Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
Серж Мінскевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2013
Першым мастак Дроздзіч напісаў партрэт Алеолы, затым Арціна.
У дзяўчыны і юнака трошкі адлегла на сэрцы. Уважлівей, ужо не такім затуманеным ад гора позіркам паглядзелі яны на рэчы вандроўнага мастака — на збанкі з фарбамі, на пэндзлікі, на мальберт...
— Вой, што гэта за брыдота ў вас такая? — запытала Алеола і паказала на вусеняў на дне слоіка.
— А, гэта... Усмуткі людзей. Яны на партрэтах, бо ядваб у мяне адмысловы! — ператвараюцца ў вусеняў і спадаюць на дно слоіка... Зараз там ёсць і вашыя. У мяне дамова з Жалобнай Каралевай — я хаджу па свеце, збіраю ўсмуткі людзей і ў выглядзе чорна-бурых вусеняў прыношу ёй. Тады яна не так часта да людзей наведваецца. Аднак бачыце, якая яна ненаедная... Абагнала мяне, не паспеў я ў вашае мястэчка прыйсці.
— Пачакайце, паслухайце...— задумаўся Арцін,— калі нашыя людзі знаходзяцца ў яе вязніцы — значыцца, іх можна адтуль вызваліць.
— Слушна! — падтрымала гэтую ідэю Алеола.— Мы іх вызвалім!
Здавалася, знік смутак з твараў і Арціна, і Алеолы. Юнак адчуў сябе сапраўдным віцязем, а дзяўчына — яснапаннай.
— Гэта што, ваш партрэт так падзейнічаў? — пацікавілася Алеола ў мастака Дроздзіча.
— He,— адказаў ён,— калі ў чалавека ў жыцці з’яўляецца мэта, яна здольная выгнаць з ягонага сэрца смутак і нават заглушыць найвастрэйшы боль.
Раптам усё вакол пацямнела. Як ні сачыў мастак Дроздзіч за небам — не ўгледзеў Закруціліся над імі чорныя віхуры.
— Сюды да мяне, хутчэй! — крыкнуў мастак Дроздзіч.— Жалобная Каралева дадому вяртаецца!
Мастак разгарнуў над сабою ядвабны парасон. Пад яго шмыгнулі і Алеола з Арцінам. Сяк-так прыціснуліся адно да аднаго.
— Гэты парасон робіць нас нябачнымі для Паляндры і ейных паслугачоў,— прашаптаў мастак Дроздзіч.
I праўда — віхуры і хмара хутка пранесліся над імі і зніклі далёка за парослымі лесам узгоркамі.
— Паслухайце, міленькі мастачычак Дроздзічак,— пачала прасіць Алеола,— пазычце нам, калі ласка, на пару дзён ваш чароўны парасонік. Мы з Арцінам пойдзем на тое балота, схаваемся пад парасонам і вызвалім людзей.
— А як жа мне быць? — нахмурыў бровы мастак Дроздзіч.
— А вы,— працягвала Алеола,— пажывеце пакуль пад гэтым мостам, папішэце карціны. Вы ж самі казалі, што чорныя чаплі тут нікога не крануць, а значыць, і вас таксама.
— Зразумейце ж,— сур’ёзна адказаў мастак Дроздзіч,— на свеце так шмат гарадоў, мястэчак і вёсак, дзе я таксама патрэбны. Пакуль я тут буду расседжвацца, колькіх яшчэ людзей забярэ Паляндра!
— Тады хадземце з намі,— настойліва сказаў Арцін.— Вы нас атуліце сваім парасонам, а мы зробім човен, пераплывем Чорнае Балота і вызвалім людзей.
— Што вы,— хітнуў галавою мастак Дроздзіч,— Чорнае Балота немагчыма пераплыць на чоўне — пад ім балота становіцца глейкім, ліпкім, човен цалкам захрасае. I перайсці гэтае балота нельга — пад нагамі яно ператвараецца ў жыжу,
зацягвае на дно. Гэта жудаснае месца. Як толькі ў мяне набіраецца поўны слоік усмутак, я прыходжу на бераг Чорнага Балота, проста хаваюся пад парасон і стаўлю слоік на купіну. Тры разы прасвішчу, як плача суслік-байбак, скажу замову, і прылятаюць чорныя чаплі, забіраюць слоік. А я чакаю, калі яны вернуць яго зусім пусты. А дачакаўшыся, кладу слоік у торбу і зноў іду вандраваць па свеце, збіраць новыя ўсмуткі.
— Ну зразумейце, нам вельмі трэба неўпрыкметку пракрасціся да той вязніцы! — усклікнула Алеола.
— Пракрасціся туды — гэта толькі палова справы,— разважліва прамовіў мастак Дроздзіч.— Нават калі атрымаецца пераплыць балота, патрапіць у той церам, складзены з патарочаў, і вызваліць людзей, то Паляндра і яе чаплі адразу ж іх пабачаць, закруцяцца вялізным смерчам і назад у вязніцу вернуць. I вас у дадатак пасадзяць туды ж. А на ўсіх людзей майго парасона ніяк не хопіць.
— I што рабіць? — з адчаем спытаў Арцін.
— Слухайце сюды,— мастак Дроздзіч, прымружыў свае блакітныя вочы, паглядзеў на неба — ці не ляціць якая запозненая чапля,— і шэптам пачаў апавядаць.— Далёка на поўдні, на паўвыспе Дарвіт, якая выступае ў Вечаровае мора, расце дрэва — ядвабніца. Яна вельмі-вельмі старая, адна засталася ад старажытнага райскага саду, які калісьці рос па ўсёй зямлі. Яе плод — плод шчасця. Кажуць, што калі гэты плод альбо адвар з такіх пладоў з’ядуць чорныя чаплі, то адразу ж на пару хвілін знепрытомнеюць, а потым і зусім забудуць, як людзей чапаць і чапляць. А вось Паляндра, паспытаўшы гэтых ягад, будзе вечна хварэць і болей ніколі ўжо не зможа лётаць па свеце.
— Вось што,— сказала Алеола,— мы з Арцінам абавязкова адшукаем гэтую ядвабніцу, дастанем ейныя плады, знойдзем вас, і тады ўсе разам адправімся да гэтага балота.
— Добра,— пагадзіўся мастак Дроздзіч,— а я тым часам поўны слоік вусеняў набяру... Вось толькі як вы балота пераплывяце?
— Што-небудзь прыдумаем,— упэўнена прамовіў Арцін.
— Калі так, дам вам яшчэ адну параду. Ісці да той гары — не блізкі свет. Лепей туды плыць.
— Як жа гэта плыць на гару? — запыталася Алеола.
— Вельмі проста.
— Я ведаю,— пачаў Арцін,— гара стаіць на паўвыспе, паўвыспа ляжыць на моры, а ў мора ўпадаюць рэкі. Значыцца, туды лепей плыць па рацэ.
—Так. I выток адной з гэтых рэк якраз недалёка ад вашага мястэчка,— паведаміў мастак Дроздзіч.
— Выдатна,— захапіўся Арцін.— Мы зробім плыт і спусцімся па рацэ!
— He спяшайся. На плыце плыць павольна і вельмі небяспечна. На рэках і моры шныраюць піраты. Вось што я вам скажу. На рачной прыстані, дзе зліваюцца дзве ракі, Прыта і Продзень, гэта прыкладна ў пятнаццаці вёрстах адсюль, збіраецца флатылія рыбацкіх суднаў. Раз у чатыры гады рыбакі са Светлых Азёр плывуць да бухты Гняздо Рыб, каб паднесці дарункі рыбіным князям і каралям. Гэтая бухта акурат і размешчана каля таго паўвострава. Цяпер менавіта той год. Вы адшукайце ладдзю рыбака Палямона, перадайце яму прывітанне ад мяне і папрасецеся на ягоную ладдзю. Ён чалавек добры, вам не адмовіць. Толькі памятайце, на ладдзі
кожны павінен рабіць сваю працу. Ты, Арцін, пабудзеш за матроса, калі трэба ветразь падымеш і за стырном пастаіш, a то і палубу падраіш. А ты, Алеола, будзеш гатаваць ежу і ўдалячынь глядзець, сачыць за даляглядам ды песні спяваць, каб не так сумна рыбакам плыць было.
— Мы на ўсё гатовыя,— рашуча адказала Алеола.— I песень я розных шмат ведаю. Рыбакі-маракі не засумуюць.
— I працы мы не баімося,— падтрымаў яе Арцін.
— Тады зычу вам поспеху,— мастак Дроздзіч склаў парасон, сабраў усе свае рэчы ў скураную торбу.— Запомнеце, тая ядвабніца расце на гары побач з горадам Палац Садоў. Толькі не пераблытайце яе з іншымі ядвабніцамі.
— Дзякуй,— юнак і дзяўчына разам пакланіліся вандроўнаму мастаку.
Яны развіталіся з ім і пайшлі ў мястэчка. Кожны да сваёй апусцелай хаты. Узялі сабе ў дарогу найбольш неабходнае. Арцін, як і належыць будучаму віцязю, апрача ўсяго іншага прыхапіў сваю зброю — меч, лук і поўны калчан стрэлаў.
У той самы дзень Арцін і Алеола адправіліся да прыстані, дзе зліваюцца дзве ракі — Прыта і Продзень.
II
ПАЛЯМОН I сыны
Над мысам узвышалася вялізная, вышэй за прыбярэжныя хвоі, скульптура шчупака з разяўленай пашчай. Там, у пашчы каменнай рыбы заўсёды гарэў агонь. Яго добра было відаць і праз ейныя вочы. Гэта быў рачны маяк, пастаўлены над месцам, дзе зліваюцца дзве вялікія ракі. Леваруч ад маяка-рыбы працякаў Продзень, праваруч — Прыта. Дзякуючы зыркаму вогнішчу, якое падтрымлівалі служкі, і зычнаму звону, у які тыя служкі білі штогадзіну, плыўцы ў цёмную ноч альбо ў густы туман маглі пабачыць і пачуць, што праходзяць «стрэлку», і па гэтым правільна вызначалі свой далейшы шлях.
Алеола і Арцін яшчэ здалёк заўважылі святлівае вока каменнага шчупака і пайшлі па кірунку да яго. Неўзабаве яны апынуліся на высокім беразе, пад агромністай скульптурай, проста на востраканцовым мысе паміж дзвюх рэк.
Сутоніла. Вада парыла бялявай імглою.
Арцін і Алеола наблізіліся да самага краю мыса і асцярожна паглядзелі долу. Пясчаны абрыў стромка спускаўся да ракі. Далёка ўнізе ўздоўж берага была збітая доўгая
драўляная прыстань. На хвалях, паціху б’ючыся бартамі аб драўляны насціл, гайдалася каля двух дзясяткаў лоддзяў са спушчанымі ветразямі.
Можна было адразу вызначыць, што гэта не купецкія караблі, а рыбалоўчыя. Яны не былі прызначаныя для перавозкі буйных тавараў, таму паводле памераў былі значна меншыя за купецкія, і не такія «крутабокія». Некаторыя з іх наагул былі падобныя да звычайных чоўнаў з касым ветразем.
— Так, калі ў Палямона такі човен, дык нам будзе зацесна,— сказаў Арцін.
Але, да шчасця, яго асцярогі не апраўдаліся.
На лоддзях і на беразе ажыўлена сюды-туды шнарылі людзі. 3 вышыні мыса яны падаваліся карузлікамі.
— Гэй! Гэй! — згары крыкнулі Арцін і Алеола.— Хто з вас Палямон?
На прыстані адгукнуўся чалавек. Ён стаяў непадалёк ад досыць вялікай ладдзі з прыспушчаным жоўта-чырвоным ветразем.
— Гэта я! Спускайцеся сюды!
Арцін, нядоўга думаючы, саскочыў са стромы і кулём паляцеў па мяккім пяску.
А вось Алеола агледзелася і знайшла ў пясчаным абрыве ўтрамбаваныя прыступкі — верагодна, іх зрабілі служкі маяка. Дзяўчына спакойна спусцілася.
Унізе — зусім не так, як угары — сярод разнаколерных суднаў не проста было знайсці ладдзю Палямона. Добра, што рыбак сам па прыстані выйшаў насустрач Арціну і Алеоле.
Палямон выглядаў вялікім, загарэлым, каржакаватым мужчынам з чэпкімі мазолістымі рукамі. На ім была шыро-
кая палатняная кашуля, падперазаная карабельнай вяроўкай. На нагах кірзавыя боты да калена — у іх запраўлены шэрыя палатняныя нагавіцы.
— Дабрыдзень, дабрыдзень! 3 чым да мяне завіталі?
— Дабрыдзень гаспадару! Нас да вас адправіў мастак Дроздзіч,— пачала Алеола.
Ківаючы галавой, разумеючы што пра што, Палямон да канца выслухаў аповед Алеолы і Арціна.
— Вядома, вядома. Мая «Ладачка» вялікая — усім месца стане. А са мной жа хто яшчэ плыве... Мой сын Халямон плыве — прыкладна вашых гадкоў будзе, і яшчэ два сыночкі Санцелямон і Панцелямон, яны маладзейшыя. Так, яшчэ сабака Брахіндзей.
Сабака Брахіндзей, пачуўшы сваё імя, высунуў кудлатую галаву з вачыма-пацерамі і носам-гузікам над бортам ладдзі і, вітаючы, двойчы гаўкнуў. Пасля гэтага сабака схаваўся за бортам. Ненадоўга. Праз імгненне ён выскачыў з карабля на бераг, замітусіўся каля ног свайго гаспадара і ягоных госцяў. Высветлілася, што Брахіндзей — сабака сярэдніх памераў, чорны, касматы, з закручаным дагары хвастом.