Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
Арцін засмуціўся, аднак імкнуўся не падаваць выгляду.
— А што мне рабіць? — спытала Алеола.
— Ну, для пачатку даць мне яшчэ сыру, каб лепей думалася,— сказаў кот і выявіў нешта накшталт усмешкі.
— Калі ласка, бяры.
Кот падчапіў кіпцюром працягнуты яму сыр, адкусіў добры кавалак і, жуючы, вымавіў:
— А зараз нам неабходна набраць жоўтых ягад і прыгатаваць з іх араматычны алей. Толькі ні ў якім разе нельга яго самім глыбока ўдыхаць. Вось, бачыш, Алеола, пад коранем гліняны чарапок, падобны да пабітага старажытнага гарлача? Гэта маленькая араматычная лямпа. Калі-небудзь чулі пра такія? Яна адначасова і святло дае, і водар. У ёй калісьці жыў катовы джын Шэрадар. Калі я быў кацяняткам, я падняў гэтую лямпу з мора. Менавіта джын Шэрадар навучыў мяне размаўляць на чалавечай мове, чытаць думкі людзей, а галоўнае — думаць слушна.
— А дзе цяпер кот-джын? — спытала Алеола.— Мабыць, ён зможа дапамагчы Арціну?
— He. Ён цяпер у адпачынку.
— I калі ягоны адпачынак заканчваецца?
— Зараз палічу...— кот прымружыў адно вока і палічыў у розуме,— роўна праз тры тысячы пяцьсот сорак восем гадоў чатыры месяцы шэсць дзён дзевяць гадзін дваццаць тры хвіліны і дванаццаць секунд.
— Нешта доўга.
— Доўга... Таму трэба ўсё рабіць самім.
Кот сеў, як ёг, скрыжаваўшы заднія лапы, і даеў пакінуты кавалачак сыру. Алеола і Арцін таксама злёгку перакусілі.
— За працу! — натхнёна сказала Алеола.
Юнак і дзяўчына набралі жоўтых ягад, каменем адціснулі з іх у гліняным чарапку алей і залілі ў лямпу. Кот ім таксама дапамагаў. Арціну болей не хацелася з ім спрачацца.
— Сумесная праца збліжае,— сказаў кот,— таму я вас буду знаёміць.
— 3 кім? — здзівіліся Алеола і Арцін.
— Як з кім,— бліснуў вачыма кот,— з сабою.
— Ах, так,— збянтэжылася Алеола,— мы ж самі табе не прадставіліся. Я...
— Добра, добра, я вас ужо сам сабе прадставіў. Ты яснапанна Алеола. А ты віцязь Арцін. Цяпер час вам прадставіць і сябе,— кот прыняў ганарлівую паставу і выразна прамовіў: — Мяне клічуць Міамурмарор.
— Вельмі прыемна, Міамурмарор,— зрабіла рэверанс Алеола.
Арцін паціснуў кашэчую лапу.
— А чаму ты нас увесь час павучаеш? — спытала дзяўчына.
— Я не толькі вас павучаю. Я павучаю ўсіх, хто можа павучацца. Вось бачыш, выявілася, віцязь Арцін можа. He так хутка, як ты, але ўсё ж можа. Праўда, цяпер ягоную памылку трэба выпраўляць нам... Калі я, кот Міамурмарор, муркаю, у вас, людзей, з’яўляюцца разумныя думкі. Але часам трапляюцца людзі, у якіх — муркай не муркай — разумных думак ніколі не з’явіцца. Асабіста я з такімі не магу доўга
знаходзіцца побач. А вось мой стрыечны брат, кот Варгін, дарэчы, ён ваш зямляк, вельмі добра ў жыцці ўладкаваўся. Сам такі бліскучы, чорны з серабрыстым адлівам і тоўстытоўсты. Заўсёды сыты. Ён наўмысна адшуквае пустагаловых людзей і пачынае ім варкатаць. А вы ж ведаеце, што ў такіх людзей, замест разумных думак усялякія мухі, прусакі і нават мышы ў галаве заводзяцца. Людзі пра такога чалавека так і кажуць — у яго прусакі ў галаве. Ну вось, кот Варгін пачынае варкатаць, людзі засынаюць, а гэтыя мухі, прусакі альбо мышы палохаюцца кацінага голасу і выпаўзаюць праз ноздры ці вушы. А Варгін толькі гэтага і чакае. Ён хоп! — лапай зловіць, паесць, паесць. Вось і сыты заўсёды. А я вось мух неяк не люблю, прусакоў наагул трываць не магу, ды і мышэй лавіць нешта не па мне. Лепей сырам паласавацца і малачком запіць.
— Так, чула я пра ката Варгіна,— сказала Алеола,— той яшчэ хітрахват, і таксама шмат чаго ведае.
— Так-так, ён ведае нават больш, чым я. Толькі ж не ўсё людзям апавядаць можна. Вы самі павінны дадумацца, што добра, а што дрэнна. Калі вернецеся дамоў, перадайце Варгіну ад мяне вялікае прывітанне.
VIII
ФОКУС KATA МІАМУРМАРОРА
Наступным днём кот Міамурмарор і Алеола спусціліся ў горад Палац Садоў.
У гэтым горадзе ўжо некалькі гадоў запар была жалоба. Алеола адразу гэта адчула. Ва ўсіх хатах фіранкі на вокнах былі чорныя. Людзі таксама насілі чорную вопратку і размаўлялі паўшэптам. Нідзе даўно не грала музыка — усе музыкі раз’ехаліся хто куды ў пошуках заробку.
— Чаму ў горадзе жалоба? — пацікавілася Алеола.
— Пяць гадоў таму над горадам пранеслася чорная хмара і закруціліся чорныя віхуры,— пачаў апавядаць кот.— Людзі пахаваліся хто куды ад страху. А прыгажуня Джайміна бегла ў гэты час на спатканне да свайго каханага — хана Ісмірая. Да белага каменя ў садзе. Чорныя смерчы амаль пранесліся міма юнай прыгажуні, як раптам вялізны чорны вір адарваўся ад хмары, уміг агарнуў Джайміну і ператварыў яе ў тонкі цень. I чорная хмара з ценем Джайміны паляцела ў далёкую далеч. А хан Ісмірай прыйшоў да месца спаткання і пабачыў, што на белым камені з’явілася сляза. Камень — сухі камень! — заплакаў. Вось якое каханне
было ў Ісмірая і Джайміны. Вельмі моцна засмуціўся хан і з тых часоў носіць жалобу. Штодзень прыходзіць ён да таго каменя і ўспамінае каханую. А камень плача і плача, на ім ужо ўтварылася невялікая выбоіна, падобная да чары, куды крапае сляза. Недалёка ад яго заўсёды стаіць варта. Яна сочыць, каб ніхто не змог спарушыць смутак каменя і жалобу хана.
— Я ведаю, што гэта за хмара была,— сумна сказала Алеола і ўздыхнула,— гэта Паляндра... I я, здаецца, зразумела, што мне трэба зрабіць для шалапутнага Арціна.
— Так-так. Гэта вельмі дзёрзкі і, я нават сказаў бы, небяспечны ўчынак: спарушаць жалобу хана. Але іншага выйсця няма. Інакш Арціну давядзецца ўсё жыццё правесці пад ядвабніцай.
— Ты хочаш сказаць, што мне трэба неўпрыкмет узяць слязу таго каменя? — Алеола зазірнула ў зялёныя вочы ката.— Можа, лепш мне прыйсці да хана і проста папрасіць яго?
— Гэта ні да чаго не прывядзе,— адказаў кот.— Хан Ісмірай абвясціў вечную жалобу, таму нікога не прымае. Цябе да яго не прапусцяць.
— А я апавяду, што мне трэба дапамагчы віцязю Арціну, і што пасля гэтага мы вызвалім людзей з вязніцы Паляндры. Тады і каханая хана да яго вернецца.
— Што ж,— не захацеў далей пераконваць яе кот,— ты ідзі, а я цябе сустрэну вось тут, побач з агароджай палацавага саду.
Алеола адправілася ў горад, а кот Міамурмарор — па адным яму вядомым кашэчым справам.
Леваруч і праваруч ад брамы ханскага палаца стаялі вартаўнікі — два велічэзныя ваяры страшэннага выгляду. У руках яны трымалі вострыя дзіды і круглыя медныя шчыты, якія цалкам затулялі іх магутныя торсы. Бронзавыя шаломы ваяроў, упрыгожаныя чорнымі пёрамі, зіхцелі на сонцы. Выразы твараў ахоўнікаў былі нагэтулькі суровыя, што, падавалася, іх галовы былі вытасаныя са скалы.
— Прабачце, калі ласка, ці можна бачыць хана Ісмірая? — ветліва папрасіла Алеола і зрабіла рэверанс.
Ёй ніхто не адказаў.
— Ці магу я прайсці да хана? У мяне да яго вельмі важная справа. Паверце, гэта вельмі-вельмі важна.
I зноў маўчанне. Вартаўнікі былі падобныя да фарбаваных статуй. Тады дзяўчына зрабіла крок у бок палацавай брамы, аднак вартаўнікі адразу ж скрыжавалі перад ёй свае вострыя дзіды, не даючы прайсці.
— Дзяўчынка, ты хіба не ведаеш, што Вялікі Хан Ісмірай нікога не прымае? — спытала бабулька ў чорным адзенні, якая праходзіла паблізу.— У нас жалоба.
— Вось так...— прамовіў кот Міамурмарор, калі Алеола вярнулася да яго,— ісці да той брамы — тое ж самае, што біцца галавой аб сцяну.
— Ну, і як нам прабрацца ў ханскі палац?
— Мілёнча, ты зусім забыла? Я ж кот, у мяне ў лапах схаваныя кіпцюры, і таму яны заўсёды вострыя, і яшчэ я іх заўсёды аб кару дрэваў наточваю. А па дрэвах я лажу не горш, чым па зямлі хаджу. Значыць так: я заскочу на агароджу, потым улезу на дрэва, адчаплю павой, які абвіўся вакол ягонага ствала. Павой танюткі, але і ты сама танюткая —
цябе ён вытрымае, па ім ты пералезеш цераз агароджу. A я пайду да вартаўніка, які заўсёды хаваецца за акацыяй недалёка ад слёзнага каменя,— кот выгнуў спіну і на ўсю даўжыню выцягнуў заднюю лапу.— Вазьмі гэта.
Сваёй задняй лапай кот паказаў на бліскучы прадмет, які ляжаў у траве перад агароджай.
— Што гэта такое? — запыталася Алеола.
— Напарстак. А ў ім — кавалачак воску.
— Дзе ты ўсё гэта ўзяў?
— Пакуль ты хадзіла да брамы ханскага палаца, мне знаёмая котка прынесла. Яна жыве тут недалёка, у краўчыхі. Слухай далей. Я памуркаю — вартаўнік і засне, а ты ў гэты час набяры ў напарстак слязу з каменя і зашмаруй напарстак воскам, каб сляза не выцекла. Потым мы паціху вернемся да гэтага дрэва, пералезем цераз агароджу і адправімся вызваляць віцязя Арціна.
— Які ты ўсё-ткі разумны! — пахваліла ката Алеола.
— Добрым людзям заўсёды прыемна дапамагаць,— адказаў на камплімент кот Міамурмарор.
У імгненне вока ён ускочыў на каменны плот, затым на дрэва, адчапіў галінку павою і перакінуў яе Алеоле. Яна лёгка пералезла цераз агароджу ў сад.
— Цс-с,— прашаптаў кот Міамурмарор,— вунь, бачыш, побач з акацыяй на траве сядзіць таўстун? Гэта вартаўнік. Я іду да яго, а ты абыходзіш акацыю і пакрыёма падкрадаешся да каменя. Калі пачуеш ад вартаўніка «мур-мур-мур»,— значыцца, ён заснуў, тады смела ідзі да каменя і набірай слязу.
— Наперад!
Кот саскочыў з дрэва і, падняўшы хвост трубой, накіраваўся да вартаўніка. Наблізіўшыся да яго, Міамурмарор сеў насупраць і паглядзеў таму проста ў вочы.
— Ох, які вялікі і прыгожы кот! — мімаволі захапіўся вартаўнік.— Але ты сюды дарма забраўся, тут чужым катам рабіць няма чаго.
Аднак дзённая спёка размарыла тоўстага вартаўніка, яму было лянотна ўставаць і праганяць ката.
— Псік... Псік з саду,— таўстун млява махнуў рукой.
Замест таго, каб сысці, кот суворым голасам спытаў:
— Як цябе клічуць?
Вартаўнік разгубіўся, бо да гэтага моманту нават дапусціць не мог, што каты размаўляюць. Ён машынальна падабраў жывот і прадставіўся:
— Рахмадул... А што?
— Ну, ты, вядома, і малайчына, Рахмадул,— тым самым тонам працягваў кот,— табе загадана стаяць і сачыць за каменем, а ты на траве разваліўся, зброю на зямлю кінуў. Нягожа...
— А гэта... гэта... Я ж толькі на хвілінку прысеў... Дзіда і шчыт такія цяжкія. He верыш, сам паспрабуй патрымаць,— стаў апраўдвацца Рахмадул.
— Які ж ты вартавы, як прапаноўваеш незнаёмцу патрымаць сваю зброю?
— Ха-ха,— раптам засмяяўся таўстун.— Мне смешна... Што кот можа зрабіць з дзідай чалавека?
— Глядзі.— Міамурмарор устраміў вострыя кіпцюры ў тронак, прыпадняў дзіду і рэзкім рухам лапы, нібы строс яе. Дзіда праляцела некалькі метраў і ўваткнулася ў зямлю.