаўца. Для адных Сяргей Дубавец стаўся выроддзем пекла, для іншых ледзь не месіяй, для адных крытэрыем усіх літаратурных дабрачыннасцяў, для другіх суцэльным здзекам літаратуры: вочы б не бачылі яго разам з яго газетай, вушы б не чулі... Проза, паэзія, паліталагічныя, гістарычныя, філасофскія, культуралагічныя нататкі, інфармацыя, у тым ліку замежная, пераклады, літаратурна-кніжны раздзел, эсэ на самыя розныя тэмы, вольныя, адвольныя, бліскучыя, эпатажныя, спакойна-разважлівыя, болып таленавітыя і менш... Вольныя варыяцыі на самыя розныя тэмы... Тымчасам беларускае чытацкае атачэнне было пазбаўлена звычайнай польскай і маскоўскай прэсы. «Tworczosc», «Zycie literackie», «йностранная ліітература», «Вопросы лнтературы», «Новый мнр» за гэтымі выданнямі трэба было ісці ў Нацыянальную бібліятэку. I тут «Наша Ніва» ў нейкай ступені кампенсавала страты. Хаця б невялічкія фрагменты, урыўкі але ж нешта з нованапісанага Міланам Кундэрам, Чэславам Мілашам, Марыянам Брандысам. Што датычыць палітычнага і культуровага жыцця Беларусі «традыцыйны для «Нашай Нівы» суб’ектывізм» галоўны прынцып, вызначаны рэдакцыяй. Цікава, хаця, калі пачынаеш праглядаць падшыўку «Нашай Нівы» да ўзору, «Дзённік прыватнага чалавека», адчуваеш, што, можа, суб’ектывізму аж занадта, хаця ён напорысты, жорсткі, часам асляпляльна-афарыстычны, амаль заўсёды ад радасці адмаўлення, ад дзелавой звычкі здабываць мастацкі сэнс парадоксамі, лагічным шокам, падкрэсліваннем важкасці сваіх стратэгічных духоўных мэт, адметнасці выбранага кірунку. Ёсць матэрыялы розных жанраў, якім можна знайсці аналагі ў сусветнай літаратурнай практыцы. Але яны відавочна падкрэсліваюць антыэстэтызм, антыэтыку, не толькі сітуацыйную раскаванасць, іншыя пункты адліку, а, так бы мовіць, «выпадкова-знікомы» («случайно-бренный», паводле Леконта дэ Ліля) сэнс, ці нават прыём як сэнс. Яны свядома не падпарадкоўваюцца правілам гульні, што маюць на ўвазе мастацкую свядомасць. I хаця матэрыялізацыя задум, дзякуючы знакавай сістэме літаратуры, не мае таго этіатуюча-здзеклівага эфекту, як, да ўзору, на тэлеабо кінаэкране, але мастацкае быццё тут выдае рэальнасцю-хваробай, рэальнасцюнедарэчнасцю, часам рэальнасцю-памылкай. Сяргей Дубавец а гэта ён вядзе (вёў) «Дзённік» і яшчэ некалькі раздзелаў, падпісваючыся і псеўданімамі, спрачаецца з іншымі і з самім сабой. Падвяргаецца сумніву і беларускі шлях «філязофія бадзякоў. Незалежнасць на маршы. Шлях, рух, фронт... Вечныя вандроўнікі». «Не дом, а гасцінец, брук, бальшак». He дом... Але ж тут, непадалёк, за некалькі радкоў аўтар пярэчыць самому сабе: «...закладзеныя падваліны Мёртвага дому беларускай ідэі». Значыць, усё ж калі і не святыня дом. I з рэнаме Купалы Сяргей Дубавец жорстка пацвельвае: «...найвялікшы пясняр нацыі й адначасова галоўны ідэолаг руціны» (варта параўнаць светлую, жывую «Нашу Ніву» А. Уласава з сухой пратакольнай газетай, рэдактарам якой стаў Купала). «Але перачытваць вершы пра «долю беларускага мужыка», напісаныя ў раскошным віленскім рэстаране, не хацелася ніколі». Тут ёсць пра што паспрачацца, хаця «Наша Ніва» змясціла матэрыял, чыста ўхвальны, дзе стыль мыслення вельмі нагадвае саркастычныя сентэнцыі аўтара «Мёртвага дому». Ці не зноў спрачаецца аўтар з самім сабою, і ці не пацвярджае ён уласныя ідэі? Складваецца ўражанне аўтары (ці аўтар?) свядома балансуюць на мяжы пазалагічнага, свядома зацямняючы яснасць і свядома паварочваючы аналітычнае джала на самыя балючыя пытанні, знарочыста маючы на ўвазе казытанне свядомасці чытачоў: калі ласка, зірніце! Дубавец неяк нібыта і забываецца на ўсё астатняе, зробленае Купалам, на вопыт «Тутэйшых», роўнага якому ў нас, здаецца, і няма трагіфарс беларусаў, адвечны, нязменны. Між іншым, мне тут згадваецца, як Дубавец у сваю пару пісаў пра трагічнасць постаці Мікіты Зносака... Тут нібыта практыкаванне ў нестэрэатыпнасці, у нехрэстаматыйнасці, у абавязковым сэнсавым каламбуры, у разбурэнні традыцыйнай, класічнай і рамантычнай «арматуры». Скінуць ланцугі звычнага вопыту! Мне гэта прачытваецца так. Метадам ад абсурду? Таксама магчыма. Тут метадам адмаўлення нават і таго, што зусім незадоўга сам Дубавец адстойваў, прапагандаваў, падтрымліваў. Змяняецца час, трансфармуюцца паняцці, не змяняецца саркастычная танальнасць і катэгарычнае адмаўленне Сяргея Дубаўца. I яго мяркую, свядомае, калі не з прынцыпу абсурду, дык з намеру сутыкнуць свае ж высновы тэарэтычныя і сваю практыку, імкненне да інтэлектуальнага прэсінгу: «Літаратура наша хворая. I, можа быць, нават смяротна». «Рэдакцыйныя тэчкі («Нашай Нівы») разбухлі ад тэкстаў, г. зн. у нас ёсць з чаго выбіраць. Няма што. Прозы на Беларусі цяпер няма». Выцінкі такога кшталту з тэкстаў Сяргея Дубаўца можна рабіць ледзь не бясконца. Яму некалі слушна запярэчыў Юрась Залоска: калі ёсць Дубавец, дык ужо няма літаратурнага вакууму. Пярэчыць гэтым пастулатам і літаратурная практыка «Нашай Нівы»; і сваімі публікацыямі тэкстаў, і сваімі сцвярджэннямі, найперш самога Дубаўца. «“Смерць нацыяналіста” ці не апошняе істотнае слова ў беларускай прозе. Так называецца новая кніжка Анатоля Кудраўца, якога нехта некалі мімаходзь назваў беларускім Марыякам». «Леанід Галубовіч друкуе “Зацемкі з левай кішэні". Ад Галубовіча заўсёды чакаеш меншага. Так было з вершамі, так цяпер з гэтымі зацемкамі... Рэч, мабыць, у тым, што Галубовіч як бы на ўсе сто не належыць літаратуры, а ягоныя творы не належаць імю “Галубовіч”, ён гуляе сам па сабе». «На развітанне ў мяне няма слоў. Ёсць апошні зборнік паэзіі Глёбуса “Скрыжаванне” як апельсін, кінуты ў шыбіну Мёртвага дому». Пра палітыку Сяргей Дубавец вядзе гаворку з тым жа з’едлівым адчуваннем неаспрэчнай рэчаіснасці сённяшніх дзён гісторыі... У адрозненне ад палітыкаў літаратар тэарэтык і практык мае магчымасць практыкай абвергнуць свае высновы, што і робіць Дубавец-літаратар. Складана, і ў аснове сваёй супярэчліва, спалучыць эгаізм экзістэнцыі, больш спрыяльны творцам на самоце, і неабходнасць дзейснай актыўнасці, неад’емнай ад практыкі чалавека Адраджэння, перадусім выдаўца газеты. Да таго ж «Дзённік прыватнага чалавека» і іншыя выказванні Сяргея Дубаўца, што таксама падаюцца фрагментарна, тэзісна, стаката (палітычны, філасофскі роздум, літаратурныя разважанні) у нейкім сэнсе споведзь. А споведзь, паводле думкі сучасных псіхааналітыкаў і сацыёлагаў, найвышэйшая форма самападману. I пацвельвання з чытацкай свядомасцю. I нашымі ўяўленнямі. Сцвярджэнне ў імя адпрэчвання і адпрэчванне ў імя сцвярджэння. Гэтае адпрэчванне-сцвярджэнне адчуваецца ў Сяргея Дубаўца ва ўсіх жанрах. Надае паскоранасць рытму годнасці, рытму імкнення да славы, але і дае адчуць ціск часу ў крыві. Сяргей Дубавец не пазбягае выдаткавання мысліцельнай энергіі, наадварот, ён канцэнтруе, спрасоўвае, нават кандэнсуе яе. На пісьме выкарыстоўваючы сінкрэтычны метад. Калі грамадска-публіцыстычныя, публіцыстычна-філасофскія нататкі набываюць форму прозы, а ў прозе ён высвятляе для сябе і іншых пытанні быційныя, філасофскія. Да ўзору, апавяданні «Зімняя муха», «Немач», «Кліч мора» думкі іх ці не ад хайдэгераўскага «быццё-да-смерці» або ад адваротнага «быццё-супраць-смерці» паводле Андрэ Мальро? Альбо «Збор творцаў» ці не пра сусветны хаос, бяссэнсіцу, няскладзіцу чалавечай натуры гэтая аповесць? I апавяданне «Стома» хіба не працяг (ці пачатак?) роздуму Дубаўца пра самавызначэнне і самарэалізацыю асобы творцы, пра цану самаажыццяўлення, пра тое, што самавыяўленне адначасова і набытак, і страта. У беларускім пісьменстве тут, у шматжанравасці, літаратурнае пакаленне Сяргея Дубаўца не выключэнне. Рэальнасць нашага грамадскага і культуровага жыцця вымагае гэтага. Дубавец увогуле схільны да стэрэаскапічнага ахопу. I, па шчырасці, цяжка сабе ўявіць, што яго вострае і імклівае пяро раптам надоўга знікне з літаратурнага далягляду і будзе належаць выключна задумам доўгатэрміновага пісьма. Тут, мабыць, дзейнічае тое, неадолыіае: «...асаблівасць... унутранай істоты складае... рок; таму што яна ёсць той аракул, ад высноў якога залежаць усе рашэнні індывідуума; яна стварае тое аб’ектыўнае, што знаходзіць сваё значэнне, сыходзячы з унутранай сутнасці характару». I мне здаецца, вось гэтая, паводле Гегеля, «унутраная сутнасць характару» і вызначае стыль і кірунак творчых паводзін Дубаўца, стратэгію і тактыку яго літаратурнага і грамадскага існавання. Неабыякавага для іншых. Памятаю, як пасля ад’езда Дубаўца ў Вільню адзін чалавек яго творчага пакалення, зусім не сентыментальны і мэтанакіраваны, вёў размову пра тое, што «Наша Ніва» не замяняе непасрэдных стасункаў з Дубаўцом. Мабыць, было нешта незаменнае для яго першаснага самавызначэння ў размовах з рэдактарам «Нашай Нівы». Тых, для каго Сяргей Дубавец гістарычная і літаратурная недарэчнасць, таксама хапае. Для мяне асабіста бясспрэчна тое, што асоба Сяргея Дубаўца і час выяўлення яго асобы супалі. I ён выкарыстоўвае гэта. Выкарыстоўвае творча.