Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка Аповесць легендарных часоў Серж Мінскевіч

Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
60.96 МБ
Калі Халямон і Арцін высыпалі ўжо тры бочкі рыбінага пачастунку, Палямон дастаў з торбы зроблены з яловай кары
караблік, за ветразь у якога была шырокая драўляная габлюшка, і пусціў яго ў мора.
На борце карабліка старажытным вязьмом былі напісаныя імёны Палямона, Халямона, Санцелямона, Панцелямона і маладзейшага Філямона, які застаўся дома з маці. Апрача таго на гэтым карабліку былі імёны іншых паважаных рыбакоў з іхняга мястэчка, што называлася Слаўбор.
— Гэта каб рыбы бачылі, хто іх частуе,— патлумачыў Палямон.
Па моры паміж вялікімі лоддзямі паплылі дваццаць пяць маленькіх караблікаў.
— Тата, глядзі,— з трывогай у голасе сказаў Халямон.
У старэйшага сына быў надзвычай востры зрок.
— Што там? — спытаў Палямон.
— Бачу караблі. Яны йдуць па ветры і вельмі хутка набліжаюцца.
— Так-так! Мы таксама бачым! — занепакоена ўсклікнулі Санцелямон і Панцелямон.
— Так... Вунь там — праваруч... Ідуць караблі,— пацвердзіла Алеола.
— Сапраўды,— заўважыў і Арцін.
— Бачу, бачу,— сказаў Палямон.
— Эх, зараз бы парасон Дроздзіча,— уздыхнуў Арцін,— адразу было б відаць, хто там плыве.
— Гавораць на берагах Паўднёвага Мора,— пачаў апавядаць Халямон,— з горнага крышталю змайстравалі чароўную трубу. Адным вокам у яе зірнеш — і ўсё, што далёка наперадзе, відаць як на далоні.
— Няўжо? — здзівіўся Санцелямон.
— Я таксама гэта ведаю,— ганарліва сказаў Панцелямон.
— А ты адкуль? — не паверыў Санцелямон.
— Я такую трубу бачыў у купца,— сказаў Панцелямон,— ён глядзеў праз яе на наш ветразь.
— Калі ты гэта бачыў? — не сцішаўся Санцелямон.
— Калі вы з Алеолай рыбу скрэблі, а я на носе ўдалячынь глядзеў.
— Ты ўсё прыдумаў.
— Нічога я не прыдумаў.
Пакуль двайняты спрачаліся, Халямон узлез на шчоглу.
— Эх, мне б зараз гэтую трубу...— крыўдаваў ён.
— Ціха... Усім быць пільнымі,— сурова сказаў Палямон.
Ён спусціўся пад палубу і вярнуўся з двума вялізнымі цесакамі ў руцэ. Туды ж спусціліся і Санцелямон з Панцелямонам. Яны ўзялі свае ці то паляўнічыя нажы, ці то кінжалы, а таксама рыбныя гарпуны.
— Арцін, трымай напагатове свае меч і лук, а ты Алеола, ледзь што — хавайся ўнізе,— загадаў Палямон.
Арцін агаліў меч — Санцелямон і Панцелямон, і нават Халямон з зайздрасцю, вядома ж, не чорнай, паглядзелі на зброю будучага віцязя. Гэта быў сапраўдны меч, падумаеш, трохі меншы паводле памеру, чым у сталых віцязяў. A лук — проста любата — пругкі, з касцяной устаўкай — для таго, каб надаць страле моцнае паскарэнне. Стрэлы з чырвона-белым апярэннем — роўныя, наканечнікі адпаліраваныя, быццам з срэбра.
— Пятнаццаць караблёў Падобныя да нашых,— крыкнуў згары Халямон.
— На нашыя? Рыбацкія?
— Так.
— Можа быць, гэта сінеазёрцы? Але іх павінна быць васямнаццаць. Палічы добра,— папрасіў Палямон.
— He, сапраўды пятнаццаць,— засведчыў Халямон.
— Гэта дрэнна. Піраты маглі іх захапіць і пад выглядам рыбакоў набліжацца да нас.
Прайшло паўгадзіны напружанага чакання. Палямон стаяў на носе, скрыжаваўшы перад сабой свае вялізныя цесакі. Побач з ім плячом да пляча, сціскаючы ў кулаках гарпуны і нажы, прымружыўшы вочы і ўзіраючыся ўдалеч, застыглі Санцелямон з Панцелямонам. Алеола не спусцілася ўніз, а падняўшы з кармы рыбалоўны трызубец, падышла да двайнятаў 3 такой зброяй у руках яна стала падобная да дачкі падводнага цара. Вецер раздзімаў яе густыя каштанавыя валасы, як быццам жадаў надаць ім форму марской хвалі. Побач з ёй, час ад часу шчэрачыся і рыкаючы, падрыгваў паджылкамі ад напругі Брахіндзей. Тут жа быў і Арцін. У адной руцэ ён трымаў лук, у другой — стралу, гатовы ў кожную хвіліну нацягнуць цеціву і стрэліць.
— Наперадзе ладдзя Велюкшы. Я пазнаю яго белы ветразь з сінімі паскамі... А вось і ён сам... Гэй, Халямон, прывяжы залатога карпа на пік шчоглы! — загадаў Палямон свайму старэйшаму сыну, які стаяў на папярочцы шчоглы.
Халямон спрытна абматаў тонкай вяроўкай хвост сушанага карпа і прычапіў, куды было сказана. Луска рыбы яскрава заззяла на сонцы.
На караблі Велюкшы над шчоглай таксама бліснуў залатой луской карп.
— Усё ў парадку. Адставіць трывогу!
Караблі наблізіліся.
— Прывітанне светлаазёрцам! — крыкнуў Велюкша.
— Прывітанне сінеазёрцам! — адказаў Палямон.
— Hi хваста, ні рыбінай лусковінкі! — Велюкша прамовіў гэтае жартаўлівае рыбацкае пажаданне гучным голасам, прыклаўшы далоні да рота так, каб яго пачулі і на іншых лоддзях.
— Hi плаўніка, ні рыбінага зубчыка! — у той самай манеры адказаў яму Палямон.
— Да вадзяніка!
— Да вадзяніка! — пачуўся з іншых лоддзяў традыцыйны адказ на гэтае прывітанне.
— Як дабраліся? — ветла запытаў Велюкша.
— Выдатна! — весела адказаў Палямон.
— А вось мы два дні таму патрапілі ў буру. Толькі жаўтарэчанскія адплылі да сваіх вытокаў, як наляцеў смерч. Раскідаў нас па ўсім моры. Трох караблёў так і не далічыліся.
— Мо, яшчэ падыдуць? — пастараўся суцешыць сінеазёрца Палямон.
— Мо і падыдуць. Тады вазьміце іх да сабе. Там Мяркулка, Смоліц і Трыдзеня.
— Возьмем! — адказаў Палямон, а ў двайнятаў запытаў: «Вы добра запомнілі, як тых рыбакоў клікаюць?»
— Запомнілі.
— He забудзьце. A то чужынцы да нашага каравана пад выглядам сінеазёрскіх суднаў падысці могуць. Што тады рабіць будзем?
— Што, што... Гарпунамі іх,— адважна адказаў Санцелямон.
— Гэта Паляндра,— ціха сказала Алеола.
Яна думала пра смерч.
— Можа быць,— пагадзіўся з ёй Арцін.
— Наўрад ці,— з веданнем справы сказаў Панцелямон.
Слых у двайнятаў быў найвыдатнейшы.
— Паляндра пераважна на сушы круціцца,— падтрымаў брата Санцелямон.
— На моры сваёй навалы досыць,— сказаў Халямон, які толькі што спусціўся са шчоглы.— Падводны цар усхадзіцца можа. Як стукне сваім цяжкім трызубцам па дне — дно загайдаецца, і пойдуць па моры вялізныя хвалі. Альбо марскі цмок хвастом як махне — ведаеш, які марскі цмок вялізны! Пусціць бурун, а той бурун і ваду, і паветра закруціць — вось табе і смерч. Альбо вось гара ад падземнага жару раптам абрынецца, пад ваду бухне — а ад гэтага віхраслуп па моры-акіяне ідзе, караблі ў сябе захоплівае.
— Так, небяспечна морам хадзіць,— пагадзілася Алеола.
— А то! — вымавіў Панцелямон.— Рэкамі спакайней.
— А сушаю,— умяшаўся Санцелямон,— наогул няма чаго рабіць, ведай ногі перастаўляй. Альбо на кані сядзіш — ніякага страху.
— Затое вадою — прыемна,— сказала Алеола.
— Прыемна? Гэта таму, што вам надвор’е спрыяла,— ганарліва прамовіў Санцелямон.
— А быў бы вецер, дождж, боўталіся б у ладдзі, як жабы ў бочцы,— падтрымаў брата Панцелямон.
— Няўжо вы буры не баіцеся? — з сумневам у голасе запытаў двайнятаў Арцін.
— Не-а,— амаль адначасова адказалі двайняты.— Мы з маці не развітваліся.
— Гэта як зразумець? — пацікавілася Алеола.
— Бацька гаворыць,— пачаў тлумачыць Халямон,— што калі ні з кім перад паходам не развітваешся, ну, не казаў «пакуль», «да пабачэння», «бывай» і рукой не махаў, а проста паглядзеў праз плячо назад, ды і паплыў, то — абавязкова вернешся. Бура не страшная, бо ты як бы забыў развітацца, а значыцца, у цябе ёсць абавязак — абавязак вярнуцца і хоць бы сказаць «бывай». Грэх чалавеку з нявыкананымі абавязкамі паміраць. Вось мы ні з кім і не развітваліся.
— Таму бура нас і не забярэ,— завяршыў думку брата Панцелямон.
— Мы таксама са сваімі роднымі не развіталіся,— са смуткам сказала Алеола.
— Ну тады і баяцца вам няма чаго,— супакоіў Алеолу Санцелямон.
— Так, так,— пагадзілася з ім будучая яснапанна.
Алеола пастаралася схаваць ад братоў свае перажыванні.
Тым часам скрозь шэрагі светлаазёрскай рыбацкай флатыліі, прыбраўшы ветразі, ціха-ціха праплывала рыбацкая флатылія сінеазёрцаў. Палямон заскочыў на ладдзю Велюкшы. I пакуль дзве ладдзі праходзілі побач адна з адной, два паважаных рыбакі-завадатары пра штосьці паміж сабою перамовіліся.
Палямон саскочыў з носа сваёй ладдзі на нос ладдзі Велюкшы, а зваротна, праз хвілін дзесяць, заскочыў ужо на карму свайго судна.
— Слухайце сюды, госці дарагія,— звярнуўся Палямон да Алеолы і Арціна.— Наша флатылія на дзень застанецца тут. Будзе чакаць тыя тры зніклыя ладдзі сінеазёрцаў. А я тым часам адвязу вас у бухту. Там — паселішча мясцовых рыбакоў. Яны ведаюць, што мы ў моры амаль не ловім, толькі тутэйшую рыбу падкормліваем. Ім гэта на руку. Таму яны нас вельмі паважаюць. Спытаеце любога мясцовага рыбака, як дабрацца да горада Палац Садоў Дарога да яго ідзе прамая — гэта ведае кожны. Скажаце, што вы самі светлаазёрскія рыбакі. А ты Алеола, маўляў, дачка рыбака, бо іншых чужаземцаў яны могуць прыняць за шныпароў, то бок шпегаў. Я дам вам ільняны мяшок, у якім знаходзіцца каралеўскі вугор, прыгатаваны адмысловым чынам. Гэта вельмі смачна. Спадзяюся, вы самі не з’ясце яго. Патлумачыце мясцовым рыбакам і мясцоваму начальству, што гэта дарунак ад сінеазёрскіх і светлаазёрскіх рыбакоў іх хану Ісміраю. Хаця,— задумаўся Палямон,— наконт мясцовага начальства — гэта ідэя!
— Што ты задумаў, бацька? — спытаў Халямон.
— Нешта хітра-хітрае? — загарэліся вочы двайнятаў ад цікаўнасці.
Яны вельмі добра ведалі гэтую хітрую ўсмешку бацькі, якая з’яўлялася ў яго на твары, калі той нешта гэтакае задумваў.
— Паглядзім. Можа, і атрымаецца,— таямніча сказаў Палямон.
«Ладачка» падняла ветразь, вецер напоўніў яго сваёй свежасцю. Лёгка слізгаючы па хвалях, ладдзя накіравалася да берага. Паблізу праплылі некалькі мясцовых чоўнаў з касым ветразем. Рыбакі былі ў чалмах. Яны з цікавасцю аглядалі ладдзю Палямона.
IV
ПРЫВІТАННЕ, НАЧАЛЬНІК!
Палямон умела правёў сваю ладдзю вузкім пралівам у бухту.
— Глядзеце! — крыкнулі са шчоглы Панцелямон і Санцелямон. Яны стаялі на папярочцы і трымаліся рукамі за вяроўкі, якія прымацоўвалі ветразь.— Там з-за мыса выплываюць тры ладдзі, вельмі падобныя да рыбацкіх.
— Ну, слава Богу, думаю, гэта сінеазёрцы,— з палёгкаю ўздыхнуў Палямон.— Спадзяюся, усё ў парадку. Як кажа мой знаёмы рыбак Вячэрыца, «бура — яна і для піратаў бура». Калі і былі паблізу піраты, то, пэўна, і іх смерч усіх раскідаў.
Палямон стаяў ля стырна. Акуратна лавіруючы паміж мясцовымі рыбацкімі чоўнамі, ён падвёў сваю ладдзю да прыстані горада, які гэтак жа, як і бухта, называўся Гняздо Рыб.
Да ладдзі адразу ж падбег бачкаватага выгляду чалавек:
— Вы капітан? — без усялякага прывітання спытаў ён у Палямона.