...Для творчай манеры Уладзіміра Арлова гэтае апавяданне хутчэй выключэнне, а не правіла. I справа не ў тым, што выключэнні пацвярджаюць правілы. Гаворка пра тое, што ёсць і вось гэты матыў пэўнага сэнсу і пэўнай мастацкай формы, пэўнай лірычнай канцэпцыі ў творчасці Арлова. Калі ўзяць больш высокую танальнасць ёсць такая струна душы. Нездарма пісьменнік уключыў апавяданне ў многія кнігі сваёй прозы, змешчана яно і ў выданні 2001 года ў серыі «Беларуская проза XX стагоддзя». Мабыць, не толькі пачаткоўцу Арлову, але і Арлову вядомаму аўтару мноства кніг, нечым важны гэты матыў, ён хоча, каб той прагучаў у шматгалоссі яго цяперашняга творчага існавання: самадастатковасць і вызначальнасць прыроды ў кожнай яе праяве, значнасць бескарыслівага жыццёвага ладу, рытму існавання. Рытму існавання ўвогуле. I рытму існавання творчага. I ў тым пульсуючым заканамерным чаргаванні сэнсаў, гукаў, вызначэнняў, самарэфлексій, звычак, містэрыяльных дзействаў, ушчыльненых фантазій, эсхаталагічных бачанняў, «арфічных» прасвятленняў і дакладнасцяў эзатэрычных мэтаў неабходна пабачыць. адчуць, прадвызначыць у лірыка-філасофскіх штудыях кніг «Там, за дзвярыма» і «Фаўна сноў» многае з таго, што канкрэтызавалася ў творчасці ў розных жанравых і сэнсавых увасабленнях і што толькі шукае выйсця, фармуецца ў нейкія мастацкія вопыты. Пачынаю чуць чужыя думкіяны ўрываюцца ў маю свядомасць, як ластаўкі ў разнасцежаныя вокны. Пачынаю бачыць чужыя сны раніцою гляджу ў люстэрка: хто гэта? Думаю неадчэпна: да чаго рыхтуе мяне Ён? Для чаго? Усё няпроста, размаіта, недзе перанасычана знешнімі эфектамі, недзе пераважаюць вонкавая вастрыня і кідкасць, а недзе намацваецца сутнасць, існасць, выпрацоўваецца сістэма ідэй. Малюю сястру маю яблыню... Малюю каханку маю яблыню... Малюю варагіню маю яблыню... Малюю душу маю яблыню. Запаветна-асабістае, спробы вызначыць корань рэалій, немудрагелісты, як быццам лірычны «рэквізіт» і парадоксы, анамаліі сэнсаў з простым, ясным і значным, выніковым і ледзь не справаздачным. Што раптам абарочваецца саркастычным, двухсэнсоўным і адназначным адначасова, калі вокамгненнае і, здавалася б, з прыцэлам на вечнае аказваюцца аднолькава ўяўнымі і надзейнымі. Помнік, глухі, невідушчы, глядзіць ён на горад, у якім нарадзіўся... Яны прыносяць яму кветкі, не ведаючы, хто ён; яны прысягаюць імем ягоным, за- быўшы сапраўднае імя яго; яны славяць яго, не ведаючы, чаму вучыў ён. Ці тут нарадзіўся я?~ у роспачы думае ён. ...Вось тут я бачу і чую сваіх апанентаў пра што гаворка? He тым вядомы, не з-за таго вядомы Уладзімір Арлоў. Вядомасць яму далі, і сапраўды, іншыя творы. Аднак свядомасны, псіхалагічны, канцэптуальны код яго творчасці тут. Мне здаецца, тут і адбітак пошукаў Арлова на творчым раздарожжы, у дадзеным выпадку, да таго ж, пад уплывам Янкі Юхнаўца, Алеся Разанава, Міхася Стральцова, больш далёкіх і больш шматлікіх аўтараў, дзе пералічваць можна доўга. Юнга і Шпэнглера, Джойса і Апалінэра, Борхеса і Маркеса... Etc. I найбольш, зноў жа, іспанамоўных аўтараў: Так я гутару з табою, адважна здымаючы двукоссі з цытатаў лацінаамерыканскіх раманістаў... Калі я пазначаю «на раздарожжы», маю на ўвазе зусім не тое, што Уладзімір Арлоў апантана мітусіўся, кідаўся ад адной творчай плыні да другой... He. Ён ужо меў трывалы творчы грунт. Празаік гістарычнай і сучаснай тэматыкі, творца, што працягвае, не эпігонствуючы, а працярэбліваючы свой шлях, традыцыі Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова. Вершы і вершы ў прозе тут запаветна-асабістае, унутраныя законы свядомасці, таемныя глыбіні прадчуванняў, ушчыльненасць сэнсу, духоўныя празарэнні, структура ўмоўнасцяў, сістэма адносін, што мае сувязь і не мае сувязі са светам практычнага вопыту... ІІаводле нейкіх рытмаў творчага існавання да гэтых твораў дастасоўваецца і аповесць (?) «Краявід з менто- лавым пахам». Боль духа, што сутыкаецца з матэрыяй? Расслаенне містычнага і рэальнага? Загадка незвычайнай сітуацыі узвышэнне духу над матэрыяй? Ці супрацьстаянне «вечнага» і будзённага? Бездань хвіліннага забыцця і адвечных каштоўнасцяў? ...Ён вельмі розны, Уладзімір Арлоў. Эпік і лірык. Філосаф і даследчык. Эмпірык і містык. Разважлівы, спакойны, іранічны. Вытанчаны і гжэчны. Рамантычны і ўзвышаны. Часам прасветлена-высокі, як у кнізе з распачатай было ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» серыі «Святыя зямлі Беларускай» «Еўфрасіння Полацкая» (свядома не пастаўлю гэтую кнігу ні ў які шэраг гэта асобна). Чытаем: «У святле нямесячнай ночы ідзеш ты ў сваю галубніцу, і нашы дзённыя пацеры шапацяць у цябе пад нагамі апалым лісцём і ўспыхваюць халоднымі агнямі. (...). Кожны дзень малюся тваім вачам. Кожную ноч спадзяюся, што ты пачуеш мой голас. Кожнае світанне чакаю, што ты пройдзеш скрозь мяне і застанешся ўва мне». А «Сібірская аповесць», «Полацкія апавяданні», падарожныя нататкі, згаданае ўжо «Рэквіем для бензапілы» яны нанісаны нібыта іншым чалавекам: здзекліва-ёрніцкім, грубавата-саркастычным. Грубым і з’едлівым знарочыста, з выклікам маўляў, і Генры Мілеру не саступлю. (Як вядома, трылогію гэтага аўтара, створаную ў 1934, 1936, 1939-м, на радзіме, у ЗША, не друкавалі да 1961 года як амаральную.) ...У Арлова можна выбіраць, што чытаць. Ёсць з чаго. Галоўнае, што беларус Уладзімір Арлоў выйшаў на Рандэву з Гісторыяй і Сучаснасцю ва ўзбраенні таленту, ведаў, інтэлекту He спрачаючыся з Часам і не аспрэчваючы яго занятак марны, а спрабуючы спасцігнуць розныя бакі Быцця. У фактах і паміж імі, у падзеях і ў тых высновах, што ўзнікаюць неабвержна і мройна мігцяць недзе на даляглядах. А мы разам з аўтарам дачыняемся да таямніц гісторыі і магіі рэальнасці! ЗНАК ЛЁСУ Сяргей Дубавец Адзін з былых «Тутэйшых». Сяргей Дубавец. Постаць яркая, дзейсная, адна з самых заўважных, на мой погляд, у Беларускім Адраджэнні канца XXпачатку XXI стагоддзя. Скептычны крытык, разумны палітолаг, сур’ёзны мысленнік, цікавы празаік, яркі эсэіст, грунтоўны даследчык, паслядоўны краязнаўца... Журналіст, выдавец... Даў пачатак існаванню трох беларускіх незалежных выданняў: «Навіны Адраджэння», «Свабода», «Наша Ніва»... Спрабаваў і спрабуе асэнсоўваць грамадзянскую, культуровую, літаратурную сітуацыю ў Беларусі у агульнаеўрапейскім кантэксце. Пісала пра яго неадноечы... Яшчэ часцей спрачалася з ім у друку. Наша завочнае знаёмства так і распачалося са спрэчкі. А было і некалькі гадоў працы ў часопісе «Неман». Як іранічна заўважаў літаратуразнаўца і драматург Пятро Васючэнка, рэдкі выпадак, калі літаратурныя дуэлі мелі б такі мірны працяг. He проста мірны. Сяргей Дубавец генератар ідэй. Працаўнік таленавіты, дасведчаны: жорсткая дысцыпліна думкі, уменне, неабходнае ў рэдакцыйнай штодзённасці рабіць прафесійна і хутка. А быў час перабудовы з усімі яго наяўнымі і падманнымі акалічнасцямі. Потым Сяргей Дубавец пераехаў у Вільню аднаўляць «Нашу Ніву». I зноў спрачаліся ў друку, сустрэліся ж на з’ездзе Саюза пісьменнікаў у Мінску, пасля ўладнага цкавання Саюза пісьменнікаў: з ім і яго жонкай таленавітай паэтэсай і выдатным тэлежурналістам Таццянай Сапач... Згадалі і «дот», «дзот»: так іранічна некалі пазначаў Дом літаратара Сяргей Дубавец. Яго ў той якасці ўжо не існавала як высветлілася, на жаль... Сустрэліся займаючыся кожны сваёй і агульнай справай... Беларушчына... ...А пазней з’явілася эсэ «Краіна Ікарыя» пра Ігара Герменчука, пра іх стасункі... Пра трагічны лёс асобы... Лёс нашага друку... Нашай культуры... Пра лёс Беларусі... I чытачы даведаліся пра таго Сяргея Дубаўца, якім ён паўставаў вельмі рэдка (а ў друку да таго, можа, і ніколі)... Некаторыя моманты не тое каб здзівілі, але адчынілі заслону, за якую ў мяне ніколі не было ахвоты зазірнуць: не з-за боязі, з-за нейкай перасцярогі магчыма, генетычнай, а можа, таму, што добра ўяўляўся, так бы мовіць, «пейзаж стагоддзяў» (Шатабрыян)... Але гэта асобая гаворка і вельмі няпростая... А ў згаданым эсэ Сяргея Дубаўца размова пра боль пошукаў, пра страты, пра тое, што не адбылося, і пра тое, што адбываецца... 3 той мерай адкрытасці, калі з «рэштаў расчараванняў» «будуецца жыццёвая сістэма» (Жорж Дзюамель). Каб дасягнуць непахіснай мудрасці? Або каб толькі заўсёды імкнуцца да яе? Ці не пра тое два даўнія допісы, якія, мне здаецца, вызначаюць пэўныя рысы творчага почырку, творчай асобы Сяргея Дубаўца. Бяздзейнасць ператварае моц у атруту. Словы Герцэна. Пакаленне Сяргея Дубаўца пазбегла гэтага пакарання лёсу. Сацыялогія жыццёвага шляху, выяўленне творчай і псіхафізічнай індывідуальнасці асобы, духоўнае выяўленне суб’екта супалі з часам карэнных перамен у грамадстве. Калі з’явіўся вольны друк, калі знікла цэнзура, калі слова стала вольным. Яны скарысталі шанец. Займеўшы перад тым вопыт быцця, вопыт думкі. I вопыт супрацьстаяння. Дзёрзкай нязгоды. Падчас з’яўлення на культуровых даляглядах літаратурных равеснікаў Сяргея Дубаўца ў беларускай літаратуры вялі рэй прадстаўнікі плыні, што аб’ядноўвалася пад сціпла-кідкім вызначэннем «усе мы з хат». Упэўненая гэтая першааснова дала грунт і плён некалькім літаратурным пакаленням, што таленавіта пісалі вясковую прозу (і гарадскую таксама але тым жа падрабязна-апісальным метадам), Было зроблена многа, але нібыта існавала мяжа-агароджа, «Гэны можа», такое мог пачуць у рэдакцыі выключна прадстаўнік пазначанай літаратурнай тэндэнцыі. Усё астатняе было эклектыкай, сэнсавымі, зместавымі, слоўнымі выкрунтасамі, пазалітаратурным непаразуменнем. Іншы склад мыслення, іншы спосаб пісьма спрабавалі зразумець выключна са свайго, суб’ектыўнага пункту погляду. Міхась Стральцоў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў былі хутчэй дазволена-недазволенымі выключэннямі, як правіламі. Слава Васіля Быкава па сутнасці прыйшла з-за мяжы... На мой суб’ектыўны погляд, вызначыліся два цэнтры прыцягнення: Уладзімір Арлоў і Сяргей Дубавец. Дзякуючы свайму асабістаму, суб’ектна-дзейснаму пачатку, спалучэншо творчых магчымасцяў і здольнасці генерыраваць ідэі з жорсткай самадысцыплінай, уменню не толькі рэагаваць на сітуацыю, але і самім фарміраваць яе. Ім удалося спалучыць тое, да чаго імкнуліся творчыя асобы, для якіх выяўленне мастацкіх здольнасцяў неад’емнае ад канкрэтызацыі іх у рэальнай друкаванай існасці: кнізе, часопісе, альманаху, газеце.