Урокі роднага слова
Васіль Вітка
Памер: 264с.
Мінск 2008
ць зярняткамі, a другая, яшчэ болей надзейная здольнасць — бясстрашна і як мага з усяе сілы трымацца карэннямі за зямлю. На што ўжо крапіва жывучая — не адбіцца, не ўратавацца: ірвеш, выкопваеш, а яна яшчэ гусцей буяе. Але пасадзіце каліва мяты каля таго ж зарослага крапіваю плота — і цераз годдва дзе тая жгучка падзелася! Ані звання, ні знаку!
Змалку люблю мяту. Яна першаю выбіваецца на свет, як толькі сыходзіць снег, і лапушыцца да позніх замаразкаў. Аднаго разу паставіў у вазу з вадой. Мінае тыдзень, другі — хоць бы лісток завяў: зелянеецца, цвіце мая мята! Потым бачу: эге, дык яна ж карэньчыкі ў ваду папускала — танюсенькія, белыя, як валасінкі. Пасля я прабаваў ставіць да яе іншыя, нават самыя далікатныя кветкі — і яны ў кампаніі з мятай мацней стаяць.
Пасля вайны мы жылі на ўскраіне Мінска, у драўляным дамку. Там вялікім маім багаццем быў агародчык, поўны мяты. Раніцай, ідучы на работу, я вырываў каліўца і клаў у кішэню. Пакуль ішоў нацянькі цераз усю Камароўку да Дома друку, мята паспявала прывянуць і, тручыся ў кішэні, у рэдакцыйных пакоях дава
220
ла пах ужо на поўную сілу. Тады я адвучваўся курыць і, зненавідзеўшы тытунёвы пах, ратаваўся мятным. I так я ўвык да гэтага паху, што ён стаў маёй неабходнай патрэбай. Мне, даўняму сардэчніку, ён прыдаўся і палюбіўся, як калісьці ў старасветчыну дзядам і бабулям нюхальны тытунь з табакеркі, каб «мазгі прасвятляла». He ведаю, не заўважаў, каб мая мята мазгі мне прасвятляла, але, мабыць, па шматгадовай звычцы, сарваўшы яе лісток і пакамячыўшы ў пальцах, я заўсёды адчуваю прасвятленне ў пачуццях: як бы павее нечым прыемным, дарагім, што было ў жыцці і вось на імгненне зноў вяртаецца. Я варушу мяту, як свае ўспаміны. Ды і назву гэтай расліне — такой сціплай і жывучай — вельмі ўдала і дакладна прыдумалі людзі: мята. Сама па сабе яна не пахне, а дакраніся, паварушы, пакамяч лісток — і забруіўся тонкі струменьчык цёплага водару.
Яшчэ не сказаў пра адну дзівосную ўласцівасць гэтай расліны: яна ахоўвае чысціню вады. I раней заўважаў гэта, а цяпер яшчэ болей упэўніўся. Сарваныя некалькі каліў мяты паставіў у глячок з вадой, і стаяць яны ўжо болей месяца. Кожная галінка паспела за гэты час адцвісці, паасыпаліся драбнюткія пялёстачкі, а лісці свежыя, зялёныя. Зрэдку адзіндва зжаўцеюць і ападуць. А вада чыстая, як шкло! Пэўна ж, мудрая прырода ведала, якія расліны павінны ахоўваць рэкі, азёры, калі так шчодра засейвала берагі гэтымі ахоўнікамі вады — лугавой і прырэчнай мятай.
221
Восеньскія весткі
Здаецца, яшчэ лета ў самай пары сваёй спеласці. Аднак, досвіткам прачнуўшыся і зірнуўшы ў чыстае неба, я адчуў, што нешта такое адбылося, што раптам змяніла і настрой паднябеснай прасторы, і ціхі пошум яшчэ густых і зялёных дрэў. I ўсё ніяк не мог уцяміць — доўга і пакутліва: што ж адбылося, што змянілася?
I толькі калі на маладой арабінцы, ужо зачырванелай гронкамі ягад, убачыў увішную, гарэзлівую сінічку, пачуў яе звонкі сярэбраны залівісты галасок, зразумеў, чаго не хапае гэтай раніцы — урачыстых, радасных воклічаў маладых ластавак, што заўсёды першымі сустракалі досвітак. Значыць, маладыя ўжо дасканала навучыліся лятаць і старыя ўпэўнена разам з імі выправіліся ў далёкую дарогу.
Ластаўкі зніклі. I глыбока ў душы варухнулася трывога. Чаму ж так рана, яшчэ ў зусім цёплую пару, калі ў самай сіле шчодрае лета, калі яшчэ так многа блакітнага прастору і спелага сонца?
Мабыць, яны ўсё ж болей прадбачлівыя, чым людзі, і ўжо загадзя, за многія сотні і тысячы вёрст адчулі, што ідзе восень, можа, нават з блізкімі халадамі, вестку пра якія першай прынесла ім зімовая сінічка.
Перад зімою
Пачынаючы з паловы верасня, першаю з усіх дрэў пажаўцела ліпа, што глядзіць у маё акно.
Цяпер яна сярод сваіх суседак, яшчэ зялёных, як пасланец восені. He ведаю якой — сонечнай, залатой ці шчымліважурботнай, калі густое павуцінне засерабрыц
222
ца на пасохлым кустоўі дзядоўніку, на які з першымі замаразкамі зляцяцца звонкія шчыглы і пачнуць на сваіх флейтах высвістваць песню, якую я памятаю з маленства і пазнаю ў старасці: засвісталі шчыглы — неўзабаве зіма.
Мая зіма пачалася, але чамусьці з асаблівым узрушэннем я заўсёды сустракаю перадзім’е. Заўсёды чакаеш нечага новага, нібыта ўзышоў на рубеж, адкуль адкрываецца незнаёмы далягляд.
Калісьці нашы далёкія продкі, пачынаючы новы год якраз гэтаю парою, мабыць, кіраваліся не толькі мераю часу, але і настроем, адчуваючы душэўную залежнасць чалавека ад прыроды.
Жаўталістая ліпа, як ліхтар, гарыць перад маім акном.
Зірнеш — і нешта радаснае і трывожнае адначасова поўніць настрой.
Добра, калі перад вачыма — святло.
Пытанні да апавяданняў «Старонкі календара»:
1. Калі падаюць кроплі са стрэх удзень, а ўночы звісаюць вострымі ледзянымі пікамі?
2. «Жаваранак прылятае на праталіну, шпак на прагаліну, журавель з цяплом, ластаўка з лістом» — растлумачце сэнс гэтай народнай прыказкі.
3. Кропля расы на травінцы. Зіхаціць, пераліваецца ўсімі колерамі. He расінка, а цэлае сонца!
Ці бачылі вы гэтае дзіва дзіўнае? Раскажыце, дзе бачылі, калі, якою парою дня?
4. Гром і маланка. Раней грыміць гром ці бліскае маланка?
5. Як лятае ластаўка? Калі высока, а калі нізка?
6. Калі гавораць: «Жыта ідзе ў трубку»? Колькі часу яно каласуе, красуе, наліваецца, спее?
223
7. Сярэбраныя павуцінкі на траве, на кустах у светлы сонечны дзень. Якая гэта пара года?
8. «Свеціць, ды не грэе». Пра якую пару гаворыць прыказка?
Якія ў гэты час работы ідуць у полі, на агародзе, у садзе?
9. Птушкі збіраюцца ў вырай. Чаму, якія птушкі? Адлятаюць усе разам ці ў кожнай свой час?
«Жураўліны ключ у небе» — чаму ён так называецца?
Які настрой чуецца ў галасах птушак, што адлятаюць у вырай?
Слоўнік да апавяданняў «Старонкі календара»
Спакваля — паступова, не спяшаючыся.
Рахманае — спакойнае, лагоднае.
Раскатурхалася — ачомалася пасля сну.
Неўзабаве — у хуткім часе.
Барвовыя — густачырвоныя.
X м ы з — зараснік, кустоўе.
I м ж a — імгла, дробныя кроплі дажджу.
Летуценны — ад слова «летуцець», «марыць».
Асмужаны — туманны, імглісты.
Гарэзлівы — вясёлы, непаседлівы.
Пацвельваць — дражніцца.
Р у п і л a — непакоіла, трывожыла; р у п і ц ц a — клапаціцца, старацца.
Пялёсткі — лісцікі на кветцы.
В ы р а й — цёплы край.
А б с я г — прастора, далягляд.
У ц я м і ц ь — зразумець.
К а п т у р — верх, накрыўка, дзіцячы або жаночы галаўны ўбор.
П о ш ч а к — рэха, водгулле.
П л ё н — ураджай, вынік стараннай працы.
3 а ц я т ы — упарты, настойлівы.
224
Досвітак — світанне, пара перад усходам сонца.
Загадзя — зараней, наперад прызначанага часу. Узрушэнне — узбуджэнне, хваляванне, устрывожанасць. Гатунак — сорт.
Суквецце — спалучэнне кветак.
Сузор’е — зоркі, аб’яднаныя адной назвай.
Забруіўся — заструменіў.
К а л і в a — расліна, сцябліна.
Трывога ў Ельнічах
Бываюць от жа рызыканты: ты яму кол на галаве чашы, а ён адно выскаляецца. 3 такім гаварыць — што на вейвецер.
Якраз пра гэтакага джыгуна расказалі мне сёлета ў Ельнічах, адкуль я родам.
Яўстрата Скачыляса, чалавека ціхмянага, мала калі хто ўдзень і бачыць. Мужчына немаладога веку, ён працуе ўжо каторы год калгасным вартаўніком. Нават у цёплыя летнія ночы Яўстрат надзяе кажух і зімовую шапку, адно вуха якой звісае на каўнер, а другое вытыркае наперад, быццам насцярожана ўслухоўваецца ў цішыню, і са стрэльбаю на рамяні прыцемкам выходзіць з хаты. Хоць і негаваркі чалавек, а пачуўшы гурт, ён заўсёды падыдзе, пастаіць, паслухае, a то, бывае, і словы ўставіць і знікне ў цемры гэтак жа непрыкметна, як і паявіўся.
Пра Яўстрата ў Ельнічах ніхто слова благога не скажа. I пра самога, і пра трох яго сыноў Праўда, толькі пра трох, бо чацвёрты, самы меншы, Юзік,— такі ж крутасвет, што проста дзіва, у каго ён і ўдаўся. Можа, таму, што меншых заўсёды болей песцяць і пялегуюць, Юзік з самага малку ўзяў над усімі такую патолю, што нікога не прызнаваў.
225
Колькі там было таго Юзіка, а як пайшоў у школу, дык дзецям жыцця не стала ад яго. To грымакоў у плечы надае, то выхапіць з чужога партфеля кніжку і пашматае, то якога кепства ў школе наробіць. Ну, проста вока не спускай з гэтага вісуса! Hi просьбы, ні грозьбы не памагаюць. Пачаў настаўнік бацьку скардзіцца, а Яўстрат усё далікаціцца. Колькі разоў хадзіў перапрошваць за сына, а ўшчуваць шкадаваў, абыходзіўся гаворкаю. А той нібыта і слухае, а выскачыў за парог — і зноў за сваё.
Немаведама, дакуль бы гэта ішлося, каб не здарэнне, якое ўзрушыла ўсю вёску.
Дзяцей якраз распусцілі на лета. Пачыналася самая радасная пара, калі ўсё наўкола аж кіпіць жыццём. Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі з шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разгледзець, што робіцца на верхавіне. А якраз на верхавіне таполі, што расла цераз вуліцу, напроці Яўстратавай хаты, адбываліся важныя падзеі.
Яшчэ напрадвесні Яўстратаў сусед Адам Патрубейка з сынам Толікам усцягнулі на таполю старое кола. Вельмі ж Толіку хацелася, каб на таполі пасяліліся буслы. I яны не падвялі хлопца. Прыляцелі, зрабілі сабе дамоўку і атайбаваліся жыць. Даверлівыя да людзей, яны кружылі зусім нізка над хатай, а часам спускаліся і на падворак. 3 вуліцы можна было бачыць, як спаважна яны пахаджаюць сабе між курэй, скоса пазіраючы на задзірыстага рыжага пеўня, які чамусьці не любіў буслінага панібрацтва.
Калі разумныя, добрыя навасельцы рабілі гняздо, калі выседжвалі малых, а потым, занятыя клопатам з ранку да позняга змяркання, нястомна насілі ім спажыВУ — У ТЬІЯ Дні якраз паміж Юзікам і Толікам пачалося сяброўства. На першы погляд, гэта было неспадзяван
226
кай, бо яшчэ зусім нядаўна Юзік не раз хапаўся з Толем загрудкі. He раз качаліся яны на пераменках сярод школьнага дзядзінца і ўваходзілі пасля званка ў клас з павырыванымі гузікамі, а то і з расквашанымі насамі, і от жа цяпер яны не маглі ўжо адзін без аднаго і дня перабыць. А здружылі іх буслы. Хлопцы вельмі ж упадабалі цікавых і дасціпных птушак і дзень у дзень наглядалі за імі.
Спярша, калі птушаняты былі яшчэ малыя, бусел з бусліхай па адным выляталі з дому, а як дзеці падраслі, адлучаліся ўжо разам і то ледзьве ўпраўляліся, каб удосталь накарміць сямейку.
Хлопцы аж заліваліся ад смеху, як чацвёра цыбатых буслянят прабавалі станавіцца на край гнязда і, спалохаўшыся высачыні, туліліся да маці. А тая сярдзіта клекатала, відаць, сварылася на малых гарэзнікаў.
Аднаго разу Юзік сказаў:
— Ведаеш, Толік, давай узлезем на гняздо і возьмем па бусляняці: я — сабе