Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
— ...для Вялікага Хана чароўнага вугра...— прашаптаў галоўны сакратар і «адкаціў» вочы на месца.— I ўсё?
— Усё,— сказала Алеола, а Арцін працягнуў у акенца закручанага ў мяшэчку вугра.
— Гэта што?! — галоўны сакратар страшна паглядзеў на Арціна.
— Як што? Гэта вугор,— здзіўлена сказаў Арцін.
— Вугроў не прымаем. Прымаем просьбы,— ужо роўным голасам прамовіў галоўны сакратар.— Наступны!
— Гэта вугор з чароўным смакам,— паспрабавала патлумачыць Алеола.
— Вугроў з чароўным смакам таксама не прымаем,— адчаканіў галоўны сакратар.
— Але гэта ж хуткапсавальны прадукт! — не вытрымаў Арцін.
— Прадукты прымаюць у велікаханскай прадуктовай экспертызе. Альтанка нумар тры. I ўлічэце, просьба, якую вы мне перадалі ад светлаазёрскіх рыбакоў, якая гучыць «прыняць чароўнага вугра», будзе перададзеная візіру ў першую чаргу. Бо вы самі сказалі, што прадукт хуткапсавальны.
I што будзе, калі гэтага прадукту не будзе? Альбо раптам ён сапсуецца?
— Зразумела. Да пабачэння!
Алеола і Арцін з усіх ног пабеглі да альтанкі нумар тры. Яна размяшчалася на процілеглым рагу сцяны вакол ханскага палаца.
Здалёк юнак і дзяўчына пабачылі, што галоўны камісар велікаханскай прадуктовай экспертызы збіраецца зачыняць прыёмнае акенца. Людзі, якія перадавалі прадукты пачалі разыходзіцца.
Арцін, які бег хутчэй за Алеолу, крыкнуў: «Я пабягу першым, а ты даганяй!»
Ён ледзьве паспеў прасунуць далонь за краты акенца, калі яно ўжо зачынялася.
— У чым справа? — спытаў камісар і па звычцы пацягнуў носам.
На пасаду галоўнага камісара велікаханскай прадуктовай экспертызы прымалі людзей толькі з вылучна вострым нюхам. Па сутнасці — гэта быў галоўны нюхач краіны. Ён павінен быў вызначаць ступень прыдатнасці прадукту толькі паводле паху. А пасля адправіць гэты прадукт да Трэцяга Візіра. А той да велікаханскага кухара і дэгустатара.
— У нас хуткапсавальны прадукт.
— Вы што рассмяшыць мяне хочаце? — здзівіўся галоўны камісар велікаханскай прадуктовай экспертызы.— Смяяцца ў нашым горадзе нельга!
— He хачу я вас смяшыць. Прадукт насамрэч вельмі хутка псуецца! — працягваў Арцін.
— Велікакаштоўны мой чужаземец, усе прадукты, якія хутка псуюцца, прыносяць раніцай! А цяпер канец працоўнага дня...— галоўны камісар велікаханскай прадуктовай экспертызы зачыніў акенца і апусціў масіўную дошку.
— Ну што? — падбегла Алеола,— перадаў?
— He. Сказалі, што прадукты, якія хутка псуюцца, прымаюць толькі з раніцы.
— Ну, хоць у гэтым трохі пашанцавала.
— У чым?
— Раз прымаюць з раніцы, значыць, раніцай галоўны камісар будзе на месцы.
— Слушна,— пагадзіўся Арцін.
Давялося ім пераначаваць пад гарой, у ляску-садзе.
На самым світанку Арцін і Алеола стаялі каля акенца трэцяй альтанкі. Яны былі першымі ў чарзе.
Здагадка Алеолы была правільнай — галоўны камісар велікаханскай прадуктовай экспертызы з самай раніцы прыйшоў на месца працы.
— Вось малайцы, каштоўныя мае чужаземцы. Адчуваю, адчуваю — ваш вугор свежы, свяжэй не бывае. Гэта ж далікатэс! Будзе яшчэ штосьці для нашага Вялікага і Мудрага Хана — абавязкова прыносьце. Усяго найлепшага.
Нарэшце Арцін і Алеола адчулі сябе па-сапраўднаму вольнымі і пасля сняданку — хлеба з рыбкай (таксама пачастунак рыбакоў) і мясцовага вінаграднага соку — пачалі падымацца на гару, пра якую ім апавядаў мастак Дроздзіч.
VI
ЧАМУ HE ТРЭБА СПРАЧАЦЦА 3 САБАКАМІ, КАТАМІ I ІНШЫМІ САМАСТОЙНЫМІ ЖЫВЁЛАМІ
Паветра ў гарах чыстае, заўсёды свежае, таму і ўзыходжанне было не надта складаным.
На гары стаяў іншы горад — пячорны. Аднак пячоры былі не прыродныя, а створаныя людзьмі.
— Вось як выдатна — нічога будаваць не трэба,— адзначыў Арцін,— выдаляеш з гары лішнюю пароду — вось табе і дом!
— Будаўніцтва наадварот,—падтрымала размову Алеола.
У пячорным горадзе жылі вельмі спакойныя людзі, яны спявалі павольныя песні, гралі на мілагучных музычных інструментах павольныя мелодыі. На вуліцах паліліся духмяны. Гэта быў горад мудрацоў. Яны ўвесь дзень сядзелі, амаль нічога не елі і думалі.
Раз на год у горадзе праводзілі вялікі дыспут па пытанні — «Што кіруе чалавечай думкай: чалавек альбо чалавечая думка сама сабою кіруе?» Мудрэц, які перамагаў на гэтым дыспуце, абіраўся кіраўніком горада і цэлы год ім кіраваў Праз год склікалі новы дыспут, і кіраўнік горада
павінен быў зноў давесці сваю правату. Калі ж у яго гэта не ўдавалася, месца кіраўніка горада займаў іншы мудрэц — той, хто здолеў пераспрачаць свайго папярэдніка.
Амаль год таму на апошнім дыспуце перамог Абдурахмон Улюкбабай. Ён давёў, што чалавек сам кіруе сваёй уласнай чалавечай думкай. Праз месяц меўся быць новы дыспут, і ўвесь горад — ад малога да вялікага — думаў, як упэўніць Абдурахмона Улюкбабая ў тым, што думка сама сабою кіруе.
Алеола і Арцін не сталі трывожыць жыхароў пячорнага горада, тым больш на адной з вяршыняў яны заўважылі тры старыя ядвабніцы, што раслі блізка адна ад адной.
— Мабыць, сярод іх ёсць тая, якую мы шукаем,— выказаў здагадку Арцін.
Юнак і дзяўчына накіраваліся да вяршыні з трыма ядвабніцамі. Калі падышлі да іх бліжэй, пабачылі, што ўсе яны былі амаль засохлыя. Толькі сям-там на галінках раслі маленькія лісточкі. Як ні ўзіраліся, ніякіх завязей — не тое, што ягад, ні Алеола, ні Арцін не заўважылі.
— Можа, гэта не тыя ядвабніцы? — прызадумаўся Арцін.
— А вы добра падумаць не спрабавалі? — пачуўся ціхі варкатлівы голас.
Сярод ядвабніц, задраўшы хвост трубой, важна прайшоўся паласаты кот. Нейкі дзівосны — сам жоўта-памаранчавы, a паскі чорныя. Лапкі белыя, грудка белая і кончык хваста таксама белы, а вочы — яскрава-зялёныя і такія хітрыя! Кот быў вялікім, памерам амаль з рысь, але нейкі не надта ўкормлены. «Затое,— падумала Алеола,— кот дагледжаны».
— Прашу адзначыць — самадагледжаны,— сказаў раптам кот.
— А вы што думкі чытаць умееце? — здзівілася Алеола.
— Калі вы так аглушальна думаеце, дык чаго тут умець? — кот прысеў перад імі і бліснуў смарагдавай зрэнкай.— Але думаць трэба слушна.
— Ну-ну, цябе забылі спытаць, як нам думаць,— буркнуў Арцін.
Юнак расхваляваўся, што ядвабніцы моцна засохлыя, і цяпер ламаў галаву, што ж рабіць.
— Калі слушна думаць, то заўсёды можна здагадацца, што рабіць,— аксамітным голасам патлумачыў кот.
— I што нам трэба рабіць? — пацікавілася Алеола.
— А што звычайна робяць з паўзасохлымі раслінамі? — праваркатаў кот і зачапіў хвастом камель адной з ядвабніц.
— Я і без цябе, ужо сам здагадаўся,— перабіў ката Арцін.
— Сам-мм, дык сам-мм,— спакойна прамуркаў кот і пацягнуўся.
— I што? — нецярпліва спытала Алеола ў Арціна.
Ёй не падабалася, што будучы віцязь пачынае задзірацца з гэтым хітрым катом. Яна выдатна ведала, што нельга ні чапаць, ні гладзіць незнаёмых катоў, ні дражніць іх, ні бегаць за імі, ні тым болей спрачацца з імі, а таксама з сабакамі і іншымі самастойнымі жывёламі.
— Усё проста,— сказаў Арцін,— ядвабніцы трэба паліць.
— Н-так, так, м-малайчына... Трэба паліць,— пацвердзіў кот.
— Ой, ну што б мы рабілі без такога разумніка! — працягваў кпіць Арцін.
Юнак і дзяўчына адправіліся ў пячорны горад. Ім трэба было знайсці што-небудзь для пераноскі вады, таму, нядоўга думаючы, яны зазірнулі ў першы, які трапіўся, пячорны дом над самым абрывам — а значыцца, на самай ускраіне горада. У глыбіні дома яны пабачылі гаспадара.
Старац, захутаны ў чырвоны халат, з серабрыстай чалмой на галаве сядзеў, падціснуўшы ногі, на саламяным дыванку і гладзіў сівую завостраную бараду. Старац быў пагружаны ў свае думы. Скрозь круглае акенца, высечанае ў сцяне, ён глядзеў проста ў неба, а неба акурат было насупраць — гара ж высокая. У старца з-пад чалмы тырчалі шырокія, пакрытыя кароткім белым пушком, вушы. Мудрацам гэтага горада вушы былі вельмі патрэбныя для таго, каб добра і ў дэталях чуць усё тое, што гаворыць ім іншы мудрэц. Бо калі якасна пачуць якое-небудзь слова, заўсёды можна прыдумаць процілеглае яму слова.
— Тук-тук-тук,— прамовіў Арцін, бо замест дзвярэй у пячорных дамах выкарыстоўвалі дываны, яскравыя, пярэстыя і вельмі прыгожыя. Звычайна на іх выяўлялі закручаны спіраллю арнамент. Дываны звісалі над прахонамі, якія служылі ўваходам у пячору, дыванамі ўцяплялі сцены, іх рассцілалі на падлозе.
Біць сагнутым пальцам у дыван — няма карысці, таму Арцін агучыў ветлівы стук голасам. Але ў гэтым ціхім горадзе ніхто не ведаў, што трэба стукацца, таму і адказу на гэты «тук-тук» не было.
— Выбачайце, калі ласка.— Алеола шырока адкінула дыван і зазірнула ў дом.— Можа быць, у вас знойдзецца вядро альбо які-небудзь цэбар? — ветліва запытала яна.
Старац у серабрыстай чалме падняў адно касматае брыво і паглядзеў на госцю адным вокам. Другім жа вокам усё яшчэ ўзіраўся ў нябесную далеч.
— Вядро... Цікавая рэч,— пачаў уголас разважаць старац.— Калі яно стаіць уніз дном, то гэта, вядома ж, вядро, a калі ўгару дном — дык што гэта?
— Круглы ўслончык,— адразу скеміў Арцін і зазірнуў у дзвярны праём з іншага боку ад Алеолы.
— Паслухайце, юнача, каб стаць мудрым, трэба шмат у сваім жыцці перадумаць,— старац падняў другое брыво і другім вокам паглядзеў на Арціна. Пры гэтым ягоныя вочы глядзелі кожнае ў свой бок.
Ніколькі не бянтэжачыся такога свайго дзіўнага выгляду, старац працягнуў:
— Калі вядро перакуліць, то атрымаецца антывядро, ці не так? Тады колькі ні налівай у яго ваду, вада будзе адно бегчы па сценках, не трапляючы ўнутр.
— А навошта ж наліваць ваду ў перакуленае вядро? — спытала Алеола.
Старац перавёў на яе вока, якім глядзеў на Арціна, падняў мезенец правай рукі ўгару і павучальна вымавіў:
— Каб упэўніцца!
— Упэўніцца ў чым? — паспрабавала высветліць дзяўчына.
— У слушнасці думкі,— сказаў старац такім тонам, быццам усміхнуўся, але ён зусім не ўсміхаўся.
Ён заплюшчыў вочы.
— Выбачайце,— Алеола спалохалася, што старац зараз пакрыўдзіцца з-за яе нетактоўнай настойлівасці і вельмі
глыбока сыдзе ў сябе,— дык, можа, вы ўсё-ткі пазычыце нам вядро ці які-небудзь цэбар?
Старац падняў бровы, затым падняў павекі і зірнуў на Алеолу ўжо двума вачыма адначасна.
— Hi вядра, ні цэбра не пазычу, бо мне вядро і цэбар самому патрэбныя...
— Мы вам абавязкова іх вернем,— з імпэтам паабяцаў Арцін.
— Нельга вярнуць таго, што нельга ўзяць,— спакойна прамовіў старац.