Уязная віза
Выдавец: Галіяфы
Памер: 106с.
Мінск 2012
зможа гэтага абвергнуць — а яшчэ дзе-нідзе засталіся паўаўтаматычныя касы, што адчыняюцца з прыемным металічным лязгатам. Пах, мэбля і гук касы ў аптэцы былі ідэнтычныя таму, што я трымаў у памяці, і захацелася на момант затрымаць час, не адпускаць яго, знесці яго з сабой на вуліцы ўжо так змененага гораду, які цураўся цяпер усяго таго, што я ведаў. Нечакана я нібы прызямліўся на выспе дзяцінства, на якой зеляніна не жухне, не распаўсюдзіліся збуцвенне часу і адмаўленне ад яшчэ так блізкай мінуўшчыны. Мінуўшчыны, дзе нядоля жыцця яшчэ была звонку, у будучыні, дзе япічэ не прамінуў час, якога нельга вярнуць. Я паглядзеў на аптэкарку — гэта была тая самая жанчына, якую я ведаў у дзяцінстве. Яна таксама паглядзела на мяне з цікаўнасцю, быццам спрабуючы нешта ўзгадаць. Я купіў нейкую дробязь і выйшаў на поўную народу вуліцу. Пачуўтам прыемныя, рытмічныя гукі трамвая і зразумеў, што цуд не скончыўся. Насуперак папярэдняй праграме (я мусіў павярнуць направа на вуліцу Тыраспальскую) павярнуў налева і борзда-борзда ногі неслі мяне ў так вядомым кірунку, я несвядома, заварожана рухаўся ў бок старога нашага адраса, з нейкаю дзіўнай упэўненасцю, што нехта мяне там яшчэ чакае. I ўтое кароткае імгненне мае ногі нібы зноў сталіся нагамі дзіцяці, якое на хвілінку зайшло у аптэку на цеснай ад акацыяў вуліцы, каб купіцьтам нешта на матчыную просьбу. Цуд быў поўны, крутлы, заліты сонцам, і я без сарамлівасці разгаласіўся. Калісьці, будучы дванац-
цацігадовым дзіцём, я не плакаў, бачучы вуліцы майго гораду, што аддаляліся за вакном цягніка, хоць тады ўсе былі ўпэўненыя, што гэта назаўжды, што савецкая імперыя ніколі не дазволіць яшчэ адной сустрэчы нікому з тых, хто выязджае, і ніхто не мог яшчэ ведаць, што савецкая імперыя неўзабаве сканае хуткаю смерцю і нават амаль без галашэнняў вакол яе смяротнага ложку. Тады вакол мяне ў вагоне, поўным людзей і рэчаў, стаялі сілуэты, набрынялыя плачам, яны глядзелі на тых, хто душыўся слязмі па той бок вокнаў, на пероне, нібы ўсе яны сустрэліся на ўласным пахаванні. Я разумеў той плач, я таксама думаў пра значэнне словаў "ніколі больш", "назаўжды", "навекі", і быў гатовы заплакаць адно ад віду слёзаў і болю ўсіх гэтых людзей — а плач узмацніўся, калі цягнік крануўся з месца — толькі тады слова "вечнасць" у галаве дванаццацігадовага дзіцяці не звязвалася аўтаматычна са смерцю, з абмежаваннем чалавечага часу, з днямі, якія пераходзяць у тыдні і месяцы, і не звязвалася з фактам, што ў жыцця няма тэлефону абслугі кліентаў, па якім можна было б паскардзіцца і атрымаць назад свае грошы і высілкі, таму што, як казаў наш сусед — ён курыў без перапынку, — жыццё спаганяе плату цалкам, нават калі пастаўкі тавару няма.
Бацька ажаніўся рана. Паводле ўсіх сведчанняў, ягоная дачка ад першага шлюбу, Тамара, нарадзілася, калі яму было васямнаццаць. Я цьмяна памятаю яе па некалькіх візітах да нас — мы не падтрымліваем кантактаў, і, праўду кажучы, не думаю, што сёння яна жыве ва Украіне. Мажліва, у Вуторшчыне ці ў Нямеччыне.
Як і шмат хто з ягонага пакалення, бацька шукаў неабмежаванай свабоды — такой, якая, калі не скасавала б вышэйшай улады, што безапеляцыйна сядзіць угары, то, прынамсі, аслабіла б бацькоўскую ўладу. Тую дробязь свабоды, якую можна было выхапіць з рук ягонай маці, ён дасягнуў толькі дзякуючы жаніцьбе. Нарадзілася дачка, але ён працягваў завіхацца ў спаяным коле сяброў, у гуртку якіх і пазнаёміўся праз некалькі гадоў з маёй мамай. Ягоныя аднагодкі разумелі адно аднаго без словаў, не былі абавязаныя нікому нічога і часта, як мой бацька, ігнаравалі факт жаніцьбы.
Таму зусім не дзіўна, што першы шлюб, які дзейнічаў хіба паміж сяброўскімі сустрэчамі, не
вытрымаў. Маладая жонка не была задаволеная такімі адносінамі, і ўсё скончылася гэтаксама хутка, як пачалося: вялікая свабода мае сваю цану.
Мабыць, бацька вельмі яскрава заўважаў усё, што адбывалася за ягоным часам у грамадстве: гора і расчараванне ваеннага пакалення, для якога так і не надышло вызваленне ад сталінісцкай сістэмы, нястачы і цяжкасці жыцця пад вэлюмам саладжавай паказухі, марныя заробкі за кваліфікаваную працу. Юнацкі максімалізм падштурхнуў майго бацьку адмовіцца ад вышэйшай адукацыі, дарма што сярэднюю школу ён скончыў з выдатнымі адзнакамі і было відаць, што ён вельмі таленавіты. Яму здавалася тады, што аднагодкі таксама не турбуюцца пра будучыню і прымаюць кожны новы дзень, быццам той з'яўляецца апошнім. Таму ягоная фінансавая сітуацыя змянялася з поўнай нэндзы — у гэтыя перыяды ён карыстаўся гасціннасцю сваёй маці, якая выкарыстоўвала сітуацыю для татальнага кантралявання ягонага жыцця, — да багацця, якое кідаў на вецер. Апроч таго, што ён быў фатографам з Божай ласкі, усё, чаго ён кранаўся, прымала яскравыя і глыбокія кшталты, поўныя сэнсу. Ягоны талент ззяў таксама ў апрацоўчых работах і ў мазаіках, якія ён склаў у некалькіх найбагацейшых дамах Адэсы. I ён мог нашмат больш. Мог і рабіў. Рэстаўрацыя антыкварнай мэблі, цяслярства, жывапіс...
Таму ягоная сям'я (нават калі ён быў жанаты з маёй мамай) не дзівілася таму, што час ад часу
ён вяртаўся вечарамі дахаты, трымаючы ў руках астранамічную суму, напрыклад, у тысячу пяцьсот рублёў — зарабіўшы за тыдзень гадавую зарплату інжынера. Але бацька любіў прыгожае жыццё і заўжды, да апошняга дня, заставаўся вясёлым гулякам, бо Адэса, савецкі горад з квітнеючым "ценявым бізнесам", лёгка давала магчымасць кінуць на вецер за адну ноч усе грошы...
Бацька быў чалавекам шырокіх жэстаў: пасля некалькіх месяцаў знаёмства з мамай ён прыехаў да яе на матацыкле з букетам чырвоных ружаў "неверагодных памераў", як кажа мая маці, вельмі галантна пакланіўся маёй бабулі Таццяне і сказаў, што прыехаў забраць назаўжды ейную дачку Геню. "О, малады чалавеку, гэта вы мусіце спытацца ў Гені". Мама ж маўкліва ўсміхнулася і таго ж дня перабралася да яго. Мабыць, нельга было не скарыцца: ён вельмі цешыў маці, быў жывой энцыклапедыяй, глыбока ведаў і любіў літаратуру і быў цудоўным суразмоўцам. А хто б не скарыўся перад чытаннем на памяць цэлых старонак паэзіі ці прозы? Але ягоная абаяльнасць бвіла часам небяспечнаю: калі бабуля Таня збіралася паехаць на Урал, да дзядулі Лазара, каб падаць там дакументы на пенсію, у дзень ад'езду ён так зачмурыў ёй галаву жартамі і дасціпнымі гісторыямі, што давёў яе да слёз ад смеху і яна ў такім вясёлым гуморы забылася ўзяць з сабою звыклыя лекі (яна хварэла на сэрца), і калі праз адзінаццаць дзён яе напаткаў інфаркт — неабходных лекаў пры ёй не апынулася.
I таго ж дня, 13 красавіка 1976 года, яна памерла ў веку пяцідзесяці чатырох гадоў.
Маючы адно паўтара гады ад нараджэння, я ўжо чапляўся да маці, каб яна чытала мне ўголас апавяданні, вершы і казкі — усё, што трапіцца пад руку. Калі я наблізіўся да трохгадовага веку, яе цярплівасці прыйшоў крэс, яна купіла мне кубікі з алфавітам, дошку і крэйду, і ўжо праз некалькі дзён я пачаў свой шлях да чытання, якое неўзабаве апанавала мяне без рэшты. Першае слова, якое я напісаў на дошцы, левай рукою і ў адваротным кірунку, справа налева (мама патлумачыла гэта "жыдоўскімі генамі"), было слова "Лондан". I хто сказаў, што касмапаліты знішчаныя? 3 пачаткам майго чытання мама, нарэшце, была вызваленая ад упеклівых просьбаў пачытаць уголас, а я босым пралез у гушчар сусветнай літаратуры.
Другая мая діцячая жарсць — астраномія. Я ведаў на памяць (да майго сораму, сёння ў мяне пра гэта няма ніякага паняцця, памяць сцёртая) дакладную аддегласць паміж Зямлёй і Месяцам. Праграмы прафесара Капіцы пра астраномію, што трансля-
валіся па тэлебачанні, зачароўвалі мяне і здаваліся мне праўдаю ў апошняй інстанцыі. Калі нас наведвалі госці — збольшага, маміны сяброўкі, — я таямнічым голасам цытаваў матэматычныя дадзеныя пра тую ці іншую адлегласць, што-нішто пра самотнасць планет, якія плаваюць па бязмежных абшарах космасу (страшэнна рамантычна, не?), і прыводзіў усю прысутную грамаду ў захапленне. Бо дзіця, што займаецца такімі рэчамі ў такім веку, сапраўды незвычайнае, тым больш калі яно ведае, хто такі прафесар Капіца, і той факт, што ягоны бацька — нобелеўскі лаўрэат па фізіцы. Астраномія, неверагодныя адлегласці, рух нябесных целаў і бязмежныя касмічныя прасторы, якія нельга апісаць, пытанне часу, побач з якім чалавечае жыццё выглядае, як нуль, — усё гэта вельмі вабіла мяне, бо тады я яшчэ не мог зразумець, тады я сабе яшчэ не ўяўляў, што па самоту неабавязкова лётаць у космас.
I трэцяя жарсць, вынікам якой стануць шматлікія прыгоды і душэўныя раны, — мужчыны.
Я не памятаю, калі дакладна, але, здаецца, у чатыры гады — так, павінна быць у чатыры — праз смерць Брэжнева я спазнаў гэтую жарсць, якая спадарожнічала мне нашмат даўжэй, чым успамін пра раскошныя хаўтуры, што трансляваліся па тэлебачанні. Дзявятага лістапада памёр Брэжнеў. Таго ж дня, яшчэ перад афіцыйным паведамленнем пра смерць кіраўніка дзяржавы, ягоны скон пераблытаў праграмы перадачаў на ўсіх каналах дзяржаўнага тэлебачання СССР. Усе яны як адзін звяр-
нуліся да класікі расійскай і еўрапейскай культуры, а ў першую чаргу — да шматгадзіннай трансляцыі балета, і аж дагэтуль у зборнай свядомасці ўсіх былых савецкіх абшараў трансляцыя балета значыць смерць некага зверху або спробу дзяржаўнага перавароту. I вось, Леанід Ілліч несвядома падарыў сваёй смерцю ўсім аматарам класічнай музыкі і балета незвычайна ўзрушальнае задавальненне. Я, чые вушы з абсалютным слыхам былі заўжды наладжаныя на музыку, проста прыліп да экрану. Там, у цемры неабсяжнай сцэны маскоўскага Вялікага тэатру, за аркестровай ямай танчыў неапісальна прыгожы артыст, які ўсхваляваў мяне нашмат больш, чым усе спробы ягонай партнёркі ў пуантах і балетнай спадніцы дапоўніць ягоныя рухі. Эстэтычнае задавальненне ад ейных спробаў узляцець над сцэнай было нічым у параўнанні з узнёслымі рухамі мужчынскага цела. I цяпер я ведаў, што такім я не толькі хачу стаць, але і побач з такім хачу быць.
Трэцяга дня было пахаванне. Улада не адмовілася ад ніводнай магчымай кроплі раскошы і яркасці відовішча. Прыцемак імперыі, калі і паказаўся тады, быў яшчэ пёркавым воблачкам, што плыло ўдалечыні, ніхто тады сабе не ўяўляў, што гэта і ёсць надыход адвячорка. Слёзы калгасніцаў, схіленыя долу ад вялікай журбы вочы рабочых, ітэлігенцыя, што шалела, спрабуючы растлумачыць аграменнасць страты і з пункту гледжання культуры. На экране з'явіліся ордэны дзяржаўнага нябожчыка на дэкаратыўных чырвоных падушачках, са-